Архіў

Віталь Тарас. ЯНО i МЫ

№ 17 (138) 1999 г.


 

Віталь Тарас

ЯНО i МЫ

Жнівеньскія тэзысы

 

Мінула больш за 10 дзён з моманту, як Беларусь засталася безь легітымнае ўлады. Тэрмін цалкам дастатковы, каб усьвядоміць, з чым і з кім МЫ засталіся. Да 20-га ліпеня сытуацыя мела больш-менш віртуальны характар — г.зн., абмяркоўваліся юрыдычныя, палітычныя ды маральна-філязофскія наступствы заканчэньня тэрміну прэзыдэнцтва. (А калі ісьці шляхам фармальнае лёгікі, 21 ліпеня Беларусь засталася ня толькі без ППРБ, але ж зьнік сам інстытут прэзыдэнцтва, бо ў канстытуцыі не прапісаны момант, калі кіраўнік дзяржавы не жадае скласьці паўнамоцтвы ў сувязі з заканчэньнем кадэнцыі, а ягоны заступнік у асобе сьпікера не жадае заступаць на сваю законную пасаду. Зь нічога й ня выйшла анічога.) 21 ліпеня, абвешчанае арганізатарамі «гуляньняў» «першым днём без хлусьні» мы сапраўды апынуліся ў рэчаіснасьці — той самай рэчаіснасьці, якую мы ўпершыню спазналі, бы тыя Адам і Эва, у чэрвені 1994 году, калі стала ясна, што ўжо нішто й ніхто не перашкодзіць Лукашэнку стаць прэзыдэнтам. Падтасаваць вынікі першага туру выбараў маглі (чаму не захацелі — гэта іншая справа) кебічаўцы, ніяк не лукашэнкаўцы. Пазьняк і Шушкевіч апынуліся там, дзе знаходяцца дагэтуль, калі верыць сацыялягічным апытаньням.

А сьвядомасьць, так бы мовіць, простага «сьвядомага беларуса» пачала круціцца ў заганным коле: ад «рукі Масквы», інакш кажучы — спэцслужбаў, якія прывялі да ўлады ў Беларусі найбольш прарасейскага кандыдата (тэзыс, які, трэба аддаць належнае Пазьняку, ён пасьлядоўна адстойвае дагэтуль) праз паняцьце «хворага народу», самабічаваньне й суіцыдныя памкненьні, ушчэнт да жаданьня зьліцца канчаткова з Расеяй, каб гэтая ганьба ўжо сканчылася нарэшце й назаўсёды, да новага тэзысу пра Пятрушку С.Паўлоўскага (далей гл. казку пра белага бычка).

Тэорыя змовы існуе столькі, колькі існуюць жыда-масоны (альбо міт пра іх). Галоўным змоўшчыкам можа быць ЦРУ, КГБ, альбо Масад — каму што падабаецца. Канечне, КГБ, ня ў прыклад ЦРУ, быў арганізацыяй нашмат больш магутнай ды страшнай, і баяліся яго на прасторах былога СССР, ды й ня толькі, зусім небеспадстаўна. Тое, што расейская ФСБ і КГБ Беларусі — спадкаемцы КГБ, таксама спрачацца не даводзіцца. Але ж ці здольная сапраўды хворая й жабрацкая Расея на якія-небудзь, хоць трохі эфэктыўныя апэрацыі супраць краін-сатэлітаў? Пляны аднавіць былую імпэрыю — так. Жаданьне далучыць да яе хоць бы тую ж Беларусь — безумоўна, ёсьць. Але ж, як у тым жарце: зьесьці, мо, ён і зьесьць, толькі хто ж яму дасьць?

NATO з усім сваім вайскова-эканамічным патэнцыялам краінаў-членаў, уключна з найбагацейшай краінай сьвету ЗША — нават NATO важдалася зь Югаславіяй некалькі месяцаў, перш чым нечага дамаглася ад Мілошавіча й сэрбаў (ды ці дамаглася — гэта яшчэ пытаньне, асабліва, калі гаварыць пра сэрбаў). Дык што, Расея, аказваецца, хітрэйшая й спрытнейшая за заходнія краіны?

Дэманізацыя Расеі, між тым, нічым ня лепшы сродак для самапазнаньня беларускае нацыі, чымся дэманізацыя Лукашэнкі.

За пяць гадоў ягонага праўленьня на апісаньне ягоных дзеяньняў ды ягонай асобы, а таксама на пераказ ягоных «пэрлаў» страчаныя, мабыць, сотні тонаў паперы. Кілямэтры магнітнай і кіна-стужкі зафіксавалі ягонае непаўторнае аблічча й голас. Яго называлі й агентам Крамля, і майстрам палітычнай інтрыгі, і дубаватым дырэктарам саўгаса і крыважэрным дыктатарам з чорнай аўрай… Ніхто толькі так і не паспрабаваў разабрацца ў прыродзе ягонай улады. Бліжэй за астатніх падышоў да разгадкі, бадай, Юры Хашчавацкі ў сваім «Звычайным прэзыдэнце». Але — толькі наблізіўся, бо астатнія пэрсанажы — ня менш важныя для разуменьня фэномэну, як і галоўны герой, засталіся па-за кадрам.

Цяпер ужо ясна, што словы «фашызм» альбо «лукашызм» нічога не тлумачаць. Бо расейскі фашызм зусім ня тое самае, што нямецкі альбо італьянскі, а спэцыфічна беларускага, дзякаваць Богу, пакуль няма (калі не лічыць беларускіх паліцаяў — але ж якія там ідэйныя перакананьні, калі ў сьпіну самім карнікам глядзелі нямецкія шмайсары. Што, канечне, ня ёсьць апраўданьнем, а толькі канстатацыяй факту). А што датычыць лукашызму, дык заўтра, мо, давядзецца ўжываць які-небудзь «мясьнікізм» альбо «латыпізм». «Кебічызм», трэба думаць, мы ўжо перажылі.

Амаль уся ўвага публіцыстаў сучаснае школы апошнім часам была зьвернутая на фэномэн 20 ліпеня, усе былі нібы зачараваныя гэтай датай і ейнымі магчымымі наступствамі. Так, амэрыканцы сказалі — у каторы ўжо раз — гэты хлопец ня ўмее сябе паводзіць у цывілізаваным грамадзтве. Пакуль не навучыцца, мы рукі яму не падамо. Эўрапейцы сказалі тое самае яшчэ больш далікатна — настолькі, што «джэнтльмэн» нават не зразумеў, што да яго зьвяртаюцца. І ўсё. Праблема як была, так і засталася спрадвечнай праблемай: хто гаспадар у хаце? У яе ёсьць, насамрэч, два бакі — што ёсьць нашай хатай? І хто гаспадар? Другое пытаньне падаецца другасным, бо якая хата — такі гаспадар. Дакладна так, а не наадварот, як можа здацца. Калі замест хаты — раскіданае гняздо, ніхто, акрамя якога-небудзь валацугі, на яго не паквапіцца. Іншая справа, што й былыя гаспадары паводзілі сябе неадэкватна. Замест таго, каб умацаваць падмурак ці хаця б падмайстраваць дах, яны вывесілі прыгожыя (што праўда, то праўда) старажытныя шыльду й сьцяг, а самі заняліся звыклай справай — хто крадзяжом, а хто зьвядзеньнем рахункаў з былымі паплечнікамі. Тыя, хто таксама хацеў красьці, але значна ў большых памерах і без абмежаваньняў, вырашылі не мудрагеліць — прызначылі сабе важака, выкінулі з «хаты» шаноўнае спадарства, зьнялі сьцяг і шыльду й павесілі замест іх тыя, да якіх народ (прабачце, электарат) больш прывык за апошнія семдзесят год.

Усё было б зусім проста, калі б «перад новым клясам» не паўстала дылема — красьці без абмежаваньняў, але толькі ў сваіх суайчыньнікаў, альбо абкрадаць яшчэ й суседа, але з рызыкай, што сусед начысьціць табе пысу. Адным словам, інтэгравацца з новымі рускімі ў новую гістарычную супольнасьць, альбо заставацца самастойнай бандай? Важак знайшоў «трэці шлях» — абяцаць сваім крутым хаўрусьнікам, што прынясе ў «абшчак» усе «бабкі» ды маёмасьць, а пад гэтыя абяцанкі ды братнія абдымкі, пакуль, браць крэдыты й розныя там прадукты натурай.

Шукаць паміж больш асьцярожнымі бандытамі і менш асьцярожнымі ідэалягічныя адрозьненьні можна, таксама як і адрозьненьні ў крыміналітэце (ня блытаць з мэнталітэтам) двух славянскіх народаў, але гэты занятак пакінем спрактыкаваным палітолягам. Зазначым іншае. Нацыянальнасьць Беразоўскага ня мае значэньня так сама, як нацыянальнасьць Лагвінца, Шэймана, Ціцянкова, альбо пракурора, падобнага на Бажэлку. Як напісаў адзін расейскі журналіст, у Расеі жыд — гэта больш, чымся жыд. Гэта не нацыянальнасьць, а статус. Калі ты круты, як Беразоўскі, цябе будуць баяцца й паважаць. Калі ты лібэрал кшталту Гайдара — ты небарака й масон. Амаль тое ў Беларусі. Толькі ролю выблюдкаў тут выконваюць… беларусы. Калі ты нацыянальна сьвядомы інтэлектуал, калі гаворыш на матчынай мове, калі нешта там вярзеш пра грамадзянскую супольнасьць і эўрапейскія каштоўнасьці — ты, у лепшым выпадку, гнілая апазыцыя. Калі ты належыш да магілёўскага кляну, дык будзь ты беларус, альбо жыд, альбо нават курд — ты свой, ты — «славянін». Размовы пра славянскае адзінства насамрэч даўно захапляюць хіба што аўтараў часопіса «Няміга». Сапраўдны славянскі артадокс наўрад ці прызначыць кіраўніком свайго зьнешнепалітычнага ведамства неарыйца зь нярускім прозьвішчам. На ролю славяніна падыдзе і гэбрай-рэдактар і баптыст-кіраўнік ГУОПИ. Толькі ня трэба шукаць цыганскія карані ў гэткіх праявах касмапалітызму. Ваяваць зь дзяржаўным псэўдарасізмам з дапамогай горшых праяваў нацызму — усё адно, што тушыць пажар бэнзынам.

Безумоўна, у сёньняшняй камарыльлі няма нацыянальнасьці, няма бацькаўшчыны. Але не таму, што ў іхных жылах цячэ якаясь не такая кроў, альбо нехта зь іх рос бязбацькавічам. Такія асобнікі ёсьць у кожнай краіне, у кожнай нацыі. Тым больш, хапае іх у зоне. (Напрыклад — рублёвай.) Часам яны прыходзяць да ўлады. Гэта ганебныя часы для народу. Але гэта яшчэ не трагедыя. Трагедыя здарыцца, калі мы ўсе перастанем адчуваць розьніцу паміж сабой і «браткамі», якія чамусьці ўявілі сябе элітай краіны.

Богу — Богава, крымінальнікам — крымінальны кодэкс…


Каментары

Цяпер чытаюць

Што стала з Лільчыным татам?3

Што стала з Лільчыным татам?

Усе навіны →
Усе навіны

Дачнікаў будуць строга караць за баршчэўнік і нават за сумнік6

Імперскі гумар: расійскі гуру адносін Сацья Дас пажартаваў, чаму хоча захапіць Беларусь51

ЗША неафіцыйна папрасілі тры краіны зняць санкцыі з беларускага калію39

«Вось я і трапілася». Мінчанка страціла 600 рублёў на папулярнай схеме махлярства1

Нас чакаюць чатыры дні лета, а пад канец вясны зноў пахаладае1

Кампанія, якая хацела зарабіць на пастаўках у ЕС калійнай солі пад выглядам солі для дарог, кінула «Беларуськалій» і збанкрутавала1

Выдру ў ЗША навучылі шукаць і знаходзіць улікі3

Віленскі музей заўтра прадае творы беларускіх мастакоў5

У Обалі закансервуюць руіны палаца Грабніцкіх

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што стала з Лільчыным татам?3

Што стала з Лільчыным татам?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць