Архіў

Анатоль Прасаловіч. Праз голад — да аўтакефаліі

№ 31 (152), 15 лістапада 1999 г.


 Праз голад — да аўтакефаліі

 

7 лістапада распачаў галадоўку айцец Іван (Спасюк), сьвятар Сьвята-Эўфрасіньнеўскае царквы пасёлку Пагранічны Бераставіцкага раёну, бацька трох малых дзяцей. Прычына — адмова ўладаў рэгістраваць аўтакефальны прыход, на чале якога стаіць галадоўшчык.

Прыходы, якія ня хочуць падпарадкоўвацца Маскве і дзе набажэнствы вядуцца на беларускай мове, існуюць у Менску, Сёмкавым Гарадку, Лідзе, Слоніме, Горадні ды ў Пагранічным.

 

Айцец Іван падаў заяўку на рэгістрацыю ягонага прыходу ў Гарадзенскі аблвыканкам, але там яму адмовілі і накіравалі ў Камітэт па справах рэлігіі. У апошнім была створаная экспэртная камісія, якая на сваім апошнім паседжаньні вылучыла, урэшце, канкрэтныя прэтэнзіі па статуце замест былога, калі айца Івана і ягоных прыхільнікаў абвінавачвалі ў дзейнасьці, “направленной против суверенитета Республики Беларусь, ее конституционного строя и гражданского согласия”.

Прадстаўнікі дзяржавы, ад якой царква аддзеленая паводле закону, усяляк перашкаджаюць дзейнасьці прыходу ў Пагранічным: на айца Івана наклалі пару штрафаў на падставе парушэньня 193-га артыкулу Адміністрацыйнага кодэксу, а зараз, пасьля абвяшчэньня галадоўкі, ён увесь час выслухвае ананімныя тэлефонныя пагрозы. Улады, зразумела, баяцца паўтарэньня ўкраінскага досьведу, дзе незалежная царква набрала ўжо досыць сілаў, каб стварыць канкурэнцыю мясцоваму экзархату Маскоўскага Патрыярхату. Таму ня дзіўна, што справай, па нашых зьвестках, цікавіліся нават супрацоўнікі КГБ. Перашкоды робяцца ня толькі праз адмову ў рэгістраваньні. Калі падобная сытуацыя ўзьнікла ў Лідзе і вернікі распачалі ўзьвядзеньне сваёй бажніцы, гарадзкое кіраўніцтва пайшло на авантуру, разьмясьціўшы дарожныя знакі наўкола гэтак, каб ніякая тэхніка не магла наблізіцца да месца будоўлі.

Заяву аб галадоўцы і пару соцень подпісаў у абарону аўтакефаліі перадалі паслу Віку і ў Гельсынскі камітэт. Прычым такую прагу вернікаў да стварэньня аўтакефальнае царквы можна патлумачыць ня толькі жаданьнем слухаць казані на роднай мове. Прычына тут ёсьць і чыста матар’яльная: многія праваслаўныя проста ўжо ня ў стане плаціць велічэзныя грошы за царкоўныя паслугі, расцэнкі на якія дыктуюцца беспасярэдне з Масквы. І грошы вернікаў ідуць немаведама куды: прыкра глядзець на абшарпаныя бажніцы ў той час, як праваслаўныя ярархі дазваляюць сабе пабудову шыкоўных трохпавярховых катэджаў.

Беларускія аўтакефалісты вырашылі падацца пад крыло Сусьветнага Амэрыканскага Патрыярхату, бо артадаксальны Патрыярх канстанцінопальскі дужа зважае на Маскву, а кіраўнікі дыяспарнай БАПЦ ніякай дапамогі распачатаму руху не аказваюць. Шмат спадзяваньняў ускладаецца на падтрымку сястрынскай Украінскай Аўтакефальнай Царквы, якая ўжо рыхтуе адпаведную заяву і дзе найбольшым прыхільнікам беларускай аўтакефалізацыі зьяўляецца Архіяпіскап Ровенскі Стафан. А з далёкай Гішпаніі прыяжджалі каталёнскія тэлевізійшчыкі спэцыяльна, каб зьняць рэпартаж аб царкоўных незалежніках.

Сёньня, у панядзелак, стануць вядомыя канкрэтныя прычыны адмовы ў рэгістрацыі. Але ні айцец Іван, ні ягоны таварыш у справе айцец Леанід (Акаловіч) не губляюць надзеі. Яны ўпэўненыя, што рух значна пашырыцца менавіта пасьля афіцыйнай рэгістрацыі, бо ідэю падтрымліваюць нават некаторыя прадстаўнікі Беларускага Экзархату. Мо хоць праз гэта прыйдзе ў Беларусь незалежнасьць?

Айцец Іван мае намер працягваць галадоўку да таго часу, пакуль ня будзе дадзены дазвол на існаваньне ягонага прыходу. Кажуць, што прадстаўнікі афіцыйных уладаў цынічна жартуюць са сьвятара: нічога, няхай пагаладуе, пост, маўляў, нікому не зашкодзіць. “На Піліпаўку воўк нема вые...”

Анатоль Прасаловіч


Каментары

Цяпер чытаюць

Сям’ю з дзіцём не пусцілі есці ўнутры кавярні піцу навынас. «Гараж» апраўдваецца, інтэрнэт спрачаецца

Сям’ю з дзіцём не пусцілі есці ўнутры кавярні піцу навынас. «Гараж» апраўдваецца, інтэрнэт спрачаецца

Усе навіны →
Усе навіны

«Ціса» ў Венгрыі атрымала нават больш парламенцкіх мандатаў, чым меркавалася папярэдне6

Дзявятая планета Сонечнай сістэмы: ці блізкія мы да разгадкі яе таямніцы?3

Meta збіраецца праз штучны інтэлект звольніць 8 тысяч работнікаў3

Беларусы масава перасаджваюцца на горныя ровары5

У Германіі за год падстрэлілі каля 3 тысяч радыеактыўных дзікоў5

У клецкай паліклініцы пацыенты пабіліся за месца ў чарзе. Цяпер будзе суд

У «Вялікім камені» стварылі Інстытут выдатных інжынераў

Кім быў кіеўскі стралок? Вайсковы пенсіянер з антысеміцкімі поглядамі, які нарадзіўся ў Маскве, а жыў на Данбасе17

Расійскія дроны дзейнічаюць ва Украіне праз беларускі роўмінг10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сям’ю з дзіцём не пусцілі есці ўнутры кавярні піцу навынас. «Гараж» апраўдваецца, інтэрнэт спрачаецца

Сям’ю з дзіцём не пусцілі есці ўнутры кавярні піцу навынас. «Гараж» апраўдваецца, інтэрнэт спрачаецца

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць