Архіў

Новыя кнігі, дасланыя ў рэдакцыю

№ 12 (169), 20 — 26 сакавіка 2000 г.


 

Новыя кнігі, дасланыя ў рэдакцыю

 

М.Багдановіч. Краю мой родны!: Вершы, казкі. Для малодшага школьнага веку / Мастак М.Басалыга. — Менск: Юнацтва, 1999. — 190 с.: іл. — Наклад 5000 ас. ISBN 985-05-0024-7

Зборнік складзены адмыслова для малодшых шкаляроў — у ім сабраныя беларускія й расейскія творы Максіма Багдановіча, успаміны бацькі паэта — Адама Багдановіча, Зоські Верас і Максіма Гарэцкага.

Ю.Гарбінскі. Беларускія рэлігійныя дзеячы ХХ ст. Навукова-рэдакцыйная рада: У.Конан (адказны рэдактар) ды інш. — Менск — Мюнхен: Беларускі кнігазбор, 1999. — 752 с.: іл. — Наклад 50 ас. ISBN 985-6318-65-3

Фаліянт у вокладцы, падобнай як у кніг літаратурнае сэрыі нью-ёрскага Беларускага інстытуту навукі й мастацтва, рэпрэзэнтуе жыцьцяпісы беларускіх рэлігійных дзеячоў і ўспаміны пра іх. Кніга, апроч бібліяграфічных зьвестак, мае багаты ілюстрацыйны дадатак. Яна выйшла на глянцавай паперы малым накладам. Тэлефон Беларускага кнігазбору (017) 236-00-12.

Гісторыя беларускае літаратуры ХХ ст.: У 4 т. Т.2 / Нацыянальная Акадэмія навук Беларусі. Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы. — Менск: Беларуская навука, 1999. — 903 с. — Наклад 1500 ас. ISBN 985-08-0179-4

Працяг чатырохтомавых дасьледзінаў беларускае літаратуры нашага стагодзьдзя складаюць нарысы пра паэтаў, пісьменьнікаў і крытыкаў міжваеннага часу. Упершыню ў акадэмічнае выданьне трапілі некалі забароненыя імёны.

Кантакты і дыялёгі: Бюлетэнь Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў. № 1—2, 2000. — Менск: Міжнародная асацыяцыя беларусістаў, 2000. — 64 с. — Наклад 299 ас.

Як і заўжды, бюлетэнь рэпрэзэнтуе рэцэнзіі на апошнія беларусазнаўчыя выданьні, працягвае сэрыю «Беларусы ў сьвеце» зь біяграфіямі дзеячоў беларускай эміграцыі, падае падрабязны пералік выдаваных у Беларусі кніг пра іншыя краіны й замежных выданьняў пра Беларусь.

Клёк 2. № 1, 2000. Культурологический альманах авторов. — Менск: BY-WAY Group, 2000. — 64 с. — Наклад «ограничен количеством проницательных читателей».

Гэты самвыдавецкі праект ёсьць працягам часапіса «Музыкальный журнал».

Кур’ер: часапіс. № 1, сакавік 2000. — Менск, 2000. — 48 с., іл. — Наклад 5000 ас.

«Кур’ер» хоча стаць беларускім Newsweek-ам. Рэдагуе яго Ігар Гермянчук. Выдатная паліграфія (хоць і чорна-белы друк усярэдзіне), каляровая вокладка. Асноўныя тэмы: ці будуць у Беларусі перамены? ці варта апазыцыі ўдзельнічаць у выбарах? хто ў шэрагах апазыцыі здольны споўніць ролю агульнанацыянальнага лідэра? палітычны партрэт міністра нутраных справаў Юр’я Сівакова; што думаюць палякі пра беларусаў? чым небясьпечны чарнобыльскі саркафаг? Блізу 60% матар’ялаў друкуецца па-расейску. Неўзабаве будзе ў продажу ў шапіках.

А.Міцкевіч. Дзяды / У 2-х т. Т.1–2/ Агульная рэдакцыя І.Кур’ян; Пераклад у беларускую мову С.Мінскевіча; Камэнтар З.Стэфаноўскай, С.Мінскевіча. — Менск: Мэдысонт, 1999. — 264 с. — Наклад 300 ас. ISBN 985-6530-07-5

Упершыню цалкам па-беларуску выйшлі міцкевічаўскія «Дзяды». Вартасьць гэтага выданьня ў паралельным зьмяшчэньні перакладу й польскага арыгіналу. Наконт набыцьця трэба зьвяртацца на тэл. (017) 227-78-92, цана 5 у.а.

А.Агееў, І.Пушкін. Магілёў на скрыжаваньні. — Магілёў: Магілёўская абланая друкарня, 1999. — 96 с.: іл. — Наклад 700 ас. ISBN 985-6568-12-9

Пад навуковай рэцэнзіяй прафэсара Анатоля Грыцкевіча выйшла ўнікальнае выданьне з 77 фотаздымкаў старога Магілёва. Цікава, што да кожнага старога краявіду пададзены выгляд тае самае мясьціны цяпер. Перад чытачом паўстаюць вежы колішніх, зруйнаваных пераважна за саветамі, бажніц і палацаў на тле цяперашніх гмахаў і пустак.

У.Ладысеў, П.Брыгадзін. На пераломе эпох: Станаўленьне беларускае дзяржаўнасьці (1917—20 г.). — Менск: Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт, 1999. — 128 с., (6) арк.іл. — Наклад 500 ас. ISBN 985-445-191-Х

Аўтары спрабуюць максымальна аб’ектыўна разгледзець пэрыяд станаўленьня беларускае дзяржаўнасьці ў ХХ ст. Не бракуе, аднак, у працы памылак, у тым і сэнсавых: прыкладам, сказ з дакумэнту на с. 120—123 «Энгельс развил…» трэба чытаць як «Энгельс разбил…». Кніга будзе добрым дапаможнікам для глыбейшага вывучэньня першых гадоў парэвалюцыйнага пэрыяду нашае найноўшае гісторыі.

Нацыяналізм у сьвеце: мінуўшчына, сучаснасьць, пэрспэктывы. — Менск: спартова-патрыятычная арганізацыя «Край», 1999. — 38 с. — Наклад 299 ас.

Беларускія нацыяналісты пішуць пра сваіх калегаў з ІРА, францускі Нацыянальны Фронт, пра «новых правых» у Эўропе і рух «белых» у Паўднёвай Афрыцы. Замовіць можна

З.Мажэйка, Т.Варфаламеева. Песьні Беларускага Падняпроўя / Нацыянальная Акадэмія навук Беларусі. Інстытут мастацтвазнаўства, этанаграфіі й фальклёру. — Менск: Беларуская навука, 1999. — 392 с. — Наклад 1000 ас. ISBN 985-08-0173-5

Праз вывучэньне бальшыні жанраў мясцовага фальклёру аўтарка раскрывае песенную сыстэму ўсходняга рэгіёну Рэспублікі Беларусі.

Супольнасьць: Бюлетэнь для беларускіх няўрадавых арганізацыяў. Вып.1—2 (17—18), студзень 2000 г. — Менск: Супольнасьць, 2000. — 51 с. — Наклад 299 ас.

Дзейнасьць беларускіх няўрадавых арганізацыяў, навіны з партнэрскіх арганізацыяў цэнтру «Супольнасьць», абвесткі ды іншая патрэбная інфармацыя для грамадзкіх дзеячоў.

А.Цітоў. Сфрагістыка й геральдыка Беларусі. — Менск: Рэспубліканскі інстытут вышэйшае школы Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, 1999. — 176 с., іл. — Наклад 3000 ас. ISBN 985-6299-36-5

Першы ў Беларусі падручнік з сфрагістыкі й геральдыкі. Апроч традыцыйных для аўтара тэмаў пра беларускую пячатку сярэднявечча, маецца цікавы разьдзел пра пячаткі й гербы міжваеннае савецкае Беларусі.

Чытаў кнігі Віктар Мухін


Каментары

Цяпер чытаюць

Арыштавалі былога памочніка Міхаіла Мясніковіча8

Арыштавалі былога памочніка Міхаіла Мясніковіча

Усе навіны →
Усе навіны

У Мінску курыца знесла яйка-«матрошку» ВІДЭА1

Бабарыка запосціў змагарскую гарэлку з «Пагоняй» і бел-чырвона-белай стужкай16

Іранскія катары хацелі ўзяць на абардаж амерыканскі танкер

На беларускай гімназіі ў Вільні напісалі «Рукі прэч ад Скарынаўкі». Кірыліца далася цяжка11

Усе найбуйнейшыя беларускія бізнэсы ў Літве скарацілі падатковыя адлічэнні ў бюджэт1

Мінулай ноччу адна з ракет, запушчаных Расіяй на Украіну, праляцела над Беларуссю4

Дарадца Ціханоўскай правёў дзве сустрэчы ў Белым доме9

У Генпракуратуры расказалі, якія скаргі іх цікавяць у тыктоку

«Ціск на Пуціна не працуе». Сенатар Грэм заклікаў Трампа ўзброіць Украіну «Тамагаўкамі»2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Арыштавалі былога памочніка Міхаіла Мясніковіча8

Арыштавалі былога памочніка Міхаіла Мясніковіча

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць