БІБЛІЯТЭКА
Гадавік з Інстытуту гісторыі
Штогоднік Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, 1999: Навуковае выданьне. – Рэдкалегія: М.Касьцюк (гал. рэд.) і інш. – Менск: ІГ, 1999. – 176 с. – Наклад 299 ас.
Першы крок – самы цяжкі. Пацьверджаньне таму – першы штогоднік Інстытуту гісторыі, які мусіў дайсьці да чытача яшчэ летась, але спатканьне адбылося толькі цяпер.
Увогуле "Штогоднік" – неспадзеўка, і карані выданьня цьмяныя. Ці гэта не адбітак зь вядомага "Штогодніка літоўскай гісторыі"? Але той – выданьне агульнанацыянальнае, а гэты – падкрэсьлена ведамаснае, інстытуцкае. Ці не ў даваенных гістарычных "Працах" яго вытокі? Дык тыя былі агульнаакадэмічныя. Ці гэта не супрацьвага друкаванай гістарычнай лёгкаважнасьці? Як вынікае з прадмовы акадэміка Міхася Касьцюка, "Штогоднік" мае намер зрабіцца пэрыёдыкам, стаць поруч зь іншымі часопісамі і кампэнсаваць іх недахопы публікацыяй матэрыялаў па "найбольш значных праблемах айчыннай гісторыі з ухілам на іх глыбокае тэарэтычнае асэнсаваньне". Сярод іншых названыя "Спадчына", "Беларускі гістарычны часопіс", "Беларуская мінуўшчына", "Архівы і справаводзтва". "Мінуўшчыны" ўжо няма, "Архівы" вельмі спэцыялізаванае выданьне, так што на тле астатніх сваіх калег "Штогоднік" выглядае зусім нядрэнна. Аднак дзіўна, што не названы асноўны канкурэнт новага выданьня на гістарычнай ніве – часопіс "Беларускі Гістарычны Агляд" Генадзя Сагановіча. Ці не таму, што каб яго пераўзысьці, "Штогодніку" трэба разарваць абмежаванае кола сваіх аўтараў-супрацоўнікаў Інстытуту гісторыі, бо "Агляд" ужо даўно лучыць сілы і замежных беларусаведаў, і гісторыкаў самага шырокага профілю.
Ды й ці агульнаінстытуцкім атрымаўся першы выпуск "Штогодніка"? Аматары гістарычнай статыстыкі могуць падлічыць, як у кнізе прадстаўлены розныя аддзелы Інстытуту, але тое, што ў выпуску 1999 году археолягаў няшмат (1 чалавек), гэты факт адразу заўважны. Ёсьць думкі, што і надалей археолягаў трэба трымаць на пэўнай дыстанцыі ад "Штогодніка", а то нанясуць розных чарапкоў. Бяды няма: у інстытуцкіх археолягаў ёсьць свой таксама малатыражны "Гістарычна-археалягічны зборнік", нумар 16 якога ўжо рыхтуецца да друку.
Зьмест "Штогодніка" 1999 году даволі разнастайны: юбілейныя артыкулы пра стварэньне Беларускай Акадэміі Навук і яе Інстытуту гісторыі, пра раньнесярэднявечнае грамадзтва ў Беларусі, сялян-слуг Вялікага Княства Літоўскага, пачаткі лібэралізму ў Беларусі, замежныя інвэстыцыі канца ХVІІІ–пачатку ХХ стагодзьдзяў, характар і месца кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 году ў гісторыі, "жаночае пытаньне" ў БССР, пратэстантызм. Грунтоўны артыкул Станіслава Рудовіча "Усебеларускі зьезд 1917 г." – скарочаны варыянт яшчэ больш падрабязнай працы гісторыка на старонках газэты "Пагоня". Бібліяграфічныя артыкулы прысьвечаныя дыплямату ХVІ ст. Богушу Міхалу Багавіцінавічу і ўсім вядомаму Сімяону Полацкаму. Гэта ўсё з разьдзелу "Артыкулы". Праца пра Сьвіслацкую воласьць у ХVІ ст. і яе ўладальніка Міхаіла Гарабурду дадзеная ў рубрыцы "Гістарычнае краязнаўства". Гэта, канечне, недапушчальна для акадэмічнай установы. Яна можа займацца краязнаўствам, але гэта ўжо будзе называцца "рэгіянальная гісторыя" ці яшчэ як, а ўласна краязнаўства – удзел школьнікаў.
Рубрыка "Новыя крыніцы" прадстаўляе "наданьне" Максіма Гарэцкага начальніку Сярэдняй Літвы генэралу Люцыяну Жалігоўскаму, каб той дазволіў выдаваць у Вільні беларускую газэту. Нарэшце, разьдзел "Рэцэнзіі" і цьвік выданьня – разгорнутая рэцэнзія Міхася Біча, Георгія Галенчанкі, Іларыёна Ігнаценкі і Ўладзімера Снапкоўскага "Няспраўджаныя амбіцыі і абяцаньні" на сумнавядомы двухтомнік "Гісторыя Беларусі" 1998 году. Вастрыню сытуацыі надае тое, што двухтомнік прэтэндуе на дзяржаўную прэмію.
Пры ўважлівым чытаньні "Штогодніка" выяўляюцца сьляды розных падыходаў у рэдакцыі да некаторых аспэктаў правапісу. На паверхні апынуліся пытаньні напісаньня імёнаў. У "Зьмесьце" чытаем: "Сымон Полацкі", "Міхал Гарабурда", у тэксьце артыкулаў: "Сімяон Полацкі", "Міхаіл Гарабурда". У артыкуле пра Полацкага абаснавана правільнае напісаньне ягонага прозьвішча – "Сітняновіч-Пятроўскі" замест паўсюднага "Сітніяновіч-Пятроўскі". Сытуацыя тыпу Міоры-Мёры і Ліозна-Лёзна. Калі гэтыя моўныя праблемы выйшлі на разгляд, было б варта чакаць у "Штогодніку" разьдзела пра гістарычную тэрміналёгію і анамастыку, які, прыкладам, ёсьць у літоўскім "Штогодніку". Дарэчы, чытачы нашага выданьня ў адносінах да Сімяона Полацкага засталіся абдзеленымі інфармацыяй: артыкул пра яго абапіраецца на тэстамэнт маці славутага дзеяча, а самога дакумэнту аўтар тут ня даў. У выйгрышы засталіся чытачы маскоўскага часопіса "Славяноведение", дзе той жа матэрыял забясьпечаны тэкстам тэстамэнту.
"Штогоднік" – сур'ёзная заяўка на новы падыход да гісторыі, і ня толькі як назапашваньня фактаў, але і іх асэнсаваньня. Трэба чакаць у ім працы па мэтадах і мэтадалёгіі, пра новыя накірункі ў дасьледаваньнях, рэцэнзіі, якія ня толькі "за". Чакайма выпуску 2000 году менавіта ў 2000 годзе.
Валеры Пазьнякоў
Новыя кнігі, дасланыя ў рэдакцыю
В.Аксак. Антычны дождж: Вершы. – Вільня, 1999. – 134 с. – Наклад 100 ас.
Валянціна Аксак ў Вільні выдала сваю чарговую, прыгожа аздобленую кнігу. Набыць можна ў сядзібе ТБМ у Менску (вул.Румянцава, 13).
Г.Далідовіч. Кліч роднага звона: Раман-кроніка: Для старэйшага школьнага веку/ Мастак А.Кашаноўскі. – Менск: Юнацтва, 2000. – 383 с.: іл. – Наклад 3000 ас. ISBN 985-05-0359-9
Генрых Далідовіч апісвае паўставаньне беларускае дзяржаўнасьці ў форме Вялікалітоўскага гаспадарства ў ХІІІ ст. Кніга прысьвечаная Міколу Ермаловічу. Каштуе 1300 руб.
А.Клемянок. Яны ня ведалі мяне: Вершы. – Маладэчна, 1999. – 52 с.
А.Лойка. Як агонь, як вада…: Раман-эсэ пра Янку Купалу: Для старэйшага школьнага веку. – Менск: Мастацкая літаратура, 2000. – 478 с., іл. – (Школьная бібліятэка). – Наклад 23813 ас.
Кніга, у свой час моцна крытыкаваная Георгіем Коласам, каштуе ўсяго 370 рублёў.
З.Марозаў. Акварэлі пачуцьця: Лірыка. – Менск: Палібіг, 2000. – 168 с. – Наклад 1000 ас. ISBN 985-6178-67-3
М.Макарцоў. Беларусь сьвяткуе: Сцэнары народных сьвятаў і абрадаў. – Менск: Выдавецтва "Чатыры чвэрткі", 2000. – 132 с., іл. – Наклад 2000 ас. ISBN 985-6089-52-2
Гэтыя сцэнары аўтар стварыў сам, выкарыстаўшы сабраныя ім узоры фальклёру й творы клясыкаў беларускае літаратуры.
Наша Ніва: Першая беларуская газэта з рысункамі. Выпуск 3. 1910 год. Факсымільнае выданьне. – Менск: Тэхналёгія, 1999. – Наклад 1000 ас. ISBN 985-6234-84-0
Чытачы адноўленай "Нашай Нівы" й аматары пачытаць старыя нумары "першае беларускае газэты з рысункамі" могуць набыць ейнае факсыміле з 1910 году за 2500 рублёў у краме "Тэхна" (будынак Беларускай акадэміі мастацтваў).
В.Пракапцова. Мастацкая адукацыя ў Беларусі. – Менск: Беларускі ўнівэрсытэт культуры, 1999. – 210 с. – Наклад 600 ас. ISBN 985-6579-10-4
Кніга прысьвечана гістарычна-тэарэтычным праблемам фармаваньня мастацкай адукацыі ў нашай краіне як сыстэмы ад вытокаў да нашых дзён.
Кузьма Чорны. Выбраныя творы/ Укладаньне і прадмова М.Тычыны, камэнтары М.Тычыны і Я.Янушкевіча. – Менск: Беларускі літаратурны фонд, 2000. – 608 с., (2) арк. іл. – Наклад 5000 ас. ISBN 985-6576-09-1
Збор твораў выйшаў у сэрыі "Беларускі кнігазбор" і ўлучае раманы, аповесьці, апавяданьні, узоры публіцыстыкі, у поўным, без скаротаў, выглядзе дзёньнік.
Bialoruskie Zeszyty Historyczne/ Беларускі гістарычны зборнік. – Беласток, 1999. – 257 с.
Академик М.Ельяшевич: Воспоминания учеников и современников/ Складальнік А.Гапоненка, навуковы рэдактар Л.Тамільгін. – Менск, 1999. – 87 с., іл. – (Людзі беларускае навукі). – Наклад 500 ас.
Успаміны вучняў пра вядомага беларускага фізыка М.Ельляшэвіча (1908–1996).
В.Грамыка. Радуга над дугой. – Менск: Беларусь, 2000. – 383 с.: іл. – Наклад 2000. ISBN 985-01-0318-3
У сваёй кнізе народны мастак Беларусі В.Грамыка згадвае пра падзеі міжваеннага й паваеннага часу свайго дзяцінства й юнацтва.
Избирательный кодекс Республики Беларусь. – Менск: Нацыянальны цэнтар прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусі, 2000. – 167 с. – Наклад 5100 ас. ISBN 985-6488-16-8
Выбарчы кодэкс сёлетні.
Колокол времен: Популярный исторический журнал. № 2, 2000. – Менск, 2000. – 16 с., іл. – Наклад 10000 ас.
Чытачы маюць магчымасьць пазнаёміцца з помнікамі архітэктуры й таямніцамі славутага мястэчка Гальшаны. Выпуск багата аздоблены каляровымі ілюстрацыямі.
И.Кузнецов. История государства и права России (Курс лекций). 2-е выданьне. – Менск: Амалфэя, 2000. – 528 с. – Наклад 5100 ас. ISBN 985-441-104-4
Основы белорусской национальной хореографии: Учебно-методическое пособие/ Складальніца Г.Чарнаярава. – Менск: Беларускае выдавецкае таварыства "Хата", 1999. – 122 с, іл. – Наклад 200 ас. ISBN 985-6007-96-8
Республика Беларусь/ Пад агульнай рэдакцыяй В.Глушакова ды інш.; Мастак В.Жук. – Менск: Беларуская энцыкляпэдыя, 2000. – 128 с., іл. – Наклад 5000 ас. ISBN 985-11-0148-6
Кніга-альбом прадстаўляе Беларусь як аўтаномную рэспубліку "саюзу".
Агляд падрыхтаваў Віктар Мухін
Каментары