Архіў

БІБЛІЯТЭКА

№ 52 (209), 26 сьнежня 2000 г. — 3 студзеня 2001 г.


 БІБЛІЯТЭКА


Успаміны аднаго пакаленьня

А.Катковіч, В.Катковіч-Клентак. Успаміны. — Беласток: Беларускае Гістарычнае Таварыства, 1999. ISBN 83-909009-9-8

Сумленныя ўспаміны чытаць цяжка. Дарма кажуць, што горшае забываецца, успамінаецца лепшае. У натуры больш-менш творчай, у таго, хто хоча ня толькі ўспамінаць, але і выкласьці ўспаміны для іншых, наперад выходзіць тое, што баліць. Тым больш, калі чалавек зьведаў разьвітаньне з Радзімай, астрог, катаргу. Успаміны сясьцёр Анелі і Вэранікі Катковіч — з гэтага шэрагу.

Беларускі зь мястэчка Будслаў, яны з таго пакаленьня, чыя маладосьць прыпала на “польскі час” і нямецкае ўладараньне. Анеля вучылася ў Віленскай беларускай гімназіі, пасьля скончыла Віленскі ўнівэрсытэт, была ў Беларускім Студэнцкім Саюзе, сьпявала ў хоры Рыгора Шырмы. Вэраніка скончыла “паўшэхную” школу ў Будславе, а пасьля кравецкую школу ў Лунінцы. Прыход саветаў у 1939 годзе спачатку, здавалася, ня нёс пагрозы. Анеля працавала настаўніцай беларускай мовы ў Будславе, пасьля дырэктаркай школы. Вэраніка служыла на тэлеграфе ў Крывічах.

1941 год зьмяніў шмат людзкіх лёсаў. Бурмістрам Менску стаў сябра Анелі з БСС Вітаўт Тумаш, і празь яго яна атрымала працу перакладчыцы ў гарадзкой управе. Пераехала ў Менск і Вэраніка. Дзякуючы прапанове доктара Надзеі Абрамавай яна стала на чале арганізацыі юначак Саюзу Беларускай Моладзі ў Менску. З новым прыходам саветаў трэба было чакаць рэпрэсіяў, таму сёстры кінуліся шукаць ратунку ва ўцёках. Адразу пасьля вайны яны здолелі знайсьці працу ў польскай вайсковай місіі ў Бэрліне. Аднак “органы” іх вылічылі. Анелю і Вэраніку дэпартавалі ў БССР і засудзілі на 10 гадоў катаргі (“исправительных лагерей”). Волю ім прынесла сьмерць тырана. Пасьля вяртаньня ў родны Будслаў сёстры вырашылі выехаць у Польшчу. Анеля, дзякуючы старым знаёмствам, здолела атрымаць працу перакладчыцы ў Міністэрстве замежных спраў у Варшаве. Гэта быў сапраўдны цуд, немагчымы ў СССР. Анеля пісала ўспаміны прыблізна ў 1967–1973 гг., Вэраніка — у 1990-х гадах.

Жанр мэмуараў як гістарычнай крыніцы цяжкі для ўспрыняцьця. Аўтар ня ўсё памятае, таму нешта дадае, нешта прапускае наўмысна. Ва ўсялякім разе, пісаньне ўспамінаў пра сталінскія лягеры, пра сваю дзейнасьць у гады вайны не на баку савецкіх партызанаў — гэта патрабавала мужнасьці. Час вымагаў і асьцярожнасьці. Мо таму ў мэмуарах Анелі Катковіч няма пра тое, як яшчэ ў чэрвені 1941 г. яе хацелі арыштаваць саветы, а пасьля палякі спрабавалі выдаць яе немцам. Няшмат зьвестак аб працы ў Менскай гарадзкой управе ў гады вайны. Адчуваецца, што Анеля Катковіч не хацела пашкодзіць ні сабе, ні сваім жывым яшчэ сябрам. Пра Радаслава Астроўскага ўва ўспамінах толькі два радкі — што ён быў дырэктарам Віленскай беларускай гімназіі і прэзыдэнтам Беларускай Цэнтральнай Рады. Не паведамлена, за што хацелі выключыць Анелю з гімназіі (“Што я перажыла вясной, апісаць немагчыма!” — і не апісана, адно сказана, што заступіўся ксёндз Адам Станкевіч). І яшчэ з той жа прычыны: “Многа хацела б напісаць пра жыцьцё ў Менску, але пакуль што ўстрымаюся”. Самацэнзура, ведама, шкодзіць мэмуарам як крыніцы ведаў аб мінулым, але дапамагае захаваць волю. Апошняе больш важна. Да таго ж яна дапамагае захаваць добрыя адносіны зь сябрамі, якія жывуць далёка за акіянам і думкі якіх пра кнігу для аўтара таксама былі не абыякавыя.

У гэтым сэнсе ўспаміны Вэранікі Катковіч (па мужу Клентак) выглядаюць інакш. І стыль у яе больш мастацкі, жывы. Зразумела, у дзевяностыя гады можна пісаць ужо амаль пра ўсё, што памятаецца і просіцца на паперу. Свабоднае паветра 1990-х, сустрэча вэтэранаў СБМ у Менску ў 1993 г... Таму маем найкаштоўнейшыя зьвесткі пра мэты Саюзу Беларускай Моладзі, пра допыты і абвінавачваньні ў савецкіх “органах”, пра паўстаньне зьняволеных у лягеры ў 1954 годзе (на жаль, толькі паўтары старонкі). Каб яшчэ колькі сказаў пра польскае падпольле ў нямецкім Менску, пра якое невядома амаль нічога…

Яшчэ ў 1996 годзе зноў жа ў Беластоку выйшаў з друку зборнік успамінаў беларускіх дзеячаў (“Лёс аднаго пакаленьня”), якім выпала жыць і змагацца пры немцах, у тым ліку і актывіста Саюзу Беларускай Моладзі Янкі Жамойціна, пра якога прыгадвае Анеля Катковіч. Гэткім чынам, кніга ўспамінаў Катковічаў — працяг публікатарскай працы польскіх беларускіх гісторыкаў. Узровень публікацыяў значна вырас. Апошняя кніга мае шматлікія ілюстрацыі, зьмястоўныя камэнтары зь біяграфічнымі нарысамі пра відных дзеячаў беларускага руху. Пэўна, ня варта было ў камэнтарах пра незнаёмых пэрсон пісаць тыя пяць словаў, што ёсьць і ў тэксьце ўспамінаў. А ўвогуле выданьне стала і добрым біяграфічным даведнікам.

Кніга яшчэ раз паказала, як ашчадна ставяцца да людзкой памяці ў Польшчы, дзе літаральна некалькі старонак тэксту пра мінулае ўважаюцца за гістарычную крыніцу, вартую апублікаваньня. Польшча, можна лічыць, клясычная краіна мэмуараў. Параўнайма з савецкімі мэмуарамі — кшталту афіцыйнага мэдаля за прызнаньне заслуг. Беларуская мэмуарыстыка хістаецца паміж гэтымі дзьвюма плынямі.

Валеры Пазьнякоў

 

Новыя кнігі, дасланыя ў рэдакцыю

 

Спадчына, 2000, №4

Ад афіцыйнага “Беларускага гістарычнага часопісу” “Спадчына” выгодна адрозьніваецца незалежніцкай пазыцыяй і друкаваньнем “несавецкіх” матар’ялаў.

Новы нумар чаcопісу адчыняе артыкул Пётры Крэчаўскага “Беларусь у мінулым і сучасным”, агляд гісторыі Беларусі з акцэнтам на нацыянальна-вызвольны рух у ХХ ст., які ўпершыню выйшаў у Празе ў 1926 г. Годам раней частка эміграцыйных беларускіх дзеячоў паверыла нацыянал-камуністам і, адмовіўшыся ад мандатаў БНР, пераехала ў савецкі Менск, прызнаўшы яго цэнтрам беларушчыны. Пётра Крэчаўскі з паплечнікамі застаўся ў Празе ў цяжкіх матар’яльных і палітычных умовах. Артыкул — гэта абгрунтаваньне права на існаваньне сувэрэннай Беларусі без арыентацыі на Маскву ці Варшаву. У сталай часопіснай рубрыцы “Рэлігійная гісторыя” варта адзначыць артыкул Уладыслава Завальнюка “Каталіцкі касьцёл у Беларусі”. Гэта пераважна расповед пра 90-я гады, структуру дыяцэзіяў і дэканатаў.

Цікавыя ўспаміны зьмешчаны пад рубрыкай “Архіў Найноўшай Гісторыі” — Аляксандра Яцэвіча (Змагара) пра аднаго зь лідэраў беларускай дыяспары ў Францыі Лявона Рыдлеўскага і маладога беларускага патрыёта Янку Філістовіча. Кніга Аляксандра Лукашука “Вяртаньне нацыяналіста” (1997) нявольна зрабіла з маладога хлопца чалавека-легенду. Успаміны А.Змагара — гэта погляд на дэсант Філістовіча зь іншага боку, погляд чалавека, які добра ведаў юнака і быў для яго старэйшым сябрам, гэта і спроба ацэнкі, ці слушна зрабілі тыя, хто паслаў яго ў Беларусь на верную сьмерць. Прыцягвае ўвагу таксама публікацыя Вячаслава Чамярыцкага “Данос”. Чытачам прапануецца тэкст звычайнага даносу на беларускіх літаратараў М.Прашковіча, А.Яскевіча, В.Чамярыцкага і іншых з абвінавачаньнем у нацыяналізьме і антысаветызьме. Вячаслаў Чамярыцкі ў міні-прадмове піша: “Гэты матэрыял быў калісьці знойдзены ў рабочым стале гісторыка К.Шабуні, былога загадчыка аддзелу Інстытуту гісторыі АН Беларусі. Аўтар гэтай дакладной запіскі (ці даносу) невядомы, адрасат – таксама. Магчыма, ЦК КПБ ці КГБ. Найбольш верагодны час складаньня — 1966 г.” Данос акунае нас у атмасфэру брэжнеўскага застою, атмасфэру агульнай падазронасьці, дзе любая праява беларускасьці магла служыць зачэпкай для звальненьня і пазьнейшага нагляду за чалавекам.

Алег Гардзіенка

 

Край-Kraj: Дыялёг на сумежжы культур / Пад рэдакцыяй А.Агеева й А.Іванова; Магілёўская даўніна: Спэцыяльны выпуск № 8. — Магілёў: Магілёўская абласная друкарня, 2000. — 264 с. — Наклад 700 ас. ISBN 985-6568-43-9

У зборніку разглядаецца месца Беларусі ў кантэксьце культур іншых краёў Сярэдняй Эўропы. Пільная ўвага аддаецца польска-беларускім кантактам. Зборнік выдадзены па-беларуску й па-польску. Наконт набыцьця зьвяртайцеся на кніжную выставу ў менскай сядзібе ТБМ.

І.Чыгрын. Люблю вясну: Вершы. — Менск: Беларускі кнігазбор, 2000. — 80 с. — Наклад 200 ас. ISBN 985-6318-96-3

А.Смалянчук. Палякі Беларусі і Літвы ў рэвалюцыі 1905–07 гг. — Горадня: Ратуша, 2000. — 204 с. — Наклад 200 ас.

Кніга прысьвечана польскаму руху ў Беларусі й Літве напярэдадні і ў часе першае расейскае рэвалюцыі 190507 гг. Аўтар аналізуе грамадзка-палітычную й культурную чыннасьць польскіх арганізацый, характарызуе асноўныя плыні польскага руху. Разглядаюцца польска-беларускія й польска-літоўскія дачыненьні пачатку ХХ стагодзьдзя. Падрабязьней пра кнігу чытайце ў рэцэнзіі ў “НН” (№ 47, 20/ХІ–2000 г.).

Е.Ляцкий: Материалы к биографии / Подготовка текстов и публикация С.Михальченко. — Бранск: Выдавецтва Бранскага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту, 2000. — 176 с. — Наклад 100 ас. ISBN 5-88543-126-4

У кнізе сабраны публіцыстычныя артыкулы ды ўспаміны беларускага й расейскага пісьменьніка ды літаратуразнаўца, народжанага на Меншчыне, Аўгена Ляцкага (1868–1942), узятыя з расейскіх ды эўрапейскіх архіваў. Друкуюцца яны пераважна ўпершыню.

Каляндар настольны: 2001 год. — Горадня: Горадзенская абласная ўзбуйненая друкарня, 2000.

Напярэдадні Новага году й новага тысячагодзьдзя ў кнігарнях краіны зьявілася колькі беларускіх календароў на наступны год. Прадаецца ў Доме кнігі “Веды” (ст.м. “Купалаўская”) ды ў іншых менскіх кнігарнях.

Праваслаўныя сьвятыні Беларусі: Каляндар адрыўны на 2001 г. / Складальнік А.Кулагін. — Менск: Ураджай, 2000.

Відарысы беларускіх цэркваў штодня будуць з Вамі, калі вы набудзеце гэты каляндар, цаною трохі болей за 200 р. Прадаецца ўва ўсіх кнігарнях.

Менск: Камплект паштовак / Складальнік І.Зайцаў; Фота Г.Ліхтаровіча. — Менск: КЦ “Рай”, 2000.

Добрым падарункам Вашым сваяком і сябром за мяжою могуць быць новыя паштоўкі, што нядаўна былі выдадзены ў Берасьці ды ў Менску.

Падрыхтаваў Віктар Мухін

 

Прэмія палянафобам і русафілам

Навучальны дапаможнік “Гісторыя Беларусі ў дзьвюх частках” пад рэдакцыяй праф.Я.Новіка і Г.Марцуля, рэкамэндаваны Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусі для студэнтаў вышэйшых навучальных установаў, атрымае дзяржаўную прэмію.

Справа яшчэ ня стала фактам, але ўжо вырашаная і будзе абвешчаная пасьля Новага году. Вырашаная ў лютых спрэчках камісіяй па дзяржпрэміях, адным голасам. Кажуць, што гэтым голасам стаў голас сумна вядомага доктара гістарычных навук Петрыкава. Які прэзыдэнт, такая й камісія па прэміях, якая камісія, такія й ляўрэаты.

Сваім зьяўленьнем дапаможнік выклікаў буру абурэньня. Першая частка дапаможніка “Ад старажытных часоў – да лютага 1917 г.” была падвергнутая зьнішчальнай крытыцы на старонках “Беларускага Гістарычнага Агляду” Генадзем Сагановічам і нябожчыкам Міхасём Бічом. У ёй па палічках расклалі ўсе памылкі і хібы аўтараў падручніка, ад якога, здаецца, так і патыхае заходнерусізмам. Рэцэнзія Г.Сагановіча, дарэчы, так і звалася, — “Вяртаньне ў “Северо-Западный” край”.

Дапаможнік Новіка й Марцуля атрымаўся на рэдкасьць палянафобскім і антызаходніцкім. З разьдзелу ў разьдзел аўтары таўкуць: усё, што ішло з Захаду, — варожае, а што з Масквы ці Пецярбургу — станоўчае. Праз старонку ганяцца каталіцтва і ўніяцтва як варожыя і непрымальныя для беларуса рэлігіі і ўсхваляецца ісьцінная рэлігія беларускага народу — праваслаўе.

Ды гісторыкаў найбольш абурыла ня гэта. Дапаможнік стракаціць памылкамі, недакладнасьцямі, некрытычным стаўленьнем да крыніцаў і сьвядомым перакручваньнем гісторыі, а мова... Пра мову лепш увогуле не гаварыць. У некаторых выпадках даходзіць да абсурду: Грунвальдзкай бітве ў тоўстай таміне адвялі толькі 6 радкоў тэксту, а Адам Кіркор абвешчаны зацятым палянафілам.

Гісторыя ХХ ст. разглядаецца са старых савецкіх падыходаў: прыніжэньне ролі беларускага нацыянальнага руху і ўсхваленьне савецкага ладу жыцьця. Добра, хоць аўтары яшчэ крытыкуюць сталінскі рэжым і палітычныя рэпрэсіі. Затое ў развале Савецкага Саюзу і сацыяльна-эканамічным крызысе, які прыйшоў у 90-х, абвінавачваюцца антысацыялістычныя сілы (ЦРУ, Міжнародны Валютны Фонд, прыхільнікі капіталістычнага рэваншу). Калі Беларусь інкарпаруюць у Расею з канцамі, дык “Гісторыя Беларусі ў 2-х частках” прыдасца ідэальна.

Непакой у навуковых колах такі моцны, што выліўся ў адкрыты ліст пратэсту супраць прысуджэньня прэміі аўтарам “Дапаможніка”, падпісаны нават такімі незаангажаванымі навукоўцамі, як акадэмікі Віктар Каваленка, Міхась Касьцюк, Іларыён Ігнаценка, і надрукаваны ў “Народнай волі”.

Зрэшты, гэты навучальны дапаможнік усё ж відавочна лепшы, чым сумнавядомая “Гісторыя Беларусі” Абэцадарскага.

А.Г.


Каментары

Цяпер чытаюць

Хто той Мацвей з Наваполацка, якога ў Расіі асудзілі да 25 гадоў за падрыхтоўку тэракта

Хто той Мацвей з Наваполацка, якога ў Расіі асудзілі да 25 гадоў за падрыхтоўку тэракта

Усе навіны →
Усе навіны

Муж забіў жонку, а потым выкінуўся з акна4

Самалёт Зяленскага не быў цэллю дрона, паветранае судна знаходзілася на зямлі ў Кішынёве

Лукашэнка: Што творыцца ў краіне, у нас усе гэтую гусь круцяць33

За што асудзілі экс-адваката Бабарыкі Дзмітрыя Лаеўскага2

Доктарка паехала ў адпачынак на тры тыдні. Праз некалькі дзён ад яе запатрабавалі вярнуцца праз скаргу пацыента2

Выйшла на свабоду палітзняволеная Ірына Такарчук, маці блогеркі Вольгі Такарчук

Французскі шпіёнскі трылер пра беларускую дыктатуру прызнаны «экстрэмісцкімі матэрыяламі»2

Новае даследаванне амерыканскіх геафізікаў пераварочвае нашы ўяўленні пра тое, як менавіта загінулі дыназаўры9

Ад «Трох чарапах» перад АМАПам да ўрокаў гітары. Піт Паўлаў вучыць беларусаў граць1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Хто той Мацвей з Наваполацка, якога ў Расіі асудзілі да 25 гадоў за падрыхтоўку тэракта

Хто той Мацвей з Наваполацка, якога ў Расіі асудзілі да 25 гадоў за падрыхтоўку тэракта

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць