Каверын: У мяне расце дачка, і я хацеў бы, каб яна жыла, хутчэй, у тым свеце, які ўяўляюць сабе ідэальным феміністкі
Вядоўца ранішняга шоу «Обычное утро» Канстанцін Каверын у новым выпуску ТОКу паразважаў пра культуру адмены і скандал вакол Андрэя Стрыжака, згадаў уласны досвед грамадскай крытыкі, а таксама расказаў, як з гадамі змянілася яго стаўленне да фемінізму.

Настасся Роўда спытала ў Каверына, ці не баіцца ён сам калі-небудзь сутыкнуцца з хваляй грамадскага абурэння, падобнай да той, з якой пасля скандалу з рассылкай дыкпікаў сутыкнуўся Андрэй Стрыжак.
У адказ Канстанцін узгадаў, што такі досвед у яго ўжо быў — праз выказванне пра беларускую мову.
«Гэта было няпроста. Я хачу сказаць, што я паўдурак. Ну што, калі ты нешта зрабіў, навошта абараняць? Ты напаскудзіў і давай абараняць тое, што напаскудзіў… Выглядала б па-дурному. Ну, напаскудзіў», — расказаў Каверын.
Паводле яго, сама думка, якую ён тады спрабаваў данесці, не падаецца яму заганнай. Праблему Каверын цяпер бачыць у тым, як яе сфармуляваў.
«Ёсць сапраўды педагогі-ідыёты, якія проста адварочваюць ад чагосьці важнага. Але фармулёўка там, напрыклад, нейкая была тыпу: «Я ненавіджу беларускую мову». Ну навошта заходзіць з такой фармулёўкай? Для чаго? Вось я і заслужана атрымаў».
Роўда пацікавілася, калі менавіта Каверын зразумеў сваю памылку — адразу пасля скандалу ці ўжо праз гады.
«Не, тады я быў больш самаўпэўненым. Тады — шашкай нагала. Гэта ўжо потым, калі ўсё згладзілася, я сам з сабой недзе абдумваў гэта, перадумваў. Пазней».
Цяпер, паводле Канстанціна, той самаўпэўненасці ў яго няма. Пры гэтым ён не звязвае свой стан з бояззю быць «адмененым».
«Я цяпер не ўпэўнены ў сабе. Я ні ў чым не ўпэўнены, я ўсяго баюся. Прычым гэта не наступства культуры адмены. Гэта нейкі ўнутраны стан разгубленасці ў мяне цяпер. Таму што я многіх рэчаў вельмі не разумею: чаму вось так адбываецца, як адбываецца».
«Гэта як пытанне з Крымам»
Пасля гэтага Роўда вярнулася да гісторыі Андрэя Стрыжака і спытала ў Каверына, ці заслужанай была грамадская рэакцыя на яго ўчынак.
«Я не магу зразумець, дзе гэтая рыса праходзіць. То-бок я не магу зразумець межаў, — працягнуў Канстанцін і прапанаваў змадэляваць сітуацыю:
— Дапусцім я сёння прыязджаю дадому, напіваюся і адпраўляю табе… Якія варыянты дзеяння ў цябе?»
Наста адказала, што ніколі не атрымлівала такіх фота, таму не ведае, як адрэагавала б у такой сітуацыі.
Канстанцін, у сваю чаргу, адзначыў, што таксама не можа ведаць, што адчувае жанчына, якая атрымлівае непажаданае інтымнае фота:
«Я не ведаю наступстваў гэтага дыкпіка для жанчын. Я не ведаю, як сябе адчувае ў гэты момант дзяўчына. Я не ведаю наступстваў гэтага дзеяння Стрыжака для яе псіхікі, для ўсяго яе далейшага жыцця. Я не ведаю.
Сцвярджаць, што: «Ой, бедная дзяўчынка, божа-божа, ніколі не бачыла. Ай-яй-яй. Вось яшчэ цаца, яна ж ужо паўналетняя», — я не магу так сказаць, таму што я не ведаю, што адчувае ў гэты момант чалавек».
Адначасова вядоўца «Обычного утра» лічыць, што памыліцца можа кожны і адзін учынак не заўсёды павінен прыводзіць да поўнай адмены чалавека.
«Я цудоўна разумею, што кожны здольны на памылку. Трыгерам можа выступаць што заўгодна: алкаголь, наркотыкі, нейкі эмацыйны ўсплёск, усё што хочаш. Ну, закарцела нешта такое. І аўтаматычна адмяняць чалавека за гэта? Мне здаецца, гэта празмерна».
З другога боку, Каверын заўважыў, што адсутнасць своечасовай рэакцыі на пэўныя ўчынкі таксама можа мець наступствы. У якасці прыкладу ён згадаў расійска-грузінскую вайну 2008 года.
«Калі б Пуцін атрымаў па зяпе яшчэ ў 2008 годзе, то, можа быць, усё было б па-іншаму. Ну вось не атрымаў, не адмянілі, і мы бачым наступствы ўсяго гэтага. То-бок калі гэта не спыніць у зародку, то невядома, чым гэта ўсё таксама можа скончыцца».
У выніку сваё стаўленне да гісторыі Стрыжака Каверын сфармуляваў так:
«Шкада мне Стрыжака? Так, шкада. Перайшоў ён мяжу? Справядліва ён атрымаў? Так, справядліва».
Пры гэтым Канстанцін дапусціў, што нават у такой сітуацыі не кожнае асабістае пачуццё варта агучваць публічна.
«Зноў жа, можа быць, нельга казаць, што мне яго шкада. Прытрымай сваё меркаванне пры сабе. Не заўсёды трэба казаць тое, як ты адчуваеш. Талерантнасць у тым і заключаецца, што ты можаш ненавідзець неграў, і яўрэяў, і ЛГБТК+, і гэтак далей. Але ты не можаш пра гэта гаварыць.
Святая прастата талерантнасці ў тым, што ты можаш адчуваць усё што заўгодна, але ты не павінен гэтага агучваць і выказваць».
«Я, напэўна, схлушу, калі скажу, што цудоўна разумею, што такое фемінізм»
Пасля гэтага Наста спытала ў Канстанціна пра яго стаўленне да фемінізму.
«Выдатна, цудоўна. Фемінізм — гэта барацьба за правы жанчын, так? Цудоўна», — адказаў Каверын.
Пры гэтым вядоўца прызнаўся, што яго ўяўленні пра фемінізм і ролю жанчын з цягам часу істотна змяніліся. Паводле Канстанціна, раней ён быў перакананы нават у тым, што жанчыны не здольныя здымаць добрае кіно.
«Я, напэўна, схлушу, калі скажу, што цудоўна разумею, што такое фемінізм. [Раней], яшчэ да Марыны [Ментусавай], я быў перакананы, што, напрыклад, жанчына не здольная зняць добрае кіно. Ну, ёсць там, умоўна кажучы, Кіра Муратава, Агнешка Холанд. Гэта такія выключэнні».
Падобным чынам, паводле Каверына, ён раней тлумачыў і тое, чаму сярод нобелеўскіх лаўрэатаў, вядомых мастакоў, навукоўцаў і пісьменнікаў значна больш мужчын.
«Я быў перакананы, што гэта абумоўлена інтэлектуальнай перавагай мужчыны над жанчынай. Вось гэтыя пячорныя перакананні ўва мне жылі», — заўважыў Каверын.
Канстанцін прызнаў, што ў той час, калі ў яго былі такія погляды, ён нават не задумваўся, ці мелі жанчыны роўныя з мужчынамі магчымасці атрымаць адукацыю, развівацца і рэалізоўваць сябе.
«Я гэтых пытанняў не задаваў. Навошта? Ну вось яны проста горшыя — і ўсё. Гэта было ўва мне».
Падсумоўваючы, Каверын заўважыў:
«Безумоўна, маё меркаванне змянілася. Акрамя таго, у мяне расце дачка, і я хацеў бы, каб яна жыла хутчэй у тым свеце, які ўяўляюць сабе ідэальным феміністкі, чым у тым свеце, які ўяўляе сабе ідэальным [расійскі прадпрымальнік і скандальны прыхільнік абмежавання правоў жанчын] Герман Сцерлігаў».
Шоўмэн Канстанцін Каверын: Прычыны маёй агіды да беларускай мовы — выкладчыкі і кніга па гісторыі Беларусі за пяты клас
аў рэжыму Лукашэнкі»: Каверын расказаў, чаму стаў такім радыкальным
Канстанцін Каверын расказаў, як на радыё яму прыдумалі псеўданім і якое яго сапраўднае прозвішча
«Я туды не вярнуся ніколі»: Каверын пра Беларусь
Цяпер чытаюць
«Беларусь яны бачаць часткай Расіі». Што значыць уздым «Альтэрнатывы для Германіі», наколькі далёка гэта можа зайсці і як сябе пазіцыянаваць беларусам
Каментары
Болтай, болтай Костик...))
здаецца,гэта неяк інакш называецца.. крывадушша і т.п.
дык гэтыя перакананні падзяляе пераважная большасць каментатараў-т.зв. мужчын і такія ж іх актыўна лайкаюць