Афіцыйна стварылі Акадэмію інтэлектуальных тэхналогій. Чаму і як там будуць вучыць?
Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб стварэнні Акадэміі інтэлектуальных тэхналогій. Новая ўстанова пачне рыхтаваць спецыялістаў з 1 верасня 2027 года. Навучанне будзе весціся па кірунках прыродазнаўчых навук, прамысловых і лічбавых тэхналогій, а таксама іншых перспектыўных спецыяльнасцях.

Для паступлення ў акадэмію прадугледжаны асобны парадак адбору ў форме рэспубліканскага конкурсу. Удзельнічаць у ім змогуць выпускнікі школ, навучэнцы каледжаў, студэнты ВНУ, спецыялісты прадпрыемстваў і навукоўцы. Папярэднія этапы конкурсу будуць праходзіць у Мінску, абласных цэнтрах і буйных гарадах.
Кандыдатам трэба будзе прадставіць уласную ідэю, распрацоўку, вынаходніцтва або рацыяналізатарскую прапанову.
Тыя, хто пройдзе папярэдні адбор, змогуць удзельнічаць у фінальным этапе. Ён будзе праходзіць непасрэдна ў акадэміі ў фармаце практычнага інтэнсіву. Удзельнікі будуць выконваць індывідуальныя і групавыя заданні, публічна абараняць свае праекты і праходзіць унутранае ўступнае выпрабаванне.
Да навучання плануюць прыцягнуць вядучых навукоўцаў і выкладчыкаў, а таксама кіраўнікоў і спецыялістаў прадпрыемстваў, якія маюць значныя дасягненні ў навуцы, інавацыях і вытворчасці. Навучальныя праграмы можна будзе змяняць з улікам патрэб канкрэтных галін. Студэнты таксама змогуць самастойна выбіраць спецкурсы, сумежную спецыялізацыю або спецыяльнасць.
Частка навучання будзе праходзіць непасрэдна на прадпрыемствах. Студэнты будуць працаваць над рэальнымі вытворчымі задачамі, займацца праектнай і навукова-даследчай дзейнасцю самастойна або ў групах. Мяркуецца, што вынікам стануць канкрэтныя прадукты і распрацоўкі, якія можна будзе ўкараняць у эканоміцы або камерцыялізаваць.
Паспяхова апрабаваныя ў акадэміі эксперыментальныя адукацыйныя праграмы і сучасныя метады навучання плануюць выкарыстоўваць і ў іншых установах адукацыі.
Пасля заканчэння навучання студэнты павінны будуць здаць дзяржаўны экзамен, а таксама абараніць стартап-праект або прыкладную навукова-даследчую работу.
За дзейнасцю акадэміі будзе сачыць назіральная рада на чале з міністрам адукацыі. У яе таксама ўвойдуць кіраўнікі профільных міністэрстваў і ведамстваў, прадстаўнікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Парка высокіх тэхналогій.
Дэкларуецца, што стварэнне акадэміі павінна сфармаваць міждысцыплінарнае навукова-адукацыйнае асяроддзе, арыентаванае на практычны вынік і цесную сувязь адукацыі з рэальным сектарам эканомікі.
Стала вядома, калі можна будзе паступаць у новую Акадэмію інтэлектуальных тэхналогій
У Беларусі можа з'явіцца Акадэмія інтэлектуальных тэхналогій
У Акадэміі навук вучаць штучны інтэлект кіраваць раскладам гарадскога транспарту
Міністр адукацыі: Рэпетытараў не ўспрымаю ад слова «зусім»
У беларускіх школах змянілі праграму па фізкультуры
Каментары