Міністр унутраных спраў Іван Кубракоў заявіў, што ў выпадку ўвядзення ліцэнзавання дзейнасці па ўстаноўцы і абслугоўванні дамафонаў Дэпартамент аховы МУС зможа ўзяць гэтыя работы на сябе, калі не будзе ліцэнзаванага пастаўшчыка паслуг.

Па словах Кубракова, ідэя ўвесці такое ліцэнзаванне атрымала падтрымку Лукашэнкі. Пастаўлена задача зрабіць гэта аператыўна. Цяпер у Беларусі абслугоўваннем дамафонаў займаюцца 82 юрыдычныя асобы і 14 індывідуальных прадпрымальнікаў.
Міністр патлумачыў неабходнасць зменаў тым, што якасцю паслуг, якія аказваюць камерцыйныя арганізацыі, грамадзяне часта незадаволеныя і са сваімі прэтэнзіямі звяртаюцца не да гэтых кампаній, а да прадстаўнікоў дзяржаўных камунальных службаў.
Паводле яго слоў, з ініцыятывы МУС у законапраект уносяцца нормы, якія прапануюць лічыць дамафонныя сістэмы часткай тэхнічных сістэм аховы. Праца з такімі сістэмамі ў такім выпадку будзе адносіцца да відаў дзейнасці, якія патрабуюць ліцэнзіі. Неабходнасць новаўвядзенняў тлумачыцца тым, што ў дзейным заканадаўстве адпаведнага паняцця пакуль няма, а яго вызначэнне ў дзяржаўных стандартах мае рэкамендацыйны характар.
Кубракоў запэўніў, што калі ліцэнзаванай арганізацыі, здольнай абслугоўваць дамафоны, не знойдзецца, гэтыя паслугі будуць аказваць падраздзяленні Дэпартамента аховы МУС. Паводле міністра, іх магчымасці дазваляюць абслугоўваць увесь жылы фонд краіны.
Акрамя таго, у МУС плануюць стварыць сістэму, якая дазволіць супрацоўнікам экстранных службаў і сілавых структур аператыўна атрымліваць доступ у будынкі. Яна таксама павінна дазваляць апавяшчаць людзей у выпадку небяспекі і дыстанцыйна разблакоўваць замкі дамафонных сістэм.
Пілотны праект такой сістэмы кіравання доступам ужо запусцілі ў Цэнтры маніторынгу Дэпартамента аховы МУС. Да яе падключылі 494 аб’екты.
Каментары