Архіў

Аляксей Дзікавіцкі. Што ні край то абычай

№ 22 (231), 28 траўня 2001 г.


 Аляксей Дзікавіцкі

Што ні край то абычай

 

Дзяржаўныя межы. Магічныя лініі, некалі некім адвольна накрэсьленыя на мапе, абплялі плянэту... Ня ведаю чаму, але ў часе пераезду мяжы я заўсёды адчуваю нейкую ўрачыстасьць. Новыя людзі, новыя звычаі. А што казаць пра адчуваньне, калі самалётам ляціш з Эўропы ў Паўночную Амэрыку, пакідаючы пад сабой дзясяткі дзяржаўных межаў менш чым за дзесяць гадзінаў...

У Злучаных Штатах я працаваў на будоўлі, і аднаго разу мы ўсе сьнедалі традыцыйнымі там, але чужымі для беларускага страўніка гамбургерамі, смажанай бульбай ды колай. Перад абедам Джэйкаб, хлопец з нашай брыгады, растрыбушыў гамбургер, павыбіраў адтуль памідоры ды грэбліва выкінуў пад ногі. Ніхто не зьвярнуў на гэта ўвагі, акрамя нашага дырэктара, сп.Дэйва Стафарда, чалавека ўжо сталага веку.

— Хлопча, — сказаў ён, — як ты можаш выкідаць памідоры? Хіба ж ня ведаеш, што гэта — адна з найсмачнейшых ды найкарысьнейшых рэчаў, што растуць пад сонцам, што гэта...

І ён распавёў пра тузін памідоравых вартасьцяў. Калі таматная ода скончылася, Джэйкаб, дажоўваючы спрошчаны гамбургер, спакойна адказаў: «Dave, it’s a free country!».

(«Дэйв, у нас вольная краіна!»)

Далібог, я не чакаў такога адказу! Якога заўгодна, але не такога. Ну, хоць бы сказаў, што не падабаюцца памідоры, ці што ў «Макдональдзе» яны заўсёды нясмачныя, ці «як хачу, так і ем». А ён: кожны амэрыканец мае права есьці памідоры ці ня есьці іх, бо ён чалавек вольны... Наўрад ці ў суседняй Мэксіце або далёкай Беларусі нехта сказаў бы такое.

..На станцыі аўтасэрвісу ў Вугоршчыне мэханік ніяк ня мог зразумець, што азначаюць літары «ВY» на налепцы. «Булгар? Босніа?» — мармытаў сабе пад нос мадзяр і паціскаў плячыма, дасьледуючы сыстэму запальваньня нашай «Мазды». Потым усё ж спытаўся. Адказаўшы, я ў сваю чаргу на дрэннай нямецкай мове пацікавіўся, дзе можна пакаштаваць знакаміты вугорскі напой Unikum. Мэханік гэтак зьдзівіўся, што нехта можа ня ведаць смаку Unikum-у, што адразу кінуў свае справы і пацягнуў мяне ў бліжэйшую кавярню, дзе ўголас аб’явіў прысутным, што ён прывёў чалавека, які ніколі ў жыцьці не каштаваў Unikum-у. Я апынуўся ў цэнтры ўвагі, бармэн наліў з круглай чорнай пляшкі зь вялікім чырвоным крыжом кілішак цёмнага напою з пахам, які нагадаў мне дзіцячы «Пэртусін».

— Калі ласка, гэта коштам кавярні!..

Дзясяткі вачэй сачылі за маёй фізіяноміяй.

— Вельмі смачны ваш напой, дзякуй!

Unikum сапраўды аказаўся смачны, хоць і мацнюткі — больш за 40 градусаў.

Я адразу стаў для заўсёднікаў кавяранькі сваім. Яны з гонарам распавядалі, як рэцэпт Unikum-у перабыў гады савецкай акупацыі на эміграцыі разам з тысячамі выгнаньнікаў і толькі на пачатку 90-х вярнуўся на радзіму, прапанавалі пакаштаваць розныя вугорскія прысмакі...

А я раптам успомніў пра свой Пінск, у якім няма ніводнага месца, дзе б паспытаць сапраўдных беларускіх дранікаў ці заціркі. Замежнікі пасьля мясцовых рэстарацыяў часта думаюць, што нашыя нацыянальны стравы — гэта ўчорашняя бульба з курыным кумпячком і беляшы зь лівэрам.

...Аднаго разу ў часе камандзіроўкі ў Нямеччыну знаёмы бізнэсовец запрасіў нас з калегам да сябе ў госьці. Ён прывёз нас з гатэлю да сваёй хаты, потым паставіў машыну ў гараж ды сказаў: «Назад ехаць возьмеце таксоўку, бо сёньня, калі вы ня супраць, мы будзем піць гарэлку». Гарэлку дык гарэлку. Стомленыя ад доўгай дарогі ды напружанай працы мы з задавальненьнем згадзіліся.

На стале стаялі шматлікія стравы, сярод якіх знакамітыя «кілбаскі па-турынгску», піва й мінэралка. Гаспадыня прапанавала суп, салаты, потым кілбаскі, тады яшчэ нешта. Абяцанай гарэлкі не было. Прыкладна за дзьве гадзіны, калі ад шматлікіх пачастункаў мне ўжо стала цяжкавата рухацца, са стала ўсё прыбралі і тады толькі гаспадар выцягнуў з шафы пляшку нямецкай паляўнічай «Егераўкі» ды маленечкія кілішкі: «Ну, цяпер вып’ем!».

Немцы пасьля такой колькасьці ежы п’юць, каб, як кажуць у нас на Палесьсі, «прамкнула», каб хутчэй ператравілася ежа. Мы далікатна перакінулі дзьве трыццаціграмовыя порцыі, падзякавалі гаспадарам ды накіраваліся да выхаду. «Спадарства, яшчэ аглаблёвую, — не адпускаў нас прыхмялелы гаспадар, — ня бойцеся, калі й перабярэце: муніцыпалітэт пастанавіў, што сьпяваць на вуліцы песьні ў гэты час не забараняецца».

Эсэ было напісанае для праграмы «Дазвол на выезд» Беларускае службы «Радыё Свабода»


Каментары

Цяпер чытаюць

Калеснікава: Я не разумею, чаму Еўропа не пачала перамовы з Лукашэнкам раней за ЗША17

Калеснікава: Я не разумею, чаму Еўропа не пачала перамовы з Лукашэнкам раней за ЗША

Усе навіны →
Усе навіны

Вытворцы пачалі гонку за стварэнне новага рэактыўнага рухавіка для самалёта — з адкрытым вентылятарам2

У Смалявічах дзяўчынка ўпала ў адкрыты люк. Сяброўка кінулася на дапамогу — і ўпала ў іншы1

Рэдкі амерыканскі аўтамабіль спрабуюць прадаць з аўкцыёну ў Гомелі. Ім валодае дзяржаўная арганізацыя1

У Мінску актыўна абжываюцца бабры. Чаго ад іх больш — карысці ці шкоды?5

У Мінску пабудуюць цэнтры для экстраннай медыцынскай дапамогі

Калядная крама, якую закрылі па даносе прапагандыстаў, адкрылася зноў. Але шары ў ёй ужо іншыя21

Беларускі брамнік выйшаў гуляць у матчы НХЛ і прапусціў тры шайбы пасля трох кідкоў1

Заснежаныя вёскі, песні, народная набожнасць. Ксёндз з Дзятлава ходзіць у сваёй парафіі «па Калядзе»2

У Іране афіцыйна прызналі, што падчас задушэння пратэстаў загінулі тысячы людзей8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Калеснікава: Я не разумею, чаму Еўропа не пачала перамовы з Лукашэнкам раней за ЗША17

Калеснікава: Я не разумею, чаму Еўропа не пачала перамовы з Лукашэнкам раней за ЗША

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць