Спачатку іх падзяліў нямецка-савецкі фронт, пасьля — «жалезная заслона». Паміж бацькам і сынам, Аўгенамі Калубовічамі. На працягу дзесяцігодзьдзяў яны жылі на розных кантынэнтах і нічога ня ведалі адзін пра аднаго.
Увосень 1990 г. настаўнік Аўген Калубовіч гартаў перад урокам гісторыі часопіс «Спадчына». Нечакана яму на вочы патрапіў тэкст Кастуся Тарасава пра беларускага эмігранта Аўгена Калубовіча, з інфармацыяй пра тое, што ён памёр у ЗША ў 1987 г. Урок настаўнік правёў моўчкі, ходзячы між партамі, а ўжо ідучы дамоў, не стрымаў сьлёзаў…
«Лёс Беларусі — гэта і лёс Аўгена Калубовіча», — пісаў у 1992 г. у газэце «Культура» пра бацьку сын. Ён ужо ведаў, што давялося перажыць Калубовічу-старэйшаму — «нацдэму», вязьню ГУЛАГу, прэм’ер-міністру Беларускай Народнай Рэспублікі.
Аўген Калубовіч нарадзіўся ў мястэчку Ціхінічы на Рагачоўшчыне ў 1912 г. Скончыў пэдтэхнікум і трапіў… у турму. Яго арыштавалі за прыналежнасьць да нелегальнай арганізацыі «альтруістаў». Тры гады ён правёў у савецкіх канцлягерах. Пасьля вызваленьня вярнуўся ў Беларусь, жыў у Менску, скончыў пэдінстытут, стварыў сям’ю. Калі пачалася вайна, Калубовічы выехалі на ўсход: Аўгена мабілізавалі ў Чырвоную Армію, а цяжарная жонка Ніна засталася на Тамбоўшчыне, дзе ў сакавіку 1942-га нарадзіла сына Аўгена. Бацьку не судзілася яго ўбачыць.
Патрапіўшы ў акружэньне пад Масквой, Аўген Калубовіч дабраўся да Беларусі, дзе неўзабаве ўключыўся ў нацыянальны рух.
Легальна працуючы ў калябарацыянісцкіх структурах, А.Калубовіч адначасова быў зьвязаны з нацыянальнай падпольнай арганізацыяй, на чале якой стаялі Янка Станкевіч і Вацлаў Іваноўскі. З 1944 г. выехаў на эміграцыю.
На эміграцыі Калубовіч жыў пад прозьвішчам Каханоўскі, спачатку ў Нямеччыне, з 1950 г. — у ЗША. Выкладаў у беларускай гімназіі імя Янкі Купалы, узначальваў Беларускую нацыянал-дэмакратычную партыю. Нейкі час ачольваў Урад БНР, якраз тады, калі сярод эмігрантаў жыла надзея на хуткае вяртаньне на Бацькаўшчыну. Пражыўшы ў ЗША 37 гадоў, ён так і не прыняў грамадзянства гэтай краіны. Адышоўшы ад актыўнай палітычнай дзейнасьці, Калубовіч шмат пісаў: успаміны, больш за 100 дасьледаваньняў гісторыі і культуры Беларусі. Невялікая частка ягоных працаў была перавыдадзена на Бацькаўшчыне ў пачатку 1990-х.
Вяртаньне да бацькі
Эвалюцыя сьвядомасьці Аўгена Калубовіча-малодшага была пакручастай. Ён рос сіратом. У 1945 г. ён разам з маці з Тамбова прыехаў у Менск. Кватэра была разбурана, і яго адправілі да бабулі пад Бабруйск. Уся вёска сабралася паслухаць, як дзіця гаворыць на чыстай расейскай мове. Вучыўся ў Менску ў расейскай школе… Маці ж гаварыла па-расейску. «Я быў звычайны савецкі чалавек, — успамінае ён. — Але ў мяне заўсёды было нейкае ўнутранае суперажываньне, што гіне беларуская мова (хоць сам я ёй тады не валодаў, размаўляў па-расейску). Сьвядомасьць, напэўна, была ў мяне ў генах. Я заўсёды адчуваў, што я беларус».
Калубовіч шкадуе, што яму не давялося ў савецкія часы пазнаёміцца са сьвядомай інтэлігенцыяй. Толькі ў 80-я паступова далучаўся да нацыянальнага руху, сьвяткаваньня беларускіх сьвятаў. Таксама паступова вывучаў мову. Спачатку з слоўнікамі ўважліва перачытваў газэту «Звязда», пасьля загаварыў на «трасянцы», якую хутка пераадолеў. Разам з сынам Зьмітром наведваў курсы беларускай мовы пры ТБМ, выдатна здаў экзамэны і атрымаў дыплём №1, падпісаны Нілам Гілевічам.
Жыцьцё пад кантролем
Увесь час жыцьцё Калубовіча-малодшага адсочвалі савецкія спэцслужбы. У 16 гадоў у міліцыі ў яго зьнялі адбіткі пальцаў, пазьней за ім прыглядалі агенты КДБ. Ён ужо ведаў, што прычынай гэтаму быў бацька.
«Пра бацьку я ведаў увесь час, — кажа А.Калубовіч. — Дзед, бабуля ці маці іншы раз казалі: «У цябе бацька такі разумны быў!» Час ад часу пра яго нейкая гаворка заходзіла. Потым прасьлізнула інфармацыя, што бацька быў рэпрэсаваны. Пасьля — што быў «нацдэмам». А ў клясе шостай ці сёмай я ўжо даведаўся пра ягоную дзейнасьць у час вайны. Ня ведаў толькі, жывы ён ці не. Спадзяваньняў, што ён жывы, не было. Пяць ягоных лістоў з войска дзед параіў спаліць: маці ўвесь час была пад наглядам КДБ».
Да яе прыходзілі на працу, пыталіся, ці чула яна што пра мужа. Аднойчы дапытваў сумнавядомы Ваўпшасаў. Ён запомніўся шэрым тварам, на якім не было аніякіх эмоцый. Такімі ж шэрымі, сталёвага колеру вачыма, якія, як падавалася, глядзелі скрозь чалавека... Дзесьці ў 1948 г. чэкісты прымушалі пісаць пад дыктоўку ліст да Аўгена. У МДБ прывозілі і сына, фатаграфавалі. Разьлічвалі, што, калі адшукаюць на Захадзе Калубовіча, ім удасца схіліць яго да вяртаньня ў Беларусь. Ужо праз гады стала вядома, што Аўген Калубовіч у ЗША так і не атрымаў ні лістоў, ні фатаздымкаў…
Аўген жа з маці былі ўпэўненыя, што бацьку забілі. Ведалі пра магчымасьці савецкіх спэцслужбаў, агентаў якіх хапала і ў Заходняй Нямеччыне. Вестка пра тое, што ён застаўся жывы, прыйшла да іх разам зь весткай, што Аўген Калубовіч-старэйшы ўжо памёр…
Умяшаўся Замяталін
Як і Калубовіч-старэйшы, Калубовіч-малодшы стаў настаўнікам. Яго цягнула да каранёў, да мінуўшчыны Беларусі. Працаваў у Менску настаўнікам гісторыі, намесьнікам дырэктара па выхаваўчай працы ў 110-й школе, дырэктарам 62-й школы, пасьля зноў настаўнікам. Уладзімер Колас прапанаваў яму працу намесьніка дырэктара Беларускага ліцэю. Умяшаўся Замяталін, тады ўсёмагутны кіраўнік ідэалягічнае вэртыкалі, сказаў, што, калі да Баршчэўскага, Коласа і Вячоркі дадаць яшчэ і Калубовіча, «у ліцэі можна будзе праводзіць соймы БНФ». І сапраўды, Аўген Калубовіч пайшоў па шляху бацькі — у палітыку. Доўгі час быў сябрам Сойму БНФ, узначальваў Койданаўскую Раду Фронту. Сёлета балятаваўся ў дэпутаты Менскага гарсавету. Кажа, што меў добрыя шанцы, бо абышоў тысячы кватэр і шмат дзе сустракаў сваіх былых вучняў. Яму, настаўніку ліцэю №1, неаднаразова прапаноўвалі зьняць сваю кандыдатуру. Урэшце, за дзень да выбараў, зьнялі з дыстанцыі.
Сяргей Ёрш
Каментары