Архіў

Што чытае Гішпанія

У Гішпаніі — вялікі юбілей. Сёлета спаўняецца роўна 400 год з часу выданьня першай часткі «Дон Кіхота» — кнігі фундамэнтальнай для гішпанскай літаратуры і гішпанскасьці ўвогуле. Як выглядае літаратурная панарама Сэрвантэсавай айчыны празь некалькі стагодзьдзяў? Што пішуць Сэрвантэсавы наступнікі?

Яшчэ некалькі год таму ў кнігарнях цэнтральнаэўрапейскіх краінаў марна было шукаць навін з-за Пірэнэяў — апроч клясыкаў лацінаамэрыканскага буму цікаўны чытач не знайшоў бы практычна нічога. Раптам зь нябыту выплыў Артура Пэрэз-Рэвэртэ і пераканаў выдаўцоў у тым, што гішпанскія аўтары могуць прадавацца. Потым зьявіўся Мануэль Васкес Мантальбан, а за ім — Эдуарда Мэндоза, Джозэ Карляс Самоза, Кука Канальс і яшчэ шэраг іншых.

Адно што наша знаёмства з гішпанскай літаратурай застаецца досыць аднамерным. Усё гэта бэст- ці, прынамсі, гудсэлеры, на добрым літаратурным узроўні, часам нават «канвэерныя шэдэўры», але заўсёды лёгкія, займальныя і прыемныя. А што зь літаратурай больш амбітнай? Ці трапляюцца пасярод гэтага багацьця сапраўды выдатныя творы — як некалі «Дон Кіхот» сярод папулярных рамансаў пра бледных рыцараў?

Апошняе дзесяцігодзьдзе мінулага стагодзьдзя ў Гішпаніі — пэрыяд браджэньня па нецікавых 1980-х, калі літаратура ачухвалася пасьля падзеньня рэжыму Франка і па-ранейшаму адчувала лацінаамэрыканскае дамінаваньне.

— Ёсьць мноства новых прозьвішчаў, — гаворыць Фэрнанда Вальс Гузман, вядомы гішпанскі крытык. — А таксама два пісьменьнікі, якія апошнімі сваімі кнігамі прылічылі сябе да канону, — Хаўер Марыяс і Энрыка Віля-Матас.

Жыцьцё — фікцыя, фікцыя — жыцьцё

Непрыхільнікі сьцьвярджаюць, што Марыяс — нахабнік, у якога ня ўсе клёпкі ў парадку і які лічыць сябе найлепшым гішпанскім пісьменьнікам. Але справа ў тым, што, відаць, ён і ёсьць найлепшы. На польскай мове выдадзены чатыры яго кнігі — «Сэрца такое белае», «Заўтра, у час бітвы, думай пра мяне», «Усе душы» і «Сэнтымэнтальны мужчына», — і, нягледзячы на гэта, пісьменьнік застаецца ў нас малавядомы.

Сюжэты Марыяса маюць сэнсацыйны характар і моцны пачатак. «Сэрца такое белае» пачынаецца сцэнай самазабойства маладой дзяўчыны, а апошнія старонкі трымаюць у напружаньні, нібы найлепшы дэтэктыў. Адно што Марыяс снуе свае раманы нязвыклым спосабам, і ня меншае значэньне за сюжэт мае тое, як ён апавядаецца.

Апошні на цяперашні момант раман Марыяса — гэта «Твой твар заўтра», які мае выйсьці ў двух тамах. Яго галоўнага героя, ад імя якога вядзецца аповед, наймаюць брытанскія спэцслужбы, якія даручаюць яму назіраньне за пэўнымі асобамі. На аповед «у цяперашнім часе» накладаецца другі плян — лёс бацькі галоўнага героя падчас гішпанскай грамадзянскай вайны. Марыяс зьвяртаецца да сваіх улюбёных тэм — цяжару мінулага, здрады і цёмных закуткаў душы.

Адзін з крытыкаў сказаў, што Марыясаў апавядальнік ня толькі ведае пра ўсё, але і ведае пра ўсё ўсімі магчымымі спосабамі. Несамавітае нагрувашчваньне дэталяў і сутыкненьне процілеглых варыянтаў разьвіцьця падзей надаюць гэтай прозе спэцыфічны рытм. Гэта кнігі, што тонуць у залеве слоў, якія, аднак, бяруць у палон сваёй прыгажосьцю. Марыяс сьцьвярджае, што ніколі ня правіць аднойчы напісанага тэксту. Калі выявіцца, што ён сам сабе ў нечым пярэчыць, то пад канец раману піша нешта іншае, чым у пачатку, — што зробіш, у жыцьці таксама нельга выправіць падзей, якія здарыліся.

У аснове сваёй падобная, але на практыцы зусім іншая проза Энрыка Віля-Матаса. Барсэлёнец (нар. 1948) таксама ня супраць пагуляцца з умоўнасьцямі. Пра сябе любіць апавядаць анэкдоты, якія жыва нагадваюць фрагмэнты ягоных кніг. Праца пісьменьніка зацікавіла яго, калі ён глядзеў фільм з удзелам Марчэла Мастраяні. «Я хацеў быць вольны і не хадзіць штораніцы ў кантору. Апроч таго, мне спадабалася кіношная жонка Мастраяні, Жанна Маро», — тлумачыць ён. Кар’еру сваю Віля-Матас распачаў гучным раманам «Асьвечаны забойца», які нарадзіўся з праблемы, абмяркоўванай раней Мігелем дэ Унамуна: як напісаць кнігу, чытаньне якой прыводзіла б да сьмерці. Потым зьявілася «Кароткая гісторыя пераноснай літаратуры». Гэты раман пераканаў крытыкаў у выключным таленце аўтара.

З часу свайго дэбюту ў 1977 г. Віля-Матас публікуецца рэгулярна — апошнімі былі рэчы «Парыж ніколі не канчаецца» (2003) ды «Бартлбі і кампанія», які закранае справу нечаканых зьнікненьняў вядомых пісьменьнікаў, — і нітрохі ня траціць тэмпу. Радрыга Фрэсан, пісьменьнік з Буэнас-Айрэсу, называе яго «самым аргентынскім з гішпанцаў», параўноўваючы яго творы з халоднымі мэтафызычнымі забаўкамі Борхеса.

Прасьцей, карацей і своечасовей

А маладыя галасы? Ды хоць бы Бэлен Гопэгуі. Яе дэбютная кніжка — «Маштаб мапаў» (1993). Найноўшыя — «Рэчаіснасьць» і «Заваёва паветра». Гопэгуі вяртаецца да прастаты ў аповедзе, адмаўляецца ад фармалістычнай экстравагантнасьці на карысьць прадуманай, але немудрагелістай канструкцыі. У яе інтымнай прозе відаць неахвота да вялікіх слоў, літаратарскіх плётак і беспадстаўнай віртуознасьці стылю.

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

СП; паводле gazeta.pl

Каментары

Цяпер чытаюць

Вячорка: Сустрэча Сікорскага з Рыжанковым можа ўдарыць па стаўленні да беларусаў у Еўропе23

Вячорка: Сустрэча Сікорскага з Рыжанковым можа ўдарыць па стаўленні да беларусаў у Еўропе

Усе навіны →
Усе навіны

На выхадных у Беларусь прыйдзе халоднае паветра з Балтыйскага мора4

У Польшчы можа з'явіцца пастаянная амерыканская вайсковая база на 10 тысяч вайскоўцаў7

Футбольная зорка Раберта Карлас страціў амаль усё, што зарабіў за кар'еру6

Фільм беларуса Яўгена Лыткіна здабыў Спецыяльны прыз журы на кінафестывалі ў Іарданіі1

Беларусы Бельгіі прыйшлі з БЧБ на футбольны матч беларускай зборнай ФОТАФАКТ5

Спіс найлепшых серыялаў па версіі The New York Times22

Развіваць трамвайны рух у Мінску не плануюць13

«Пралесак не бачу». Былы часовы павераны ў справах Польшчы ў Беларусі выказаўся пра перамовы з Мінскам1

Сеул пасварыўся з Кіевам праз паўночнакарэйскіх ваеннапалонных12

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Вячорка: Сустрэча Сікорскага з Рыжанковым можа ўдарыць па стаўленні да беларусаў у Еўропе23

Вячорка: Сустрэча Сікорскага з Рыжанковым можа ўдарыць па стаўленні да беларусаў у Еўропе

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць