19 верасня 1991 года ў гісторыі нашай краіны, і чаму Мінск так і не стаў Менскам
Піша Алякандр Кур’яновіч.
17 верасня 1991 г. пачала сваю працу нечарговая шостая сесія Вярхоўнага Савета Беларускай ССР XII склікання. Сярод шматлікіх важных пытанняў, якія трэба было ўключыць ў парадак дня, былі і тыя, якія літаральна некалькі месяцаў таму здаваліся немагчымымі: аб назве Беларускай ССР, а таксама аб Дзяржаўным сцягу і Дзяржаўным гербе рэспублікі. Дакладчык па павестцы дня, намеснік Старшыні Вярхоўнага Савета Васіль Шаладонаў заклікаў калег, нарэшце, вызначыцца, «под какой символикой будет жить наша республика».
Шэраг дэпутатаў, у тым ліку і апазіцыя БНФ прапанавалі ўключыць у павестку дня сесіі пытанне аб вяртанні сталіцы рэспублікі назвы «Менск». Як вядома, такая назва была зацверджана ў Канстытуцыі БССР 1937 г. Але 29 ліпеня 1939 г. сесія Вярхоўнага Савета першага склікання змяніла назву сталічнага горада рэспублікі: «Менск» афіцыйна стаў «Мінскам».
5 верасня 1991 г. было прынята рашэнне Мінскага гарадскога Савета народных дэпутатаў № 167, паводле якога Вярхоўнаму Савету БССР прапаноўвалася разгледзець пытанне аб вяртанні Мінску гістарычнай назвы.
За ўключэнне пытанняў аб назве краіны, яе гербе і сцягу ў парадак дня сесіі аддалі свае галасы 180 дэпутатаў пры кворуме 174 чалавекі. «Супраць» выказаліся 20 парламентарыяў, у тым ліку і будучы беларускі кіраўнік Аляксандр Лукашэнка.
Наконт назвы сталіцы мелі месца вострыя дыскусіі. Вось што казаў Зянон Пазьняк: «Шаноўныя дэпутаты, я прашу супакоіцца і прашу ўвагі. Мы незалежная дзяржава, мы павінны ўстанавіць свой гонар і свой прэстыж. У 1939 годзе рашэнне Прэзідыума было пастаўлена на сесію Вярхоўнага Савета без ніякай аргументацыі. Было сказана: «Прапаноўваецца перайменаваць горад Менск у горад Мінск. Хто «за»? У поўным маўчанні ўсе паднялі рукі і перайменавалі горад. На той жа сесіі быў зацверджаны Цанава [народны камісар унутраных спраў БССР з 1938 г., у наступныя гады — міністр дзяржаўнай бяспекі Беларускай ССР. Спрычыніўся да забойства ў Мінску вядомага тэатральнага і грамадскага дзеяча Саламона Міхоэлса, да пераследу міністра асветы БССР Платона Саевіча, які адмовіўся рэдагаваць кнігу міністра аб партызанскім руху на Беларусі. Быў арыштаваны ў 1953 г., памёр у турме – Аўт.]. Зараз мы не можам быць незалежнай дзяржавай і не аднавіць свой гонар нацыянальны, які кінулі пад ногі і растапталі тады, калі расстрэльвалі. Вы ведаеце, хто і чаму гэта рабіў. I апошняе. Перад гэтым паявілася ў бульварным друку шмат меркаванняў, што гэта будзе каштаваць мільёны. Шаноўныя дэпутаты! Гэта нічога не будзе каштаваць, як не каштавала тады, у трыццаць дзявятым годзе, як не каштавала, калі пераймяноўвалі гарады ў Брэжнеў [Набярэжныя Чалны – Аўт.], Андропаў [Рыбінск – Аўт.] і гэтак далей. Не абавязкова адразу пераймяноўваць, перарабляць пячаткі, шыльды. і гэтак далей. 3 цягам амартызацыі мяняюцца шыльды і паступова мяняецца назва, гэта ў часе расцягнута, так заўсёды робіцца. У нас былі перайменаваны дзясяткі, нават сотні гарадоў, і што — мы мільёны трацілі на гэта? Гэта ж абсурд, гэта ж прапаганда тых людзей, якія вінаваты ў тым, што гэта рабілі. I гэта элементарна, калі мы становімся на ногі і калі гаворым, што наш Менск 900 гадоў назад пачаў вось тут, каля Свіслачы ва ўпадзенні рэчкі Няміга, сваё жыццё. I зараз, калі мы знаем гісторыю — як з намі паступалі тады, калі нас ніхто не пытаў ні аб чым — і калі мы зараз адраджаемся вось з гэтага попелу, мы пра нешта гаворым. Які можа быць рэферэндум, пра што? Няўжо мы будзем на рэферэндуме гаварыць, што сонца ўзыходзіць з усходу на захад? Гэта ж відавочныя рэчы».
Палымяная прамова лідара БНФ не дапамагла. За ўнясенне ў парадак дня пытання аб новай назве сталіцы (адмены пастановы сесіі ад 29 ліпеня 1939 г.) не хапіла кворуму, хаця колькасць дэпутатаў — 129 — якія падтрымалі такую ініцыятыву, была даволі вялікая.
Па пытанні аб новай — Рэспубліка Беларусь — назве краіны цяжкасцяў не ўзнікла. Гэтую назву падтрымалі 233 парламентарыі з тых 244, што галасавалі. Ні адзін парламентарый не прагаласаваў «супраць». Дэпутат Аляксандр Лукашэнка ўстрымаўся.
Трэба было вырашыць пытанне з сімволікай. Галоўнымі лабістамі новай сімволікі выступілі парламенцкая апазіцыя БНФ, а таксама пастаянная камісія па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны на чале з паэтам Нілам Гілевічам. Прыхільнікам новай сімволікі ўдалося заручыцца падтрымкай былога Старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР XI склікання, народнага дэпутата СССР Георгія Таразевіча, які ў сваёй прамове выказаўся за новую сімволіку.
Аб безумоўным аўтарытэце Таразевіча ў Вярхоўным Савеце XII склікання сведчыць тое, што 18 верасня 1991 г. 228 парламентарыяў падтрымалі ягоную кандыдатуру ў Савет Рэспублік Вярхоўнага Савета СССР.
Шанцы на зацвярджэнне новай сімволікі яшчэ больш ўзраслі, калі 18 верасня 1991 г. Старшынёй Вярхоўнага Савета быў абраны Станіслаў Шушкевіч. Новы кіраўнік парламента яшчэ раней адкрыта заяўляў, што на «90%» прыняў праграму БНФ.
Прыхільнікі новай сімволікі прыклалі беспрэцэдэнтныя намаганні дзеля яе зацвярджэння парламентам. У фае была арганізавана спецыяльная выстава, прысвечаная «Пагоні» і бел-чырвона-беламу сцягу. Практычна кожны дэпутат атрымаў растыражаваныя копіі артыкулаў Вінцука Вячоркі («…Пакрый сабой народны рух!». Да гісторыі беларускага нацыянальнага сцяга // Звязда. — 1991. — 11 верасня) і Уладзіміра Кошалева (Які знак твой? / В. Кошалеў // Народная газета. – 1991. – 18 верасня) ў падтрымку новай сімволікі.
Вялікую ролю адыграла Аддзяленне грамадскіх навук і Інстытут гісторыі Акадэміі Навук БССР. Так, бюро Аддзялення зацвердзіла вынікі пасяджэння Навуковай рады Інстытута гісторыі ад 12 верасня 1991 г., на якім большасць яго членаў сказала «так» новай сімволіцы.
Шмат што залежала ад таго, як выступяць перад дэпутатамі прыхільнікі «Пагоні» і бел-чырвона-белага сцяга. А яны падрыхтавалі свае выступы даволі грунтоўна.
Вельмі ўражвала прамова Ніла Гілевіча. Паэт адзначыў, што да гістарычных сімвалаў за гады савецкай улады заўсёды меў месца «вульгарны падыход». Сімволіка БССР, сцвярджаў Ніл Гілевіч, не адпавядае нацыянальным асаблівасцям рэспублікі, яна зроблена па адным стандарце, як сімволіка іншых саюзных рэспублік.
Ніл Гілевіч заклікаў не пужацца выявы меча на гербе: бо на гербе многіх дзяржаў намалявана зброя, дзікія звяры і птушкі (леў, арол), а не абавязкова «авечка і голуб».
Парыраваў Ніл Гілевіч аргументы праціўнікаў аб вялікіх выдатках ў выпадку зацвярджэння новай сімволікі. Дакладчык справядліва заявіў аб тым, што практычна нікога не хвалююць факты безгаспадарчасці, бяздумнай траты грашовых і матэрыяльных сродкаў.
Прыхільнікі новай сімволікі імкнуліся сыграць на чалавечых пачуццях дэпутатаў, абудзіць у іх гонар, патрыятызму, выкарыстоўваючы міжнародны аспект.
Так, дэпутат ад апазіцыі Віталь Малашка казаў пра тое, што ў замежнай прэсе Беларусь характарызуецца як выключна штучная бальшавіцкая з’ява, «тварэнне Леніна». І калі, лічыў Віталь Малашка, пакінуць старую сімволіку, значыць, пацвердзіць штучны характар нацыянальна-дзяржаўнага фармавання Беларусі.
Дэпутат Анатоль Лябедзька прызнаўся, што не асудзіць тых ветэранаў, якія прагаласуюць супраць новай сімволікі, бо «ўсё жыццё іх прайшла пад гэтымі знакамі». Аднак, даказваў Анатоль Лябедзька, нашмат важней міжнародныя інтарэсы рэспублікі, якая «не павінна заставацца запаведнікам».
Дэпутат, лётчык-касманаўт СССР Уладзімір Кавалёнак зачытаў парламентарыям тэлеграму ад сям’і Якуба Коласа. Сваякі народнага паэта адназначна выказаліся за зацвярджэнне «Пагоні» і бел-чырвона-белага сцяга.
Праціўнікаў новай сімволікі ўмоўна можна падзяліць на тры групоўкі. Першая, «радыкальная» групоўка настойвала на катэгарычнай адмове ад «Пагоні» і бел-чырвона-белага сцяга. «Генеральную лінію» абвясціў дэпутат-ветэран Валянцін Сарокін, які даказваў, што на гэтых сімвалах, якія выкарыстоўвалі нямецка-фашысцкія захопнікі, «кровь сотен тысяч людей», таму іх прыняцце будзе «подлостью и мерзостью».
Валянцін Сарокін выступаў за зменены герб БССР з выявай зубра альбо бусла.
Другая групоўка лічыла, што пытанне аб замене сімволікі трэба вырашаць толькі з дапамогай рэферэндуму. Дэпутат Пятро Пракаповіч прапаноўваў вынесці сімволіку на ўсенароднае галасаванне, папярэдне даручыўшы вывучыць гэтую праблему навукоўцам. Прыхільнікі такого падыходу разлічвалі на тое, што на рэферэндуме народ скажа рашучае «не» «буржуазнай» сімволіцы.
Нарэшце, прадстаўнікі трэцяй групоўкі лічылі, што не трэба ніякіх рэферэндумаў, а канчатковую кропку ў спрэчцы аб сімволіцы павінна паставіць новая Канстытуцыя, г.зн. пытанне аб «Пагоні» і бел-чырвона-белым сцягам адсоўвалася на год-два. Агульнае крэда прыхільнікаў такога падыходу выказаў Аляксандр Лукашэнка. Дэпутат заклікаў не вырашаць гэтае пытанне «наскоком», бо «еще есть время».
Узоры сімвалаў, прапанаваных грамадзянамі і дасланых у Вярхоўны Савет.
Пры наяўнасці такой колькасці меркаванняў узніклі праблемы пры галасаванні. Так, законапраект аб Дзяржаўным сцягу і ўнясенні адпаведных змяненняў і дапаўненняў у Дэкларацыю і Канстытуцыю падтрымаў 201 парламентарый пры неабходным кворуме ў 231 чалавек. Акрамя таго, з 231 дэпутата 28 устрымаліся (у тым ліку і Аляксандр Лукашэнка), а двое — Мікалай Сасноўскі і Валянцін Сарокін — прагаласавалі «супраць».
Трохі лепшай аказалася сітуацыя па гербе. З 229 галасаваўшых дэпутатаў за «Пагоню» выказаліся 204 народныя выбраннікі. Супраць не было нікога, устрымаліся 25 чалавек.
У паплечнікаў «Пагоні» і бел-чырвона-белага сцяга быў адзін бясспрэчны козыр. Справа ў тым, што напярэдадні галасавання па сімволіцы дэпутаты практычна аднагалосна прагаласавалі за перайменаванне БССР у Рэспубліку Беларусь. Узнік юрыдычны казус, які ў алегарычнай форме выказаў старшыня пастаяннай камісіі па заканадаўстве Дзмітрый Булахаў: «Мы родили ребенка и назвали его Республика Беларусь. Мы сказали «а» и не можем не сказать «б». Герб в данной ситуации противоречит тому, что мы приняли».
Булахаў шчыра прызнаўся, что яму «стыдно за свое знание истории». Ён прызнаў, што ў апошнія паўгода зразумеў: «Белоруссия начиналась не с 17-го года», «а значительно раньше, и начиналась именно с этих символов».
Так што ў абаронцаў «Пагоні» і бел-чырвона-белага сцяга былі яшчэ шанцы пераламаць сітуацыю.
Праўда, зацвярджэнне новай сімволікі шло ўжо іншым спосабам, які прапанавала намеснік міністра юстыцыі Валянціна Падгруша. Яна, дарэчы, атрымала за гэта падзяку ад Станіслава Шушкевіча. Сэнс гэтай камбінацыі складаўся ў тым, каб прымаць «Пагоню» і бел-чырвона-белы сцяг не ў форме асобных законаў з апісаннямі, а ў выглядзе ўнясення змяненняў і дапаўненняў у адпаведныя артыкулы Канстытуцыі БССР 1978 г. без апісанняў новых герба і сцяга. А ўжо пасля зацвярджэння такіх змяненняў і дапаўненняў прымаць адпаведныя асобныя законы і па гербе, і па сцягу.
Меркавалася, у прыватнасці, што артыкул 167, у якім ішло апісанне беларускага савецкага герба, будзе гучаць такім чынам: «Сімваламі Рэспублікі Беларусь як суверэннай дзяржавы з’яўляецца яе Дзяржаўны сцяг, Дзяржаўны герб і Дзяржаўны гімн, якія ўстанаўліваюцца законам». У такім выпадку артыкул 168 (сцяг) і артыкул 169 (гімн) выключаліся.
Станіслаў Шушкевіч паставіў на галасаванне новы законапраект: унесці змены ў артыкул 167 Канстытуцыі БССР 1978 г., выключыць артыкулы 168 і 169. Для неабходнага кворуму не хапіла толькі дзесяці галасоў: за гэты законапраект прагаласаваў 221 дэпутат.
Пасля вынікаў гэтага галасавання сітуацыя ў Авальнай зале стала яшчэ больш напружанай. Адны дэпутаты прапаноўвалі адкласці галасаванне, перанесці яго на больш позні тэрмін, іншыя настойвалі на пайменным галасаванні. Актыўны дзеяч парламенцкай апазіцыі БНФ, фактычна правая рука Зянона Пазьняка Сяргей Навумчык успамінае драматызм сітуацыі, калі члены апазіцыі БНФ літаральна прасілі дэпутатаў падтрымаць новую сімволіку.
У сітуацыі блытаніны і хаосу Станіславу Шушкевічу ўдалося, здавалася, немагчымае: дамагчыся ў парламентарыяў дазволу паўторна вынесці законапраект на галасаванне. Кіраўнік парламента матываваў гэта наступным чынам: «Я прашу прабачэння, я па адукацыі фізік, трэба некалькі ітэрацый, некалькі збліжэнняў, каб знайсці згоду». Вынікі галасавання былі такія: з 263 зарэгістраваных дэпутатаў 231 дэпутат выказаўся «за», 1 – «супраць», устрымаліся 4 парламентарыі, 27 чалавек не галасавалі наогул.
У той жа дзень — 19 верасня 1991 г. — парламент зацвердзіў законы аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю, аб гербе «Пагоня» і аб бел-чырвона-белым сцягу.
Прыхільнікі «Пагоні» і бел-чырвона-белага сцяга не хавалі свайго задавальнення вынікамі галасавання. Дзмітрый Булахаў з пафасам заявіў, што лозунг «Жыве Беларусь!» павінен аб’яднаць усіх: і прыхільнікаў БНФ, і яго праціўнікаў.
Дэпутат Аляксандр Караўка прапанаваў устанавіць 19 верасня ў якасці нацыянальнага свята. Аднак Станіслаў Шушкевіч не стаў ставіць гэтае пытанне на галасаванне.
Праціўнікі новай сімволікі пастараліся сапсаваць трыумф пераможцаў. Бел-чырвона-белы сцяг над Домам Урада быў вывешаны таемна ноччу.
Што да новага герба, то яго ўзнялі на Доме Урада толькі напярэдадні Дня Незалежнасці 27 ліпеня 1994 Да гэтага вяліся вострыя дыскусіі, што рабіць са старым гербам. Выказваліся думкі аб тым, каб яго дэмантаваць, але гэта можна было зрабіць, калі рассекчы герб БССР па кавалках. Было вырашана накрыць стары герб новым, больш вялікім па памерах.
Зацвярджэнне герба «Пагоні» і бел-чырвона-белага сцяга сустрэла неадназначную рэакцыю грамадскасці. Праціўнікі новай сімволікі літаральна завалілі Вярхоўны Савет абуранымі лістамі, скаргамі і пагрозамі.
Напрыклад, ліст сталічных жыхароў дома № 35 па вул. Валгаградскай пачынаўся са слоў «Стыд и позор!» Затым сыпаліся абвінавачванні на адрас спікера парламента: «Что вы себе позволяете, господин Шушкевич? Стыдно было наблюдать за организованным вами спектаклем 19 сентября этого года: выкручивание рук, подтасовки, шантаж, прямой обман депутатов, — все это было вчера на сесии Верховного Совета! А Гилевич хочет увеличить тиражи своих бессмысленных произведений».
Адказваючы на ўласнае пастаўленае пытанне — «что делать простым смертным?» — жыхары абвясцілі свой дом «суверенной и независимой территорией с сохранением символики БССР». Жыхары таксама прыгразілі кампаніяй грамадзянскага непадпарадкавання, калі кіраўніцтва Вярхоўнага Савета будзе працягваць палітыку «шизофреника Позняка», якога «нужно обследовать у психиатра».
Падобныя абразлівыя лісты ў дачыненні да новай сімволікі і яе паплечнікаў ішлі на адрас Вярхоўнага Савета аж да замены «Пагоні» і бел-чырвона-белага сцяга. Яны сведчылі аб нізкай палітычнай культуры грамадзян, зняважлівасці да Вярхоўнага Савета, які ўсё ж такі з’яўляўся вышэйшым органам дзяржаўнай улады.
Такім чынам, зацвярджэнне герба «Пагоні» і бел-чырвона-белага сцяга ў якасці дзяржаўных сімвалаў 19 верасня 1991 г. стала знамянальнай падзеяй у палітычнай гісторыі сучаснай Беларусі. Яно сведчыла аб тым, што працэс нацыянальнага адраджэння хоць і павольна, але ідзе ў беларускім соцыуме.
Аднак зацверджаныя сімвалы мелі малы «запас трываласці». Яны былі прынятыя з вялікімі намаганнямі, у абстаноўцы супрацьстаяння. Захады са зменамі і дапаўненнямі ў Канстытуцыю пазней далі падставу праціўнікам новай сімволікі абвінаваціць Вярхоўны Савет ледзь не ў махлярстве.
Акрамя таго, у грамадскай свядомасці новая сімволіка асацыявалася з БНФ, крытычны патэнцыял да якога сярод выбаршчыкаў быў высокі. Гэтага было дастаткова, каб у выпадку змены ўладнай кан’юнктуры «Пагоня» і бел-чырвона-белы сцяг сталі разменнай манетай у палітычнай барацьбе.
Каментары