Гісторыя7171

Як у Беларусі ратыфікавалі Белавежскае пагадненне, хто галасаваў супраць і як дзейнічалі тады вядомыя цяпер асобы

Піша кандыдат гістарычных навук Аляксандр Кур’яновіч.

Падчас падпісання Белавежскіх пагадненняў.

7 снежня 1991 г. дэпутаты Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь XII склікання сталі сведкамі незвычайнага выступу. Прамову трымаў Барыс Ельцын.

Расійскі прэзідэнт гаварыў аб цеснай гістарычнай дружбе рускіх і беларусаў, перспектывах адносін паміж дзвюма рэспублікамі. У канцы выступу Ельцын падарыў беларускім парламентарыям рэдкія архіўныя дакументы: «Челобитная С.М.Соболя в Вяземскую приказную избу о разрешении приехать в Москву, завести типографию и школу для обучения русских юношей словолитному делу и иностранным языкам» ад 16 красавіка 1639 г. і «Оберегательная грамота царя Алексея Михайловича жителям Орши» ад 25 жніўня 1654 г.

Расійскі прэзідэнт Барыс Ельцын у Вярхоўным Савеце Беларусі, 7 снежня 1991 г.

Рэакцыя беларускіх дэпутатаў на захады Ельцына была рознай. Парламенцкая апазіцыя Беларускага народнага фронту, упэўненая ў тым, што раз вайна 1654—1667 гг. вялася Расіяй супраць Рэчы Паспалітай, то, значыць, і супраць жыхароў Беларусі, раскрытыкавала такі няўклюдны крок Барыса Ельцына.

Вельмі шматабяцальным ў прамовы Ельцына прагучала тое, што, паводле ягоных словаў, «грядут поистине исторические дни». Гэтыя словы аказаліся праўдзівымі.

8 снежня 1991 г. кіраўнікі трох саюзных рэспублік — прэзідэнты Расіі і Украіны Барыс Ельцын, Леанід Краўчук і старшыня Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь Станіслаў Шушкевіч падпісалі знакамітае Белавежскае пагадненне, якое прадугледжвала роспуск СССР як суб’екта міжнароднага права.

У спецыяльнай Заяве кіраўнікоў дзяржаў Рэспублікі Беларусь, Расіі і Украіны канстатавалася, што недальнабачная палітыка Цэнтра прывяла да глыбокага эканамічнага і палітычнага крызісу, да развалу вытворчасці, катастрафічнага паніжэння ўзроўню жыцця практычна ўсіх без выключэння сацыяльных слаёў насельніцтва. Цэнтральная ўлада, апроч усяго іншага, абвінавачвалася ў нагнятанні сацыяльнай напружанасці на нацыянальнай глебе. Таму адзіны выхад, як гаварылася ў Заяве, бачыцца ў стварэнні СНД.

Падчас падпісання Белавежскіх пагадненняў. Злева направа: прэм’ер-міністр Украіны Вітольд Фокін, прэзідэнт Украіны Леанід Краўчук, старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч, старшыня Савета Міністраў Беларусі Вячаслаў Кебіч, прэзідэнт Расіі Барыс Ельцын, дзяржаўны сакратар Расіі Генадзь Бурбуліс.

Для Станіслава Шушкевіча падпісанне Белавежскага пагаднення было ў пэўнай ступені вымушаным крокам. Цяжка было прадбачыць рэакцыю Вярхоўнага Савета, большасць якога складалі камуністы і тыя, хто спачуваў апошнім (ветэраны, інваліды і г.д.). Тым больш, што дэпутаты, якія не мелі ніякай інфармацыі, былі наўпрост пастаўлены перад фактам. Падпісаўшы пагадненне, Станіслаў Шушкевіч адвярнуўся ад Гарбачова, які яшчэ ў лістападзе 1991 г. у інтэрв’ю беларускай парламенцкай «Народнай газеце» так ахарактарызаваў беларускага «спікера»: «Я должен сказать, что председатель Верховного Совета С.С.Шушкевич мне нравится. Самостоятельный, взвешенно мыслящий. Он прямой и открытый человек, большой интеллектуал. Что знает — отстаивает, о том, чего не знает — судить не берется».

Аднак безумоўная пазіцыя расійскага прэзідэнта па роспуску СССР не пакідала выбару Беларусі. Тым больш, што ва Украіне 1 снежня 1991 г. адбыўся рэферэндум, на якім звыш 90% жыхароў рэспублікі выказаліся за яе незалежнасць.

Вельмі істотным плюсам для Шушкевіча было тое, што ён знаходзіўся на пасадзе старшыні Вярхоўнага Савета крыху менш за два месяцы (з 18 верасня 1991 г.) і яшчэ не разгубіў свой «рэсурс трываласці». Таму можна было спадзявацца на больш-менш спрыяльны зыход ратыфікацыі.

Праз дзень пасля падпісання Белавежскага пагаднення — 10 снежня 1991 г. — пастанова Вярхоўнага Савета Беларусі аб яго ратыфікацыі была вынесеная на суд парламентарыяў.

Пачаўшы свой выступ, Шушкевіч заявіў, што разумее «хваляванне і нецярплівасць» дэпутатаў. Паводле Шушкевіча, сустрэча лідараў трох славянскіх рэспублік наспела даўно, таму што перамовы аб саюзным дагаворы зайшлі ў тупік.

Старшыня Вярхоўнага Савета паспяшаўся супакоіць дэпутатаў, запэўніўшы іх у тым, што ён стаіць з Ельцыным і Краўчуком на адных і тых жа «канцэптуальных пазіцыях».

Дэпутацкі корпус быў не гатовы адразу абмяркоўваць пытанне аб ратыфікацыі. Таму парламентарыі вырашылі разгледзець Белавежскае пагадненне пасля перапынку.

Першымі сваю ацэнку Белавежскага пагаднення далі прадстаўнікі парламенцкай апазіцыі БНФ і Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады (БСДГ).

Як меркаваў член апазіцыі БНФ Уладзімір Заблоцкі, Белавежскае пагадненне павінна вырашыць наступныя задачы: стварыць умовы для рэалізацыі дзяржаўнага суверэнітэту Беларусі, прадухіліць сутыкненне узброеных груповак, цывілізавана развесці унітарную дзяржаву, стабілізаваць эканамічную і фінансавую палітыку.

Дэпутат Віталь Малашка лічыў, што Белавежскае пагадненне змяшчае «здаровы канструктывізм», які не дасць выліцца эканамічнай вайне паміж былымі саюзнымі рэспублікамі. Малашка катэгарычна адхіліў пункт пагаднення аб тым, што Мінск з’яўляецца каардынацыйным цэнтрам Садружнасці. Дэпутат меркаваў, што гэта прывядзе да канцэнтрацыі ў Беларусі буйных мафіёзных структураў, якіх «так баіцца Ельцын».

Лідар БНФ Зянон Пазняк у цэлым станоўча ўспрыняў Белавежскія пагадненні, з задавальненнем канстатаваў, што гэта ставіць канчатковы крыж на існаванні СССР. Разам з тым, Пазьняк заклікаў не ідэалізаваць Белавежскае пагадненне па наступных прычынах.

Па-першае, лічыў Пазьняк, гэтае пагадненне дае больш магчымасцяў Расіі для ціску на Беларусь, у тым ліку і з дапамогай адзінага каардынацыйнага цэнтра ў Мінску.

Па-другое, Белавежскае пагадненне было падпісана «за спіной Вярхоўнага Савета», без кансультацыі з парламентам. Калі б гэта было зроблена, лічыў Зянон Пазьняк, то гэтае пагадненне адрознівалася б высокім юрыдычным узроўнем і максімальна ўлічыла інтарэсы Беларусі.

Ратыфікацыя Белавежскага пагаднення, паводле цвёрдага пераканання Пазняка, была магчымая толькі ў тым выпадку, калі гэтае пагадненне будзе абстаўлена спецыяльнымі пратаколамі. Гэтыя пратаколы павінны абмежаваць тэрмін дзеяння Белавежскага пагаднення двума-трыма гадамі («пераходны перыяд») з аўтаматычным падаўжэннем на 5 гадоў, зацвердзіць правы кожнага боку не толькі прыпыніць дзеянне пагаднення, але і наогул дэнансаваць яго, вызначыць парадак перамяшчэння грамадзян, справядліва размеркаваць агульнасаюзныя каштоўнасці і маёмасць паміж рэспублікамі, закласці базу для ўласных Узброеных Сіл рэспублікі, нацыянальнай валюты, стварыць некалькі каардынацыйных цэнтраў у рэспубліках былога СССР па розных напрамках.

Без спецыяльных пратаколаў, меркаваў Зянон Пазьняк, ратыфікацыя немагчымая: «Мы павінны ўлічваць рэальную палітыку, а не тэарэтычныя схемы, а рэальнасць такая, што Беларусь становіцца ў залежнасць ад безнадзейна хворай эканомікі Расіі, дзе грамадства поўным ходам ідзе да грамадзянскай вайны».

Супраць стварэння адзінага каардынацыйнага цэнтра ў Мінску катэгарычна выступіў яшчэ адзін прадстаўнік БНФ Мікалай Крыжаноўскі. Ён заявіў, што Беларусі не трэба «новых Васюкоў».

Вельмі асцярожную ацэнку Белавежскага пагаднення даў дэпутат Алег Трусаў. На яго думку, ад гэтых пагадненняў выйгралі толькі Масква і Кіеў. Тэксты пагадненняў, лічыў Трусаў, яшчэ недапрацаваныя, «сырыя», таму дэпутат заклікаў не спяшацца з ратыфікацыяй, бо, па словах Трусава, «мы не ведаем, аб чым за зачыненымі дзвярыма казалі лідары рэспублік, бо не было журналістаў». Трусаў пераконваў дэпутатаў, што з ратыфікацыяй гэтага пагаднення Беларусь атрымае толькі міфічны каардынацыйны цэнтр. Трусаў прапанаваў наступны варыянт. Дэпутаты адкладаюць ратыфікацыю і да 17 снежня — дзень адкрыцця пазачарговай 8-й сесіі беларускага парламента — ўносяць свае прапановы па ўдасканаленні адпаведнай пастановы па ратыфікацыі. На дадзеным этапе, быў упэўнены Трусаў, можна толькі прыняць інфармацыю Шушкевіча да ведама і дэнансаваць саюзную дамову 1922 г.

Прадстаўнік БСДГ, дэпутат Яўген Цумараў задаў цалкам слушнае пытанне аб тым, ці ратыфікавала Украіна Белавежскае пагадненне (ратыфікацыя ва Украіне была прызначана таксама на 10 снежня). У адказ на гэта Шушкевіч заявіў, што паступіў тэлефонны званок з Кіева, і Краўчук паведаміў аб паспяховай ратыфікацыі.

У сувязі з пытаннем Цумарава мае месца вельмі цікавы наступны момант. Імкнучыся ўсяляк абразіць Шушкевіча, некаторыя былыя дзяржаўныя асобы, у прыватнасці Вячаслаў Кебіч, пісалі аб банальным змане з боку кіраўніка беларускага парламента. Кебіч у сваіх мемуарах сцвярджаў, што дэпутаты задалі пытанні аб тым, ці ратыфікавала Расія Белавежскае пагадненне. І быццам бы Шушкевіч паведаміў аб паспяховай ратыфікацыі з боку Расіі (Гл. Кебич, В. Искушение властью. Из жизни премьер-министра. — Мн, 2008. — С. 216). Такую ж легенду падхапіў і прэзідэнт Лукашэнка. Выступаючы з заключным словам на IV Усебеларускім народным сходзе 7 снежня 2010 г., кіраўнік дзяржавы завіў, што Шушкевіч «обманул депутатов», сказаўшы пра тое, што Расія быццам бы ратыфікавала Белавежскае пагадненне.

Легенда, запушчаная Кебічам, не вытрымлівае аніякае крытыкі, бо, па-першае, ратыфікацыя Расіяй адбылася ажно 12 снежня. Па-другое, у стэнаграме пасяджэння сесіі Вярхоўнага Савета Беларусі не зафіксавана пытання пра ратыфікацыю пагаднення з боку Масквы.

Пераважная большасць дэпутацкага корпуса досыць пазітыўна ўспрыняла падпісанне Белавежскага пагаднення і была яўна настроена на ягоную адназначную ратыфікацыю. Пра гэта сведчаць выступы многіх дэпутатаў. Вельмі высока ацаніў дзеянні беларускага кіраўніцтва ў Віскулях Анатоль Вярцінскі. Ён параўнаў іх з буйным матэматычным адкрыццём: «Многие математики в древности пытались построить квадрат, равновеликий кругу. Попытка решить эту задачу с помощью линейки и циркуля успеха не имела, а решение лидеров трех государств стало тем важным (неожиданным для всех нас) шагом, которые решает политическую квадратуру круга».

Анатоль Вярцінскі адобрыў ідэю стварэння каардынацыйнага цэнтра ў Мінску, але з адной умовай. На думку Вярцінскага, Мінску павінна быць вернута ранейшая назва — Менск.

Анатоля Вярцінскага падтрымаў эпатажны дэпутат ад таварыства сляпых Анатоль Нятылькін, згаданы ў выступленні кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Улаховіча. Анатоль Нятылькін выказаў «признательность и благодарность политической мудрости» Шушкевіча. Анатоль Нятылькін шчыра прызнаўся, што «облегченно вздохнул, когда узнал о подписании» Белавежскага пагаднення. Нятылькін заклікаў сваіх калегаў не баяцца таго факта, што Мінск стане адзіным каардынацыйным цэнтрам СНД, бо, па словах парламентарыя, «мы уже все равно наполовину перестали быть белорусами».

Сапраўдны панегірык беларускім кіраўнікам прамовіў дэпутат Міхаіл Мачуленка: «Мы можем гордиться без натяжки взвешенностью, трезвостью и мудростью наших государственных деятелей в лице Председателя Верховного Совета и Председателя Совета Министров. Этот документ позволит преодолеть короткое замыкание в политическом мышлении каждому».

«Приятно поражён» падпісаным Белавежскім пагадненнем быў дэпутат Уладзімір Грыбанаў. На думку Грыбанава, гэта пагадненне прадухіліць ў Беларусі хаос і магчымы ўсплёск нацыяналізму. Грыбанаў звярнуўся да дэпутатаў з патрабаваннем безумоўнай ратыфікацыі Белавежскага пагаднення, прычым без якога-небудзь сур’ёзнага абмеркавання, бо, па словах дэпутата, гэтае пагадненне будзе проста «заголосовано».

Уладзімір Грыбанаў рашуча выступіў супраць ініцыятывы Міхаіла Гарбачова, які даведаўшыся пра белавежскія падзеі, вырашыў склікаць пазачарговы з’езд народных дэпутатаў СССР з мэтай аднаўлення канстытуцыйнай законнасці ў краіне і адмены віскулёўскіх дамоўленасцяў.

Грыбанаў назваў Гарбачова «шабашом», які не прынясе нічога добрага.

З пазіцыяй Грыбанава былі згодныя дэпутаты Іван Жыдзіляеў («почему белорусы должны плестись в хвосте, надо ратифицировать соглашение»), Іван Данілевіч («долг наш — ратифицировать, тогда мы покажем, что мы — зрелый парламент»), Васіль Даўгалёў («распад СССР — это факт, положено начало конструктивной работе») і інш.

Нават прадстаўнікі ветэранскіх арганізацый, якія, здавалася б, павінны выступаць з дыяметральна процілеглых пазіцый, выказаліся за ліквідацыю СССР.

Так, дэпутат-ветэран Мікалай Лакцюшын назваў Белавежскае пагадненне «мудрым решением». Цікава, што калі 27 сакавіка 1993 г. на пазачарговай 11-й сессіі Вярхоўнага Савета дэпутаты абвінавацілі Шушкевіча ў развале СССР, то ў адказ кіраўнік парламента зачытаў амаль усе прозвішчы парламентарыяў, якія 10 снежня 1991 г. выказаліся за ратыфікацыю Белавежскага пагаднення. А ўспамін Шушкевіча аб Лакцюшыне быў сустрэты апладысментамі.

Адзіным дэпутатам, які катэгарычна выказаўся супраць роспуску СССР, быў Валерый Ціхіня.

Ціхіня кінуў знакамітую фразу: «Сколько не говори «халва», во рту слаще не станет. Сколько бы мы не говорили «суверенитет», мы не станем более суверенными».

Ціхіня прапанаваў сваім калегам «без эйфории» паглядзець, наколькі «Брестское соглашение» адпавядае «реалиям сегодняшнего дня».

На думку Валерыя Ціхіні, гэтае пагадненне не спыніць працэс разбурэння беларускай дзяржаўнасці і канчаткова хавае надзеі людзей на заключэнне любога саюза, насуперак сакавіцкаму рэферэндуму 1991 г.

Ціхіня вобразна назваў Белавежскае пагадненне «облаком в штанах» і абвінаваціў Шушкевіча ў перавышэньні паўнамоцтваў.

Крытычныя заўвагі Ціхіні патанулі ў агульным хоры дэпутатаў, настроеных на ратыфікацыю пагаднення. Так, лётчык-касманаўт СССР Уладзімір Кавалёнак заявіў, што Шушкевіч мае права падпісваць такога кшталту дакументы, таму не трэба «возить с собой весь Верховный Совет».

Уладзімір Станкевіч, адпрэчваючы пазіцыю Ціхіні, цалкам правамерна спаслаўся на закон Рэспублікі Беларусь ад 23 кастрычніка 1991 г. «Аб парадку заключэння, выканання і дэнансацыі міжнародных дагавораў», які сапраўды даваў правы старшыні Вярхоўнага Савета, кіраўніку урада і міністру замежных спраў весці перамовы і падпісваць міжнародныя дагаворы

Нарэшце Шушкевіч паставіў на галасаванне пытанне аб спыненні спрэчак па ратыфікацыі. Яго падтрымала большасць дэпутатаў. Старшыня Вярхоўнага Савета падвёў вынік дыскусій і зрабіў наступную выснову: «Мы павінны ратыфікаваць, калі не ратыфікуем, то выкажам нерашучасць».

Вынікі галасавання па ратыфікацыі Белавежскага пагаднення былі наступнымі. З 266 дэпутатаў, што галасавалі, «за» прагаласавалі 263 парламентарыі, «супраць» — 1, устрымаліся — 2, не галасавалі 27 чалавек

Адпаведная пастанова была прынятая Вярхоўным Саветам.

Хто ж прагаласаваў супраць ратыфікацыі Белавежскага пагаднення? Справа ў тым, што галасаванне не было пайменным, таму непасрэдна высветліць, хто і як галасаваў, не ўяўляецца магчымым.

З высокіх трыбун сцвярджалася, што адзіным дэпутатам, хто прагаласаваў супраць ратыфікацыі Белавежскага пагаднення, быў Аляксандр Лукашэнка. Доўгі час такая інфармацыя вісела на сайце кіраўніка дзяржавы (рэдакцыя ад 30.09.2001). У верасні бягучага года па дзяржаўным тэлебачанні ў сюжеце інтэрв’ю Лукашэнкі пра Ельцына была пададзена інфармацыя, што «депутат Верховного Совета Александр Лукашенко был единственным, кто в конце 1991 года проголосовал против ратификации Беловежских соглашений, подписанных президентом Борисом Ельциным».

Як было на самой справе?

Упершыню інфармацыя пра тое, што дэпутат Лукашэнка быў адзіным, хто галасаваў супраць ратыфікацыі Белавежскага пагаднення, з’явілася ў часе прэзідэнцкіх выбараў 1994 г.

У маі 1994 г. у інтэрв’ю журналісту «Советской Белоруссии» Ігару Грышану Лукашэнка заявіў, што «гордится тем, что проголосовал против», то бок «интуиция меня не подвела» (Гришан, И. Москва! Как много в этом звуке… для нас. Интервью по следам одного «блиц-вояжа» // Советская Белоруссия. — 1994. — 25 мая. — С. 1-2).

Рэгіянальная газета «Брестский курьер» ад 16 чэрвеня 1994 г. пісала аб Лукашэнку як «о единственном из депутатов Верховного Совета, проголосовавшем против беловежских соглашений».

Да прэзідэнцкіх выбараў Лукашэнка негатыўна выказваўся адносна Белавежскага пагаднення, але не пазіцыянаваў сябе тым, хто менавіта адзіны выступаў супраць ягонай ратыфікацыі.

Так, ў 1993 г. на «круглым стале» па найважнейшых пытаннях жыцця рэспублікі, арганізаваным рэдакцыяй часопіса «Нёман» Лукашэнка казаў: «Беловежские соглашения были подписаны, извините меня, тайно, что называется — в лесу. Сами методы, которые были тогда избраны, для меня, неприемлемы. При ратификации в Верховном Совете я не голосовал за СНГ и денонсирование союзного договора. Похоже, не ошибся, потому что ничего путного из СНГ ничего пока не получается».

На фоне прэзідэнцкіх выбараў гісторыю з ратыфікацыяй Лукашэнка вырашыў выкарыстаць для ўмацавання ўласнай папулярнасці. Не выключана, што будучаму кіраўніку дзяржавы нехта з дэпутатаў ці атачэння падказаў такі неблагі козыр у перадвыбарнай барацьбе.

Цікава, што ў часе прэзідэнцкай гонкі нават ніхто не імкнуўся праверыць сцвярджэнні Лукашэнкі. Гэта было выклікана рознымі акалічнасцямі. Напэўна тым, што правячыя колы не ўспрымалі Лукашэнку ўсур’ёз. А яшчэ і тым, што ў той перыяд існаваў высокі ўзровень даверу інфармацыі часта без крытычнага яе асэнсавання і элементарнай праверкі. Справа нават даходзіла да таго, што за дваццаць дзён да пачатку выбараў (23 чэрвеня 1994 г.) рэспубліканскія выданні адзначалі, што Лукашэнка з’яўляецца ўраджэнцам Шклоўскага раёна (Гл.: Адвесці народ ад бездані. Тэзісы праграмы кандыдата ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь А. Лукашэнкі // Народная газета. — 1994. — 1 чэрвеня. — С. 2).

У жніўні 1995 г. прэзідэнт Беларусі даў вялікае інтэрв’ю групе краснаярскіх журналістаў. Лукашэнка, ацэньваючы снежаньскія падзеі 1991 г., у прыватнасці заявіў наступнае: «Я всегда боролся против этого соглашения, был единственным человеком в парламенте, голосовал против его ратификации».

Аднак практычна адразу ж пасля інтэрв’ю Лукашэнкі апазіцыйная газета «Свабода» апублікавала стэнаграму галасавання па ратыфікацыі Белавежскага пагаднення, якая, дарэчы, не захавалася ў архіўных фондах.

Журналіст, які апублікаваў гэтую стэнаграму, сцвярджаў, што выпадкова знайшоў яе ў сваім асабістым архіве. Паводле стэнаграмы можна было зрабіць выснову, што Лукашэнка не ўдзельнічаў у галасаванні.

Стэнаграма галасавання ў Вярхоўным Савеце Беларусі XII склікання па пытанні ратыфікацыі Белавежскага пагаднення.

Пратакол пасяджэння сесіі Вярхоўнага Савета XII склікання ад 10 снежня 1991 г. не зафіксаваў выступу Лукашэнкі па пытаннях, звязаных з Белавежскім пагадненнем. Улічваючы палітычны тэмперамент Лукашэнкі, яго шматлікія і эмацыйныя выступы і па менш важных пытаннях, маўчанне будучага беларускага прэзідэнта выглядае больш як дзіўным. Можа казаць аб тым, што пытанне аб ратыфікацыі заспела Лукашэнку, як і многіх дэпутатаў, знянацку, не дазволіла хутка адрэагаваць на сітуацыю, прымусіла на працягу пэўнага часу пераасэнсоўваць глыбінныя прычыны падзей 8 снежня 1991 г.

У палітычных колах рэспублікі даўно хадзілі чуткі, што адзіным, хто выказаўся супраць ратыфікацыі, быў Валерый Ціхіня. Сам Ціхіня пацвердзіў гэта праз 20 гадоў — у кастрычніку 2011 г.

Акрамя ратыфікацыі Белавежскага пагаднення 10 снежня 1991 г. дэпутаты беларускага парламента дэнансавалі Дагавор ад 30 снежня 1922 г. Тагачасны міністр замежных спраў Пётр Краўчанка сцвярджаў, што менавіта ён быў аўтарам гэтай ідэі (Кравченко, П.К. Беларусь на распутье, или Правда о Беловежском соглашении. Записки дипломата и политика. — М., 2006. — С. 175).

Працэдура дэнансацыі прайшла без асаблівых ускладненняў, аднак карціна была трохі іншай. З 240 дэпутатаў, што галасавалі, «за» аддалі свае галасы 212 чалавек, супраць — 7, устрымаліся — 21. У выніку была прынята адпаведная пастанова.

Эпапея з роспускам СССР працягнулася 11 снежня. Шушкевіч нечакана заявіў, што да Белавежскага пагаднення хоча далучыцца казахстанскі лідар Н.Назарбаеў. Калі гэта адбудзецца, працягваў Шушкевіч, то тады прыйдзецца, магчыма, па-новаму ратыфікаваць пагадненне. Па словах Шушкевіча, калі ў СНД ўвойдзе Казахстан, то ніхто «не зможа супрацьстаяць» Садружнасці. Аднак заява Шушкевіча аб магчымасці паўторнай ратыфікацыі не сустрэла падтрымкі дэпутатаў і засталася пажаданнем.

У кантэксце роспуску СССР беларускія парламентарыі закранулі пытанне, звязанае з дэпутатамі (ад Беларусі) Вярхоўнага Савета СССР. Гаворка ішла пра адкліканне беларускіх прадстаўнікоў. Практычна ўсе дэпутаты беларускага парламента выказаліся за адкліканне.

Дэпутат Аляксандр Паруль, медык па прафесіі, вобразна параўнаў Вярхоўны Савет СССР з палітычным трупам, «яд которого очень опасен». Толькі адзіны дэпутат Аляксей Камай прасіў не адклікаць саюзных дэпутатаў, «не делать необдуманных шагов». Аднак адмысловы закон «Аб мерах, звязаных з прыняццем пастановы Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь «Аб дэнансацыі Дагавора 1922 г. аб стварэнні Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік»» ад 11 снежня 1991 г., зацверджаны на закрытым пасяджэнні, адклікаў беларускіх дэпутатаў-прадстаўнікоў з саюзных структур. За той закон прагаласавалі 208 дэпутатаў, 4 выступілі супраць, і 13 устрымаліся.

З мэтай мінімізацыі негатыўных наступстваў такога рашэння Вярхоўны Савет Беларусі XII склікання прыняў адмысловую пастанову, паводле якой пастаянныя камісіі парламента — па заканадаўстве, планава-бюджэтная і па пытаннях работы Саветаў народных дэпутатаў і развіццю самакіравання — павінны былі разгледзець пытанні аб сацыяльных гарантыях былым дэпутатам агульнасаюзнага парламента ад Беларусі. Парламентарыі таксама пастанавілі, што ўсе рашэнні Вярхоўнага Савета Беларусі XII склікання павінны быць агучаны ў прэсе і на тэлебачанні. Аднак Шушкевіч, які заявіў, што кожны дзень «свеціцца» у СМІ, наадрэз адмовіўся рабіць якія-небудзь публічныя заявы.

Наступны этап роспуску СССР, як вядома, ажыццявіўся 21 снежня 1991 г., калі ў сталіцы Казахстана Алма-Аце быў падпісаны Спецыяльны пратакол да Пагаднення і шэраг іншых дагавораў аб стварэнні СНД. Цяпер членаў Садружнасці налічвалася адзінаццаць.

З нагоды алма-ацінскіх дакументаў ніякіх дыскусій у Вярхоўным Савеце Беларусі не было. 22 снежня 1991 г. Станіслаў Шушкевіч, які пабываў у казахстанскай сталіцы з дэлегацыяй (Інэса Драбышэўская, Віктар Ганчар, Лявон Баршчэўскі, Зянон Пазьняк) сказаў толькі «два словы» пра сустрэчу на найвышэйшым узроўні ў Алма-Аце. Па словах Шушкевіча, ў склад СНД не прынялі Грузію, пэўныя цяжкасці (парушэнні правоў чалавека) з уступленнем меліся ў Азербайджана, Арменіі і Малдовы.

Станіслаў Шушкевіч выказаў меркаванне, што СНД будзе пашырана, і «прайшоўся» па апошнім лідары СССР: «У Гарбачова, калі ён пагодзіцца сысці, матэрыяльнае забеспячэнне будзе на самым высокім узроўні, як і ў прэзідэнта ЗША. Гэта ўзяў на сябе ўрад Расіі. За 70 гадоў савецкай улады ні адзін кіраўнік не сыходзіў па-людску. Хай будзе добры пачатак».

Такім чынам, практычна аднагалоснае адабрэнне беларускімі парламентарыямі роспуску СССР сведчыла аб ўсведамленні імі таго факта, што савецкая мадэль канчаткова вычарпала свае рэсурсы і не здольная да рэфармавання. Снежаньскія падзеі 1991 г. выявілі, апроч усяго іншага, цікавую асаблівасць: у выпадку неабходнасці дэпутаты самых розных ідэйна-палітычных поглядаў маглі падняцца над сваімі асабістымі амбіцыямі і прымаць лёсавызначальныя для краіны і грамадства рашэнні.

Каментары71

Што вядома пра беларуса Віктара Павелку, якога ў Польшчы падазраюць у арганізацыі нападаў на расійскіх апазіцыянераў1

Што вядома пра беларуса Віктара Павелку, якога ў Польшчы падазраюць у арганізацыі нападаў на расійскіх апазіцыянераў

Усе навіны →
Усе навіны

На філфаку БДУ хочуць адкрыць спецыяльнасць «пісьменнік»3

Выкрытыя ў Брытаніі шпіёны збіраліся вывезці ў Расію журналіста Хрыста Грозева, які дапамагаў Навальнаму

Акцёр і рэжысёр Ігар Забара: А яшчэ ў нас ёсць казёл. Яго завуць «Шайгу»2

«Бессэнсоўна падаваць апеляцыю». Як беларусам адмаўляюць у польскіх візах і што яны з гэтым робяць2

У Рэчыцы грамадзянцы Грузіі пагражаюць дэпартацыяй — за тое, што «ўважліва сачыла і рэпосціла навіны ў 2020-м»1

Z-ваенкар пахвалілася, як белгарадская тэрабарона збіла са стрэльбы дрон. Аказалася, гэта быў расійскі дрон за $90 тысяч2

Інтэр'ер гэтай сталічнай кватэры адзначаны міжнароднай прэміяй дызайну. Вось за колькі яе прадаюць5

Беларуская фабрыка пачала рабіць постары з дываноў1

Расійскі дэпутат, якога судзяць за антываенныя заявы, у апошнім слове выступіў з пакаяннем перад украінцамі. Суддзя выскачыў з залы4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што вядома пра беларуса Віктара Павелку, якога ў Польшчы падазраюць у арганізацыі нападаў на расійскіх апазіцыянераў1

Што вядома пра беларуса Віктара Павелку, якога ў Польшчы падазраюць у арганізацыі нападаў на расійскіх апазіцыянераў

Галоўнае
Усе навіны →