На сваім надмагільным помніку на Усходніх могілках Мінска Крапіва нагадвае Ювенала, у лаўровым вянку

На сваім надмагільным помніку на Усходніх могілках Мінска Крапіва нагадвае Ювенала, у лаўровым вянку

Нестабільнасць і хісткасць

Першымі беларускімі літаратарамі, уганараванымі званнем «Народны паэт БССР», сталі ў 1925 і 1926 гадах Янка Купала і Якуб Колас. Само званне тады юрыдычнага статусу, праўда, не мела — абодвум песнярам толькі прысвоілі 17­-ы, найвышэйшы, клас дзяржаўнага служачага і сталі плаціць адпаведны гэтаму класу штомесячны аклад. А ў 1956 годзе званне «Народны пісьменнік БССР» атрымала афіцыйны статус і было нарэшце прысвоена зноў. Уганараваным стаў Кандрат Крапіва.

Сёння, калі савецкая літаратура ўспрымаецца ўжо як нешта далёкае, такі выбар здаецца цалкам заканамерным. Літаратурная біяграфія Кандрата Крапівы — даволі саладжавы міф, які мае мала дачынення да рэчаіснасці, але сфарміраваны бясконцым тыражаваннем у школьных і ўніверсітэцкіх падручніках.

Гэты міф з вобразам быццам бы сатырыка, але ручнога, выклікаў і выклікае натуральнае адпрэчванне. І вось ужо нехта з новага пакалення малюе вечна змрочнага, пахмурнага старога, які паціху храпе на пасяджэннях, форумах і з’ездах і баіцца слова сказаць насуперак устаноўкам зверху.

«Герой Сацыялістычнай Працы, народны пісьменнік Беларусі, доктар філалагічных навук, акадэмік Акадэміі навук БССР, дэпутат Вярхоўнага Савета БССР некалькіх скліканняў, лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР і БССР…». Мноства званняў, прэмій і ўзнагарод будуць найлепшым доказам просталінейнаму падыходу: аблашчаны ўладай — значыць, нічога літаратурна вартага не мог стварыць па змаўчанні. І ці можа ў прынцыпе сумяшчацца такая ўганараванасць з нейкай самастойнасцю на літаратурным полі?

Кандрат Крапіва
(сапр. Кандрат Кандратавіч Атраховіч, 1896—1991), ураджэнец невялікай вёскі Нізок Уздзенскага раёна, з якой, апрача яго, выйшлі яшчэ паэт Паўлюк Трус і пісьменніца Лідзія Арабей.
Да Першай сусветнай вайны паспеў, адвучыўшыся ў гарадскіх вучылішчах у Стоўбцах і Койданаве, здаць экстэрнам экзамен на званне народнага настаўніка і год папрацаваць у Мнішанах на Валожыншчыне. Пасля ваяваў, у 1-й палове 1920-х настаўнічаў на роднай Уздзеншчыне.
У 1925 годзе пераехаў у Мінск, скончыў БДУ. Працаваў у Інбелкульце, рэдакцыях газет. Быў сябрам літаратурных аб’яднанняў «Маладняк» і «Узвышша».
Пасля Другой сусветнай вайны зрабіў кар’еру ў навуковай сферы, быў дырэктарам Інстытута мовазнаўства, віцэ-прэзідэнтам Акадэміі навук БССР, акадэмікам. Акадэмічныя слоўнікі беларускай мовы, якія выкарыстоўваюцца і дагэтуль, выходзілі пад ягонай рэдакцыяй і часта асацыююцца менавіта з ім.
Першы верш апублікаваў у 1922 годзе і працягваў пісаць да 1980-х. У асноўным ягонае імя вядомае па шматлікіх байках, большасць якіх напісаная яшчэ да вайны («Дыпламаваны баран», «Ганарысты парсюк», «Жаба ў каляіне», «Сука ў збане» і многія іншыя), а таксама па драматургічных творах («Хто смяецца апошнім», «Брама неўміручасці» і інш.)

Аднак пры ўважлівым аналізе біяграфіі Кандрата Крапівы заўважна, што «паспяховая» кар’ера гэтага аўтара, калі меркай поспеху лічыць пасады, прэміі і ўзнагароды, пачалася толькі пасля Другой сусветнай вайны. А да гэтага часу, то-­бок прыблізна да 50-­годдзя, характэрнымі рысамі біяграфіі Крапівы будуць хутчэй нестабільнасць і хісткасць.

Характэрна, што пасля трыумфальнага паказу ў Маскве камедыі «Хто смяецца апошнім» у 1939 годзе Кандрату Крапіве за праяўленую літаратурную адвагу ў разгар рэпрэсій супраць літаратуры і пісьменнікаў у даважку да ордэна Леніна ўручылі і мабілізацыйную позву — яго, як кадравага афіцэра, адпраўлялі на сумна вядомую сваімі непамернымі стратамі асабовага складу савецка­-фінскую вайну. Камандзірам кулямётнай роты. Інакш кажучы, яму быў выпісаны ордар на геройскую смерць. Але ён выжыў. 

Чаму Крапіва?

Галоўнай прычынай з’яўлення ў 1956 годзе новага «народнага пісьменніка» была патрэба ў рэпрэзентатыўнасці, стварэнні ілюзіі знешняга дабрабыту ў беларускай савецкай літаратуры.

Янкі Купалы на той момант не было ўжо чатырнаццаць гадоў, Якуб Колас, слабы здароўем (26 пнеўманій у апошнія гады жыцця) і адкрыта стомлены да таго часу ад свайго нялёгкага жыццёвага і літаратурнага лёсу, на ролю параднай фігуры ў «вітрыне літаратуры» ўжо не падыходзіў. Ды, зрэшты, неўзабаве і памёр. Але і дапусціць нават думкі пра заняпад, пра тое, што цяпер ужо няма каму з беларускай літаратуры «трымаць ранейшую планку», было нельга.

Дарэчы, партыйны апарат на працягу ўсёй савецкай эпохі выразна аддзяляў сапраўды значных літаратараў ад другарадных. Сярод народных пісьменнікаў Беларусі другарадных літаратараў практычна няма. Годны творца мог па нейкіх прычынах і не трапіць у лік «абраных», але пасрэднасць вельмі рэдка ўдастойвалася месца ў пантэоне.

Чаму ж у 1956­-м на ролю новага народнага быў абраны менавіта Крапіва?

Тады, на фоне хрушчоўскай адлігі, напэўна, было цалкам магчыма дараваць Крапіве яго колішнюю літаратурную дзёрзкасць і незалежнасць, смеласць камедыі «Хто смяецца апошнім» (той, якую сам Панцеляймон Панамарэнка рэдагаваў­-рэдагаваў, ды не дарэдагаваў), недапушчальны смех, які мяжуе з адкрытым «сцёбам» у ацэнцы савецкай сістэмы і яе функцыянераў у бліскучым «Мілым чалавеку», забароненым пасля пастаноўкі ў 1946 (!) годзе, ды так і не вернутым пасля на сцэну, не кажучы ўжо пра «грубыя памылкі і зрывы» ўзвышэнскага перыяду.

Другой прычынай было, хутчэй за ўсё, тое, што дзесьці ў тагачасных вярхах палічылі: непакорлівы сатырык і камедыёграф утаймаваны і ўжо не даставіць асаблівых непрыемнасцяў.

Толькі закрытыя сёння архівы, магчыма, раскажуць, наколькі сур’ёзнай была «прапрацоўка» Кандрата Крапівы пасля прэм’еры «Мілага чалавека». Але ў тым, што яна была сапраўды жорсткай, няма ні найменшага сумневу: дзесяць гадоў пасля той злашчаснай прэм’еры ён будзе пісаць бяззубыя і безаблічныя п’есы, у якіх мала чаго засталося ад ранейшай з’едлівасці.

Зрэшты, падобнае можна сказаць бадай пра кожнага са значных пісьменнікаў савецкай пары. Савецкая сістэма ўтаймоўвала кожнага па­-свойму, але выключэнняў з правілаў сярод народных практычна няма. Амаль у кожнага ёсць працяглыя перыяды творчага застою, заняпаду, а то і маўчання. 

Фенаменальная жывучасць

Адной з галоўных якасцяў Кандрата Крапівы можна лічыць яго фенаменальную — у самым прамым сэнсе слова — жывучасць. Ён пражыў на гэтым свеце вельмі шмат, амаль 95 гадоў, і жыў, можна сказаць, адзін за ўсю сям’ю. З васьмі старэйшых братоў і сясцёр Кандрата Атраховіча сямёра памерлі ў дзяцінстве — выжыла, акрамя яго, толькі адна сястра.

З сям'ёй. Кандрата назвалі Кандратам у гонар бацькі: у старыя часы ў гэтым была народная варажба на жыццё. Так рабілі, калі старэйшыя дзеці ў сям’і паміралі. 

З сям'ёй. Кандрата назвалі Кандратам у гонар бацькі: у старыя часы ў гэтым была народная варажба на жыццё. Так рабілі, калі старэйшыя дзеці ў сям’і паміралі. 

І ў сталым узросце было шмат магчымасцяў да пары скласці галаву. Крапіва непасрэдна ўдзельнічаў у чатырох войнах: Першая сусветная ў 1915—1918 гадах; Грамадзянская ў 1920—1922; савецка­фінская ў 1939—1940, Другая сусветная ў 1941—1942 гадах. У апошняй, праўда, ён быў ужо не пяхотным ці кавалерыйскім афіцэрам або камандзірам кулямётнай роты, як у папярэдніх, а франтавым карэспандэнтам. Відавочна, што экзістэнцыйныя праблемы ў біяграфіі Крапіве даводзілася вырашаць на тым базавым узроўні, без якога ўсе наступныя не маюць сэнсу.

Да гэтага трэба яшчэ дадаць рознабаковую адоранасць і прыроджаную адвагу. Залічаны на пачатку Першай сусветнай вайны ў школу прапаршчыкаў, выпускнік народнага вучылішча Кандрат Атраховіч паспяхова яе скончыць і будзе пры ёй жа на кароткі час пакінуты як выкладчык для наступных навабранцаў. А адпраўлены неўзабаве на аўстра-венгерскі ўчастак фронту, у армію легендарнага генерала Аляксея Брусілава, ён і там сябе праявіць як бліскучы франтавы пяхотны афіцэр, стаўшы георгіеўскім кавалерам і за пару гадоў даслужыўшыся да самага высокага сярод беларускіх пісьменнікаў звання — штабс-капітана.

Пасля гэты розумам, адвагай і крывёй заслужаны будучым пісьменнікам немалы афіцэрскі чын разам з Георгіеўскімі крыжамі прынясе яму нямала непрыемнасцяў — нядобрае «афіцэр — залатыя пагоны» не­ -не, ды і прамільгне ў водгуках «добразычліўцаў» у перадваенны час, а а вобраз легендарнага Тулягі з камедыі «Хто смяецца апошнім», якога авантурыст Гарлахвацкі шантажуе і выкарыстоўвае тым, што ён нібыта падобны да знаёмага яму ў мінулым дзянікінскага палкоўніка, — непасрэдная адсылка да ўласнай біяграфіі аўтара.

1916 год.

1916 год.

Я пытаўся ў яго пра крыжы — глянуць хоць адным вокам на залатога афіцэрскага «георгія» было б цікава. Як і паглядзець на маладога Крапіву ў вайсковай форме штабс-капітана, з шашкай і ордэнамі на парадным мундзіры. Крапіва толькі ўсміхнуўся з маёй неразумнасці. Знойдзеныя пры ператрусе, такія фотаздымкі і рэгаліі самі па сабе ўжо азначалі смяротны прысуд: маўляў, захоўваеш, чакаеш, што вернуцца паны… Таму са здымкаў Крапівы ў Першую сусветную мне знаёмы толькі адзін — курсант школы прапаршчыкаў у сціплым мундзіры.

Кандрат Крапіва не дзяліўся нават з дзецьмі, за што канкрэтна атрымаў узнагароды на «царскай вайне». У аўтабіяграфіі пра баі з вялізнымі чалавечымі ахвярамі на Румынскім фронце напісаў лаканічна: «Там я ўпершыню атрымаў баявое хрышчэнне, не раз бываў у сур’ёзных пераплётах, зусім не ведаючы, што гэта толькі кветачкі і што наперадзе яшчэ не адна вайна і не адзін пераплёт».

«Хісткасць» становішча Крапівы вынікала не толькі з палітычных альбо грамадскіх абставін, а перш за ўсё з сукупнасці сямейных «парываў» і «пераваротаў». Пасля ранняй смерці маці і новага шлюбу бацькі Крапіва згубіў ролю спадчынніка, будучага гаспадара і карміцеля сям’і, а разам з гэтым — раней цалкам відавочныя перспектывы тыповага сялянскага лёсу. Ён вымушаны быў вызваліць раней законнае месца ў бацькоўскай гаспадарцы і паспрабаваць забяспечваць сябе самастойна.

Цалкам неабходнае дзеля ўсяго гэтага новае канструяванне ўласнай біяграфіі завершыцца пасля дванаццаці гадоў «часовых» станаў пераездам у пачатку 1925 года ў Мінск. Толькі з гэтага часу ў траекторыі Крапівы з’явіцца выразна накіраваны вектар: паралельна з літаратурнай працай ён, ужо трыццацігадовы пісьменнік, у 1926 паступіць ва ўніверсітэт, які скончыць e 1930 годзе. 

Каця і Кандрат. Малюнак Анатоля Александровіча.У 1915—1918 — на імперыялістычнай вайне. Скончыў Гатчынскую школу прапаршчыкаў, быў узводным афіцэрам у вучэбнай частці ў горадзе Асташкаў, што каля возера Селігер у Расіі. У Асташкаве Кандрат Атраховіч закахаўся ў купецкую дачку Кацярыну Абакшыну, але бацька загадаў ёй ісці замуж за іншага. Ужо старымі людзьмі Кандрат і Кацярына знайшлі адно аднаго і да 90 гадоў перапісваліся.

Каця і Кандрат. Малюнак Анатоля Александровіча.
У 1915—1918 — на імперыялістычнай вайне. Скончыў Гатчынскую школу прапаршчыкаў, быў узводным афіцэрам у вучэбнай частці ў горадзе Асташкаў, што каля возера Селігер у Расіі. У Асташкаве Кандрат Атраховіч закахаўся ў купецкую дачку Кацярыну Абакшыну, але бацька загадаў ёй ісці замуж за іншага. Ужо старымі людзьмі Кандрат і Кацярына знайшлі адно аднаго і да 90 гадоў перапісваліся.

За межы дазволенага

Уварваўшыся на літаратурны небасхіл у пачатку 1920-­х (імпульсам для тагачаснага камандзіра кавалерыйскага эскадрона Чырвонай арміі паслужылі прачытаныя ў газеце гумарыстычныя вершы на роднай мове), Крапіва хутка стане вядомым і папулярным аўтарам на старонках літаратурнай перыёдыкі.

Запісаўшыся ў пралетарскі па духу «Маладняк», ён літаральна на каленцы штодня складае вострыя, дзёрзкія, часам вульгарныя вершы і байкі на надзённыя тэмы. Ад яго дастаецца і сусветнай буржуазіі, і кансерватыўнай беларускай вёсцы, і старэйшаму пісьменніцкаму пакаленню (нашаніўцам або адраджэнцам), і сабратам па літаратурным цэху — маладнякоўцам, і кулаку, і вясковай моладзі, і «пралетарскаму» гораду ды яго забавам, і тэатру, і балету, і г. д., і да т. п.

Гэтая яркая паэзія, якая дэманструе выдатнае валоданне народнай мовай і гэтую ж мову бліскуча мадэрнізуе ўжо для ролі літаратурнай, часам — падкрэслена агітацыйная, часам — несправядлівая (аўтару даводзілася праз пару гадоў дапісваць прабачэнні ў сам тэкст верша, напрыклад, Янку Купалу ў вершы «Янкавы казкі»), на жаль, амаль уся сышла за літаратурны гарызонт і для сучаснага чытача — школьнага ці нават універсітэцкага — практычна недаступная.

Жонка Алена Канстанцінаўна.Па вяртанні з фронту Кандрат ажаніўся з Аленай Махнач — яе сям’я пераехала ў Нізок з вёскі Замосце пасля таго, як там згарэла іх хата. Кандрат і Алена пражылі больш за 40 гадоў (жонка памерла ў 1964 пасля цяжкай хваробы). Кандрат перажыў жонку на два з паловай дзясяткі гадоў. Трое з чатырох яго дзяцей памерлі ці загінулі пры яго жыцці.

Жонка Алена Канстанцінаўна.
Па вяртанні з фронту Кандрат ажаніўся з Аленай Махнач
— яе сям’я пераехала ў Нізок з вёскі Замосце пасля таго, як там згарэла іх хата. Кандрат і Алена пражылі больш за 40 гадоў (жонка памерла ў 1964 пасля цяжкай хваробы). Кандрат перажыў жонку на два з паловай дзясяткі гадоў. Трое з чатырох яго дзяцей памерлі ці загінулі пры яго жыцці.

Крапіва наўмысна не ўключаў многае з ранняй паэзіі (як і навелістыкі) 1920-­х ні ў адзін збор твораў, а тое, што ўключаў, — рэдагаваў і прыгладжваў, часам перапрацоўваючы да непазнавальнасці. Яго можна зразумець: многія вершы і апавяданні, напісаныя ім у тую эпоху, у пазнейшыя часы цалкам цягнулі на абвінаваўчую частку прысуду суровага пралетарскага суда або сумна вядомай «тройкі».

Падпарадкоўваючыся інстынкту сапраўднага сатырыка, Крапіва яшчэ ў маладнякоўскі перыяд часта выходзіў далёка за рамкі дазволенага ў тую пару. Напрыклад, у вершы «Пралетарый і буржуй. Блытаніца паняццяў» буржуй — гэта змардаваны селянін у даматканай світцы, з чорнымі мазольнымі рукамі: ён — уласнік, у яго ёсць лапік поля, хата з крывой саламянай страхой, конь, карова, пара свіней і жонка з паўтузінам дзяцей у дадатак. А пралетар — укормлены гарадскі чыноўнік у пінжачнай пары, з залатым гадзіннікам-­цыбулінай і самазадаволенай мордай — у яго, бачыце, нічога няма ва ўласнасці, толькі сціплая зарплата дзяржслужачага.

З дэлегатамі «Маладняка». 1925 год.

З дэлегатамі «Маладняка». 1925 год.

Архіўныя матэрыялы, з якіх можна было б меркаваць пра літаратурны рынак Беларусі першай траціны XX стагоддзя, чытацкія перавагі, пісьменніцкія поспехі і папулярныя кнігі, сведчаць пра аглушальную тагачасную папулярнасць тоненькіх паэтычных зборнікаў Кандрата Крапівы. Для паэзіі гэта наогул рэдкасць, а для сялянскай, а гэта значыць скупавата-прыжымістай, тагачаснай Беларусі — феномен. Многія кароткія эпіграмы і вершы сатырыка, той жа «Балет», сталі своеасаблівай народнай паэзіяй і яшчэ ў 1980-­я пераказваліся бабулямі і дзядулямі ўнукам — і на вёсцы, і ў горадзе. 

Балет
Першы раз, як жыў на свеце,
Быў я ўчора на балеце,
Дык няхай яго з балетам!
Нежывога разбярэ там:
Як пакажа штукі ўсе,
Дык аж трасца затрасе.
Сеў я гэта й жду балета.
Тут як выскачыць кабета,
А на ёй дык (вось фасон!)
Не спадніца — парасон,
Ногі голыя і рукі
I — давай паказваць штукі:
Як павернецца бачком,
Як закруціцца ваўчком, —
Без касцей кабета, здэцца,
Як нагнецца ды мігнецца,
Ды пакажа сцегнякі, —
Аж вар’ююцца дзядзькі.
Цётка ж добрая не скупа:
Як заголіцца да пупа,
Як падыме йшчэ нагу,
Дык сказаць я не магу,
Што тут робіцца з дзядзькамі:
Плешчуць, ляскаюць рукамі,
Лямантуюць — «брава»! «біс»! —
Нібы іх кусае гіз.
А кабета — ножку вышай
І ў паветры кола піша
Так прынадна над партнёрам,
Аж… глядзець нек стала сорам.
Тут сусед мой — дзядзька гладкі —
Годзе ўжо даваць у ладкі,—
Ў захапленні выгнуў спіну
І, пусціўшы з рота сліну,
Небарака аж зароў,
Як бугай той да кароў.
Але тая маладзіцца,
Як стрыгунка-жарабіца,
Падбрыкнула ды бягом.
Ёй жа сыплюцца ўздагон
«Біс», і воплескі, і «брава», —
Не на жарты ўсіх забрала.

«Камуфляжная» стратэгія

Крапіва даволі хутка развітаецца з «Маладняком» і стане адным з заснавальнікаў «элітнага» «Узвышша». Кароткае пяцігадовае знаходжанне ў ім стане, напэўна, самым шчаслівым і плённым перыядам у яго пісьменніцкім жыцці. У гэты час з яго творчасці сыдзе траскучая агітацыйнасць, а аб’ектам яго бліскучай сатыры робіцца ўжо не толькі вёска з яе мужыком.

Менавіта ва «Узвышшы» Кандрат Крапіва засяродзіцца ў паэзіі на байцы, а ў прозе — на сатырычным апавяданні. Менавіта ў гэтых жанрах напоўніцу праявілася дамінантная рыса ягонай творчасці — глядзець на жыццё і на падзеі з пазіцыі мужыка, сялянскага свету, светапогляду і філасофіі. Гэта было не зусім сучасна з пазіцый нават галоўных ідэолагаў «Узвышша», Уладзіміра Дубоўкі і Адама Бабарэкі. Але вясковы свет у часы «Узвышша» складаў 85% насельніцтва Беларусі, а наперадзе маячыў недалёкі ўжо «вялікі пералом», які назаўжды зламаў хрыбет вясковай Беларусі.

Першая літаратурная спроба была па-руску, яшчэ пры цару — даслаў вершы ў часопіс «Жизнь для всех» — адтуль адказалі, што творы не маюць мастацкай вартасці. Пасля гэтага Крапіва 8 год не пісаў. Здаўшы экстэрнам іспыт на народнага настаўніка, год працаваў у вёсцы Мнішаны пад Пяршаямі.

Узвышанскія апавяданні Крапівы бліскучыя, але амаль невядомыя шырокаму чытачу. Многія з іх («Кляса», «Падарожнае», «Вось тут і пішы») так і не выйшлі за рамкі часопіснай публікацыі, а многія пасля былі пераробленыя да непазнавальнасці («Хвост», «Ідэі»). Але нават тыя, што ў больш ці менш першапачатковым выглядзе ўвайшлі ў ягоны збор твораў, даюць уяўленне пра іх арыгінальнасць і літаратурны ўзровень («Людзі­-суседзі», «Мой сусед», «Певень»). У гэтых апавяданнях Кандрат Крапіва прымудраецца ствараць «выяву ў выяве», рабіць падтэкст роўным самому тэксту, усяляк адасабляючыся, як аўтар, ад аб’екта і суб’екта апавядання.

Пісьменнік, па сутнасці, стварае тую «камуфляжную» стратэгію, якая дазволіла яму пазней вывесці на тэатральныя падмосткі п’есы, неймаверныя з пункту гледжання савецкай ідэалагічнай машыны, і заплаціць за гэта меншую цану, чым многія яго таварышы па «Узвышшы».

«Маладняк» і «Узвышша» — літаратурныя аб’яднанні, якія існавалі ў БССР у 1920-я гады.
«Маладняк» узнік у лістападзе 1923 года як гурток маладых паэтаў пры аднайменным часопісе. Ставіў сабе за афіцыйную мэту «ідэі матэрыялізму, марксізму і ленінізму ажыццявіць у беларускай мастацкай творчасці». Часта маладнякоўцы супрацьпастаўляліся старэйшаму пакаленню літаратараў, знаходзіліся ў пошуках новых формаў творчасці, нярэдка перабіраючы ў гэтым меру.
«Узвышша» вылучылася з «Маладняка» ў траўні 1926 года, яго заснавальнікі пастулявалі ў сваёй дзейнасці paзвiццё тpaдыцый нaцыянaльнaгa aдpaджэння i твopчae выкapыcтaннe нaвaцый cycвeтнaй мacтaцкaй кyльтypы.

Хрэстаматыйны прыклад — апавяданне «Вось тут і пішы», адзін з самых выдатных твораў малой прозы 1920­-х гадоў. Крапіве ўдаецца «ўпіхнуць» у невялікі і вельмі яркі аповед пра адносіны ўздзенскага канакрада Янкі і скупшчыка крадзенага Янкеля шматпланавую і вельмі актуальную ва ўсе часы тэму: пра што пісаць, як пісаць, для каго пісаць. І, нарэшце, пасля высвятлення гэтых вечных праблем літаратуры, — як не патрапіць у жорны савецкай ідэалагічнай машыны, з якой жарты дрэнныя…

Недапісаны раман «Мядзведзічы» стаў апошнім значным празаічным творам Крапівы, пасля публікацыі якога і наступнай халоднай ацэнкі крытыкі ён, па яго ўласных словах, назаўжды пакінуў прозу і сышоў у драматургію, дзе справы яго пайшлі нашмат больш паспяхова. «Мядзведзічы» — раман-­хроніка, у якім, нягледзячы на досыць сціплы аб’ём, аўтару ўдалося змясціць пятнаццаць гадоў жыцця вёскі Мядзведзічы і спыніцца (не завяршыўшы твор) перад самай калектывізацыяй. Многія лічылі гэты раман, разам з «Вязьмом» Міхася Зарэцкага і «Лявонам Бушмаром» Кузьмы Чорнага, перадгісторыяй «Палескай хронікі» Івана Мележа. 

З жонкай, дачкой, сынам, нявесткай.

З жонкай, дачкой, сынам, нявесткай.

Унікальныя п’есы

Чатырма сваімі п’есамі («Канец дружбы», «Хто смяецца апошнім», «Мілы чалавек» і «Брама неўміручасці») Крапіва, як мне здаецца, уваходзіць у класічны пантэон беларускай драматургіі.

Кожная з гэтых чатырох п’ес унікальная: «Канец дружбы» — уменнем, максімальна адхіліўшыся ад таго, што адбываецца на сцэне, вывесці абсалютна праўдзівыя характары і калізіі суровай эпохі калектывізацыі ў максімальна рэалістычным і цвёрдым варыянце (і гэта — у 1933 годзе!). Вядома, у тую эпоху дубаваты і кар’ерыстычны Карнейчык быў абвешчаны героем свайго часу, а сумленны і кампетэнтны Лютынскі — «паслугачом буржуазіі», ну але што ж…

Рабочы стол Крапівы ў музеі Узды. «ЗВЯЗДА», ФОТА ЯЎГЕНА ПЯСЕЦКАГА

Рабочы стол Крапівы ў музеі Узды. «ЗВЯЗДА», ФОТА ЯЎГЕНА ПЯСЕЦКАГА

«Хто смяецца апошнім» — самая хрэстаматыйная з крапівоўскіх п’ес. Ніхто з беларускіх пісьменнікаў не адважыўся ў 1939 годзе напісаць п’есу, у якой штуршком да дзеяння з’яўляецца памылковы заход у Інстытут геалогіі маладзенькага лейтэнанта ў форме НКВД, у які дырэктарам, прайшоўшы скрозь сіта партыйных інстанцый, прызначаны абсалютны невук і няздара, але гэта няважна, абы партыйны ды ідэйны быў…

Ужо згаданы «Мілы чалавек» бязлітасна распісаў савецкую бюракратычную сістэму і трапіў пад забарону, адышоў у нябыт, як і «Жартаўлівы Пісарэвіч» Максіма Гарэцкага, — для абедзвюх гэтых п’ес беларуская сцэна засталася закрытай дагэтуль.

І, нарэшце, «Брама неўміручасці», напісаная Крапівой на сконе восьмага дзясятка гадоў, у якой ён бязлітасна, са сваіх «узвышанскіх» пазіцый паказаў вынік 60-­гадовага будаўніцтва сацыялізму і выхавання «новага чалавека».

Хто толькі не прабіваўся да доктара Дабрыяна па неўміручасць: і міністры, «націскаючы» на тэлефоннае права, і грамадзяне ды грамадзянкі ўсіх масцяў і прафесій.

І толькі адна вясковая бабка прыйшла прасіць неўміручасці для сваёй дарагой кароўкі… Вобраз сціплай вясковай бабулі, якая вымольвала неўміручасць для сваёй гадаванкі — апошняя даніна павагі драматурга і сваёй пажыццёвай літаратурнай праграме, і той калісьці шматлюднай і жывой вёсцы, якой ужо не было.

«Хто смяецца апошнім»: Крапіва схапіў нерв
«Гледачы змаглі ўбачыць і пачуць: беспадстаўна нікога ў СССР не арыштоўваюць. Нават Гарлахвацкі застаўся на волі. Чэсны чалавек (як Чарнавус, як Туляга) заўсёды мае магчымасць даказаць, што ён ні ў чым не вінаваты… Адным словам, дзе-нідзе сапраўды мелі месца некаторыя перагібы. Але іх ужо выкрылі партыя бальшавікоў і асабіста таварыш Сталін. Таму чэсным савецкім грамадзянам, шчыра адданым справе камуністычнага будаўніцтва, няма чаго хвалявацца. Спіце спакойна, ноччу за вамі ніхто не прыйдзе.
Крапіва ўдала схапіў галоўны нерв, што мучыў тагачаснае грамадства. І, як мог, суцешыў яго. …Стварыў казку, якую падобна дзецям чакалі людзі «ўнізе» і якую палічылі вельмі карыснай «уверсе». — Кінарэжысёр Уладзімір Арлоў

«Застаўся б у вёсцы — быў бы Лявон Бушмар»

У далёкім ужо 1987 годзе я напрасіўся на кароткае інтэрв’ю з Кандратам Крапівой, якое перарасло ў пяцігадзінную гутарку, па­ -свойму цікавую для абодвух яе ўдзельнікаў.

Да Крапівы мяне завёў бацька: без добрай рэкамендацыі я б да яго дабіраўся доўга і цяжка, і яшчэ не факт, што дабраўся б. «Вось вам мой хлопец, Кандрат Кандратавіч», — коратка адрэкамендаваў ён мяне.

Тады, у самым пачатку гарбачоўскай перабудовы, калі вецер будучых глабальных перамен ледзь улоўна адчуваўся, а на літаратурным Алімпе было хоць гаць гаці забранзавелых літаратурных бонзаў, у размове са мной Крапіва чымсьці быў падобны да разумнага, але вечна насцярожанага звера. Хоць якая ад мяне, аспіранта, які рабіў тады першыя крокі на абранай дарозе, магла зыходзіць хоць крыху сур’ёзная экзістэнцыйная пагроза для яго, вядомага і прызнанага пісьменніка?

Злева направа: Максім Танк, Кандрат Крапіва, Аркадзь Куляшоў, Міхась Лынькоў. 1944 год.

Злева направа: Максім Танк, Кандрат Крапіва, Аркадзь Куляшоў, Міхась Лынькоў. 1944 год.

Крапіва адтайваў доўга і павольна, недаверліва і насцярожана слухаючы мае пытанні, прыдзірліва аглядаючы мяне светла­блакітнымі вачыма. Я толькі праз гады зразумеў: гэта была горкім жыццёвым досведам напрацаваная пазіцыя — бачыць у новым чалавеку патэнцыйнага правакатара і стукача, нягледзячы на любыя рэкамендацыі. Як жартаўліва сфармуляваў гэта прынцып Янка Маўр, «калі я бачу новага чалавека, я адразу ж вырашаю, што ён гад і нягоднік, а калі я памыляюся, то мне ж яшчэ і лепш».

Дзесьці на другой гадзіне гутаркі ён, злёгку ўсміхнуўшыся, дазволіў мне ўключыць партатыўны магнітафон — матэрыялу было шмат, шкада было губляць. Гадзіне на чацвёртай мы разгаварыліся пра актуальную сітуацыю ў літаратуры, у канцы размовы ён папрасіў мяне не друкаваць гэтае інтэрв’ю да яго смерці, яно ў мяне па гэты дзень так і неапублікаванае.

Ацэньваючы сябе на любым адрэзку сваёй біяграфіі, ён быў злёгку самаіранічны, прагматычны і вельмі канкрэтны ў адказах на мае пытанні. І нідзе ні разу не праслізнула заступніцкая нотка, ні разу ён не дазволіў сабе пагардлівага погляду, не пасмяяўся з маёй тагачаснай наіўнасці. Ён казаў пра літаратурную сутнасць з’яў, пра няпростыя і заблытаныя працэсы ў ёй, пра трагічныя лёсы сваёй пісьменніцкай генерацыі, пра свае і чужыя творы, — але з цвярозай ацэнкай падзей, адчуваннем адноснасці любога літаратурнага поспеху і аналізам той ці іншай няўдачы (напрыклад, уласнай, не занадта ўдалай ролі раманіста), пра сучасную літаратуру і параўнанне яе з той, у якой прайшла яго бурная літаратурная маладосць.

Прапраўнук Глеб у Нізку, на гэтым месцы стаяла хата бацькоў Крапівы. «ЗВЯЗДА», ФОТА ЯЎГЕНА ПЯСЕЦКАГА

Прапраўнук Глеб у Нізку, на гэтым месцы стаяла хата бацькоў Крапівы. «ЗВЯЗДА», ФОТА ЯЎГЕНА ПЯСЕЦКАГА

Памятаю, што я быў вельмі ўражаны такой пазіцыяй, і яшчэ больш высока ацаніў яе ў наступныя дзесяцігоддзі — і ў мемуарах, і тым больш у закрытых гутарках гэты адчужаны і цвярозы, крыху самаіранічны погляд на сябе з боку досыць рэдкі.

На развітанне ён засмяяўся і сказаў: «Дысертацыю ты напішаш. Жанаты? Не? Ну, то падумай пра гэта. Жонка — гэта ў жыцці не менш, чым дысертацыя».

Жывы і вясёлы, рухавы, толькі крыху глухаваты, ён зусім прабіў мяне сваёй энергіяй, шустрасцю і выдатным пачуццем гумару. На дзясятым дзясятку жыцця. «Застаўся б у вёсцы — быў бы Лявон Бушмар», — падумаў я.

Клас
53
Панылы сорам
1
Ха-ха
6
Ого
7
Сумна
7
Абуральна
15

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?