Грамадства4646

«Гэта крывавае манга»: рэпартаж з Курапатаў, дзе актывісты не даюць адкрыцца кабаку

З курапацкага ўзгорачка на рэстаран «Паедзем, паядзім» адкрываецца выдатны від. Пакуль там ціха, але хутка чакаюцца «святы, вяселлі, карпаратывы». Нібыта ўсё і па законе. Але, шчыра кажучы, глядзець з могілак на п’яныя гулянні — так сабе задавальненне.

«Дмітрій» нясе тыя самыя манга.

І цікавяць нават не таямнічыя ўласнікі гэтай установы. А тыя людзі, якія будуць сюды прыязджаць весяліцца. Відавочна, што не на выпадковых людзей, якія прагаладаліся на кальцавой, разлічаны рэстаран, а на больш арганізаваных кліентаў. Хто яны? Жыхары блізкага цнянскага катэджнага пасёлка? Няўжо, праўда, адчуеце кайф, калі вашыя дзеці будуць скакаць на батутах, гледзячы на крыжы?

Хаця чаму здзіўляцца, людзі розныя. У маім родным Барысаве мясцовыя ўмудраюцца смажыць шашлыкі на габрэйскіх могілках. Здаецца, гэта нікога не тое што не абурае, а нават не здзіўляе.

Само «Паедзем, паядзім» знаходзіцца за высокім плотам, каб ніхто не бачыў, што робіцца ўнутры. Ля брамы ўстановы стаяць дванаццаць чалавек. Іх мала, але яны ўжо ад 1 чэрвеня не даюць адкрыцца ядальні.

Кіруе працэсам Павел Севярынец. У чорным касцюме і белай кашулі. «Спазніліся, — кажа ён, працягваючы руку. — А так бы і вас палілі вадой». На асфальце было напісана «Не кабак, а музей». Літаральна за пару хвілін да прыходу на месца гэты надпіс змылі.

Фота Волі Афіцэравай.

З варот установы раз-пораз выглядае спартыўны мужчына з прычоскай-вожыкам і бычынай шыяй. У яго вісіць бэдж «Дмітрій». Ён з выгляду спакойны як удаў. Яму крычаць: «Колькі вам плацяць?» Дзмітрый не адказвае ні слова. Вочы хавае за сонечнымі акулярамі. У двары ходзіць яшчэ некалькі чалавек, але да пратэстоўцаў выходзіць толькі Дзіма.

Сярод пратэстоўцаў рэжысёр Вольга Мікалайчык, Ніна Багінская са сцягам, таксіст Леанід Кулакоў. Тут Зміцер Дашкевіч (ён гэтым разам трымаецца ў цені), Аляксей Янукевіч, Эдуард Пальчыс. Лідарка «Моладзі БНФ» Ганна Смілевіч у акружэнні двух хлопцаў з яе арганізацыі. Хлопцы не спускаюць з Ганны погляду ні на хвіліну. Крычаць: «Мы народ, Лука — слуга».

Фота Волі Афіцэравай.

Пад’язджае аўтамабіль — «Лексус». Прыехаў пастаўшчык, на заднім сядзенні ў яго некалькі скрыняў з памідорамі. Праехаць яму не даюць. Мужчына ўражаны такой цікавасцю да сябе. Завуць яго Максім, сваю фірму ён, вядома, не называе. Але паразмаўляць з пратэстоўцамі не супраць. Нават па-беларуску трошку ўмее. На ім таксама сонечныя акуляры, тоўсты залаты ланцужок, рваныя белыя джынсы.

Фота Волі Афіцэравай.

Наталля Гарачка крычыць яму: «Вы — здраднік беларускага народу». Максім паціскае плячыма і кажа, што так не лічыць. Маўляў, я толькі пастаўляю сюды садавіну і гародніну. Праз нейкі час прыязджае «Рэно» з баклажанамі, гісторыя паўтараецца. Толькі шафёрка «Рэно» размаўляць ні з кім не хоча.

Падыходзілі даішнікі, яны ўжо ведаюць Севярынца па імені па бацьку: «Павел Канстанцінавіч, давайце паразмаўляем». Даішнікі просяць сысці ўсіх з праезнай часткі, людзі сыходзяць на хвілінку, даішнікі з’язджаюць. Севярынец хваліць хлопцаў за сумленную працу. Міліцыі сёння няма зусім.

Фота Волі Афіцэравай.

Урэшце «Дмітрій» падыходзіць да машыны Максіма і забірае невялічкую скрыначку з пяццю манга. «Гэта крывавае манга», — крычаць пратэстоўцы. Праз нейкі час Максім ідзе на тэрыторыю кабака ды забірае тыя манга. І яго ўжо гатовыя запісаць у героі, але праз імгненне нясе туды цыбулю і ўкроп. Нейкая дзіўная ракіроўка, якую ніхто не зразумеў.

Становіцца ясным, што адкрываць «Паедзем, паядзім» ніхто ў гэты дзень не збіраецца. Яшчэ адзін дзень адстаялі. Як будзе далей, ніхто не ведае. Севярынец кліча збірацца штодня.

У саміх Курапатах ціха і спакойна. Гэтымі днямі нават няма парачак міліцыянтаў, якія гуляюць між соснаў, як было 1 чэрвеня. З гушчы вылазіць толькі Алесь Чахольскі, у будаўнічай касцы і трымерам для касьбы. Сябра КХП-БНФ стаў своеасаблівым дамавіком-апекуном Курапатаў.

«Трава высокая вырасла, вось хаджу абкошкваю. Не адкрылі там нічога?» — пытаецца ён.

«Не адкрылі».

«Ну то добра, а то я думаў пазней падысці з касой. Во было б відовішча — Чахольскі з касой».

Пытаюся пра грошы, якія перавёў для Курапат Юрый Зісер. «Паставім помнік габрэйскаму паэту Ізі Харыку на гэтыя сродкі», — адказвае ён.

Заўважаў, што шмат крыжоў састарэлі. «А ў гэтым і ёсць народнасць мемарыялу, што адны парахнеюць, а на іх месцы паўстаюць новыя», — кажа Чахольскі.

Каментары46

Рэстаўрацыі ў Беларусі засталося на тры дні. Галоўнаму прадпрыемству краіны фактычна падпісалі смяротны прысуд

Рэстаўрацыі ў Беларусі засталося на тры дні. Галоўнаму прадпрыемству краіны фактычна падпісалі смяротны прысуд

Усе навіны →
Усе навіны

Украінцы выбілі расіян ад Купянска5

ГУБАЗіК паправіў пракуратуру18

«Відаць, я добра шыфравалася, што за мной прыйшлі толькі ў 2023 годзе». Мінчанка расказала пра арышт і ўцёкі2

Кур'ер пераканаў 87-гадовую мінчанку не перадаваць грошы на «лячэнне сваячкі»1

У Маскве нацыяналізавалі нерухомасць алігарха з беларускімі каранямі Аляксея Хоціна

Прапагандысты выпадкова паведамілі, колькі плацяць за стварэнне крынджовых стыкераў да Дня народнага адзінства5

Апублікавала рылз пра Караткевіча і выйшла замуж праз восем месяцаў. Гісторыя кахання двух беларусаў3

У ЗША спынілі крымінальны пераслед Трампа па справе штурму Капітолія2

Беларускую спявачку Руслану Панчышыну прызналі ў Іспаніі адкрыццём года2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Рэстаўрацыі ў Беларусі засталося на тры дні. Галоўнаму прадпрыемству краіны фактычна падпісалі смяротны прысуд

Рэстаўрацыі ў Беларусі засталося на тры дні. Галоўнаму прадпрыемству краіны фактычна падпісалі смяротны прысуд

Галоўнае
Усе навіны →