Пратэстоўцы ўвайшлі ў Ісламабад, дзе цяпер з візітам Лукашэнка. Пачаліся беспарадкі і страляніна
Велізарныя калоны пратэстоўцаў, якія ўчора акружылі сталіцу Пакістана, увайшлі ў горад і ўжо знаходзяцца каля ўрадавага квартала, дзе цяпер знаходзіцца Аляксандр Лукашэнка разам з вялікай дэлегацыяй беларускіх чыноўнікаў. Паводле мясцовых медыя, у горад была ўведзена армія, а сілавікі пачалі страляць па пратэстоўцах баявымі кулямі. Ёсць загінулыя.
Як паведамляюць тэлеканал Al Jazeera і адно з найбуйнейшых англамоўных выданняў Пакістана The News International, шматтысячныя калоны антыўрадавых пратэстоўцаў увайшлі ў Ісламабад і ўжо знаходзяцца каля чырвонай зоны горада (урадавы квартал). У пакістанскай сталіцы цяпер ідуць баі з сілавікамі, якія пачалі прымяняць баявую зброю супраць пратэстоўцаў.
Улады задзейнічалі 245 артыкул Канстытуцыі (які дазваляе задзейнічаць армію для «падтрымання грамадскага парадку» і абароны «ад знешняй агрэсіі, і пагрозы вайны»), і ўвялі ва ўрадавы квартал армейскія кантынгенты.
Паводле мясцовых СМІ, загінулі як мінімум тры пратэстоўцы і яшчэ некалькі дзясяткаў параненыя. З боку сілавікоў загінуў адзін афіцэр і яшчэ звыш сотні параненыя.
قافلے کے ایک حصے کے مناظر @MAyaz804 VC:#پہلے_رہائی_پھر_مذاکرات pic.twitter.com/iSv9LcTIF4
У горадзе ў дадзены момант знаходзіцца Аляксандр Лукашэнка. Паводле ягонай прэс-службы, палітык ладзіць сустрэчы ў афіцыйнай рэзідэнцыі пакістанскага прэм'ер-міністра Шахбаза Шарыфа, якая размяшчаецца ў чырвонай зоне Ісламабада, куды рухаюцца калоны пратэстоўцаў.
Нагадаем, што сталіца Пакістана Ісламабад, куды ўчора прыляцеў Лукашэнка з трохдзённым візітам (а разам з ім і вялікая дэлегацыя беларускіх чыноўнікаў і прамыслоўцаў — агулам 80 чалавек), цяпер нагадвае ізаляваную крэпасць — горад закрыты на заезд і выезд, перакрытыя ўсе галоўныя аўтамагістралі, а таксама дарогі да міжнароднага аэрапорта Ісламабада.
Для аховы горада мабілізаваныя як мінімум 34 тысячы сілавікоў і вайскоўцаў, а грамадскі транспарт і школы не працуюць, інтэрнэт часткова заблакаваны, паведамлялі ўчора выданне Pakistan Today і іншыя мясцовыя і сусветныя медыя.
Агульная колькасць пратэстоўцаў вар'іруецца ад некалькіх дзясяткаў да некалькіх сотняў тысяч чалавек (у той жа час пакістанскія ўлады сцвярджаюць, што пратэстоўцаў усяго крыху больш за 10 тысяч).
Нагадаем, што сотні тысяч прыхільнікаў былога прэм'ер-міністра Пакістана Імрана Хана, які цяпер знаходзіцца ў турме, па ягоным закліку распачалі днём у нядзелю агульнанацыянальны марш апазіцыі на пакістанскую сталіцу Ісламабад з усіх куткоў краіны, патрабуючы вызвалення іх лідара і адстаўкі ўрада.
Апазіцыйнае шэсце сустрэла жорсткую рэакцыю з боку пакістанскіх уладаў, якія мабілізавалі паліцэйскіх і вайскоўцаў, адключылі мабільны інтэрнэт у зонах шэсця пратэстоўцаў, а таксама заблакавалі сталіцу з усіх бакоў, перакрыўшы ключавыя дарогі на ўездзе ў горад транспартнымі кантэйнерамі.
Па звестках індыйскага тэлеканала News18, улады Пакістана правялі маштабныя арышты сярод членаў і актывістаў буйной апазіцыйнай Партыі справядлівасці (PTI), якой кіруе Імран Хан. На гэты момант вядома пра затрыманне як мінімум 4 тысяч пратэстоўцаў па ўсёй краіне (сярод арыштаваных ёсць і парламентарыі). Аднак да маршу працягваюць далучацца людзі з рэгіёнаў, і ён працягвае ісці на сталіцу.
Партыя справядлівасці (PTI) па выніках парламенцкіх выбараў у лютым 2024 года набрала найбольшую колькасць месцаў (92) у Нацыянальнай асамблеі Пакістана (ніжняя палата парламента) праз падтрымку незалежных кандыдатаў, бо самой партыі быў забаронены ўдзел у выбарах уладамі Пакістана. Паводле апошніх сацыялагічных апытанняў, PTI падтрымліваюць 35% насельніцтва (каля 85 мільёнаў чалавек), а сама партыя мае адносна сяброўскія зносіны з краінамі Захаду.
Каментары
І нікога не выпускаць!