Удзельнікам ДТЗ на Арлоўскай са смяротным канцом быў уласнік «Дарыды» Уладзімір Дзялендзік
У нядзелю 16 снежня на скрыжаванні вуліц Арлоўскай і Нававіленскай у Мінску здарылася жахлівая аварыя з удзелам «Фальксвагена» і «Ягуара». У выніку загінула 69-гадовая пасажырка «Фальксвагена», а яе дачка, якая была за рулём, трапіла ў бальніцу.
![](http://nashaniva.com/img/w732d4webp1/photos/z_2018_12/000024_1544949262_329539_big-5cn3c.jpg.webp)
Відавочцы тлумачылі, што для аўтамабіляў, якія стаялі ля скрыжавання Нававіленскай, загарэлася зялёная стрэлка для павароту направа на Арлоўскую. Адна з машын так і паехала, а «Ягуар», які знаходзіўся за ёй, рушыў проста на чырвонае.
«Наша Ніва» высветліла, што за стырном «Ягуара» быў вядомы бізнэсовец, уласнік «Дарыды» Уладзімір Дзялендзік.
![](http://nashaniva.com/img/w732d4webp1/photos/z_2018_12/dzialendzik-sqtxi.jpg.webp)
«Так, гэта быў я. Справа выпадку, — расказвае бізнэсмен. —
Машына пайшла наперадзе, і я пайшоў за ёй следам. Машына рухалася з хуткасцю, можа, кіламетраў 20, больш не набраў. І тут удар, машыны развярнула. Усё, больш нічога не ведаю.
Цяпер мая мэта — гэта дапамагчы сям’і пацярпелай, каб усё было па-людску. Такая мая задача перад Богам найперш. Ад адказнасці я не сыходжу. Вінаваты, значыць, вінаваты. Самае дарагое — гэта чалавечае жыццё, а не метал… Я не ведаю, ці я вінаваты, ці не вінаваты, хай разбіраюцца органы. Я з сябе адказнасці не здымаю.
Калі б нават я меў рацыю, то ўсё адно я вінаваты, бо павінен быў прадухіліць здарэнне. У любым выпадку я вінаваты, у любым выпадку я павінен быў зрабіць усё, каб чалавека не забіць».
Дзялендзік кажа, што не пацярпеў.
«Толькі маральна, Бог уратаваў. Калі б я выехаў на цэнтр [дарогі], то з трох чалавек не было б нікога жывога, куча металу толькі б была. Маю машыну немагчыма аднавіць. Я цяпер падазраваны па гэтай справе. Калі вынесуць абвінавачанне, то буду абвінавачаны. Пакуль не.
Максімум намаганняў цяпер накіроўваю на тое, каб аказаць падтрымку сям’і. У мяне было дзве размовы з дачкой загінулай. Я сказаў, што куплю машыну новую і пахаванне арганізую, і дапамогу. Я ў следчага падпісаў дакумент, што ў выпадку маёй вінаватасці буду кампенсоўваць усё. Не дай Бог нікому быць на гэтым месцы», — расказаў «Нашай Ніве» Уладзімір Дзялендзік.
66-гадовы Дзялендзік займае 143-е месца ў рэйтынгу «Ежедневніка» самых уплывовых бізнэсоўцаў краіны. Бізнэс пабудаваў на вырабе безалкагольных напояў на заводзе ў Ждановічах. Цяпер, па ягоных уласных словах, з’яўляецца «кансультантам-пенсіянерам». Быў двойчы дэпутатам Палаты прадстаўнікоў (2000—2008), утрымліваў футбольны клуб «Дарыда».
Каментары