Культура1010

«Сведкі вечнасці»: загадкавая Мадонна ў чорным і яшчэ 30 шэдэўраў з усёй Беларусі ШМАТ ФОТА

Выстава старых ікон, абраных з вялікай душой і любоўю, адкрылася ў мінскім Траецкім прадмесці, у Музеі гісторыі беларускай літаратуры. Гэта сумесны праект з Музеем старажытнабеларускай культуры Акадэміі навук. Выстава называецца «Сведкі вечнасці».

Музей выставіў стэлаж старажытных рэлігійных кніг са сваіх фондаў. Самая старая — віленская Трыёдзь посная 1609 года. Вялікае Княства тады рыхтавалася да паходу на Маскву, і выдавецкі дом Мамонічаў выпусціў тыраж гэтай богаслужэбнай кнігі спецыяльна для распаўсюджання ў Расіі. Таму кніга аздоблена сціпла, без анёлаў і хімер, у стылі тагачасных маскоўскіх выданняў — каб не шакаваць пакупніка.

Але аснова выставы — старыя іконы з акадэмічнага музея. Прычым, што ні ікона — усё шэдэўр. Музей старажытнабеларускай культуры багаты на шэдэўры, але бачаць іх нямногія — музей знаходзіцца далёка ад цэнтра, ў адным з будынкаў Акадэміі навук (Сурганава 1/2).

Цуд Арханёла Міхаіла з Парахонска на Піншчыне — адна з самых вялікіх і экспрэсіўных на выставе.

У зале больш за 30 ікон, тры з іх — XVII стагоддзя, самая маладая — 1938 года.

Найбольш — з Берасцейшчыны і Паўночнай Беларусі (Глыбокае, Паставы, Докшыцы, Браслаў).

Мадонна з немаўлём з Мастоўскага раёна. XVIII стагоддзе.

На выставе толькі адна ікона з Магілёўшчыны, Маці Божая Балыкінская. Перад вайной Беларускі дзяржаўны музей перадаў яе на выставу ў Маскву, вярнуць не паспелі. Так ікона і збераглася. Арыгінальная святыня — Маці Божая Балыкінская — з XVIII стагоддзя захоўвалася ў Балыкіне (цяпер — сяло ў Бранскай вобласці), цяпер страчана.

Маці Божая Балыкінская з Магілёўшчыны, XVIII стагоддзе. Адзіны на выставе твор, напісаны на дошках, а не на палатне.

Можна пабачыць Іаана Багаслова, у XVIII — XIX стагоддзі намаляванага паверх ўніяцкага епіскапа Іасафата Кунцэвіча. Адсюль характэрная вопратка, поза, антураж.

Тут жа і выявы Аляксандра Неўскага. У некаторых іконах яўна праступае нешта ад сармацкага партрэта.

Іаан Багаслоў з Высокага, Аляксандр Неўскі з Глыбоччыны і Кобрына (унізе). Верхні абраз перадалі ў царкву сяляне вёскі Чарневічы ў гонар адмены прыгоннага права.

Можна ўбачыць унікальныя для Беларусі сюжэты — пахаванне Марыі Егіпецкай і адрачэнне апостала Пятра. Марыю Егіпецкую, святую, якая была блудніцай, раскаялася і 47 гадоў пражыла ў пустыні, у 1779 годзе стварыў брэсцкі майстар Бенедыкт Паўлоўскі. У наш час вядомы яшчэ адзін яго абраз, напісаны ў Кодыні, блізка ад Брэста, але за Бугам, на польскім баку мяжы.

«Адрачэнне апостала Пятра» прывезлі з Лунінца. Мастак намаляваў побач з апосталам пеўніка — нібы працытаваў Хрыста: «Кажу табе, Пётра, не паспее певень тройчы пракрычаць, як ты тройчы адрачэшся ад мяне».

Адрачэнне Святога Пятра, канец XVIII — пачатак ХІХ стагоддзяў. Сімвалічны пеўнік крычыць у левым верхнім кутку.

Большая частка выставы — выявы Божай Маці з Ісусам. Самы стары тут — 400-гадовы спіс цудадзейнай Бялыніцкай іконы. Сама Бялыніцкая ікона прапала ў апошнюю вайну, захаваліся два старажытныя спісы: гэты, з вёскі Тарэйкі пад Нясвіжам, і яшчэ адзін у касцёле вёскі Новая Мыш ля Баранавічаў.

Дзяўчаты разглядаюць старажытную Бялыніцкую Маці Божую. Злева — дыяканскія дзверы з выявай архідыякана Стэфана, вёска Дывын Кобрынскага раёна.

Цудоўная Божая Маці з Ружанаў, спіс аўстрыйскай іконы з горада Пасау. Ікона праславілася ў бітве пад Венай 1683 года. Тады еўрапейская кааліцыя, у яе складзе і Рэч Паспалітая, перамагла Асманскую імперыю. З Пасаўскай [Пасовской] іконы сталі рабіць спісы і ў нас.

Божая Маці Пасаўская з Ружанаў і мілая Мадонна з Докшыц (унізе)

Самай маладой іконе — 80 гадоў, гэта Божая Маці Чанстахоўская з вёскі Пелішча на Камянеччыне.

Божая Маці Чанстахоўская 1938 года. Побач — Маці Божая Пясчаная (спіс кракаўскай іконы) з Глыбокага і Маці Божая Бярдзічаўская з вёскі Субаты Драгічынскага раёна (унізе справа).

Звярніце ўвагу на месяц з чалавечым тварам на іконе Маці Божай Бярдзічаўскай. Магчыма, гэта сімвал Тышкевічаў, якія заснавалі кляштар у Бярдзічаве, — месяц быў на іх гербе, патлумачыла куратар выставы Галіна Флікоп-Світа з Музея старажытнабеларускай культуры.

«Беззаганнае Зачацце» з Браслава, пачатак ХІХ стагоддзя. Божая Маці стаіць на зямным шары, топча змея-спакусніка з яблыкам — сімвал чалавечых грахоў.

Пабачыць шэдэўр у італьянскім стылі — докшыцкую Мадонну з лілеямі і цюльпанамі, загадкавую Мадонну ў чорнай хустцы і 30 іншых шэдэўраў можна да 10 сакавіка (Музей гісторыі беларускай літаратуры ў Траецкім прадмесці, вуліца Багдановіча, 13).

Выстава працуе штодзень, акрамя нядзелі, з 9:30 да 17:30 (каса працуе да 17:00), а па серадах — з 9:30 да 19:00 (каса працуе да 18:30).

Каментары10

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Палітвязень расказаў, як звычайныя крымінальнікі аб’явілі галадоўку, каб палепшыць умовы ўтрымання палітычных3

Палітвязень расказаў, як звычайныя крымінальнікі аб’явілі галадоўку, каб палепшыць умовы ўтрымання палітычных

Усе навіны →
Усе навіны

Джасцін Цімберлэйк расказаў, што мае хваробу Лайма, якую пераносяць кляшчы. Боль ён трываў два гады на сцэне5

Пачалася сустрэча Лукашэнкі і Пуціна4

Як выглядае беспілотнік, які сёння знайшлі ў Літве ФОТА2

Латушка: Круглы стол з Лукашэнкам немагчымы27

У Літве знайшлі беспілотнік, што заляцеў з Беларусі. Вось як ён выглядае2

Пошукава-выратавальныя работы ў Кіеве завершаны: загінуў 31 чалавек, у тым ліку пяцёра дзяцей

«Самае старое» дзіця ў свеце нарадзілася з эмбрыёна, які быў замарожаны 30 гадоў таму3

Стала вядома, колькі беларусаў атрымалі ўкраінскае грамадзянства, а колькі іх выдварылі з краіны5

А вы ведалі, што ў Мінску працуе «Донер Трамп»? Што там прапануюць?2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Палітвязень расказаў, як звычайныя крымінальнікі аб’явілі галадоўку, каб палепшыць умовы ўтрымання палітычных3

Палітвязень расказаў, як звычайныя крымінальнікі аб’явілі галадоўку, каб палепшыць умовы ўтрымання палітычных

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць