Баршчэўскі: Вы сур'ёзна лічыце пакуты ЛГБТ-супольнасці больш суровымі за пакуты Севярынца ў турмах?
Перакладчык, грамадскі дзеяч Лявон Баршчэўскі ўчора заявіў пра свой выхад з Беларускага ПЭН-Цэнтра. Сёння ён даслаў у «Нашу Ніву» сваю заяву з тлумачэннем, чаму ён гэта зрабіў.
«Дарагія калегі!
Усе фармулёўкі па выключэнні Паўла Севярынца са складу нашага ПЭН-Цэнтра як бы й слушныя. Але ў іх знішчаецца асоба выдатнага чалавека, нашага сучасніка: чамусьці не згадваюцца 6 гадоў турмаў і высылак Паўла Севярынца, наяўнасць у яго прэміі Алеся Адамовіча. Нават лукашэнкаўскія суды прызнаюць такую з'яву, як «змякчальныя абставіны».
Няўжо за свае 5—6 эмацыйных і непрадуманых выказванняў Павел Севярынец павінен стаць аб'ектам астракізму?
Цяпер жа хам і «годны ўжывальнік» мовы пецярбургскай шантрапы Яўген Ліпковіч выступае суддзёю Паўла Севярынца. Ну ці ж гэта не абсурд?!
Можа, хто з вас хоць раз завёз гуманітарную дапамогу Паўлу, калі ён сядзеў у Малым Сітне ці Купліне? А мы з маім братам Вадзімам і Змітром Коласам рабілі гэта не раз!
Я сам арыштоўваўся толькі 11 разоў, а пры гэтым не магу асуджаць Севярынца, бо не здзейсьніў ён ані забойстваў, ані іншых ганебных або непрыстойных учынкаў!
І я не магу яго адназначна асуджаць — пагатоў у размове пасля сходу ПЭН-Цэнтра 26 кастрычніка ён у размове са мной прысягаў мне, што ніколі больш не дапусціць непрадуманых заяваў у прэсе.
На пачатку паседжання Рады ПЭНа 29 кастрычніка было заяўлена, што Паўлу Севярынцу на працягу 2-х тыдняў будзе дадзены шанец на абарону ад новых абвінавачванняў. Але гэта выканана не было — ён не атрымаў ніякіх шанцаў на абарону сябе, а адна з сябровак Рады параўнала яго на паседжанні — ні больш ні менш — з курапацкімі катамі!
Рашэнні нквдысцкіх троек некалі прымаліся ўціхую, чалавек не меў ніякай магчымасці абараніць сябе, адстаяць сваю пазыцыю… Вам, спадарства, гэта нічога не нагадвае? Ці вы сур'ёзна пакуты ЛГБТ-супольнасці ў нашай рэальнай Беларусі (я прызнаю гэтую праблему) лічыце больш суровымі за рэальныя пакуты Паўла Севярынца ў турмах на Валадарцы і Акрэсціна, у высылках у Малым Сітне і Купліне?
Ну, адкажыце мне, толькі без выкрунтасаў і эківокаў!
Ваш Лявон Баршчэўскі».
Каментары