Спорт

«Трэнер сказаў, што гэта пытанне ўжо не на ўзроўні Федэрацыі і Мінспорту». Інтэрв'ю Крысціны Ціманоўскай з аэрапорта

Лёгкаатлетка, якую адхілілі ад удзелу ў Алімпіядзе і спрабавалі адправіць у Беларусь, засталася ў Японіі.

Дзмітрый Рута звязаўся з Ціманоўскай і абмеркаваў сітуацыю. Яна распавяла, як яна аказалася ў аэрапорце Токіа, хто ёй сказаў вярнуцца ў Беларусь і чаму баіцца ляцець у Мінск.

— Раскажыце, як, хто і калі вам сказаў пакінуць Токіа.

— Учора [31 ліпеня] да мяне прыйшоў галоўны трэнер нацыянальнай каманды Юрый Маісевіч. Ён прапанаваў мне адмовіцца ад удзелу ў бегу на 200 метраў — сказаць, што ў мяне траўма, зняцца і паляцець дадому. Ён сказаў, што мяне трэба прыбраць з Алімпіяды, што на цяперашні момант мяне хочуць прыбраць толькі з Алімпіяды, але калі я адмоўлюся і выйду на дыстанцыю ў 200 метраў, то мяне будуць прыбіраць са зборнай, пазбаўляць працы і, магчыма, будуць яшчэ нейкія наступствы. Мы з трэнерам яшчэ доўга размаўлялі і ўсё ж прыйшлі да рашэння, што я пабягу, але не буду даваць ніякіх каментароў — маўляў, усё пройдзе спакойна, прабягу 200 метраў і вярнуся дадому. Але сёння [1 жніўня] пасля абеду да мяне ў пакой прыйшоў Артур Шумак, прадстаўнік нашай нацкаманды, і Маісевіч, і яны мне сказалі, што літаральна праз пару гадзін я павінна быць у аэрапорце. Мне трэба хутка збіраць рэчы і выязджаць.

Прыйшоў псіхолаг, які спрабаваў са мной размаўляць. Не памятаю яго прозвішча, бо я старалася асабліва яго не слухаць. Ён мне казаў нейкае трызненне — тыпу ён працаваў з забойцамі, у «Навінках», шмат чаго пабачыў. Не зразумела, навошта мне гэта. Старалася яго не слухаць. Потым ён спрабаваў паставіць сябе на маё месца, а мяне — на яго. Сядаў і рабіў выгляд, што ён — гэта я. І ён граў ролю, быццам я сяджу ў кабінеце міністра спорту і кажу: «Так, я вінаватая, сама ініцыявала гэтую сустрэчу». Навошта ён гэта рабіў, я ўвогуле не зразумела.

Пасля гэтага ў пакой зноў зайшоў Шумак і сказаў, што ў мяне 40 хвілін, каб сабрацца. Я пачала складаць рэчы, да мяне кожныя 10 хвілін падыходзілі і правяралі, ці хутка я збяруся. Я збірала рэчы паўтары гадзіны, старалася максімальна зацягваць час. Перапісвалася з мужам, са сваякамі, мы думалі, што рабіць, куды звяртацца. Прынялі рашэнне, што прыеду ў аэрапорт, а там пайду ў паліцыю. Так у выніку і зрабіла.

— Праўда, што вас суправаджалі людзі спартовага целаскладу?

— Са мной былі два чалавекі: псіхолаг і прадстаўнік НАК (начальнік аддзела міжнародных адносін НАК Васіль Юрчык).

— Як вас везлі? У машыну не запіхвалі?

— Гэтыя людзі ўзялі мае чамаданы, пайшлі на паркоўку, паклалі рэчы ў машыну. Я таксама села — і мы паехалі ў аэрапорт.

— Што там зрабілі ў першую чаргу?

— Мы спачатку доўга не маглі знайсці наш тэрмінал. Калі знайшлі, накіраваліся да стойкі рэгістрацыі. Там было шмат людзей з беларускай каманды, дэлегацыі. Я спытала ў людзей, што рабіць. Яны сказалі, што калі побач ёсць паліцыя, то трэба звяртацца да яе, тады можна не паспець сесці на рэйс. Я так зразумела, што суправаджаючыя планавалі стаяць са мной да канца, пакуль я не атрымаю білет і не пайду на пасадку. Я адразу падышла да паліцыі, і далей ужо пачаліся высвятленні.

— Як тыя, хто вас суправаджаў, адрэагавалі на з'яўленне паліцыі?

— Яны пачалі камусьці тэлефанаваць. Потым селі ў пяці метрах ад мяне і не сыходзілі нікуды, з кімсьці размаўлялі па тэлефоне.

— Прадстаўнікі беларускай дыяспары дапамагалі?

— Так, яны цяпер прыйшлі, але яны знаходзяцца на вуліцы, а я ў аддзяленні паліцыі ў аэрапорце. Зараз вырашаецца пытанне, як і што рабіць далей.

— Вам наогул сказалі, чаму вы павінны пакінуць Токіа?

— Не. Як мне сказаў Маісевіч, гэтае пытанне ўжо не на ўзроўні федэрацыі [лёгкай атлетыкі], не на ўзроўні Міністэрства спорту, а ўзроўнем вышэй. Што мяне трэба прыбраць з Алімпіяды, вярнуць дадому, таму што я перашкаджаю камандзе выступаць. Мяне трэба прыбраць, каб усе супакоіліся і спаборнічалі далей. І гэта нават нягледзячы на тое, што заўтра я павінна была бегчы 200 метраў. Майсевіч казаў яшчэ пра эстафеты — маўляў, калі дзве дзяўчынкі не змаглі прыляцець, чаму тыя, што засталіся, не могуць прыляцець (яны яшчэ не ў Токіа) з-за таго, што я не хачу бегчы. Трэба даць шанец гэтым дзяўчынкам прабегчы. І гэта пры тым, што мае шанцы выступіць на 200 метраў трэнеры забіраюць.

— НАК паведаміў, што зняцце з Алімпіяды звязанае з вашым псіхалагічным станам.

— Ніякія дактары да мяне не прыходзілі, ніхто мяне не абследаваў. У мяне добры псіхалагічны стан, нават нягледзячы на тое, што адбылася такая сітуацыя. Я нармальна трымаюся, у мяне няма ніякіх праблем са здароўем, няма траўмаў, няма пытанняў з псіхікай. Я была гатовая бегчы.

— Некалькі дзён таму вы ў Instagram выклалі відэа, дзе выказаліся з нагоды таго, што вас вырашылі заявіць на эстафету. Гэтыя відэа былі выкліканыя эмоцыямі ці вы запісвалі іх свядома?

— Гэта было зроблена збольшага на эмоцыях, але не буду адмаўляцца ад сваіх слоў. Так, я абураная! Усё ж такі мы прыехалі на Алімпійскія Гульні, і заяўляць нас на дыстанцыю, на якой мы ніколі ў жыцці не выступалі (у эстафету хацелі заявіць таксама бар'ерыстку Эльвіру Герман), — гэта супярэчыць усім правілам. Гэта поўная непавага да спартсменаў, да працы, якія ўкладвалі ўсе гады, рыхтаваліся да сваіх дыстанцый. А тут адбываецца поўны хаос. У той момант, калі даведалася, што магу бегчы эстафету, паспрабавала звязацца з Шумаком. Ён мне не адказаў, проста прачытаў паведамленні. Потым сказаў, што ў яго нібыта дрэнна лавіў тэлефон, таму ён не змог мне адказаць. Маісевіч мне напісаў, што мне ніхто не адказваў, бо яны хацелі зберагчы мяне ад лішняй інфармацыі, каб я лішні раз не нервавалася. Аднак на эмоцыі мяне вывеў іх ігнор. Не сам факт таго, што мяне заявілі на эстафету, а поўны ігнор у мой бок. І тое, што рашэнне было прынятае за маёй спінай, ніхто не параіўся ні са мной, ні з трэнерам і потым нават не паведаміў нічога. Гэта поўная непавага!

— Чаму выдалілі гэтыя відэа?

— Мне пачалі тэлефанаваць з пагрозамі і казаць, каб я выдаліла відэа, калі хачу далей быць у спорце. Спачатку я доўга адмаўлялася выдаляць, але потым зрабіла гэта, каб мне перасталі названьваюць.

— А хто названьваў?

— Старшы трэнер спрынту Яўгенія Валадзько тэлефанавала нават з Мінска, яшчэ нехта. Валадзько казала, што яе выклікалі ў Міністэрства.

— Потым вы зрабілі пост, дзе расставілі ўсе кропкі над і. Гэта ваша рашэнне або вам сказалі апублікаваць такі запіс?

— Не, гэта асабіста маё рашэнне, бо мне пісалі вельмі многія, каментароў у дырэкт я атрымала больш за тысячу. Я проста фізічна не магла ўсім адказаць, таму вырашыла напісаць пост, каб растлумачыць прычыну сваіх эмоцый. Таксама паспрабавала растлумачыць, што калі б да мяне прыйшлі і патлумачылі ўсё па-чалавечаму, то, магчыма, гатовая была б прабегчы, хай ніколі і не бегала гэтую дыстанцыю. За каманду гатовая была пастаяць. Але так як усё вырашылі за маёй спінай, гэта непрымальна не толькі для мяне, а ў прынцыпе для любога спартсмена.

— Вы сказалі, што баіцеся ляцець у Беларусь. Чаму?

— Таму што я баюся, што ў Беларусі мяне, магчыма, могуць пасадзіць у турму. Я не баюся таго, што мяне звольняць ці выганяць з нацыянальнай каманды. Я турбуюся аб сваёй бяспецы. І думаю, што на цяпеашні момант у Беларусі для мяне небяспечна.

— А за што вас могуць пасадзіць, бо вы закон не парушалі?

— У тым і справа, што нічога не зрабіла, але пры гэтым мяне пазбавілі права ўдзельнічаць у бегу на 200 метраў і захацелі адправіць дадому. Таму я нават не ведаю, што вам адказаць.

— Вы хочаце атрымаць палітычны прытулак у Аўстрыі?

— Пакуль мы думаем, куды звярнуцца. Думаю, наступную ноч над гэтым прыйдзецца паразважаць. І ўжо заўтра прымем нейкае рашэнне.

— Хто вам цяпер дапамагае, спрабуе ўрэгуляваць сітуацыю?

— Хлопцы з SOS.BY, Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці падключылі ўсе свае магчымасці.

— Як на сітуацыю адрэагавалі іншыя сябры нацкаманды?

— Думаю, яны проста нічога не ведалі. Калі даведаліся пра эстафету, пра мае сторысы ў Instagram, некаторыя хлопцы мяне падтрымалі. Сказалі, што мяне разумеюць і падтрымліваюць. А з нагоды майго ад'езду ніхто нічога не ведаў, ніякай рэакцыі няма.

— Напэўна, баяцца выказацца.

— Я думаю, так.

— Вы ведаеце, што на тб у Беларусі вас напярэдадні актыўна абмяркоўвалі?

— Так, усё ведаю, мне дасылалі інфармацыю і відэа. Што я магу сказаць? Ужо калі ўбачыла, як пра мяне гавораць па ТБ, што кажа Азаронак і іншыя рэпарцёры, то ў мяне прапала да іх ўсякая павага як да мужчын, бо яны дазваляюць у дачыненні да дзяўчыны непрыемныя словы. Я ж нічога такога не зрабіла, нічога не сказала. Палітыку не чапала. Але атрымала шквал негатыву, у тым ліку ў Instagram, які мне незразумелы.

— Што далей будзеце рабіць?

— Цяпер я ў паліцыі, а далей буду прасіць прытулак. Крок за крокам будзем дзейнічаць. Я планую пакінуць Токіа, але не тым рэйсам, якім мяне хацелі адправіць. Цяпер я пад абаронай паліцыі.

— Як думаеце, да чаго можа прывесці ваша сітуацыя? Бо звароты ў МАК ужо паступілі.

— Калі шчыра, пакуль не ведаю, да чаго можа прывесці. Але вінаватыя ў любым разе павінны быць пакараныя. Вось так вось фарміравалі каманду, аблажаліся з эстафетамі. І людзі павінны панесці пакаранне. Думаю, што гэта, хутчэй за ўсё, віна не Федэрацыі, а нацкаманды па лёгкай атлетыцы.

Каментары

Лукашэнка стаў прадзедам6

Лукашэнка стаў прадзедам

Усе навіны →
Усе навіны

У класных журналах будуць звесткі аб месцы працы бацькоў3

У Тбілісі пратэстоўцаў рассеялі на праспекце Руставелі6

«Будзе здымаць маштабныя праекты з сабой у галоўнай ролі». Што думаюць пра новага міністра культуры Чарнецкага яго калегі?11

Шольц расказаў, што было ў яго таямнічай валізцы6

Беларускай блогерцы адмовіліся прадаваць рэмень «Луі Вітон». Яна абураная40

Беларусам стане складаней ехаць на заробкі ў Літву. Там змяніліся правілы падачы на ДНЖ

Ігара Кулея звольнілі з пасады кіраўніка рэдакцыі навін «Белсата»22

Як мінімум 56 чалавек загінулі падчас цісканіны на футбольным стадыёне ў Гвінеі

Купаўся ў моры, хадзіў у горы і зарабіў 8 тысяч еўра. Беларус расказаў пра сваю сезонную працу ў Харватыі6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Лукашэнка стаў прадзедам6

Лукашэнка стаў прадзедам

Галоўнае
Усе навіны →