Дэпутата Ігара Марзалюка ўключылі ў камісію, якая ацэньвае маёмасную шкоду, якую нанеслі Беларусі нацысты.

Як заявіў Марзалюк, ён

знайшоў «унікальныя нямецкія дакументы — закрытую Дырэктыву Разенберга, якая нідзе не публікавалася. Яна дэталёва распісвае, як знішчаць і анямечваць беларусаў». З дапамогай яе палітык хоча даказаць, што супраць грамадзян Беларусі праводзіўся «мэтанакіраваны генацыд». Марзалюк спадзяецца даказаць гэта ў Міжнародным судзе, што дазволіць патрабаваць кампенсацыю ад Германіі.

У каментары для «Нашай Нівы» беларускі гісторык Ігар Кузняцоў адзначыў, што не ведае пра існаванне такога дакумента.

«Але нават калі ён існуе, то пасля рашэння Нюрнбергскага трыбунала не мае ніякага значэння акрамя ідэалагічнага. [Пра знішчэнне і анямечванне беларусаў] фактычна абвяшчалася ў плане «Ост».

Гаворка пра сакрэтны план Трэцяга рэйха па правядзенні этнічных чыстак на тэрыторыі Усходняй Еўропы і яе нямецкай каланізацыі пасля перамогі над СССР.

Стварэнню Генеральнага плана «Ост» папярэднічалі дырэктывы. 9 мая 1941 года іх праект прадставіў Гітлеру Альфрэд Разенберг — кіраўнік Рэйхсміністэрства акупаваных тэрыторый. Хутчэй за ўсё, Марзалюк кажа пра адзін з гэтых дакументаў.

Сапраўды, у плане «Ост» ішла гаворка пра генацыд беларусаў. Захаваліся «Заўвагі і прапановы па Генеральным плане Ост», якія склаў у 1942-м Эрхард Ветцэль, адзін з супрацоўнікаў Рэйхсміністэрства акупаваных тэрыторый (яны былі прад'яўленыя на Нюрнбергскім працэсе). Пасля азнаямлення з планам Ветцэль пісаў, што

ў адпаведнасці з дакументам 75% беларусаў планавалася высяліць (у тым ліку, у Сібір). Астатніх — знішчыць або анямечыць.

Гэтыя факты нікім не аспрэчваюцца.

Але перасяленне немцаў на тэрыторыі Усходняй Еўропы планавалася праводзіць цягам 30 гадоў пасля сканчэння вайны. Значыцца, перасяленне беларусаў мусіла займаць столькі ж часу.

Сам план «Ост» неаднаразова карэктаваўся і змяняўся.

Гісторыкі пакуль не знайшлі звесткі пра тое, што ў дакуменце падрабязна апісваліся дзеянні па высяленні і анямечванні беларусаў.

Дырэктывы Разенберга толькі папярэднічалі стварэнню гэтага плана. Ці магла існаваць падрабязная праграма знішчэння і анямечвання беларусаў у першапачатковым дакуменце, а потым знікнуць? Ці мог Разенберг распланаваць дзеянні на 30 гадоў? І чаму пра гэтыя факты не ведаюць іншыя гісторыкі, якія займаюцца вывучэннем нацызму?

Таму адкрыццё Марзалюка, які спецыялізуецца на археалогіі, выглядае вельмі сумніўным.

«Гэта падобна да фэйка, — кажа расійскі гісторык Барыс Сакалоў. — Ніякіх спасылак на архівы няма. Я пра такую дырэктыву нічога не чуў. Усё гэта занадта яўна накіравана на спробу атрымаць доказы генацыду беларусаў і атрымаць кампенсацыю ад Германіі,

што супадае з палітыкай пуцінскай Расіі».

«Калі мы дакажам у Міжнародным судзе, што супраць грамадзян нашай краіны быў мэтанакіраваны генацыд, гэта будзе надзвычай важны момант», — кажа Ігар Марзалюк.

Незразумела, які «міжнародны суд» Марзалюк мае на ўвазе ў сваёй заяве. Пагадненне па рэпарацыях паміж Германіяй і СССР, куды ўваходзіла і Беларусь, было дасягнутае яшчэ ў 1945 годзе на Патсдамскай канферэнцыі. 

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?