«Прыйшоў у «Ніву» ў 2008-м — тады было больш за 50 заявак на два месцы»

Андрэй Дынько, рэдактар «Нашай гісторыі»:

«Апошні раз я бачыў Ягора Марціновіча на лесвіцы Следчага камітэта 8 ліпеня. Мяне вялі наверх, а яго — наніз. Я яго бачыў, ён мяне — не, бо глядзеў пад ногі, унурыўшы галаву. «Чего ползешь? Шевелись!» — крычаў на яго канваір. «У мяне галава кружыцца», — адказаў Ягор. Сапраўды, ён з цяжкасцю ступаў — як чалавек з траўмай. Канваіры штосьці яшчэ яму грубае адказалі, я не разабраў па-руску.

Я першы раз бачыў Ягора такім — ён заўсёды быў поўны аптымізму і энергіі, а тут ледзь ішоў.

Пасля, ужо на Акрэсціна, да мяне дойдзе інфармацыя, што Ягора пры затрыманні білі. Надзелі на галаву баксёрскі шлем — шлем Арцёма Гарбацэвіча, які хтосьці жартам надзеў на бюст Івана Луцкевіча, і ён так і застаўся. Такая постмадэрнісцкая камбінацыя спадчыны і сучаснасці, культурнай традыцыі і байцоўскага характару. 

У гэтым збіцці — доля нашай інтэлігенцыі цяпер. Ёсць фільм «Купала», Ягор там зняўся ў эпізадычнай ролі. Калісьці будзе фільм «Марціновіч», і гэты эпізод, як рэдактару нацыянальнага выдання надзяваюць шлем на галаву і б’юць, будзе там цэнтральным.

Марціновіч прыйшоў у «Ніву» ў 2008 годзе. Мы перыядычна ладзім конкурсы вакансій. У тым годзе такі моцны быў набор! Прыйшло больш за 50 заявак на два месцы. 

Ягор Марціновіч ад пачатку бездакорна пісаў. Ягоныя тэксты не патрабавалі ніякай рэдактуры. Ні слова, ні коскі. І ён ад пачатку браўся за складаныя тэмы — найлепшыя расследаванні былі ягоныя. Журналіст ад Бога.

«Спрабую зразумець, калі адбыўся той момант, які ў выніку і прывёў мяне сюды, — жартуе Ягор у адным з пісем з турмы. — Можа, тое суразмоўе ў 2008 годзе? Бо пасля ўсё было так гарманічна, так паступова, фактычна лінейным графікам». 

Я страшна ганаруся, што Ягор у іншым лісце з турмы назваў атмасферу ў тагачаснай «Нашай Ніве» фантастычнай — і па беларускасці, і па свабодзе творчасці, сумленнасці. 

Ягор — прыроджаны лідар. Той выпадак, калі ўсё сышлося. І ўменне пісаць, і здольнасць аналізаваць інфармацыю, і дар да авалодвання новымі тэхналогіямі, і харызма, і жыццялюбства, і рэалізм, і ўменне казаць «не».

Усім стала ясна, што ён найлепшы, што ён павінен узначаліць «Ніву». Мы проста расступіліся перад ім. І як рэдактар і дырэктар ён аказаўся такім жа выдатным, як рэпарцёр. Ён прывёў «Нашу Ніву» на вяршыню прафесіяналізму. Ніколі да яго выданне не было такім запатрабаваным. Але гэтая папулярнасць і стала прычынай удару.

Гэта драма журналістыкі пры дыктатуры. Калі ты найлепшы, па табе будуць біць. І не дай бог ты недастаткова моцны, каб вытрымаць удары».

«Павел Шарамет прапаноўваў яму ўзначаліць сайт «Беларускага партызана»

Святлана Калінкіна, вядомая журналістка і публіцыст:

«Як журналіста заўважыла Ягора адразу, гэта была такая новая сучасная хваля, якая з’явілася ў нашай прасторы. Бо на самай справе журналістыка — з’ява кансерватыўная. А Ягор адразу дадаў маладосці, калі прыйшоў у «Нашу Ніву». І гэта было не толькі маё меркаванне.

Ведаю, напрыклад, што Павел Шарамет прапаноўваў яму ўзначаліць сайт «Беларускага партызана» ў свой час.

Ягор — чалавек вельмі таленавіты, адукаваны, прыгожы і, цяпер можна сказаць, вельмі смелы. Бо, на мой погляд, ён цалкам усведамляў, што можа быць, але ішоў на тое, каб заставацца ў Беларусі, каб рабіць сваю справу, каб заставацца журналістам, нават ведаючы, якія могуць быць наступствы. Таму я зараз хачу Ягору пажадаць толькі аднаго — каб настаў той дзень, калі ён сам сабе, сваім блізкім скажа: «Я цалкам шчаслівы».

Думаю, што тыя словы, якія мы часта паўтараем (яны насамрэч з Бібліі) — сіла ў праўдзе — не здарма жывуць тысячагоддзямі. Гэта гістарычная мудрасць чалавецтва, і Беларусь проста не можа яе абвергнуць».

«Зорка беларускай медыяпрасторы»

Барыс Гарэцкі, намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў:

«Мне вельмі шкада, што Ягор там, а я на волі. Ягор — чалавек, побач з якім можна спакойна «адматаць» любы тэрмін. Але людзі не павінны «сядзець». Тым больш не павінны сядзець людзі, якія наогул да пратэстаў не мелі дачынення.

Ягор Марціновіч — зорка беларускай медыяпрасторы. Малады, дасціпны, вельмі начытаны, дакладны да кожнай коскі і гатовы абараняць свой пункт гледжання да апошняга аргумента.

Мне заўсёды прыемна, калі людзі майго пакалення вырастаюць у кіраўнікоў медыя: Ягор Марціновіч, Паша Свярдлоў, Зоя Хруцкая. Прыемна, бо гэта вельмі тэхналагічныя людзі, натхнёныя, працавітыя і простыя ў камунікацыі. Да ўсяго гэтага варта дадаць яшчэ Ягоравы заўсёдны аптымізм. Спадзяюся, у яго калег хопіць сілаў захаваць «Нашу Ніву» і прайсці праз усё».

«Ствараць беларускіх медыяперсанажаў — быў досыць нестандартны крок, бо лічыцца, што ў нас няма ні шоў-бізнэсу, ні зорак»

Алег Гаруновіч, галоўны рэдактар «Трыбуны»:

Фота «Еўрарадыё»

«Калі шчыра, раней «Наша Ніва» не была ўзорам працы ў сеціве, але з прыходам Ягора Марціновіча на пасаду галоўнага рэдактара шмат што змянілася. Сайт пачаў распавядаць пра беларускую свецкую хроніку, ствараць беларускіх медыяперсанажаў —

гэта быў досыць нестандартны крок, бо лічыцца, што ў нас няма ні шоў-бізнэсу, ні зорак. А тут знайшліся, ды яшчэ распавядалі пра іх па-беларуску. Мы звыкліся жыць пад расійскім уплывам, а НН паспрабавала знайсці альтэрнатыву, і тое было крута.

Асабіста з Ягорам мы якраз пазнаёміліся хутка пасля яго прызначэння на пасаду. Выпадкова перасекліся на футболе, прычым у якасці гульцоў, а не гледачоў (так, Марціновіч не толькі цікавіцца футболам, але і сам гуляе — не вельмі добра, але з душой). Я падумаў яшчэ тады, што такі малады хлопец — а стаў рэдактарам найстарэйшай беларускамоўнай газеты. Было цікава, што з гэтага атрымаецца. А атрымалася досыць добра.

Менеджмент «Нівы» меў рацыю, даверыўшыся маладому рэдактару. У газеце на рэгулярнай аснове пачалі з’яўляцца расследаванні, плюс не пабаяліся запусціць праект з досыць дзіўным каламбурам у назве «Наша Ніна». Камусьці назва магла падацца недарэчнай, але гэта добрая якасць, калі рэдактар можа праігнараваць насмешкі, зрабіць па-свойму і дамагчыся поспеху.

Марціновіч, наколькі я магу меркаваць збоку, не баяўся такіх крокаў. Ну і ўвогуле гэта хлопец непалахлівы — інакш бы ён не заставаўся ў Беларусі пад пагрозай арышту».

«Уражвае яго здольнасць знаходзіць час для вандровак па свеце і па Беларусі»

Аксана Колб, галоўная рэдактарка «Новага Часу»:

Фота «Радыё Свабода»

«З Ягорам мы ўпершыню сустрэліся ў 2012-м на міжнароднай канферэнцыі «Нафта, газ і СМІ» ў Баку. Тады ён яшчэ быў маладым журналістам, а не галоўным рэдактарам. З тых часоў нашы шляхі не часта перасякаліся. Але калі мне патрэбна была хоць нейкая дапамога, я ведала, што магу звярнуцца да Ягора. Ён заўсёды гатовы падтрымаць і дапамагчы, чым можа. Спадзяюся, зараз усё гэта яму вяртаецца падвойна, а то і патройна. 

Мяне ўражвае яго здольнасць знаходзіць час для вандровак па свеце і па Беларусі, нягледзячы ні на што. Шчырасць, адказнасць, добразычлівасць і прага да ўсяго новага, мне здаецца, адны з галоўных рысаў Ягора. А яшчэ ён любіць сабак, што для мяне важна і ёсць паказчыкам сапраўды добрага чалавека. Веру, што Ягора гэта выпрабаванне зробіць яшчэ мацнейшым.

Выдаваць беларускамоўнае СМІ цікава і важна. Як па мне, калі б усе медыя хаця б 10 гадоў таму перайшлі на беларускую, то ў нас бы ўжо не было такой праблемы, як на якой мове лепш чытаюць.

Цяпер нарэшце наша мова ў трэндзе. І шмат хто з чытачоў перайшоў на яе, дзякуючы ў тым ліку і НН, і НЧ».

«Чаго няма ў яго — дык гэта пантоў»

Аляксандр Коктыш, журналіст, працаваў у «Свабодных навінах», агенцтве «Інтэрфакс Захад»:

Фота Юліі Мацкевіч

«Ягор вельмі адказны чалавек і журналіст, наколькі я яго ведаю. З такімі можна хадзіць у разведку. З ім пачуваеш сябе дастаткова камфортна.

Ужо не згадаю, як мы з ім пазнаёміліся. Памятаю, ён неяк звярнуўся да мяне па дапамогу. Ён моцна хваляваўся, калі браўся за чарговы матэрыял. Гэта было заўважна. Але не шкодзіла якасці тэксту. Ягор быў настроены рашуча. Гэта паказчык прафесіяналізму.

Ягор — чалавек невыпадковы ў нашай працы. Чаго няма ў яго — дык гэта пантоў. У нас гэтая «хвароба» шмат каго скасіла. Спачываць на лаўрах — не пра яго».

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?