На гэтыя пытанні адказвае доктар-дыетолаг і эндакрынолаг Вікторыя Болбат.

«Наша Ніва»: Як дыетолагі ставяцца да моды на бодзіпазітыў?

Вікторыя Болбат: Я б на гэту з’яву глядзела не толькі з пункту гледжання дыеталогіі, але ў большай ступені з пункту гледжання псіхалогіі. Бо праблема лішняй вагі выходзіць далёка за межы дысцыпліны і сілы волі.

Там нашмат больш псіхасаматыкі, чым мы прывыклі думаць. У незалежнасці ад таго, што было пярвічна — набор вагі з прычыны пераядання ці праз эндакрынную паталогію. 

Хаця эндакрынная паталогія, якая стымулюе вялікі набор вагі, вельмі рэдкая, звычайна гэта плюс 5-7 кілаграмаў на фоне павелічэння ацёчнасці і рэзкага запавольвання абмену рэчываў. Ёсць, канечне, сіндром Кушынга — пры ім людзі сапраўды пачынаюць расці як на дражджах.

Вікторыя Болбат. Фота: асабісты архіў

Папулярная дыеталогія часта транслюе, што цела мусіць быць ідэальным і ўсё гэта быццам для здароўя.

Але я да бодзіпазітыву стаўлюся з выдыхам. Бо ў грамадстве з’явіўся кірунак, які дае шанц людзям з вялізнай праблемай у іх жыцці ўзяць перадышку.

Зніжэнне вагі — гэта дзіка цяжкая праблема. Гэта доўгатэрміновы праект. Таму што ў фокусе, апроч працы, дзяцей, дома, пастаянна мусіць знаходзіцца клопат пра сябе. Толькі калі мы падыходзім да зніжэння вагі праз клопат пра сябе, гэта можа даць плады.

Людзі, якія ніколі з гэтым не сутыкаліся, не ўяўляюць, што такое вялікая лішняя вага. Я калісьці важыла 94 кілаграмы (а цяпер 65). Тое, што я напрацоўвала гадамі, займаючыся медыцынай, псіхатэрапіяй, можа даць ідэя бодзіпазітыву.

Яна дае чалавеку дазвол не параўноўваць сябе з іншымі, а спыніцца і зразумець, што менавіта яму цяпер важна — не грамадству. Так, поўныя людзі ўсё адно сутыкнуцца з адрынаннем, але здорава, калі яны самі сябе не будуць адрынаць. Ідэя бодзіпазітыву пра тое, каб заставацца сябрам сабе, што б звонку ні адбывалася.

Рэклама на оперным тэатры ў Парыжы. Фота: mobile-business.by

«НН»: Сярод прэтэнзій да такой рэкламы — што яна рамантызуе залішнюю вагу і хваробы. Ці так гэта?

ВБ: Мне здаецца, гэта моцна прыцягнута за вушы. Людзям з вялікай вагой наогул не да рамантыкі. Гэта цяжкая паталогія, якая скарачае жыццё на 10-20 год. Гэта ў выніку кардыялагічныя пацыенты. Некаторыя самі сябе ненавідзяць.

Я там была. У мяне было атлусценне першай ступені, а ёсць жа нашмат больш — пацыенты прыходзяць са 130, 150 кілаграмамі. Там вельмі шмат працы, каб знізіць вагу, і ў некаторых проста рукі апускаюцца: а ці дажыву я да выніку?

Церпяць асабістыя адносіны. Хтосьці пакутуе ад адзіноты, хтосьці вінаваціць сябе ў праблемах у пары: маўляў, я не падабаюся партнёру з-за вагі. Хоць праблемы хутчэй нашмат глыбей, яны не пра цела. Цела, якое павялічваецца, можа быць сімптомам унутранага ці сямейнага няшчасця.

Тое, што робіць Victoria’s Secret і іншыя брэнды для падтрымання рознага вобразу цела, — гэта якраз пра тое, каб дазволіць сабе быць розным. Задумацца, чаго я хачу ад гэтага жыцця. Бо калі я чагосьці хачу, мне раптоўна і жыць хочацца. Працаваць над вагой не для таго, каб грамадства мяне падтрымала, а для сябе.

Часта людзі з лішняй вагой — гэта працаголікі, людзі вельмі адказныя, якія цягнуць на сабе ўсю сям’ю. І адзінае, на што яны могуць аперціся, — гэта іх цела

Дарэчы, здароўе не заўсёды роўнае ідэальнай вазе. Існуе метабалічна здаровае атлусценне.

Мы не можам казаць, наколькі яно доўга можа не закранаць унутраныя працэсы, але такое ёсць. Да мяне прыходзіла пацыентка ў 60 год з атлусценнем другой ступені — але ў яе ідэальныя халестэрын і цукар, добры артэрыяльны ціск. Яна тры разы на тыдзень ходзіць у басейн, наколькі можа сочыць за харчаваннем.

«НН»: Мне здаецца, куды больш шкодная рэкламы колы і фастфуду.

ВБ: Сапраўды! Калі ўсе так клапоцяцца пра чужое здароўе, то давайце да мінімуму звядзем рэкламу колы, увядзем нейкія падаткі для вытворцаў салодкага.

Салодкія напоі забіваюць наш метабалізм. Сусветная арганізацыя аховы здароўя рэкамендуе знізіць ужыванне дабаўленых цукраў да 10% суткавай каларыйнасці. Для сярэднестатыстычнага чалавека гэта каля 50 грамаў чыстага цукру.

Гэта цэлая шакаладка і кубак салодкай гарбаты. Гэта шмат. А ў паўлітры колы ўтрымліваецца 53 грамы цукру. У маленькай бутэльцы, уяўляеце? Гэтыя рэчы больш шкодныя для здароўя, чым рэклама бялізны для жанчын плюс-сайз.

Рэклама «Мілавіцы»

60 працэнтаў беларусаў маюць лішнюю вагу. І калі мы рэкламуем майткі на зграбных дзяўчатах, то 60 працэнтаў жанчын застаецца ў баку. А яны таксама носяць бялізну і хочуць быць прыгожымі і сэксуальнымі. Ёсць мужчыны, якім падабаюцца пышныя жанчыны, якіх гэта заводзіць.

Чалавек можа выбіраць атлусценне, але важна разумець, што разам з гэтым ён выбірае магчыма ранняе развіццё хранічных захворванняў і сардэчна-сасудзістых катастроф, змяншае працягласць жыцця.

Калі ў нас няма часу на сваё здароўе, значыць, яно чамусьці ў плане прыярытэтнасці сышло на апошнюю прыступку.

Калі ў чалавека роўны эмацыйны стан, ён шчаслівы, то яму лягчэй будзе давацца пахудзенне. Калі ён пастаянна ў трывозе, у працы, не можа расслабіцца, зніжаючы вагу, мы толькі яшчэ больш раскачаем трывожныя арэлі, што выльецца ў заяданне.

«НН»: Які памер для жанчыны ок?

ВБ: Тут я буду заўзятай бодзіпазітыўшчыцай і скажу, што любы памер для жанчыны — гэта ок. У канадскіх пратаколах па лячэнні атлусцення ёсць важная пазнака: стаўцеся да людзей з атлусценнем, як да анкалагічных пацыентаў, з тым жа спачуваннем.

Тут таксама можа пачацца халівар, але ў людзей з вялікай лішняй вагой якасць жыцця таксама дрэнная, і бяссілля часта там столькі ж, колькі і ў анкалагічных пацыентаў.

Важна, каб чалавек, які ўсё адно вырашае застацца ў сваёй вазе, ведаў асноўныя прынцыпы харчавання, а не дыеталагічныя міфы пра тое, што нельга есці салодкае і трэба харчавацца толькі курынымі грудкамі.

Рэклама «Мілавіцы»

Я прыкладна 10 год жыцця патраціла на дыеты. І чым актыўней я старалася худзець, тым больш расла вага.

У нейкі момант, памятаю, вяртаюся з працы на хуткай і думаю: «Як жа я стамілася ад гэтай барацьбы. Можа, я проста такая? Я больш не гатова траціць рэсурсы на барацьбу з вагой». І як ні дзіўна, менавіта пасля гэтага мая вага пачала сыходзіць. Я тады ж сабе купіла паліто 54 памеру, і аднасіла яго толькі адзін сезон, бо, адпусціўшы сітуацыю, паступова стала худзець.

«НН»: Калі да пытання здароўя вярнуцца — што ў сваім целе жанчыну павінна насцярожыць?

ВБ: Ёсць просты параметр. Калі жанчына возьме мерную стужку, памерае аб’ём таліі і атрымае больш за 84 см (у мужчын больш за 90), то гэта можа казаць пра наяўнасць абдамінальнага атлусцення. То-бок тлушч збіраецца ў вобласці жывата і ўнутраных органаў. Менавіта ён самы метабалічна небяспечны — ён стымулюе інсулінарэзістэнтнасць, а яна ў выніку правакуе адкладанне халестэрынавых бляшак, парушэнне артэрыяльнага ціску.

У аналізах мы хутчэй за ўсё ўбачым высокія халестэрын і глюкозу. Ціск будзе часта павышацца. На УГД можам пабачыць атлусценне печані — гэта таксама прыкмета метабалічнага сіндрому.

«НН»: А што горш — анарэксія ці атлусценне?

ВБ: І той, і другі стан па сутнасці смяротны. Розніца ў тым, што ад анарэксіі часта гінуць у маладым узросце. Пры атлусценні чалавек пражыве даўжэй.

Я не кажу ўжо пра тое, што анарэксія — гэта цяжкі псіхіятрычны дыягназ парушэння ўнутранай рэгуляцыі. Ад анарэксіі гінуць часцей, чым ад іншых псіхіятрычных захворванняў разам узятых, уключаючы суіцыдальную дэпрэсію.

З атлусценнем нашмат прасцей працаваць.

Чытайце таксама: Заснавальнік «Анлайнера» Шураўка напісаў твіт пра бодзіпазітыўную рэкламу жаночай бялізны. І тут пачалося…

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?