Колісь гэтыя вялікія партрэты класікаў беларускай літаратуры — Коласа, Купалы, Шамякіна ды іншых — упрыгожвалі Дом літаратара.
Восемдзесят чатыры партрэты літаратараў могуць быць страчаныя.
Колісь гэтыя вялікія партрэты класікаў беларускай літаратуры — Коласа, Купалы, Шамякіна ды іншых — упрыгожвалі Дом літаратара. Калі ў 2006 годзе апальны Саюз беларускіх пісьменнікаў змушаны быў пакінуць будынак, яго маёмасць перавезлі ў Дом творчасці «Іслач», што ў Валожынскім раёне.
Будынак знаходзіцца ў аварыйным стане, яго неаднаразова залівала. І, як вынік, карціны і кнігі, што захоўваліся ў сутарэннях, вымаклі ды пакрыліся цвіллю.
«Такіх, якія б былі зусім не пашкоджаныя, няма», — кажа захавальніца фондаў Лідскага гісторыка‑мастацкага музея Валянціна Хацяновіч. У Ліду маёмасць СБП трапіла ў мінулую пятніцу. Былы Дом творчасці пісьменнікаў «Іслач» купіла ТАА «Белінтэхбуд», і новы гаспадар запатрабаваў, каб пісьменнікі забралі свае рэчы.
Калі б не гэтая акалічнасць, карціны і кнігі працягвалі б гнісці ў сутарэнннях «Іслачы». Як кажа кіраўнік Саюза беларускіх пісьменнікаў Алесь Пашкевіч, кнігі і карціны не вывозілі, бо «да апошняга чакалі вырашэння пытання з Домам творчасці: застанецца ён ва ўласнасці арганізацыі ці не».
А пасля яшчэ амаль год вывозіць «не было куды».
Толькі калі новы гаспадар паабяцаў выкінуць маёмасць СБП на сметнік, магчымасць знайшлася. У Лідзе ствараецца музей «Лідчына літаратурная». Праца па яго стварэнні вядзецца пры ўдзеле Лідскага гісторыка‑мастацкага музея, туды і адвезлі часова партрэты пісьменнікаў.
Кнігі з «Іслачы», а гэта больш за 2000 асобнікаў, пакуль перадалі ў рэдакцыю газеты «Наша Слова».
У лідскім музеі няма свайго мастака‑рэстаўратара. Каб выратаваць партрэты, трэба шукаць спецыялістаў у Гродне ці Мінску. «Я за тое, каб адкінуць убок пытанне хто вінаваты, — кажа стваральнік аналагічнага прыватнага музея ў Старых Дарогах Анатоль Белы. — Трэба ратаваць гэтыя карціны і кнігі. Калі своечасова не аддаць іх рэстаўратару, яны проста знікнуць». Адзіны выхад спадар Белы бачыць у тым, каб звярнуцца па дапамогу ў Міністэрства культуры, пры якім працуе рэстаўрацыйная лабараторыя.
-
Алёна Ланская расказала, як стварыла кліп з дапамогай штучнага інтэлекту
-
Аднаго называлі беларускім Шаляпіным, а другога — залатым голасам Беларусі. Але жыцці абодвух артыстаў трагічна абарваліся
-
У Жыровіцах ставяць новыя пазалочаныя іканастасы ў рускім стылі. Барочны іканастас царкоўнікі спісалі ў музей
Каментары