Гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка ўжо два месяцы не атрымлівае лістоў. Адміністрацыя калоніі сцвярджае, што перапісцы не перашкаджаюць.
Судаленка знаходзіцца ў папраўчай калоніі №3 «Віцьба» з 27 студзеня. У нядаўнім лісце жонцы ён паведаміў, што з тых часоў лістоў не атрымліваў. Днямі ягоны сябар Васіль Палякоў напісаў заяву начальніку калоніі з патрабаваннем не перашкаджаць перапісцы і перадаць лісты Леаніду, піша Reform.by.
У адказ адміністрацыя напісала, што «уся карэспандэнцыя, якая паступае на імя асуджанага Судаленкі Л. Л., яму выдаецца ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам». Палякоў збіраецца звярнуцца ў Дэпартамент выканання пакаранняў.
Леаніда Судаленку затрымалі ў студзені 2021 года і ў верасні асудзілі паводле ч. 1 і 2 арт. 342 КК на тры гады калоніі, абвінаваціўшы ў фінансаванні і арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак.
Каментары