«Падлік галасоў як сатанісцкі рытуал». Былы член камісіі расказаў, як у Беларусі фальсіфікуюць выбары
На 26 студзеня ў Беларусі запланаваныя чарговыя прэзідэнцкія выбары. Да Новага года мы даведаемся, каму даручаць падыгрываць Лукашэнку ў спектаклі палітычнай канкурэнцыі версіі-2025. Аднак галоўнае дзейства выбараў — падлік галасоў — застанецца такім, якім яго пабачыў у 2020 годзе Віталь.
«Наша Ніва» пагутарыла з Віталём, які быў членам выбарчай камісіі як на парламенцкіх, так і на прэзідэнцкіх выбарах. А таксама са Змітром, які неаднаразова быў назіральнікам і спрабаваў сябе на выбарах у парламент. Яны асабіста пабачылі, як у Беларусі фальсіфікуюцца вынікі галасавання. (Мы не называем іх сапраўдныя імёны ў мэтах бяспекі).
Ідэальнае злачынства
Зміцер быў назіральнікам на парламенцкіх выбарах-2012, а таксама пабачыў выбарчую сістэму знутры ў якасці кандыдата ў дэпутаты ў 2016-м.
Падчас сваёй працы ў якасці назіральніка на датэрміновых выбарах Зміцер фіксаваў укіды бюлетэняў.
«Ніколі лічбы па колькасці тых, хто прагаласаваў, у назіральнікаў не сыходзіліся. Даходзіла да абсурду: аднойчы на датэрміновым за адзін дзень нібыта прагаласавала каля 400 чалавек. Я падзяліў гэтую колькасць на час працы ўчастка, і выходзіла, што пры такой лічбе мусіла б ісці бясконцая плынь выбаршчыкаў.
На датэрміновым галасаванні няма поўнага складу выбарчай участковай камісіі (там усяго адзін-два чалавекі), а таксама мае значэнне хуткасць самога працэсу галасавання: трэба прыйсці на ўчастак, праверыць пашпартныя даныя, прагаласаваць і гэтак далей. Карацей, 400 чалавек за дзень папросту не маглі прагаласаваць там фізічна».
Яшчэ адзін наш суразмоўца Віталь быў членам выбарчай камісіі, як на парламенцкіх, так і на прэзідэнцкіх выбарах. Опцыі адмовіцца для сябе не бачыў, бо працаваў на кіруючай пасадзе і яго «моцна папрасілі». Ён адзначае, што заўсёды найперш кіраўніцтву — старшыні і яго намесніку ў камісіі — было вельмі важна паказаць прымальны ўзровень яўкі.
«Для гэтага бюлетэні папросту ўкідваліся. Я сам бачыў, як з дзясятак папер на датэрміновым галасаванні ўкінулі ў скрынку, у той момант, калі на ўчастку не было нікога старонняга. Пры гэтым усе вакол успрынялі гэта як норму — проста так рабілася не першы раз. Перамог тады праўладны кандыдат, вядома».
Дадатковы доказ фальсіфікацый Зміцер і яго паплечнікі аднойчы атрымалі пасля праведзенага імі эксперыменту.
«Чамусьці на мясцовых выбарах амаль ніколі не было тых, хто прагаласаваў супраць усіх. Ці сапсаваных бюлетэняў, але так проста не бывае. Заўсёды недзе будзе нейкая памылка. І вось мэтанакіравана з аднаго з участкаў, дзе пражывалі мае калегі, мы вынеслі свае бюлетэні. Тры бюлетэні з подпісамі камісіі апынуліся ў нас на руках. Але ў выніковым пратаколе ўсё сыходзілася так, нібыта яны не зніклі».
З'явілася АЎДЫЯ, як уся камісія з Віцебска цісне на настаўніцу, каб тая падпісала сфальсіфікаваны пратакол
Сузалежныя адносіны членаў камісій
Адным з галоўных слупоў гэтага ідэальнага злачынства Зміцер называе сузалежныя адносіны ўсіх яго ўдзельнікаў.
«У схеме асноўныя людзі — гэта старшыня камісіі і яго намеснік (ці сакратар). Часцей у іх лік трапляюць якраз выгадаатрымальнікі ад рэжыму Лукашэнкі. Яны разумеюць, што парушаюць закон, але для іх важная перамога Лукашэнкі. Яны — касцяк рэжыму і фальсіфікацыйнай сістэмы. А астатнія залежаць ад іх, бо з’яўляюцца прамымі ці ўскоснымі падначаленымі. У суме ўсе проста хочуць выслужыцца і захаваць свае месцы.
Пад канец асноўнага дня галасавання сакратар ці сам старшыня можа папрасіць кожнага члена камісіі падпісаць чысты бланк пратакола, матывуючы гэта тым, што «ты раней пойдзеш дадому, да дзяцей». Канечне, ніякія дакументы нельга падпісваць усляпую, нават калі гэта прапануе твой начальнік, з якім у вас добрыя адносіны. Але па выніку гэта так і працуе».
Пратакол падпісваюць часам нават загадзя
Віталь расказвае, што на выбарах 2020-га ім проста загадзя прынеслі пратакол з вынікамі галасавання на подпіс — за некалькі гадзін да закрыцця ўчасткаў. Праўда, тады ён не адразу зразумеў, што яму даюць падпісаць: «усе былі на стрэсе».
Дзейнічаць такім чынам кіраўніцтву прыйшлося таму, што яўка на тых прэзідэнцкіх выбарах была вялікая, з укідамі было б складана, бо бюлетэняў на ўсіх не хапіла б.
Пры гэтым працэс пабудаваны так, што пры любой асечцы вінаватыя будуць не начальнікі і ЦВК, а простыя настаўнікі, шараговыя салдаты фальсіфікацыі.
«Ярмошына як кваліфікаваная юрыстка па адукацыі разумела, што мусіць сябе засцерагчы, — разважае Зміцер. — Таму ў выніку як усё наладжана: ЦВК проста атрымлівае пратаколы, складвае іх і агучвае. Яны як бы ні пры чым. Тое самае са старшынямі тэрытарыяльных камісій: яны проста збіраюць пратаколы ўчастковых камісій і перадаюць іх у ЦВК, што з іх узяць?», — заўважае Зміцер.
«На вуха перадае лічбы»
Зміцер адзначае, што нават сам працэс падліку галасоў у Беларусі адразу дэманструе анамальнасць выбараў:
«Ад шараговых членаў участковых камісій як хаваюць агульны вынік? Высыпаюцца бюлетэні на стол са скрыняў, кожны сабе падцягвае кучку папер і пачынае лічыць, фармуючы ўласныя стосы. І гэта такі працэс, ён як сатанісцкі рытуал ці таемства выглядае. Па сканчэнні падлікаў кожны намесніку ці сакратару не гучна, на вуха (ці ўвогуле пішучы на паперы) перадае лічбы. І зразумець, што ты там падлічыў, ніхто іншы не можа, толькі прыблізна, па візуальных падказках. Ніхто не ведае, што і за каго ў выніку. І потым начальства сыходзіць кудысьці ў кабінет, і ўжо піша тыя лічбы, якія ім давялі ў выканкаме. Потым яны вяртаюцца і кажуць, што «налічылі» агулам услых. І ўсе члены камісій распісваюцца ў выніковым пратаколе, хаця ніхто з іх не ведае агульнай дакладнай лічбы, толькі ўласную».
Вядома, што пра магчымасць сачыць за гэтым рытуалам і тым больш кантраляваць яго, калі ты незалежны назіральнік, даўно няма гаворкі.
«Нават калі быў кандыдатам у дэпутаты і спасылаўся на Выбарчы кодэкс — што маю права мець доступ да стала, дзе адбываўся падлік галасоў, а не сядзець за 20 метраў ад яго, — мне адмовілі. Старшыня камісіі проста папрасіла дзяжурнага міліцыянера «аднавіць парадак», хаця я нават голасу тады не павысіў», — згадвае Зміцер.
Агулам, на ўчастках можа адбывацца што хочаце, заўважаюць суразмоўцы. Бо што вы, так сказаць, зробіце?
«Калі я, зноў жа, быў кандыдатам у дэпутаты, то зайшоў на адзін з участкаў у Калядзічах: папрасіць копію датэрміновага пратакола, што дазволена мне па законе. І там увогуле нікога не было — бяры і рабі, што хочаш. Уяўляю, што адбываецца ў нейкім умоўным сельсавеце, дзе людзям на выбары ўсё роўна, дзе няма ніякіх назіральнікаў і ўсё робіцца чыста для птушачкі», — каментуе Зміцер.
Пры ўсёй падрыхтаванасці і напрацаванасці машыны фальсіфікацый 2020 год паказаў, што і ў такой сістэме магчымыя збоі.
«Калі гэтыя чэргі на ўчастках увечары з’явіліся, стала зразумела, што сістэма пачне трашчаць, і некаторыя старшыні камісій панеслі выніковыя пратаколы да людзей, якія чакалі іх за плотам школ, і сказалі, хто рэальна перамог на ўчастку. Можа, нехта з іх спужаўся, што натоўп іх проста разарве, калі яны назавуць лічбу, спушчаную выканкамам. Тым не менш, гэтая велізарная грамадзянская актыўнасць 2020 года і прывяла да таго, што сістэма ідэальнага злачынства пасыпалася.
І ЦВК быў вымушаны аператыўна даць распараджэнне перастаць вывешваць пратаколы, збіраць усе дакументы і вывозіць у тэрытарыяльныя камісіі, каб неяк выратаваць сябе», — каментуе Зміцер.
Віталь дадае, што на выбарах-2020 на яго ўчастку за Ціханоўскую ў выніковы дзень прагаласавала ў некалькі разоў больш — два ці ў тры, па візуальнай ацэнцы стосаў, якія ён паспеў пабачыць.
«Але старшыня камісіі, калі агучваў нам вынікі, проста памяняў іх месцамі: галасы за Ціханоўскую сталі галасамі Лукашэнкі».
Каментары