Грамадства2828

Даведаліся пра зняволеных, якія ў гомельскай калоніі прэсавалі Марыю Калеснікаву

Адміністрацыі калоній ціснуць на палітзняволеных не толькі напрамую, але і рукамі іншых зняволеных. «Наша Ніва» здабыла інфармацыю пра дзвюх такіх жанчын з калоніі № 4, якія актыўна супрацоўнічаюць з адміністрацыяй калоніі і беспакарана ладзяць правакацыі ў адносінах да суседак, у тым ліку і палітычных, — адной з ахвяр стала Марыя Калеснікава. Мы разумеем, што гэтыя людзі не могуць адказаць нам, але іх паводзіны пацвярджаюцца сведчаннямі былых зняволеных.

Раміна Пятравічус і Стэла Мамулян

Раміна Пятравічус

Паводле словаў іншых зняволеных, Раміне каля 23—25 гадоў. Расказваюць, што артыкул Раміны — 328, то-бок яна сядзела за наркотыкі.

У дзяўчыны ёсць маленькае дзіця. Увогуле, сям’я Раміны праблемная: яе маці раней адбывала тэрмін у той жа калоніі, сям'я жыла вельмі небагата.

Адна са зняволеных жыла з Рамінай у адной секцыі: «У першы мой дзень у атрадзе, калі я лягла спаць, Раміна з іншымі прыйшла з другой змены. Я ляжала на другім ярусе, а там ложкі з сеткі, яны вельмі рыпяць. Раміна пачала на мяне мацюкацца — маўляў, яна адпрацавала, а я перашкаджаю ёй спаць. Нас папярэджвалі, што мацюкацца нельга, гэта парушэнне.

Ранкам я прыйшла да заўгаса і сказала, што Раміна на мяне мацюкалася. Заўгас сабрала дзяўчат з нашай секцыі, яны ўсе сказалі, што я прыдумляю. Я зразумела, што нічога не дакажу, і выбачылася. Відаць, Раміна думала, што новую палітычную трэба аўтаматычна прэсаваць, але потым ёй, можа, прыйшоў загад зверху мяне не чапаць».

У канцы 2022-га Раміна данесла на Калеснікаву, што тая мацюкалася, і за гэта Марыю выклікалі на камісію. Іншыя зняволеныя былі ўпэўненыя, што мацюкацца Калеснікава не магла.

Марыя Калеснікава на судзе. Фота: Ramil Nasibulin/BelTA pool photo via AP, File

Раміна не хавала, што супрацоўнічае з аператыўнікам па прозвішчы Кузняцоў — раней іншыя палітзняволеныя расказвалі, што ён актыўна прыдумляў новыя спосабы катаванняў зняволеных. Дый сам Кузняцоў адкрыта пра гэта казаў. Вядома, што ў 9-м атрадзе сядзела Соф’я Сапега, і яна моцна пацярпела ад прэсінгу з боку Раміны.

Яшчэ адна яе ахвяра з палітзняволеных — Антаніна Канавалава, якая таксама нейкі час адбывала тэрмін у 9 атрадзе. Расказваюць, што Раміна налівала ёй ваду ў ложак ці ў боты, а хадзіць ці стаяць на марозе ў мокрым абутку вельмі складана. 

«Яна заўсёды была ў баявым макіяжы, бо ёй там дазвалялася больш, чым іншым. Ад яе можна было чакаць чаго заўгодна», — так зняволеная згадвае Раміну.

Іншая былая зняволеная расказвае, што Раміна, у адрозненне ад яе маці, не карысталася нават павагай сваіх суайчыннікаў-цыган. Ды і паводзіла яна сябе не так, як іншыя цыгане: насіла вельмі адкрытае адзенне і мела шмат татуіровак.

Па непацверджанай інфармацыі, цяпер і Раміна, і яе маці зноў за кратамі — яны выходзілі на волю, але ненадоўга.

Стэла Мамулян

Яшчэ адна маладая дзяўчына, якая супрацоўнічае з адміністрацыяй калоніі. У датурэмным жыцці Стэла займалася футболам: на яе старонцы ў сацсетцы пазначана, што дзяўчына гуляла ў адной з моладзевых каманд жаночага клуба «Зорка-БДУ». Таксама дзяўчына ўдзельнічала ў 4 гульнях жаночага чэмпіянату Беларусі па міні-футболе ў сезоне 2019/2020, яна выступала за клуб «Інфініці».

23-гадовую Стэлу ведаюць зняволеныя з розных атрадаў — яе перамяшчалі з атрада ў атрад, каб яна распрацоўвала палітзняволеных. Дзяўчына ладзіла правакацыі: яна магла, напрыклад, напасці фізічна на палітзняволеную ці падкінуць ёй у ложак выкарыстаныя пракладкі. «Трэба падставіць кагосьці, абліць ці нешта падкінуць — калі ласка», — так апісвае Стэлу і Раміну былая палітзняволеная Міа Міткевіч.

Міа была адной з ахвяр правакатаркі: напрыклад, яна цярпела ад фізічнага гвалту з боку Стэлы. Мамулян за гэта ніхто не караў — наадварот, яна карысталася большай свабодай, чым іншыя дзяўчаты.

Сярод прывілегій, якія Стэла атрымлівала за такую «працу», была і свабода ў асабістым жыцці — дзяўчына магла свабодна завязваць адносіны з іншымі зняволенымі жанчынамі.

У нейкі момант Стэла апынулася ў адным атрадзе з Марыяй Калеснікавай. Экс-зняволеныя расказваюць, што яна падвяла Калеснікаву пад першы рапарт за «парушэнне»: узяла ў Марыі часова гадзіннік і потым прадэманстравала яго супрацоўнікам калоніі. А чымсьці дзяліцца — фармальна парушэнне ўнутраных правілаў.

Міткевіч удакладняе, што калі ў калоніі караюць за «адчужэнне-прысваенне», то-бок за тое, што ты чымсьці падзялілася з іншым чалавекам, караюць абедзвюх зняволеных: тую, якая падзялілася, і тую, якая ўзяла. Але ў выпадку з Калеснікавай супрацоўнікі не звярнулі ўвагі на «правіну» Стэлы.

Пра Стэлу паведамляюць, што яна доўгі час уціралася ў давер да Калеснікавай. Таму, мяркуе адна з былых зняволеных, Стэла адказная за большасць пакаранняў, панесеных Калеснікавай. Ёй прыпісваюць і наступную гісторыю, тыповую для правакатарак — такіх, як Стэла.

Аднойчы Калеснікавай паставілі рапарт за «парушэнне» праз тое, што яна быццам бы без дазволу пакінула працоўнае месца. Як і большасць іншых зняволеных у ПК-4, Марыя працавала швачкай, і яе машынка стаяла роўна пад дзвюма камерамі. Прыбіральня знаходзіцца далёка — каб туды трапіць, трэба прайсці праз некалькі іншых брыгад.

Звычайна перад тым, як сысці ў прыбіральню, зняволеныя папярэджвалі брыгадзірку, то-бок крычалі ёй, што выходзяць. Зняволеная, з якой мы гутарылі, упэўненая, што і Марыя не магла выйсці без папярэджвання, бо не хацела праблем. Тым не менш, яна атрымала рапарт, быццам сышла самавольна.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Чытайце таксама:

«У калоніі напісала завяшчанне, думала, што не вытрымаю». Палітзняволеная з’ехала ў Варшаву і адкрывае школу танцаў

«Мой тата не вытрымаў бы Акрэсціна». Вольга Такарчук расказала пра арышт у 2021-м, Валадарку, калонію, паўторнае затрыманне і вымушаныя ўцёкі з сям'ёй у 2024-м

«Ты што, лесбіянка?» Былыя палітзняволеныя расказалі пра дзівацтвы памочніка начальніка жаночай калоніі

Каментары28

  • вечная дичь -
    15.04.2024
    [Рэд. выдалена]
  • Бывалы
    15.04.2024
    На зоне ёсць назва тых, хто супрацоўнічае з вертухаямі. "Казлы". Частка з іх ужо ёсць на чорнай карце. Аднаго я асабіста дадаў.
  • Радыёглядач
    15.04.2024
    Няма дрэнных нацыянальнасцяў, ёсць плахія людзі! ;)

Сірыйскія паўстанцы ўвайшлі ў Алепа. Эрдаган ізноў усадзіў ятаган у спіну Пуціна3

Сірыйскія паўстанцы ўвайшлі ў Алепа. Эрдаган ізноў усадзіў ятаган у спіну Пуціна

Усе навіны →
Усе навіны

Андрэй Дзмітрыеў з'ездзіў у Бундэстаг, каб давесці неабходнасць удзелу Лукашэнкі ў мірных перамовах26

У Беларусі з'явілася новая гандлёвая сетка — Pole Kvetak3

Упершыню за паўстагоддзя вучоныя зрабілі прарыў у лекаванні астмы і хранічнага бранхіту

У Вялікабрытаніі судзяць групу грамадзян Балгарыі, якіх падазраюць у шпіянажы на Расію

Калі ў Заходняй Еўропе не крызіс, то што такое крызіс?69

Лакалізавалі дакладнае месца знаходжання расійскага фільтрацыйнага лагера ў Нароўлі, у якім катавалі ўкраінскіх палонных15

Някляеў: Вельмі шмат было зроблена памылак — і ўладай, і апазіцыяй20

Расійскія ваенкары пішуць пра «крах абароны» расійска-сірыйскіх сілаў пад Алепа. Асад спешна вылецеў у Маскву17

У Магілёве прадаюць 23-гадовы VW Golf 4 за 9000 даляраў. Што ў ім такога?1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сірыйскія паўстанцы ўвайшлі ў Алепа. Эрдаган ізноў усадзіў ятаган у спіну Пуціна3

Сірыйскія паўстанцы ўвайшлі ў Алепа. Эрдаган ізноў усадзіў ятаган у спіну Пуціна

Галоўнае
Усе навіны →