Роўна дзесяць гадоў назад мы сядзелі з Пашам Севярынцам на адной лаве падсудных. Магу сказаць цалкам дакладна: з такімі «супольнікамі» не страшна. Паша тады адмовіўся ад давання сведчанняў і ад пачатку да канца суда проста стаяў, сціснуўшы пруты клеткі. Мы адно аднаго падтрымлівалі поглядамі, усмешкамі і падзякамі ў апошнім слове. Сёння Пашу далі сем гадоў.

Калі мяне вызвалілі з-пад варты, першым да мяне прыйшоў Пашка Юхневіч. Я не ведаю, як перажыла б тое пекла, калі б не ён. Кожны тыдзень ён вазіў адваката ў калонію да майго мужа. Рамантаваў маю машыну. Мяняў шыны. Вазіў прадукты. Прыходзіў у любы час сутак, калі было патрэбна. Сёння Пашку далі пяць гадоў.

А тады ён расказаў, як наш сябар Жэнька Афнагель ліха абвёў кадэбэшнікаў вакол пальца: ён прымудрыўся схавацца… у падвесную столь. Гэбісты хадзілі па доме з ператрусам, а Жэнька вісеў над імі на столі. Потым ён таемнымі сцежкамі праз Расію перасек мяжу ЕС. Амаль пяць гадоў жыў у Варшаве, меў выдатную працу і зарплату, падарожнічаў. А потым вярнуўся ў Беларусь, каб змагацца з дыктатурай на вуліцах. Сёння Жэньку далі сем гадоў.

Андрэй Войніч, з якім мы збіралі подпісы і праводзілі акцыі пазалетась, вулічны салдат, адважны ваяр, сёння прысуджаны да сямі гадоў.

Макс Вінярскі, сябар і паплечнік з тых часоў, калі нас на вуліцах было менш, чым АМАПа, сёння прысуджаны да пяці гадоў.

Дзіма Казлоў, аршанскі блогер Шэры Кот, які вытанчана ператварае кожны стрым у акцыю пратэсту, а кожную акцыю пратэсту — у стрым, прысуджаны да пяці гадоў.

Сябры мае, добрыя мае… Мы ўсе былі ў счапленні яшчэ ў тыя часы, калі гэта не было трэндам. Дапамагалі адно аднаму, адбівалі ад АМАПа, чакалі пад дзвярамі РУУС, СІЗА і судоў. Я шчаслівая, што грамадства змянілася. Я ўдзячная кожнаму з гэтых лепшых у свеце хлопцаў, без якіх яно не змянілася б. Я плачу, таму што сёння ім уляпілі шалёныя прысуды. Я ведаю, што яны хутка вернуцца дадому.

Я вельмі чакаю іх.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?