Культура

«Я замоцна зацягнуў пятлю на шыі, здавалася, што страчу прытомнасць». Мастак у Токіа прысвяціў акцыю беларускім палітвязням

Беларус Ілля Ерашэвіч, які жыве ў Японіі, зладзіў мастацкую акцыю ў цэнтры Токіа. Ён надзеў на галаву мяшок і, стоячы на каленях і абвязваючы вяроўку вакол горла, стаў зачытваць імёны тады яшчэ 476 беларускіх палітвязняў. Перформанс цягнуўся больш за дваццаць хвілін.

«Акцыя адбылася на цэнтральнай вуліцы Сібуя. Гэта вельмі вядомае месца, у дзясятцы найвядомейшых у Токіа, — расказвае Ілля. — Побач знаходзяцца самы шматлюдны ў свеце пешаходны пераход і помнік Хатыка. Людзі спыняліся і фатаграфавалі, ніхто не чакаў такога сюррэалізму ў тусовачным месцы. Шум вуліцы ў выніку перашкаджае чуць тое, што я зачытваю, але я падумаў, што ў гэтым ёсць канцэпцыя, маўляў, жыццё ідзе як ідзе, а тым часам адбываецца нешта абуральнае і яго мала хто заўважае».

Паводле мастака, тэма Беларусі гучыць у Японіі з пачатку пратэстаў, але апошнім часам, асабліва пасля пасадкі самалёта Ryanair, асвятляецца ўсё часцей.

«Тут ёсць беларуская суполка, якая намагаецца распаўсюджваць інфармацыю, да таго ж у нас шмат прыхільнікаў сярод японцаў, і яны расказваюць пра Беларусь у сваіх колах. Спачатку мы ладзілі звычайныя мітынгі ля беларускай амбасады ці проста на вуліцах, а потым зрабілі выставу пратэснага мастацтва — і яна атрымала шырокую агалоску. Нацыянальнае тэлебачанне стала рабіць сюжэты пра дзейнасць беларусаў у Японіі і саму Беларусь, маўляў, што ж там такое адбываецца, што людзі дагэтуль упарта пратэстуюць».

Прысвечаная палітвязням акцыя была знятая адным дублем, на ёй прысутнічалі журналісты, а паплечнікі Іллі тлумачылі мінакам, што ўсё гэта значыць. Гэта не першая актыўнасць мастака на тэму Беларусі: ён таксама стварае пратэсны арт і працуе ў галерэйнай прасторы.

«Гэтую акцыю я прыдумаў у час, калі памёр Вітольд Ашурак, скончыў жыццё самагубствам 18-гадовы Дзмітрый Стахоўскі, быў затрыманы Раман Пратасевіч, а Сцяпан Латыпаў парэзаў сабе горла ў судзе. Я ва ўсім гэтым варыўся, і трэба было неяк выліць свае эмоцыі. Перад акцыяй я дома чытаў імёны палітвязняў услых — і чым далей ішоў па спісе, тым бліжэйшымі мне станавіліся гэтыя людзі, тым больш я ўсведамляў маштаб рэпрэсій, падавалася нават, што імёнам няма канца».

Ілля Ерашэвіч прызнаўся, што дубль аказаўся доўгім і ён сам не ведаў, як усё скончыцца, бо было складана дыхаць.

«Я не разлічыў сілу і зацягнуў пятлю досыць моцна, на галаве быў мяшок, у горле перасыхала — здавалася, што я зараз страчу прытомнасць. А калі я перарэзваў вяроўку, нож драпаў горла — я ўжо падумаў, што зараз акраплю сцяг новай крывёю. А дзяржаўны сцяг за спінай, зноў жа сімвалічна, увесь час здзьмухваў вецер».

Пасыл акцыі аптымістычны: страх адступіць, путы будуць перарэзаныя і кожны з тых, хто несправядліва асуджаны, зможа дыхаць свабодна. Паводле Іллі, людзі стаміліся і негатыў зараз нікому непатрэбны, да таго ж без веры ў перамены яму самому было б складана працягваць ствараць.

Каментары

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Мяркуючы па пасажырапатоку транспарту, насельніцтва Беларусі з 2019-га скарацілася, можа, нават на 1,2 мільёна чалавек11

Мяркуючы па пасажырапатоку транспарту, насельніцтва Беларусі з 2019-га скарацілася, можа, нават на 1,2 мільёна чалавек

Усе навіны →
Усе навіны

Журналісты высветлілі імя «Доктара Зло», што катаваў украінскіх палонных у расійскай калоніі6

Лукашэнка расказаў сваё ўяўленне пра ролю прафсаюзаў у краіне6

Польку затрымалі ў Гданьску за абразу беларускі4

Жыхары «Новай Баравой» выступілі супраць цырка-шапіто ў іх раёне. Чым скончылася?6

Прарасійская актывістка Мірсалімава патлумачыла, чаму нельга забараняць чытаць «экстрэмісцкія» выданні7

Злоўленая ў Сеніцы жывёліна аказалася шалёным ваўком. У міліцыі расказалі падрабязнасці5

Як упарадкавалі сквер Амара Хаяма ў Мінску

Жанчына займалася сэксам з будысцкімі манахамі, а пасля шантажавала іх13

Беларускі школьны настаўнік расказаў, колькі зарабляе на ферме ў Нідэрландах

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Мяркуючы па пасажырапатоку транспарту, насельніцтва Беларусі з 2019-га скарацілася, можа, нават на 1,2 мільёна чалавек11

Мяркуючы па пасажырапатоку транспарту, насельніцтва Беларусі з 2019-га скарацілася, можа, нават на 1,2 мільёна чалавек

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць