Архіў

Ева Вежнавец

Хутка вылупіцца цмок

прачытаўшы першыя ж літары,

пачынай разам са мною

думаць аб радасьці й літасьці.

Гэтая арка і ёсьць тым блакітным выйсьцем.

Пакажы сваё сэрца і атрымаеш свабоду ад

corpus delicti.

А сёмай чышчу зубы і слухаю дыялёг па суседзкім радыё.

Карэспандэнтка (з той самай лісьлівасьцю, зь якой белрадыё ходзіць у любімы народ): — Вы будуеце дамы, адраджаеце вёску… Вам, напэўна ж, гэта вельмі падабаецца? (Ну напэўна ж, каровішча ты!)

Сельскі будаўнік: — Я сам атсюда родам. Нравіцца, канешна.

Карэспандэнтка: — І за колькі дом можаце паставіць?

Сельскі будаўнік: — За пару нядзель, есьлі мацерыялы будуць падвозіць воўрамя… (А будовелька ідзе ўжо паўгоду — матэрыялаў не падвозяць. А вы п’яце на сонейку і робіце дзяцей тамтэйшым даяркам.)

Карэспандэнтка: — Харошыя домікі будуеце? (Сама ня бачыш, дурніца?)

Будаўнік: — Як для сельскіх жыцяляў — дык харошыя.

Карэспандэнтка: — Ды яшчэ бясплатныя!

Будаўнік: — Ну.

Дыктар (яловым голасам на тле нейкага тэхнакратычнага выцьця й буханьня): «Праграма «Адраджэньне вёскі»!

Каб вы задушыліся. Я, між іншага, з народам такая ж хлусьлівая і лісьлівая, як гэтая каляжанка-выляжанка. Таму мне наканавана лёгка сыходзіцца з розным ахвосьцем, быццам мы плавалі ў адной балеі. Нядаўна я пераехала, спадзеючыся пазбавіцца ад сацыяльнага балясту, які штовечара набіваўся піць са мною чарніла, — ад Раі-дворніцы, Славы-самалётамыйніка і ад Гены, які хацеў са мною «сысьціся і жыць». У першы ж вечар на новай хаце я заліла суседзяў. Прыйшла маладая алькагаліца з кватэры ўнізе і запатрабавала 20 тысячаў «на рамонт». Што ж, дала.

Учора зноў званок у дзьверы. На кілімчыку стаіць тоўстая баба ў бэрэце і ў байкавым халаце. Тоўстая, сапе.

— Ванда Вінцэнтаўна, — прадстаўляецца яна і сьцягвае бэрэт. Я бачу лысіну.

— Учора гэтая сука, мая нявестка, прапіла твае 20 тысяч, а потым і мой парык. Схадзі у краму па гарэлку, бо мне цяжка, я інвалід другое групы.

Разумеючы, што гэта мая новая прыяцелька, я бяру грошы і іду па гарэлку. Ванда Вінцэнтаўна хоча мне заплаціць 5 тыс. за паслугі. Я не бяру, зьбягаю па лесьвіцы, і старая кідае мне пяцітысячнік. Фіялетавая купюра зьлятае да ног, я падымаю яе і бягу далей. Па прыступках гарохам коцяцца словы: «Бо я буду часта пасылаць цябе па гарэлку!»

У мяне крыза ідэнтычнасьці. У мяне паражэньні мозгу ад гэтай рэчаіснасьці. У мяне даўно не было прыгодаў. Мне б хацелася вырушыць у горад і пагнацца за нейкім чалавекам або ідэяю. Так захапіцца, каб і на працу не ісьці. Але няма ідэяў і людзей, за якімі я б пабегла. І я іду ў сваю рэдакцыю. Мне трыццаць з хвосьцікам, на пачатку кар’еры я друкавала на машынцы, цяпер у мяне «Пэнтыюм», а ў краіне нічога не зьмянілася. Адно ачапяткі ўскрываюць схаваныя сэнсы.

«Астмасфэра».

«Калекатывізм» — калека і атавізм.

Але найгорш дастаецца краіне — «Бедарусь», «Бедларусь» (намёк на бэдлам), а аднойчы і «Быдларусь» атрымалася.

І нарэшце — «ветралёт», як поцяг да мары.

Тым днём шэфы даручылі мне напісаць тэкст на тэмат «Чарнобыль: асэнсаваны беларускай літаратурай ці не?». Абяцалі выдатна заплаціць. За тыя грошы я магла перасадзіць кветкі, занавесіць новым хусьцем вокны і яшчэ заставалася на збор Грынуэя. Надзейныя, правераныя рэчы — пералік я набрала на кампутары, раздрукавала і стала чытаць, пакуль стымуляцыя не загусьцее нагэтулькі, каб мне ўзяцца за працу. Адзінае, што я магу напісаць на вялікія тэмы (Хатынь, Чарнобыль, Вялікая Перамога, Бацькі й Дзяды, Мір і Стабільнасьць), — «fuck-fuck-fuck». Гэта не аплачваецца. Давядзецца выціскаць сябе, як цюбік. Цікава, што я не абыходжуся ні з кім так, як з сабою. Чарнобыль. Ня пішацца. Я пайшла на лесьвіцу і папаліла для стымуляцыі. Сапраўдны рыцар павінен сустракаць непазьбежнасьць, узьняўшы забрала і не адводзячы сталёва-шэрых вачэй (простых, як корд!). Я склала сьпіс творцаў, што асьвятлялі тэмат «Чарнобыль», і рушыла тэлефанаваць кампазытару Бульбульбулькіну, які напісаў ці то кантату, ці то араторыю пад назваю «Горкі палын» (банал — у анал!).

— Алё, — сказаў Бульбульбулькін.

Ня даўшы яму й пікнуць, я лісьліва залапатала:

— Выбачай-што-я-цябе-турбую-але-мне-патрэбна-твая-дапамога!

На гэтую фразу клююць ня толькі капрызьлівыя творцы, а нават свалачныя чыноўнікі.

— Хто гэта? — зьдзіўлена запытаў Бульбульбулькін.

Я назвалася і не пасьпела разявіць рот для наступнае фразы-пасткі, як Бульбульбулькін прамовіў:

— А, гэта ты, цынічнае, прадажнае, халоднае й самазакаханае стварэньне, якое маскуецца пад эксцэнтрычную кабетку?

Я люблю Бульбульбулькіна, ён не падобны ні на кога і ні на што, гэта адзіны чалавек на сьвеце, зь якім я магу палаяцца.

— Каго я пракінула гэтым разам?

— Я прасіў цябе надрукаваць штосьці пра мае гастролі, а ты мне як адмовіла? Ты пяеш, пакуль табе чалавек патрэбен, а потым разварочваешся.

— Гэта праўда. Ня будзем прыкідваць яе вецьцейкам. Але ТЫ мне заўсёды будзеш патрэбен.

— Я стаю на вакзале і чакаю машыны, каб забраць перадачу зь Вільні. Я ў адным касьцюме, мерзну. Калі ты прыедзеш за 10 хвілінаў, я табе скажу ўсё, што трэба, і ты паедзеш са мной у госьці да добрых людзей.

— Ужо апранаюся. Слухай, як мабілка зашуршыць у рукаве…

Я нырнула ў байку, у калідор, у таксоўку. Я абыдуся без Бульбульбулькіна як інтэрвіюэра, але не пражыву безь яго самога. Ня будзе як сказаць і пачуць праўду.

Ягоную шыракаплечую і танкастанную постаць я ўбачыла здалёк. Ён мёрз у зялёным гарнітуры, зялёным гальштуку і блакітнай кашулі, а ля ног стаяла брыдкая чырвоная торба. Бульбульбулькін — дасканалая карцінка, лішнія толькі торба й вакзальны натоўп.

Ён пайшоў насустрач, шырока ўсьміхаючыся, я працягнула руку і хацела абняцца, але ён адсунуў мяне і стаў аглядаць. Любая працоўная жанчына за трыццаць скажа вам, што ня варта так пільна разглядаць яе ў бязьлітасным сьвятле поўдня.

— Я думаў, раз вясна, ты будзеш у нечым аблягальным, яркім, ногі будуць, грудзі там…

Я зьдзівілася. Гадамі я хаджу ў джынсах, байках і тапках, зь вялікай чорнай торбаю. Ён абвіў мяне доўгімі рукамі, спрытна прайшоўся па ўсіх ляндшафтах, а потым узяў за руку і павёў да тралейбуса. Ён быў сіняваты ад холаду, пёр вялізную торбу. Я моцная, люблю перарасстаўляць мэблю, насіць торбы. Таму я вырвала руку, пераняла яму дарогу і паспрабавала хапянуць торбу. Ён спрытна выкруціўся. Але лекцыі пра жаноцкасьць не чытаў, і на тым дзякуй.

У тралейбусе я слухала яго як праз туман, бо непакоілася, ці правільна ён зразумеў словы «дарагі» і «я люблю цябе». Ці трэба сказаць яму, што я жаноча-мужчынскімі справамі не цікаўлюся? Але Бульбульбулькін вядомы эксцэнтрык, мо для яго пацалункі-абдымункі — норма?

Я падняла забрала і паглядзела простым, як корд, сталёва-шэрым позіркам у ягоны смуглы й падрапаны твар:

— Андрэй, перастань. Я ня маю на ўвазе нічога такога.

Пасажыры з усіх бакоў сунулі да нас круглыя вушкі і вострыя пыскі, і я спрабавала адсунуцца ад Бульбульбулькіна, але з-за тпрулейбуса з размаху торкнулася тварам у ягоную шыю. Я прывыкла ўсім глядзець у пераносьсе ці на макаўку, але Бульбульбулькін аказаўся вышэйшы. Ён прыціснуўся да мяне і сказаў, што яму на ўсё пляваць, ён зьмёрз і хоча пагрэцца. Мне так спадабаліся ягоныя правільныя, эрганамічныя і натуральныя абдымкі, што я вырашыла так і даехаць, а вылезшы, сказаць, каб заторкнуў сабе рукі куды-небудзь.

Мы выйшлі ля супэрмаркету і на прыступках сустрэліся з Ганнай, невысокай, моцна зьбітай, жвавай. У яе быў гомельскі твар — смуглы, цемнавокі, трохі дзятлікавы. Ганна грае на скрыпцы, мы пойдзем да яе ў госьці. Сталі раіцца, што набыць. Ганна хацела шампанскага, я — віна, а Бульбульбулькін хацеў чакаць на ганку апазыцыянэра Міколу, каб перадаць яму скрутак (праклямацыі). Бульбульбулькін дастаў з кішэні дробную купюру і даў на закупы. Я дакінула сваіх і зайшла ў краму. З пункту гледжаньня сьвінства, курэчаства і кароўства чалавечая крама выглядае жахліва! Я купіла сыру, кменнага хлеба, чылійскага віна, савецкага шампанскага, бісквіт і набор цукерак для дамы. На гэтым грошы скончыліся. За мной, схаваўшыся за стэляжамі, цікавалі ахоўнікі. Таму што я нагадваю Ульрыку Майнгоф, а не шляхетнага рыцара.

Апазыцыянэр Мікола ўжо забраў у Бульбульбулькіна торбу (добра, што гэтая разьлезлая пачвара была не Андрэева!) і стаяў-гаманіў. У яго быў учэпісты й недаверлівы позірк, бледна-блакітныя вочы і макабрычныя сьветлыя вусы. «Ясна, кахэпіст!» — угадала я. Шырокая душа Бульбульбулькін ужо запрашаў Міколу пайсьці з намі. Але Коля палічыў за лепшае паклеіць улёткі. Мы рушылі на гулянку. Шляхетны Бульбульбулькін адабраў у мяне пакет зь пітвом.

Андрэй і Ганна ішлі сьпераду і гаманілі пра сваё музычнае, а мне было так утульна плесьціся ззаду. У Ганны былі высокія сіняногія фужэры, мы пачалі піць зь іх шампанскае і заядаць бісквітам. Галодная і стурбаваная, я хутка адчула, як у галаве шуміць касьцёр. Андрэй дастаў Ганьніну скрыпку і пачаў граць урыўкі зь ягонае кантаты ці там араторыі. Мне стала сорамна — музыка была сапраўдная. Яна аджыўляла зацёртыя паняткі. Бадай, заўтра я здолею напісаць пра Чарнобыль. Ганна з Андрэем гралі па чарзе і паказвалі здымкі са сваіх бясконцых гастроляў. Андрэй зьбегаў яшчэ па пляшку. Не такі й сквапны. Потым мы гаварылі пра Беларусь. Я ёрнічала, распавяла пра Беларусь, Бедларусь і Быдларусь. За што расейскамоўная Ганна дала мне па пысе. За Беларусь — мне — па пысе! Я не магла нарадавацца на гэтую поўху.

Перайшлі да размоваў пра сэкс.

— Жанчына не павінна быць нічыйнай, — пераконваў нас з Ганнаю Андрэй.

— Летась, — падхапіла Ганна, — як мы езьдзілі ў Арабскія Эміраты, я ледзь ня выйшла замуж. Я была гатовая прыняць іслам. Я адчула сябе такой абароненай, свабоднай ад страху, трывогі. Па законе ён абавязаны глядзець мяне ўсё жыцьцё, нават калі мне там нагу, руку адарве ці рак прыкінецца. Гэта і ёсьць сапраўдная свабода для жанчыны.

— Нічыйная жанчына вяне і сохне, — сказаў Андрэй, абняў мяне й пачаў гладзіць твар, да якога месяцамі не дакраналіся нічые рукі, апрача маіх. Ганна гладзіла мяне па сьпіне над джынсамі.

Але я хачу радасьці й свабоды, а не размнажэньня ў няволі.

Я дапіла келіха і сказала пра гэта. Я разумею: гэта сьмешна. Ды ўсё ж думаю, што чалавек большы за гэты сьвет.

— Ясна! – сказала Ганна. – Яна яшчэ маленькая. Ідзі смажыць бульбу.

І я пайшла на кухню. Скрэбці бульбу. Яны прыйшлі за мной. З новай пляшкай, якую Ганна выцягла з антрэсоляў. Гэта ўжо была сяброўская пляшка. Мы абдымаліся, елі бульбу, плакалі, гаварылі языкамі-паплятайкамі. Потым Ганна пайшла нас праводзіць, і мартэнсам, нібы амонавец, выбіла фанэрныя дзьверы.

— Вось! — сказала яна.

Мы залезьлі ў той самы тралейбус, і Бульбульбулькін абняў мяне гэтак жа натуральна. Ён гладзіў мой твар, а мяне больш цікавіў маладзён зь вішнёвымі вачыма, што неадрыўна глядзеў на нас і прагна слухаў. І было незразумела, па чым ссумаваўся гэты юнак, — па п’янай жанчыне ці па жывой беларушчыне.

Я вярнулася непапэцканая, я адамкнула свае дзьверы, з палёгкай скінула торбу, тапкі, байку, майку, станік, шкарпэткі. У адных джынсах выпіла на кухні нагбом. Хто я — недалюбленая нічыйная жанчына? Нарцыс? Андрагін? Недалесьбійка, перагетэрасэксуалка? Не. Няма ні жанчыны, ні мужчыны, ні эліна, ні юдэя. Я рыцар Граэлент з адкрытым забралам і сталёвым кордам.

У суседзяў па радыё завыў гімн.

Я палезла ў лядоўню, дастала яйкі з надпісам «С Пасхой!», выдзьмухала іх і пафарбавала на памаранчовае. Паклала іх у гняздо малінаўкі, якое знайшла летась (у мяне пекная калекцыя птушыных гнёздаў). На яйкі я пасадзіла памаранчовага пеўніка-сувэнірка.

Хай вылупіцца аранжава-залацісты цмок. Мы ўсе зачакаліся.

Травень 2005

Каментары

«А што ў вас за праблемы? Далёка да Мінска ці няма каму падвезці?» Публічная пікіроўка Лукашэнкі і Пашыняна13

«А што ў вас за праблемы? Далёка да Мінска ці няма каму падвезці?» Публічная пікіроўка Лукашэнкі і Пашыняна

Усе навіны →
Усе навіны

Прыгожая традыцыя ў Берліне працягваецца. Дзясяткі тысяч заўзятараў «Уніёна» спявалі на стадыёне калядныя песні3

У Еўропе падымуць цэны на новыя аўто, каб стымуляваць пераходзіць на электрамабілі. Ці закране гэта Беларусь?29

Навагоднія падарункі ад Слуцкага сыраробнага камбіната ўразілі сваёй шчодрасцю10

На вуліцах Львова жыццё спаборнічае са смерцю ФОТАФАКТ9

60-гадовы мужчына, які ў 2020-м назіраў за выбарамі з табурэткі праз бінокль, пасля адваяваў два гады ва Украіне49

Пашкоджанні кабеляў працягваюцца. На гэты раз адзін з іх абарваны паміж Эстоніяй і Фінляндыяй4

Масквічы папрасілі Пуціна перанесці будаўніцтва гасцявога комплексу для пасольства Беларусі6

Навошта Лукашэнку «прэзідэнцкі баль» — такая дэманстратыўная і крыху архаічная, сэксісцкая па форме традыцыя?24

Байдэн збіраецца на развітанне ўвесці пакет санкцый супраць «ценявога флоту» Расіі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«А што ў вас за праблемы? Далёка да Мінска ці няма каму падвезці?» Публічная пікіроўка Лукашэнкі і Пашыняна13

«А што ў вас за праблемы? Далёка да Мінска ці няма каму падвезці?» Публічная пікіроўка Лукашэнкі і Пашыняна

Галоўнае
Усе навіны →