Грамадства1010

Ці дапамог Форум у Стакгольме актывізаваць грамадзянскую супольнасць?

Беларусы ўзялі ўдзел у 4-ым Форуме грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства.

29–30 лістапада ў Стакгольме адбыўся 4-ы Форум грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства. Беларусь на ім рэпрэзэнтавалі 23 няўрадавыя арганізацыі: ад моладзевых і экалагічных, да праваабарончых і прадпрыймальніцкіх.

Нефармальна Форум распачаўся фуршэтам у гарадской ратушы Стакгольма ў сераду вечарам. А 29 лістапада адбылося афіцыйнае адкрыццё мерапрыемства.

Падчас сесіі адкрыцця да ўдзельнікаў Форуму звярнуліся еўрачыноўнікі рознага рангу. Мадэравала сесію беларуска Вольга Стужынская, дырэктарка Офіса за дэмакратычную Беларусь і сябра кіраўніцтва Форуму.

Штэфан Фюле, еўракамісар па справах пашырэння ЕС і палітыкі добрасуседства, заявіў, што

«у Еўропе няма месца палітвязням». Ён запэўніў удзельнікаў Форуму, што Еўрасаюз будзе і надалей падтрымліваць дэмакратычныя арганізацыі ў краінах Усходняга партнёрства:

Шведская міністарка па дачыненнях з ЕС Біргіта Ольсан падкрэсліла, што

інтэграцыя з Еўропай была і застаецца ключавым інтрументам для мадэрнізацыі краінаў УП і станаўлення рынкавай эканомікі.
Апроч гэтага яна казала пра роўнасць палоў, непрымальнасць дыкрымінацыі геяў і лесбіянак, а таксама нацменшасцяў (у прыватнасці, цыганаў): «Еўрапа павінна быць кантынентам не толькі для большасцяў, але і для меншасцяў».

Ліза Берг, генеральны сакратар шведскай «Amnesty International», узгадала ў сваёй прамове прызнанага вязнем сумлення Алеся Бяляцкага.

На Форуме быў прэзентаваны даклад «Індэкс еўрапейскай інтэграцыі». Лідарамі па гэтым паказчыку з’яўляюцца Малдова і Грузія. Беларусь — у стабільных аўтсайдарах.

У першы дзень Форуму прадстаўнікі беларускай дэлегацыі абралі новага нацыянальнага каардынатара. Ім стаў прадстаўнік экалагічнай супольнасці «Зялёная сетка» Яраслаў Бекіш, які змяніў на гэтай пасадзе Сяргея Лісічонка.

Па словах новаабранага каардынатара, цяпер грамадзянская супольнасць ва УП мае хутчэй статус назіральніка. Але амбіцыя ў тым, каб яна стала патрнёрам:

«Такім чынам, партнёраў будзе тры: нацыянальны ўрад і парламент, грамадзянская супольнасць і Еўрапейскі саюз»,
сказаў Бекіш.

На другі дзень Форуму з прамовай выступіў былы пасол Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан. Выбачыўся перад астатнімі ўдзельнікамі Форума, да дэлегацыі з нашай краіны ён звярнуўся па-беларуску:

«Некаторыя самыя лепшыя моманты знаходжання ў Беларусі былі звязаны менавіта з вамі, з тымі людзьмі, якія сёння ў зале, з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці Беларусі. Я вам удзячны за гэта»,
казаў Эрыксан.

З прамовы былога пасла вынікала, што ён у курсе праблемаў беларускай грамадзянскай супольнасці:

«Дэбаты — гэта нармальная з’ява, і я не хацеў бы ствараць з гэтага трагедыю. Але я хачу выказаць сваю занепакоенасць з нагоды таго, што такія працэсы могуць пайсці не на карысць супольнай справе».

Эрыксан пажадаў беларусам кансалідацыі. Тыя ў сваю чаргу выказалі пашану былому паслу, уручыўшы яму фотакарціну і цукеркі.

Удзельнікі Форуму прынялі рэзалюцыю з патрабаваннем вызваліць Алеся Бяляцкага, спыніць крымінальны пераслед Анджэя Пачобута і аднавіць выхад часопіса «Arche».

«Мы яшчэ раз падкрэслілі, і гэта было цалкам падтрымана ўсімі ўдзельнікамі Форуму, патрабаванне вызваліць усіх беларускіх палітвязняў, якія цяпер за кратамі», паведаміў Уладзімір Лабковіч (праваабаронца-вясновец).

На думку праваабаронцы, беларуская грамадзянская супольнасць мае еднасць. Разам з тым, у межах Нацыянальнай платформы па-рознаму ацэньваюць прынятыя дакументы:

«Для „Вясны“ вельмі важна, каб прынятая Канцэпцыя не нанесла ўдар увогуле па грамадзянскай супольнасці. І нават дэкларатыўныя заявы пра магчымую палітызацыю грамадзянскай супольнасці, мне падаецца, вельмі шкодзяць у першую чаргу тым сферам, дзе палітызацыі быць не можа.
У першую чаргу гэта незалежная журналістыка і праваабарончая дзейнасць», сказаў Лабковіч.

Улад Вялічка, старшыня міжнароднага кансорцыюма «Еўрабеларусь», пагаджаецца, што грамадзянская супольнасць мае паразуменне па прынцыповых пытаннях: палітзняволеныя, незалежнасць Беларусі, еўрапейскі шлях развіцця. З іншага боку, на некаторыя рэчы арганізацыі глядзяць па-рознаму:

«Гэтыя пытанні павінны быць абмеркаваныя на працягу большага часу.

Я не думаю, што трэба баяцца рознасці думак ці нязгоды. Хутчэй гэта падстава, каб задумацца, як знайсці супольныя рашэнні, якія маглі б нас рухаць разам далей».
У якасці прыкладу Вялічка прыводзіць Еўрасаюз: «Не ўсе краіны ЕС маюць еўра, тым не менш яны ўваходзяць у ЕС».

Яраслаў Бекіш лічыць, што сам факт наяўнасці спрэчак патрабуе ўвагі. Пасля Канферэнцыі 16 лістапада ў прадстаўнікоў двух меркаванняў не было магчымасці іх абмеркаваць «у рэале».

А ў публічнай прасторы, у прэсе, «пазіцыйныя і стратэгічныя супярэчнасці перараслі ў канфліктную сферу», мяркуе актывіст.

Разам з тым, цешыць тое, што хаця б на ўзроўні беларускай дэлегацыі (хто быў на Форуме) былі зробленыя крокі да вырашэння спрэчных момантаў.

Адзін з галоўных вынікаў Форуму, на думку Улада Вялічкі, гэта заканчэнне працэсу яго афармлення ў межах УП. Як вынік, канчатковае прызнанне нацплатформаў у якасці суб’ектаў узаемаадносінаў, рэгістрацыя сакратарыята Форуму і замацаванне статуса перманентных назіральнікаў на міждзяржаўных сустрэчах.

У кіроўны орган Форуму (Steering Сommittee) увайшлі тры беларусы: Яраслаў Бекіш як нацыянальны каардынатар, а таксама Вольга Стужынская (Офіс за дэмакратычную Беларусь) і Мікалай Кванталіяні (Еўрапейскі моладзевы форум) ад еўрапейскіх арганізацый.

Каментары10

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

«Я ехала ад вайны і бамбёжак»: Яўгенія Чарняўская пра пераезд на Кіпр8

«Я ехала ад вайны і бамбёжак»: Яўгенія Чарняўская пра пераезд на Кіпр

Усе навіны →
Усе навіны

Беларусы выкупілі пад Мінскам дзевяць участкаў, каб жыць цеснай кампаніяй. Адно месца яшчэ вакантнае16

У нейрасетку GPT дадалі візуальны генератар. Паглядзіце, што ён можа20

Кот пароды мэйн-кун стаў рэкардсменам Кнігі Гінеса дзякуючы свайму хвасту

Пуцін гістарычна аргументаваў планы Трампа анексаваць Грэнландыю3

У Беларусь зноў прыляцела нільская гусь. Але радавацца тут няма чаму3

Скардзіна: У Швейцарыі я сумую па беларускім небе

У Рагачоўскім раёне пры затрыманні забілі падазраванага ў двайным забойстве2

У Расіі ў бізнэсмена Неўзліна адабралі вытворчасць абсталявання для нафтаздабычы5

Удава актывіста Максіма Чарняўскага расказала пра яго пакуты перад суіцыдам13

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Я ехала ад вайны і бамбёжак»: Яўгенія Чарняўская пра пераезд на Кіпр8

«Я ехала ад вайны і бамбёжак»: Яўгенія Чарняўская пра пераезд на Кіпр

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць