Культура22

Цэслер: гуру белдызайну - гутарка

З Уладзімірам Цэслерам мы сустракаемся ў ягонай майстэрні, у адным са старасвецкіх двухпавярховікаў на вуліцы Першамайскай.

Мастак займае гарышча, і трапіць да яго можна, пазваніўшы ў дамафон па «неіснуючым» у пад’ездзе нумары кватэры.

«Мы з Сяргеем Войчанкам так біліся, каб атрымаць гэтае памяшканне! — кажа мастак.
— Дзіўна, што другую палову гарышча ніхто так і не заняў: выдатнае месца».

Падчас размовы Уладзімір Цэслер паспявае адначасова гатаваць абед і паліць цыгарэты літаральна адну за адной: «Дзеці звычайна мараць быць бульдазерыстамі альбо танкістамі, а я неяк рана зразумеў, што мне падабаецца быць мастаком. Аднойчы ў дзяцінстве я трапіў на нейкае мерапрыемства і мне там паказалі мастака — «вось гэты дзядзька, ён мастак». І ён, дарослы чалавек, размаўляў са мной на роўных. Гэта яшчэ раз упэўніла мяне, што я хачу займацца мастацтвам. Пакуль мне пачалі купляць першыя альбомы, усе кнігі ў доме былі размаляваныя…»

Уладзімір Цэслер нарадзіўся ў Слуцку, там і хадзіў у мастацкую школу.
«Вядома ж, лепей было б у такім выпадку нарадзіцца ў Італіі, — усміхаецца Цэслер. — Мастацтва прыйшло адтуль — там спрыяльны клімат для літаратуры, філасофіі і мастацтва. Але ў ХХ стагоддзі італьянцам гэта надакучыла і мастацтва пачало культывавацца ў нашым рэгіёне. Аднойчы з польскім знаёмым мы гулялі па Варшаве і ўбачылі жылы дом — саўковы, з бітумнымі швамі, такое адчуванне, што рабіў яго будбат. І прыяцель пытаецца: «Як мяркуеш, у такім доме можа нарадзіцца нейкая гарманічная асоба?» Я тады сказаў, што чаму б і не — якая розніца, дзе ты нараджаешся, не ад гэтага ў табе сонца ўстае».

Адна з апошніх гучных працаў Цэслера — «Свята ў горадзе», яна стала галоўнай падзеяй вялікай выставы авангарднага мастацтва летась на «Гарызонце»: абсалютна пусты святочна аздоблены праспект Незалежнасці.

«Гэта было, а пятай раніцы, я ехаў у аэрапорт з сябрам і ўбачыў горад, упрыгожаны да свята, — кажа Цэслер. — Мы з фатографам дамовіліся на пятую гадзіну раніцы іншага дня. Прыехалі і адздымалі. Прычым зроблена «Свята ў горадзе» амаль без фоташопа. Я толькі пасля заўважыў, там насупраць цырка ляжаў п’яны — вось я яго і прыбраў. Выйшаў не Мінск, а Марс проста!»

Пра дарагі сэрцу Мінск Цэслер можа разважаць бясконца: «Адзіны будынак у Мінску, які пазнаюць, — гэта бібліятэка.
Яна ўваходзіць у спіс самых няўдалых праектаў, але гэты сімвал падпадае пад тую самую культуру. Я дагэтуль шкадую кінатэатр «Беларусь», якога болей няма, — гэта быў унікальны канструктывізм. І шкада фасада мінскага вакзала, ён быў яскравы — можна было ўпісаць яго ў навакольны хайтэк. Але мастакі ўсе бурчаць…» Мастак не абыходзіць увагай і новы лагатып беларускай сталіцы, распрацаваны брытанскай кампаніяй INSTID на замову Мінгарвыканкама: «Ці можна па гэтым лагатыпе сказаць, што гораду тысяча гадоў?»

Тым распрацоўшчыкам закідалі і падабенства мінскага знака і слогана да лонданскага. Цэслер таксама сутыкаўся ў сваёй творчасці з такімі з’явамі. «Нейкі іранскі мастак адправіў мой плакат на міжнародны конкурс і атрымаў за яго прэмію. Нічога не было зменена, толькі надпіс па-арабску з’явіўся. І што мне рабіць з гэтым чалавекам, наймаць юрыстаў? Ці вось з Самары ліст прыходзіў, што ў мяне «садралі» плакат. Ці я зрабіў Che Burask’у (Чабурашка ў духу Чэ Гевары), а мне маскоўскі мастак напісаў гнеўны ліст, маўляў, я перапрацаваў ягоную працу. Бываюць супадзенні — у мяне ж гэта цэлая серыя, Чэ-хаў, Чэ-каціла…»

У сучаснай Беларусі, кажа Цэслер, не ўсе разумеюць, што такое дызайн.
«Гэта не ўпрыгожванне, а хутчэй з’ява псіхалогіі і сацыялогіі, — кажа мастак. — Узнік ён у ЗША падчас Вялікай дэпрэсіі, калі трэба было прадаць нешта. Як прымусіць чалавека, у якога ёсць два прасы, купіць яшчэ і трэці? Трэба канцэпцыя, якая змяняе тваю свядомасць, — купіўшы такі прадмет, ты разумееш, што ўсё папярэдняе жыццё пражыў дарма. Задача дызайнера — раскласці твой унутраны свет па пунктах».

Здольнасць мастацтва змяняць асяроддзе і грамадскія настроі Цэслер прадэманстраваў у Тальяці ў Самарскай вобласці Расіі. Мастаку замовілі сорак вострасацыяльных білбордаў. «Мне прапанаваў зрабіць гэты праект цэнтр «Экаом», — кажа Цэслер. — Я стварыў серыю плакатаў, дзе словы кшталту «кра-дзеж» былі аформленыя накшталт англійскіх дзеясловаў у «-інгавай» форме. «Крадзінг», «кідалінг»… Гэта была акцыя супраць бруднага бізнэсу. Пасля гэтых плакатаў знялі губернатара».

Мастак не першы раз здзіўляецца такой рэакцыі на сваю творчасць. «Мне нядаўна расказалі, што ў Маскве існуе фан-клуб саколак, якія я ствараю, — кажа Цэслер. — Яны адсочваюць з’яўленне кожнай новай і адразу іх купляюць».

***

    Уладзімір Цэслер — самы вядомы беларускі дызайнер. Нарадзіўся ў 1951 у Слуцку. Пасля службы ў арміі пераехаў у Мінск, дзе закончыў факультэт дызайну Акадэміі мастацтваў. Першы плакат, выкананы ў суаўтарстве з Сяргеем Войчанкам, быў зроблены для піянерскага ансамбля ў 1979. Ягоныя працы прадстаўленыя ў музеях па ўсім свеце — ад Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі да Луўра.

***

    Да 2 сакавіка ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва (пр. Незалежнасці, 47) працуе выстава «Практыка рынкавага рэалізму» Уладзіміра Цэслера. На выставе — жывапіс, скульптура, арт-аб’екты і іншыя праявы яго крэатыўнасці.

Каментары2

Цяпер чытаюць

Старшыня Рады бяспекі заклікаў беларусаў устрымацца ад паездак у Расію3

Старшыня Рады бяспекі заклікаў беларусаў устрымацца ад паездак у Расію

Усе навіны →
Усе навіны

«Мы ачмурэлі ад таго, наколькі гэта дорага». Колькі беларусы зараз трацяць на вяселле3

Лідарку венесуэльскай апазіцыі Марыю Карыну Мачада не пусцілі на радзіму2

Гэты архітэктар праектуе падземныя гарады для самых багатых на выпадак Трэцяй сусветнай вайны5

Сабака ўкусіў дзіця непадалёк ад дзіцячай пляцоўкі, калі тое спрабавала залезці на дрэва? Версіі маці і гаспадара3

Рэлігія можа дзейнічаць на мозг як наркотык — у добрым сэнсе слова4

У Кіеве 10 чалавек загінулі ў выніку расійскай атакі, яшчэ 56 — параненыя

ЗША ўдзесяцёх і пры двух адмененых галах перамаглі Боснію і выйшлі ў 1/8 фіналу2

Бельгія амаль безнадзейна прайгравала Сенегалу, але ў выніку святкавала перамогу1

Уладзімір Каранік у Інданезіі папазіраваў у знакамітай мясцовай кашулі ФОТАФАКТ5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Старшыня Рады бяспекі заклікаў беларусаў устрымацца ад паездак у Расію3

Старшыня Рады бяспекі заклікаў беларусаў устрымацца ад паездак у Расію

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць