Гісторыя неспакойнай сям’і з Серабранкі скончылася трагедыяй
Пяць гадоў сям’я алкаголікаў на вуліцы Гараўца не давала спакою суседзям.
У папяровай версіі «Нашай Нівы» (№ 20 ад 29 мая 2013) мы пісалі, як жыхароў 4-га пад’езда дома № 2 на вуліцы Гараўца ў Мінску тэрарызуе сям’я алкаголікаў. Яны шматкроць затаплялі суседскія кватэры, ледзь не ўчынілі пажар, а таксама ператварылі пад’езд у грамадскую прыбіральню. Пры гэтым жыхары казалі, што жывуць у такім становішчы пяць гадоў.
У выніку раз’юшаныя суседзі вырашылі сабраць сход, каб выпрацаваць план дзеянняў. Бо паводле іх словаў, ні міліцыя, ні камунальныя службы не рабілі ніякіх эфектыўных захадаў для вырашэння праблемы.
«Я быў звярнуўся на гарачую лінію ЖРЭА Ленінскага раёна — крычалі ў 124-й кватэры невыносна — і паскардзіўся на шум. І вось прыйшоў мне адказ за подпісам дырэктара Каралькова. У ім гаворыцца, што наш ЖЭС апытаў жыхароў суседніх кватэраў, але факты шуму не пацвердзілі. Я сам апытаў суседзяў — ні да каго ніхто не прыходзіў, ні пра што не пытаў. Зразумела, ніхто там нічога рабіць нават не пачынаў», — расказаў напрыканцы мая карэспандэнту «НН» жыхар дома Андрэй і прадэманстраваў адказ ад ЖРЭА.
Нажаль, улады так і не паспелі ўмяшацца ў сітуацыю. Сусед жыхароў пад’езда № 4 паведаміў «НН», што ў канцы чэрвеня Георгія, уласніка той самай злашчаснай 124-й кватэры, даставілі ў рэанімацыю з цяжкай траўмай галавы, якую яму нанёс сужыцель яго дачкі. Менавіта яго — сужыцеля — жыхары пад’езда называлі галоўным дэбашырам і парушальнікам спакою.
А 12 ліпеня карэспандэнту «НН» паведамілі, што збіты Георгій на гэтым тыдні памёр у рэанімацыі так і не прыходзячы ў прытомнасць. Адзін з жыхароў дома расказаў, што ён зусім нямнога не дажыў да свайго 60-годдзя і выхаду на пенсію.
Каментары