Здароўе11

Пасля кавіду людзі гадамі могуць не адчуваць смак ежы. Навукоўцы знайшлі магчымую прычыну

Большасць людзей, у якіх пасля COVID-19 змянілася ўспрыманне смаку, аднаўляюцца за некалькі тыдняў ці месяцаў. Аднак у сяго-таго гэтая праблема захоўваецца нават праз год пасля хваробы.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: Браслав Online

Страта смаку і нюху стала адным з найбольш вядомых сімптомаў каранавіруснай інфекцыі. Звычайна гэтыя адчуванні паступова вяртаюцца пасля выздараўлення, але ў часткі людзей праблемы захоўваюцца больш за год, нават калі сама хвароба працякала ў лёгкай форме.

Даследчыкі з медыцынскага кампуса Каларадскага ўніверсітэта Аншуц і двух шведскіх універсітэтаў паспрабавалі высветліць, якія біялагічныя працэсы могуць стаяць за працяглай стратай адчування смаку. На вынікі іх працы звяртае ўвагу Science Daily.

У даследаванні ўзялі ўдзел 28 чалавек, якія больш за год пасля каранавіруснай інфекцыі скардзіліся на парушэнні смаку. Пры гэтым ніхто з іх не быў шпіталізаваны з COVID-19.

Спецыяльныя тэсты паказалі, што ў васьмі ўдзельнікаў былі відавочныя адхіленні ў адчуванні смакаў. Адзінаццаць чалавек паведамілі пра цяжкасці з распазнаваннем асобных смакаў, найперш салодкага, горкага і умамі. Апошні можна адчуць, напрыклад, у грыбах або мясным булёне. А вось здольнасць распазнаваць салёнае і кіслае ва ўдзельнікаў даследавання захавалася.

Каб высветліць прычыну такой розніцы, навукоўцы ўзялі ў 20 удзельнікаў невялікія ўзоры тканак з грыбападобных сасочкаў языка. У іх размяшчаюцца смакавыя цыбуліны — мікраскапічныя структуры, якія змяшчаюць клеткі, адказныя за ўспрыманне смаку.

Дзве прычыны страты смаку і нюху пасля COVID-19

Аналіз паказаў, што ў даследаваных тканках быў паніжаны ўзровень матрычнай РНК, неабходнай для выпрацоўкі бялку PLCβ2. Гэты бялок адыгрывае важную ролю ў механізме распазнавання салодкага, горкага і умамі.

Калі чалавек есць нешта з адным з гэтых смакаў, адпаведныя рэцэптары запускаюць у клетках ланцужок біяхімічных рэакцый. Бялок PLCβ2 дапамагае ўзмацніць сігнал, неабходны для перадачы інфармацыі пра смак у мозг.

Паніжэнне ўзроўню матрычнай РНК можа прыводзіць да недахопу гэтага бялку і, адпаведна, аслаблення смакавых сігналаў. Для распазнавання салёнага і кіслага арганізм выкарыстоўвае іншыя механізмы, якія не залежаць ад PLCβ2. Гэта можа тлумачыць, чаму пасля кавіду ў некаторых людзей парушаецца ўспрыманне толькі пэўных смакаў.

Аднак малекулярнымі зменамі тэма не абмежавалася. Калі навукоўцы вывучылі ўзоры тканак пад мікраскопам, высветлілася, што ў адных удзельнікаў смакавыя цыбуліны выглядалі нармальна, а ў іншых была парушаная іх структура, а таксама змянілася размяшчэнне смакавых клетак.

Такім чынам, працяглыя праблемы са смакам пасля COVID-19 могуць быць звязаныя як з парушэннямі перадачы сігналаў, так і са зменамі ў будове смакавых цыбулін.

Але чаму гэтыя парушэнні могуць захоўвацца настолькі доўга? У норме смакавыя клеткі абнаўляюцца прыкладна кожныя два-чатыры тыдні. Але ж у некаторых людзей праблемы са смакам працягваюцца больш за год пасля інфекцыі. Гэта сведчыць, што натуральнага абнаўлення клетак не заўсёды дастаткова для аднаўлення іх нармальнай працы.

Даследаванне дапамагло выявіць магчымыя біялагічныя прычыны працяглай страты смаку, але пакуль невядома, ці могуць выяўленыя малекулярныя змены з часам знікнуць. Навукоўцам таксама трэба высветліць, ці магчыма аднавіць нармальную працу смакавых клетак з дапамогай лячэння.

Каментары1

  • Умамі
    25.10.2026
    Гэта што? 🫣

Цяпер чытаюць

Віцебскі вядучы пажартаваў на закрытым мерапрыемстве. Праз дзве гадзіны да яго прыехала міліцыя праз данос19

Віцебскі вядучы пажартаваў на закрытым мерапрыемстве. Праз дзве гадзіны да яго прыехала міліцыя праз данос

Усе навіны →
Усе навіны

Святлана Ціханоўская пра крытыку з боку Ціханоўскага: Мне ад гэтага вельмі крыўдна і непрыемна50

Вынеслі прысуд былому рэктару віцебскага ВНУ, які прыдумляў студэнтаў — вельмі лагодны

На выбарах у ЗША прайграла кангрэсвумен-украінка, якая галасавала супраць падтрымкі Украіны11

Падчас адпачынку ў В'етнаме памерла 69‑гадовая беларуска5

НАТА рыхтуе стратэгію ўдараў у глыбіню Расіі на выпадак атакі Пуціна4

Венгрыя праз 36 гадоў адкрыла архівы інфарматараў камуністычнай эпохі15

«Ён можа актывізаваць свае кантакты з Пуціным». Эксперты ацанілі наступствы паразы Трампа для Украіны і Еўропы4

Памёр Цінта Брас8

У Падмаскоўі беларус з чатырма расіянамі пад выглядам рамонтнікаў скраў медны кабель «Растэлекама»5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Віцебскі вядучы пажартаваў на закрытым мерапрыемстве. Праз дзве гадзіны да яго прыехала міліцыя праз данос19

Віцебскі вядучы пажартаваў на закрытым мерапрыемстве. Праз дзве гадзіны да яго прыехала міліцыя праз данос

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць