У Францыі пасля мірных акцый зноў успыхнулі беспарадкі. Затрымалі амаль тысячу чалавек
Сотні тысяч людзей выйшлі на вуліцы французскіх гарадоў 24 кастрычніка, пратэстуючы супраць дарагавізны і дрэнных умоў у навучальных установах. Большасць дэманстрацый днём прайшла мірна, але ўвечары зноў пачаліся сутычкі з паліцыяй, паведамляе BBC.

Паводле Міністэрства ўнутраных спраў Францыі, у акцыях удзельнічалі каля 400 тысяч чалавек. Прафсаюзы ацанілі колькасць удзельнікаў прыкладна ў 800 тысяч.
Для аховы парадку па ўсёй краіне задзейнічалі каля 70 тысяч паліцэйскіх. Улады імкнуліся не дапусціць паўтарэння беспарадкаў папярэдніх выхадных, калі ў розных гарадах палілі будынкі і рабавалі крамы.
У Парыжы сутычкі пачаліся напрыканцы мірнага шэсця. Частка ўдзельнікаў будавала барыкады, кідала ў паліцэйскіх розныя прадметы і феерверкі. Людзі ў масках разбівалі вокны аўтасалона. Паліцыя ўжывала дубінкі, слезацечны газ і вадамёты.
У Марселі падпальвалі смеццевыя бакі і барыкады, у Бардо здымалі дошкі з будынкаў, каб перагарадзіць вуліцу. У Ліёне паліцыя разагнала слезацечным газам натоўп, які, паводле паведамленняў, сабраўся ў забароненай для акцый зоне.
Міністр унутраных спраў Ларан Нуньес паведаміў пра амаль тысячу затрыманых і папярэдзіў, што іх колькасць можа павялічыцца. Два чалавекі атрымалі цяжкія траўмы — у Тулузе і Клермон-Феране.
Пры гэтым маштабных рабаванняў, як тыднем раней, удалося пазбегнуць.
Пасля беспарадкаў 17 кастрычніка ў Францыі затрымалі больш за 2500 чалавек, у шэрагу гарадоў увялі каменданцкую гадзіну. Эмануэль Макрон таксама распарадзіўся дазваляць толькі дэманстрацыі, арганізаваныя прызнанымі прафсаюзамі. Сотні людзей ужо атрымалі турэмныя тэрміны за вандалізм, падпалы і рабаванні.
Пратэстоўцы наракаюць на рост коштаў, высокія падаткі і тое, што ўлада не чуе іх патрабаванняў.
Каментары