Гісторыя44

Малодшы брат Багушэвіча

Нарадзіўся ў Кушлянах у 1846. З Францішкавых братоў ён быў самы малодшы. Піша Уладзімір Содаль.

Высокі, гонкі, светлавалосы, з высакароднымі рысамі твару, увесь адкрыты, натхнёны, узнёслы. Рос і гадаваўся на тых самых прыкладах і ўзорах, што і яго старэйшыя браты. Спачатку вучыўся ў вандроўных настаўнікаў, затым у Віленскай гімназіі.

На час паўстання 1863 яму было толькі сямнаццаць. Ён як мог дапамагаў дзецюкам Каліноўскага, насіў ім у лес харчы, добра ведаў «Мужыцкую праўду» — яе ў Кушляны прывозіў з Вільні гімназіст Антон Ясевіч, а вандроўны настаўнік Клімашэўскі чытаў сваім выхаванцам, сеяў зерне нянавісці да царскага ўрада, і гэтая навука неўзабаве прыдалася Апалінару.

5 лістапада 1863 царскія жандары зрабілі другі наскок на Кушляны (першы быў 25 кастрычніка) — прыехалі па Апалінара і бацьку. Да Ашмянскай следчай камісіі дай­шлі звесткі, што паўстанцам дапамагалі Апалінар і бацька Ка­зімір Багушэвічы. Вобшук нічога не даў, не знайшлі нічога такога, за што можна арыштаваць Апалінара. І ўсё ж юнака арыштавалі. Нявопыт­ны, ён часам блытаўся ў сваіх паказаннях, яго лавілі на словах. А ён цвёрда трымаўся агульнай дамовы: нікога не ведаю, нічога не бачыў.

10 мая 1864 Мураўёў сваім заключэннем аддаў Апалінара, яго сястру і бацьку вайсковаму суду па палявым крымінальным улажэнні. Больш года пратрымалі хлопца ў астрозе, а затым перадалі «на благонадежное поручительство». У Кушляны ён вярнуўся памужнелы, загартаваны і ўзяўся за гаспадарку. Ён любіў гаспадарыць, тым больш у Кушлянах на тую пару нікога з братоў дома не было. Затым мы бачым Апалінара ў слынных Яшунах, у маёнтку Балінскіх. Пра гэта мы даведваемся з заявы Францішка Багушэвіча ад 4 лютага 1886 у Віленскі акруговы суд. Паводле слоў кушлянцаў, Апалінар там быў за камісара — даверанай асобай Балінскіх, вёў маёнткавую гаспадарку.

Францішка Багушэвіча таксама прываблівала Яшунская сядзіба. І найперш як асяродак культуры. Нейкі час тут жыў слынны матэматык, філосаф, рэктар Віленскага ўніверсітэта Ян Снядэцкі, а таксама вядомы гісторык Міхаіл Балінскі.

З Яшунамі ў маладыя гады звязаў свой лёс і польскі паэт­ Юльюш Славацкі. Тут часта бывалі Адам Міцкевіч, Тамаш Зан і шмат іншых, дарагіх Францішку людзей. У Яшунах была багатая бібліятэка. Францішак ганарыўся, што менавіта яго брату даверылі кіраваць такім культурным асяродкам.

Яшуны знаходзіліся недалёка ад Вільні — усяго дваццаць сем з паловай вёрстаў, пры Лідскім тракце. І Францішак, пэўна ж, неаднойчы сюды завітваў. А ў 1887 нават даслаў у часопіс Kraj нататку пра яшунскі пажар 21 ліпеня, калі ў суш згарэла дваццаць валокаў бору. Мабыць, гэты пажар стаўся для Апалінара як даверанай асобы вялікім перажываннем. Яно, пэўна, перадалося і Францішку.

У 1898 Багушэвічы дзяліліся. Апалінар адмовіўся ад зямлі. Францішак меўся за гэта сплаціць брату 2667 рублёў. Разы­шліся яны палюбоўна. Падчас раздзелу Кушлянаў браты­ часта сустракаліся. Захавалася Апалінарава даручэнне, у якім ён вельмі ласкава называе Францішка «любым братам».

Праз нейкі час Апалінар жыве за Вільняй — у маёнтку Антаноша. Паводле адных звестак, ён нібыта купіў гэты маёнтак, паводле іншых — даглядаў на тых жа ўмовах, што і Яшуны. Разам з тым, яго імя часта фігуруе ў Віленскіх адрасных кнігах. То мы бачым, што ён жыве на Навагрудскай вуліцы ў доме Мантвілы (1898), то на Каўказскай, 16 (1908—1909), то на вуліцы Вялікай у гасцініцы «Францыя» (1910—1912), то на Зарэчнай, 3 (1913—1915). Але памёр, як сведчыць выпіс з актаў грамадзянскага стану віленскага Бернардынскага касцёла (запіс №191), у маёнтку Антаноша. Гэта прымушае думаць, што там было яго сталае месца жыхарства. Пахавалі Апалінара ў Вільні.

На віленскім Бернардынскім могільніку (вуліца Полацкая) на магіле ацалеў гранітавы помнік. Ён у добрым стане, з ланцуговай агароджай. З надпісу на помніку даведваемся, што памёр Апалінар 19 верасня 1920 на 75-м годзе. Тут жа пахавана і яго жонка Мальвіна, якая адышла ў 79 гадоў 18 мая 1930. Магілку даглядаюць.

У архіве «Нашай Нівы» за 1906—1915 ляжыць картка. У ёй згадваецца маёнтак Антаноша і Апалінарава прозвішча. Пэўна, нашаніўцы хацелі звязацца з Апалінарам, а мо і звязаліся. Ва ўсякім разе ў нашаніўцаў была якаясьці спроба наладзіць сувязь з братам Францішка.

Паводле звестак Зыгмунта Абрамовіча, Багушэвічавага стрыечнага ўнука, у Апалінара былі дзве дачкі — Аліна і Канстанцыя, а таксама сын Севярын. Севярын скончыў Пецярбургскі ўніверсітэт, доўга жыў у Вільні, быў віленскім суддзёй і натарыусам, затым пераехаў у Польшчу. Зыгмунт Абрамовіч даў мне адрас Апалінаравага ўнука Ежы (Юркі) Багушэвіча.

Я пісаў на гэты адрас, думаў, мо якія памяткі пра Багушэвіча ацалелі, але адказу, на жаль, не атрымаў. Тым не менш не трачу надзеі, што хоць калі звяжуся з Апалінаравымі нашчадкамі і, можа, калі не я, то хтось такі апантаны, як я, знойдзе ў сямейным архіве што­кольвек каштоўнае для жыццяпісу Багушэвічаў.

Каментары4

Цяпер чытаюць

У Кіеве за шпіянаж арыштавалі беларускую журналістку Іну Кардаш. Кажуць, з 2015 года яна працавала на КДБ5

У Кіеве за шпіянаж арыштавалі беларускую журналістку Іну Кардаш. Кажуць, з 2015 года яна працавала на КДБ

Усе навіны →
Усе навіны

«Белавія» накрыў маштабны збой у расійскай сістэме браніравання авіяквіткоў

У мінскім метро патлумачылі, для чаго адлічваюць на гадзінніках час ад адпраўлення цягніка, а не да яго прыбыцця1

Стала вядома, як цяпер жыве былы аўтагоншчык Міхаэль Шумахер1

Цягніковаму дыспетчару, арыштаванаму за карупцыю, дадалі абвінавачанне ў «здрадзе дзяржаве»

Еўрасаюз цалкам забароніць пастаўкі газу з Расіі14

У Мінску перадумалі зносіць хрушчоўкі. Рэнавацыя закране двух-трохпавярховыя дамы1

Японцы са слязьмі на вачах развітваюцца з пандамі — жывёлін забірае Кітай праз пагаршэнне адносін паміж краінамі6

Эканамічны рост Польшчы аслабіў планы краіны на ўвядзенне еўра замест злотага

Чаму Зяленскі перагледзеў стаўленне да беларускай апазіцыі? Аналіз Валера Карбалевіча15

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Кіеве за шпіянаж арыштавалі беларускую журналістку Іну Кардаш. Кажуць, з 2015 года яна працавала на КДБ5

У Кіеве за шпіянаж арыштавалі беларускую журналістку Іну Кардаш. Кажуць, з 2015 года яна працавала на КДБ

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць