Меркаванні2424

Паміж мовай і мовай

Камертон Сяргея Ваганава.

...Шпацыравалі з сябрам па скверы, што побач з вуліцай Багдановіча і плошчай Бангалор, вяла спрачаліся аб нечым, звыкла не звяртаючы ўвагі на недарэчнае спалучэнне мінскай тапанімікі. Падчас спрэчкі, што вялася па-руску, я працытаваў сказ з беларускамоўнага тэксту. І раптам пачуў: «А ты праз мову ўжо зусім стаўся нацыяналістам...»

Ні асуджэння, ні ўхвалення я не заўважыў — нейкая бясколерная, без адценняў, канстатацыя. Але задумаўся: як гэта праз мову можна стацца нацыяналістам? Ці камуністам... Ці сацыял-дэмакратам... Ці лібералам...

Сябар мой, дарэчы, ліберальных поглядаў, выдатна валодае беларускай мовай, карыстаецца ёй па патрэбах. Але ў асноўным — рускай. Дык што, праз ужыванне той ці іншай мовы вызначаецца прыналежнасць да палітычнай плыні і ўвогуле — палітычны лад?

Многія лічаць, што ў Беларусі з яе балючай моўнай драмай — вызначаецца. Некаторыя публіцысты з ужывання ці не ўжывання беларускай мовы ўвогуле робяць нейкую прыладу накшталт «свой-чужы».

Цікавы нарыс пра рускіх у Эстоніі, нават пры штучнасці шэрагу высноў з тамтэйшых назіранняў, Дзмітрый Галко пачынае з прызнання, што «большую частку жыцця... карыстаўся рускай мовай. Яна была першай, вывучанай у дзяцінстве, і цяпер застаецца асноўнай мовай зносінаў». Але калі «...мова — культурны код, у якім закладзена філасофія жыцця чалавека, яго сістэма каштоўнасцей, стыль паводзін, лад мыслення, руская з цягам часу робіцца для мяне ўсё больш чужой. І гэта ненармальна — пастаянна ў глыбіні душы адчуваць сябе чужым сярод чужых на сваёй зямлі».

Разумею шчымлівасць, з якой аўтар робіць гэта прызнанне, бо ў «чужыя» трапляе пераважная большасць беларусаў. Але ці не хаваецца за гэтай шчымлівасцю пэўная няшчырасць? Што, калі аўтар карыстаецца беларускай мовай, ён беларус, а калі рускай — «чужы» беларус? То бок і не беларус, а немаведама хто з немаведама якой «філасофіяй жыцця» і «сістэмай каштоўнасцяў»?

Адмаўляць мове ва ўплыве на «лад мыслення» і «стыль паводзін», вядома, не выпадае. Але я не ведаю аніводнага рускамоўнага беларуса — ні з гарадскіх, ні тым больш з вясковых — чый лад і стыль цалкам не беларускія. Родная мова жыве не толькі і не столькі ў культурным, як лічыць Галко, кодзе беларусаў, бо культура і нацыянальная адметнасць нішчыліся разам з мовай, але найперш у тысячагадовым — «ад прадзедаў спакон вякоў» — кодзе беларускіх пакаленняў. І ў гэтым, упэўнены, паратунак і моўная будучыня нацыі.

Дык чаму ж «чужы»?

Няўжо частка беларускамоўнай інтэлектуальнай эліты сапраўды верыць у тое, што калі рускамоўнаму беларусу без перадыху дзяўбсці, які ён «чужы», і мова (дакладней, яе ўсеагульнае ўжыванне, бо мова, дзякуй Богу, жыве) адродзіцца, і беларус урэшце рэшт стане «сваім»?!

Не, нельга блытаць стаўленне да моўнай палітыкі са стаўленнем да рускай мовы як да «чужой».

Іншая? Так. Замежная? Магчыма. Але ўсё ж такі ў абмежаваным, геаграфічна-палітычным, так бы мовіць, сэнсе. Бо нельга не ўлічваць, што ў розных народаў станаўленне мовы адбывалася ў розных гістарычных абставінах. І адносіцца да рускай мовы, як, напрыклад, да ангельскай — глупства, якое толькі пашырае непаразуменне паміж беларусамі. Роўна праз год пройдзе рэферэндум аб незалежнасці Шатландыі. І што, калі шатландцы выкажуцца «за», дык адмовяцца ад ангельскай мовы і з імпэтам пачнуць карыстацца толькі кельцкай?..

Немагчыма, зразумела, параўноўваць сумнавядомы лукашэнкаўскі моўны рэферэндум з шатландскім аб незалежнасці — розныя метады і розныя мэты. Лукашэнкаўскі, што зрабіў рускую мову дзяржаўнай, — супраць незалежнасці, у працяг русіфікацыі, яшчэ больш жорсткай, чымсьці ў СССР.

Але адна справа — русіфікацыя, іншая — руская мова.

У пэўным сэнсе руская мова таксама ахвяра русіфікацыі. З чаго яшчэ, як не з гэтай ганебнай палітыкі, ужыванне рускай мовы ператвараецца, так бы мовіць, у злоўжыванне, а сама яна абвяшчаецца «чужой» ці нават «акупацыйнай»?! Дарэчы, таксама блытаніна паміж акупацыяй і анексіяй, якая па наступствах яшчэ горш...

Аднойчы да мяне трапіў ліст, аўтар якога з вялікім жалем і занепакоенасцю піша пра няведанне і нежаданне ведаць і ўжываць родную мову. Але вось выснова: «...каб змяніць чужую мову на сваю, трэба, па-першае, зразумець шкоднасць чужой мовы і культуры...»

Я не ведаю, як можна гэта зразумець.

Я наогул не ведаю, як страх перад «чужой» мовай і культурай і, адпаведна, моўная і культурная абмежаванасць, не кажучы ўжо пра варожасць, здольны спрыяць распаўсюду і развіццю нацыянальнай мовы і культуры. Падобна на тое, як пагардлівае стаўленне да беларускай мовы з боку адэптаў «великой и неделимой» ёсць на самой справе цемрашальства, не маючае аніякіх адносінаў да культуры і ўвогуле чалавечай годнасці.

Дык навошта нам такое падабенства? Каб «людзьмі звацца»?

Не, мала сёння людзьмі звацца. Трэба яшчэ заставацца людзьмі.

Каментары24

Цяпер чытаюць

Трамп падпісаў закон аб «пякельных» санкцыях супраць Расіі11

Трамп падпісаў закон аб «пякельных» санкцыях супраць Расіі

Усе навіны →
Усе навіны

Андрэй Аляксандраў: За кратамі я ведаў, што беларуская журналістыка працуе, і таму спакойна збіваў паддоны2

Кушнер Пуціну: Вы нам і год назад казалі, што за пару месяцаў зоймеце Данбас26

Лукашэнка заклікаў саджаць больш бульбы9

Трамп прапануе Пуціну бізнэс-здзелкі з ЗША да завяршэння вайны з Украінай7

«За гэта ў турму трэба садзіць». Лукашэнку абурыла, як цярэбяць лён на роднай Шклоўшчыне37

Наколькі каштоўнае для Лукашэнкі апошняе зняцце санкцый з боку ЗША8

Вызвалены Алесь Чумакоў расказаў пра абвінавачванне: «Граў беларускую народную музыку і тым самым гуртаваў пратэставае ядро»14

Мінчанцы, якая прасіла ў Лукашэнкі кватэру за трох народжаных дачок, пакуль падарылі трохмесную каляску26

«Калі працуеш дома — жыць няма за што, а калі працуеш на фуры — жыць няма калі». Беларусы-дальнабоі расказалі пра свой лад жыцця13

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Трамп падпісаў закон аб «пякельных» санкцыях супраць Расіі11

Трамп падпісаў закон аб «пякельных» санкцыях супраць Расіі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць