Меркаванні2222

Эстонія: рускія — яны такія

Піша Дзмітры Галко.

Жаданне стаць суб’ектам — жаданне свабоднага чалавека ў свабоднай краіне, якое і адрознівае яго ад бяспраўнага і бязмоўнага падданага дэспатыі. Але калі гаворка пра калектыўную суб’ектнасць — рускай меншасці ў Эстоніі, ці не азначае такое жаданне адмову ад прызнання за эстонскай дзяржавай права заставацца ўсё ж такі эстонскай?

Газета «Новы час» працягвае публікаваць нататкі свайго карэспандэнта пра Эстонію.

Адпачыць ад рускай мовы

Ужо на другі дзень гасцявання ў Эстоніі мяне ахапіла незвычайнае адчуванне слыхавога камфорту. Атмасферу вакол нас забруджваюць не толькі прамысловыя выкіды і аўтамабільныя выхлапы, кожны дзень у вушы гараджаніна ўліваецца вялізны струмень гукавой інфармацыі, большую частку якой можна назваць «непажаданай». Я б хацеў ніколі ў сваім жыцці не чуць песні «О божа, які мужчына», але мінулым летам у Мінску чуў яе столькі разоў, што яна, нібы іншароднае цела, засела ў маёй галаве. А тут — рассмакталася. Ні ў транспарце, ні з вокнаў, ні на мабільных тэлефонах — нідзе не было гэтай навязлівай рэкламы паляпшэння дэмаграфічнай сітуацыі любымі сродкамі.

Пазней, прыехаўшы з выспы Саарэмаа на аўтавакзал у Таліне, я зразумеў, што адпачываў наогул ад рускай мовы.

У Беларусі на рускай мове размаўляе пераважная большасць насельніцтва, чытае на ёй, глядзіць фільмы і слухае музыку — хіба руская мова не родная для беларусаў?

Па ўсім выходзіць, што родная. Як жа можна стаміцца ад роднай мовы? Наадварот, людзі звычайна радуюцца, пачуўшы родную гаворку за мяжой.

Мне і самому фармальна цяжка назваць сябе беларускамоўным чалавекам, таму што большую частку жыцця я карыстаўся рускай мовай.

Яна была першай, вывучанай у дзяцінстве, і цяпер застаецца асноўнай мовай зносінаў. Аднак радасна кінуўся да незнаёмых людзей у Эстоніі я толькі аднойчы — пачуўшы, як мне падалося, размову па-беларуску ў Нарве.

Руская мова ні з кім мяне не родніць, як не родніць добрае валоданне англійскай з яе носьбітамі. Калі ж казаць пра тое, што мова — культурны код, у якім закладзена філасофія жыцця чалавека, яго сістэма каштоўнасцей, стыль паводзін, лад мыслення, руская з цягам часу робіцца для мяне ўсё больш чужой.

І гэта ненармальна — пастаянна ў глыбіні душы адчуваць сябе чужым сярод чужых на сваёй зямлі. Таму на чужыне ўздыхаеш з палёгкай, бо тут падобнае становішча прынамсі ў парадку рэчаў.

Пазбавіцца маскоўскага погляду на рэчы

На пероне аўтавакзала ў Таліне давялося назіраць такую сцэну. З жанчыны, якая ішла разам з маладым чалавекам, упала нашыйная хустка.

Яны не адразу тое заўважылі. Калі заўважылі, малады чалавекам гучна прамовіў: «Галоўнае — усе ж маўчаць!» І дадаў, гледзячы вакол воўкам: «Эсты, блін!»

Пэўная частка рускай супольнасці ў Эстоніі таксама пачуваецца чужой у варожым асяроддзі.

Каментары на рускамоўных сайтах там вельмі нагадваюць каментары на сайтах беларускіх СМІ.

Яны прасякнутыя духам канфрантацыі і варожасці да ўсяго, што адбываецца ў «гэтай краіне». Добрыя навіны выклікаюць скептычнае стаўленне, кепскія — непрыхаваную злараднасць.

Ці азначае гэта, што ўсе рускія жыхары Эстоніі, а яны складаюць каля 25% насельніцтва, знаходзяцца ў непрымірымай апазіцыі да эстонскай дзяржавы? Увогуле, наколькі аднастайнай можна лічыць рускую супольнасць?

Пра гэта мы пагутарылі з Савам Цярэнцьевым, музыкам з Сыктыўкару, супраць якога ў 2007 годзе была распачата крымінальная справа за каментар у блогу — першая падобная справа ў Расіі.

У 2011 годзе ён атрымаў палітычны прытулак у Эстоніі, дзе і жыве цяпер разам з жонкай і сынам:

— Вядома ж, супольнасць вельмі неаднастайная, — расказвае Сава. — Проста прывяду шэраг прыкладаў. Неяк у талінскім трамваі я чуў маналог рускага хлопца, які разважаў пра тое, як добра было б, калі б немцы не габрэяў забівалі ў часы Трэцяга рэйху, а эстонцаў. Напэўна, ён не адзін, хто так лічыць.

Наадварот, у Тарту давялося пазнаёміцца з рускім з Нарвы, які з цяжкасцю падбіраў правільныя словы на роднай мове, і рабіў гэта з моцным эстонскім акцэнтам. Ведаю, што і гэты выпадак не адзінкавы.

У тым жа Тарту ёсць вельмі паважаны прафесар універсітэта, які, па яго ўласным прызнанні, маючы сіні пашпарт (пашпарт грамадзяніна Эстоніі — заўвага аўтара), не вельмі добра валодае дзяржаўнай мовай, што не перашкаджае яму працаваць у самым прэстыжным ВНУ ў краіне.

У мяне ёсць два знаёмых, вельмі паспяховых бізнэсоўцы, якія займаюцца гандлем у самым цэнтры Таліна. Абодва нарадзіліся тут.

Адзін свабодна гаворыць на эстонскай мове, пры тым, што нават не скончыў сярэдняй школы, другі школу скончыў, але пагарджае ўсім эстонскім, у тым ліку і мовай, маўляў, ні слова «па-чухонску» не ведаю і ведаць не хачу.

Ва ўсіх гэтых людзей разнастайны бэкграўнд, розная карма і розны лёс.

Павел Марозаў, палітуцякач з Беларусі, якому пагражала да чатырох гадоў турмы па справе сатырычнага інтэрнэт-праекту «Мультклуб», лічыць сябе «цалкам інтэграваным у эстонскае грамадства»:

— Думаю, асноўная ўмова ў тым, каб адчуваць сябе сваім у гэтым грамадстве, — гаворыць Павел. — Часам заўважаю парадокс, што некаторыя мясцовыя рускамоўныя жыхары значна больш чужыя Эстоніі, хоць і нарадзіліся тут і выраслі, чым я, які жыве тут усяго 7 гадоў. Важна мець павагу і разуменне мясцовых парадкаў і спецыфікі.

Але, на яго погляд, беларусам усё-ткі прасцей, бо ў іх няма такой ментальнай сувязі з Расіяй, яны не мысляць яе катэгорыямі, таму не адчуваюць сябе ў варожай краіне.

— Часта рускім людзям складана пазбавіцца ад маскоўскага погляду на рэчы. І цікава, што на ўскраінах былой імперыі сустракаюцца больш махровыя імперыялісты, чым у яе цэнтры, — заўважае Павел.

Юры Суторын, жыхар талінскага раёна Ласнамяэ, ужо шмат гадоў нястомна і карпатліва даводзіць на ўсіх даступных яму інтэрнэт-пляцоўках, што Эстонія — «часова акупаваная сепаратыстамі тэрыторыя», дадаючы, што «прыйдзе час, калі мы вернем яе цалкам, а сепаратыстаў пакараем». Талін ён называе «горадам Калывань Прыбалтыйскай Федэральнай Акругі Расіі».

Людзі кшталту Суторына крычаць грамчэй за ўсіх, адбітак іх імперскага шалу кладзецца на ўсю рускую супольнасць, але калі паглядзець дадзеныя маніторынгу інтэграцыі (за 2011 год), «зусім не інтэграваныя» ў эстонскае грамадства толькі 13% прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў, якія пражываюць у Эстоніі, тады як «цалкам інтэграваныя» — 32%.

За прыкметы інтэграцыі прымалася веданне эстонскай мовы, наяўнасць грамадзянства Эстоніі, стаўленне да Эстоніі як да радзімы і атаясамленне сябе з народам Эстоніі.

Працяг гісторыі чытайце тут.

Каментары22

Што запісана афіцыйнай прычынай смерці адзінага сына Ярмошынай?7

Што запісана афіцыйнай прычынай смерці адзінага сына Ярмошынай?

Усе навіны →
Усе навіны

Азербайджанскі дэпутат: Расія павінна выбачыцца за атаку на самалёт Баку — Грозны10

Халезін: «Бяляцкі — добры кандыдат у прэзідэнты. Ён такі чалавек, які хацеў бы сузіраць Беларусь»9

Разведка Паўднёвай Карэі: УСУ ўзялі ў палон паўночнакарэйскага салдата2

«Чаму яна бесіцца? Мужыка даўно не было!» АНТ паказала камедыю ўласнай вытворчасці. Насмешыць вас толькі канцоўка19

Бразільскі язык, аргенцінскія крэветкі і беларускія агуркі. Якія цэны ў пераднавагоднім Мінску?

Старшыня СААЗ не можа пакінуць Емен праз ізраільскія авіяўдары. Адзін з іх ледзь не трапіў па ім самім

ШІ-агенты заменяць праграмы: гендырэктар Microsoft прадказвае рэвалюцыю ў карыстанні камп’ютарамі5

Кіраўніка школы Streamline абвінавачваюць у незаконным карыстанні падатковымі льготамі3

У Іране адбыўся першы рэйс самалёта, на борце якога былі толькі жанчыны. Уключна з экіпажам1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што запісана афіцыйнай прычынай смерці адзінага сына Ярмошынай?7

Што запісана афіцыйнай прычынай смерці адзінага сына Ярмошынай?

Галоўнае
Усе навіны →