Меркаванні99

Асобы 2013 года па версіі «Нашай Нівы»: беларускамоўныя дзеці

Мы доўга думалі, каго ж назваць чалавекам года, абмяркоўвалі некалькі дзён, дыскутавалі, вылучалі ўсё новых кандыдатаў. У адзін з момантаў прагучаў варыянт — ніхто.

Сапраўды, 2013-ы ў Беларусі не быў багатым на яркія падзеі і ўчынкі. Чалавекам года мог бы стаць палітык, які б атрымаў шырокую падтрымку ў грамадстве, мог стаць чыноўнік, які б меў смеласць выказацца аб сітуацыі ў краіне і грамадстве, мог стаць літаратар, які б напісаў папулярны раман, мог бы стаць нават Аляксандр Лукашэнка, калі б адважыўся сысці ў адстаўку, даць дарогу маладым! Чалавекам годам мог бы стаць…

Але не сталі. Разам з тым, намінаваць «нікога» — гэта ўсё ж няправільна, песімістычна, жыццё не замерла, нешта навокал увесь час адбываецца. Хай і не ў нацыянальных, а больш лакальных межах. У кнігарні «Ў» ці не кожны дзень праходзяць нейкія імпрэзы, ладзяцца канцэрты, выходзяць кнігі, фанаты малююць белмоўныя банеры, нават палітычныя акцыі (хай і млявыя), але адбываюцца. А самае галоўнае — людзі знаёмяцца, кахаюць адзін аднаго, нараджаюць дзяцей, гадуюць іх у беларускай мове і беларускай веры. У сённяшніх умовах гэта з'ява.

Гэтыя шустрыя малыя, што прыходзяць на беларускамоўныя ялінкі, вучацца ў беларускамоўных класах, асвойваюцца з камп'ютарамі з пялюшак — менавіта яны пакідаюць надзею, што героі яшчэ знойдуцца, што яны сярод нас. І наступныя гады будуць больш багатыя на неардынарных асоб і прыкметныя падзеі.

Мецэнат года — Павел Бераговіч

У свой час Радзівілы, Сапегі, Пацы і іншыя магнаты, што жылі на тэрыторыі Беларусі, нямала сілаў і сродкаў укладалі ў развіццё культуры — тэатраў, архітэктуры, літаратуры, музыкі, выяўленчага мастацтва. Таму іх прозвішчы добрым словам узгадваюцца і праз шмат стагоддзяў. У Беларусі ўжо мінуў этап першаснага накаплення капіталу. Багатыя людзі зноў маюцца, але сённяшнія Сапегі не надта думаюць аб ежы духоўнай. Хутчэй новы гіпермаркет адкрыюць ці лядовы палац на крайняк. Падтрымліваць культуру яшчэ не ўвайшло ў моду.

Бізнэсмен Павел Бераговіч дае тут іншы прыклад, актыўна дапамагаючы пісьменнікам і выдаўцам. А каб было такіх Бераговічаў чалавек пяцьдзясят, то і справы пайшлі б весялей..

Сімвал года — Кастусь Каліноўскі

Мабыць, пафасна, але Калі-ноўскі ў год юбілею паўстання чарговы раз прадэманстраваў сваю бессмяротнасць. 150 гадоў прайшло, як Кастуся павесілі на Лукішках, а ён усё адно даводзіць да зубнога скрыгату русафілаў усіх масцей. Каліноўскі сёлета быў у трэндзе — яго партрэты набівалі татуіроўшчыкі, моладзь насіла майкі з героем, найбуйнейшы беларускі партал tut.by у гадавіну пачатку паўстання змясціў на сваім лагатыпе партрэт Каліноўскага. Сарваць юбілей не ўдалося.

Музыка года — Макс Корж

Макс Корж сабраў поўную «Мінск-Арэну»

Міхалок працягвае заставацца мегапапулярнай асобай. На канцэрт «Ляпіса» ў Вільні прыехала 13 тысяч беларусаў! А яшчэ былі тыя, што ездзілі ў Кіеў, Талін і расійскую глыбінку. Разам з тым сёлета на музычную сцэну ўварваўся малады хлопец з Лунінца Макс Корж. Ён нікога не заклікае на барыкады, ён прапануе моладзі «жыць у кайф», а калі нешта не ўдаецца, то «неба дапаможа нам». І такія лозунгі знаходзяць водгук. Корж стаў першым беларускім музыкам, хто сабраў аншлаг на «Мінск-Арэне». А пачынаў жа ён як белмоўны рэпер, спадзяёмся, што яшчэ вернецца да гэтага.

Грамадзянская чыннасць года — Кацярына Кібальчыч

Кацярына Кібальчыч арганізавала папулярныя курсы «Мова ці кава»

Беларусы Масквы палічылі, што белмовы ў іх жыцці вельмі мала. Зладзілі курсы. Ініцыятаркай стала журналістка, аўтарка фільма «Беларуская мара» Кацярына Кібальчыч. Здаецца, нават для саміх арганізатараў стала нечаканкай, што курсы набылі такую папулярнасць. Давялося пашырацца ды экспартаваць курсы ў Мінск, а потым і ў іншыя гарады і краіны. «Мова ці кава» ў забаўляльнай і незануднай форме прапагандавала цікавасць да беларускага слова. Адназначна, залік!

Вяселле года — Зміцер Дашкевіч і Наста Палажанка

Гісторыя кахання Дашкевіча і Палажанкі скончылася вяселлем

Амаль тры гады Наста чакала Змітра са зняволення. Яны штотыдзень адзін аднаму дасылалі лісты. Дашкевіча асудзілі на два гады, але потым зняволенне падоўжылі, а Палажанка працягвала чакаць. Распісаліся яны яшчэ ў турме, праўда, Дашкевічу не далі нават дзесяці хвілін пабыць з жонкай, абняць, пацалаваць. Сапраўднае вяселле адклалі на вызваленне. Былі сотні гасцейі прыгожыя маладыя, якія дачакаліся свайго шчасця. Цяпер Наста чакае першае дзіця.

Спартоўцы года — Герасіменя, Талай, Радзівонаў і іншыя

Аляксандра Герасіменя, фота Яўгена Грабкіна

Сёлета мы вырашылі абраць найлепшых у спорце не па ачках, галах, секундах, а за іх грамадзянскую пазіцыю. Плыўчыха Герасіменя, бягуння Талай, футбаліст Радзівонаў, баскетбаліст Куль, кікбаксёр Гуркоў неаднаразова выказвалі свае сімпатыі да беларускай мовы і культуры. Зрэшты, усё гэта топавыя атлеты. Спартыўныя перамогі іх таксама не абышлі бокам.

Палеміка года — Святлана Алексіевіч

Святлана Алексіевіч рэальна прэтэндавала на Нобеля

У дзень уручэння Нобелеўскай прэміі па літаратуры букмекеры прымалі стаўкі на Святлану Алексіевіч з фантастычным каэфіцыентам — 1 да 1,5. Аднак узнагароду дастала канадка Эліс Манро. Да Алексіевіч неадназначнае стаўленне, і не толькі таму, што яна піша па-расейску. Яна неаднаразова выклікала абурэнне сваімі выказваннямі. Ніколі такога не было, каб два беларусы (яшчэ і Бяляцкі) рэальна прэтэндавалі на Нобеля.

Звальненне года — Барыс Батура

Барыс Батура, фота photo.bymedia.net

Калі не робяцца ўчынкі, то ў пашане нават жэсты. А жэст старшыні Мінскага аблвыканкама Барыса Батуры быў вельмі характэрным, калі яго ганебна выганялі з працы за правал мадэрнізацыі на «Барысаўдрэве». Батура стрымаўся, нічога не сказаў, а потым скасавалі загад паслаць яго падымаць барысаўскае прадпрыемства.

 

Няяснасць года — Уладзіслаў Лазар

Уладзіслаў Лазар цяпер служыць у Вілейцы

Таямнічы быў арышт барысаўскага ксяндза, які нібыта дапамагаў шпіёну ў перадачы інфармацыі. Святар паўгода адбыў у турме КДБ, а потым быў вызвалены пад падпіску аб нявыездзе. Цяпер ён служыць у Вілейцы і кажа, што ні ў чым не вінаваты, але не раскрывае падрабязнасці справы.

Страты года — Віктар Івашкевіч, Міхась Чарняўскі і столькі іншых…

Віктар Івашкевіч адышоў у 54 гады, фота Сяргея Гудзіліна

Палітык, герой змагання за незалежнасць Віктар Івашкевіч не дачакаўся перачэпкі пячонкі, яго не стала на 55-м годзе жыцця. Выбітны археолаг Міхась Чарняўскі згарэў пасля ракавай хваробы.

Закладнік года — Уладзіслаў Баўмгертнер

Раней у закладнікі бралі толькі палітычных апанентаў улады, каб таргавацца з Еўрасаюзам. Сёлета ж упершыню быў узяты закладнік з Усходу. Для расійскага топ-мэнэджара, гендырэктара «Уралкалія» перамовы з прэм’ер-міністрам Беларусі Міхаілам Мясніковічам скончыліся турэмнымі нарамі. «Ён сеў, смаркач, перад прэм’ерам, нага за нагу. І кажа, маўляў, і гэтага не будзе, і таго не будзе. Потым выйшаў, плюнуў на Дом урада і паехаў, смеючыся, у аэрапорт. Там яго і ўзялі», — казаў Лукашэнка для расійскіх журналістаў. Затрымлівалі Баўмгертнера паказальна жорстка, надзяваючы наручнікі. Праўда, потым змянілі гнеў на міласць: спачатку перавялі на хатні арышт, а потым увогуле экстрадыравалі ў Расію.

Выдавец года — Ігар Логвінаў

Шмат гадоў у выдавецтве «Логвінаў» выходзілі кнігі найлепшых беларускіх пісьменнікаў, гісторыкаў. Сёлета Логвінава пазбавілі ліцэнзіі за альбом «Беларусь Прэс Фота-2012», які быў прызнаны экстрэмісцкім. Логвінаў не адчайваецца, кажа, што так ці інакш, але сваёй справай будзе займацца і надалей.

«Красавіца» года — Яня Канцавенка

Конкурсаў прыгажосці праходзіць процьма. Прычым, амаль усе пад дзяржаўнай эгідай. Скандалам скончыўся фінал «Міс Мінск». Пераможцай стала 21-гадовая Яня Канцавенка. Здавалася б, паглядзелі фоты дзень і забыліся. Але тут так не атрымалася. Блогеры раскапалі дзясяткі здымкаў Канцавенкі зусім не ў цнатлівым вобразе. Пікантныя здымкі дзяўчына хутка павыдаляла з сацсетак, але інтэрнэт нічога не прабачае. Разгарэўся скандал. Нават відныя дзяржаўныя мужы, кшталту Чаргінца, выказвалі сваё абурэнне. Потым высветлілася, што астатнія ўдзельніцы таксама не анёлы, былі сярод іх прафесійныя стрыптызёркі, развядзёнкі (што забараняецца). Карону ў Яні не адабралі, але паспрабавалі надаць ёй меней увагі. Сумнявацца не даводзіцца, што ў наступным годзе адбор будзе старанны.

Рыба года — сом

«Палец сунеш — за палец рыба хапае! Я асабіста… 57 кілаграмаў сома выцягнуў: 57, 24 і 7 кілаграмаў. Трох самоў злавіў!» Гэта не аповеды рыбакоў пры вогнішчы — гэта словы кіраўніка Беларусі на нарадзе з урадам. Прычым сказана гэта было праз пару дзён, як СМІ растыражавалі фотаздымкі Пуціна з 27-кілаграмовым шчупаком. Выказваліся меркаванні, што гісторыяй з сомам Лукашэнка не проста хацеў уцерці нос Пуціну, але прадэманстраваць, што сённяшняя Беларусь — гэта краіна, дзе не толькі стабільнасць і парадак, але і вяртаюцца тыя блаславёныя часы, калі ў лясах і рэках было мноства звяроў і рыбы.

Людзі мінулых гадоў па версіі «НН»

2006 — чалавек Плошчы
2007 — маладафронтавец
2008 — трэнер Віктар Ганчарэнка
2009 — Наталка Васілевіч і іншыя дабрачынцы
2010 — падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы Мікалай Казлоў
2011 — музыка Сяргей Міхалок
2012 — людзі, што вярнулі ў Беларусь Статут ВКЛ: Аляксей Бацюкоў, Зміцер Яцкевіч, Андрэй Радкоў

Каментары9

«Будзе здымаць маштабныя праекты з сабой у галоўнай ролі». Што думаюць пра новага міністра культуры Чарнецкага яго калегі?1

«Будзе здымаць маштабныя праекты з сабой у галоўнай ролі». Што думаюць пра новага міністра культуры Чарнецкага яго калегі?

Усе навіны →
Усе навіны

Былы сакратар патрыярха Маскоўскага: Кірыл лічыць сябе важнейшым за Пуціна13

Міністра па падатках адправілі ў Магілёў на новую пасаду

Міністрам культуры прызначаны артыст Руслан Чарнецкі15

Чыноўнікі ў Гомельскай вобласці запатрабавалі адключыць тэлевізары ў арганізацыях і прадпрыемствах ад інтэрнэту1

У Беларусі пачалося абмеркаванне праекта Кодэкса аб ахове здароўя2

Сёння даляр патаннеў амаль на чатыры капейкі2

Беларуса, якога затрымалі на пратэстах у Грузіі, вызвалілі з СІЗА2

Оксфардскі слоўнік назваў словам года «засмечванне мозгу»

Галоўчанка патлумачыў, чаму падае беларускі рубель13

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Будзе здымаць маштабныя праекты з сабой у галоўнай ролі». Што думаюць пра новага міністра культуры Чарнецкага яго калегі?1

«Будзе здымаць маштабныя праекты з сабой у галоўнай ролі». Што думаюць пра новага міністра культуры Чарнецкага яго калегі?

Галоўнае
Усе навіны →