Літаратура

Марыя Бяльковіч. Падсвяточнае (каляднае апавяданне)

Апавяданне.

Мёртвая дзяўчынка паціснула плячыма. Яе сяброўка церла змерзлыя рукі, пераступала з нагі на нагу і раздражнёна ўздыхала.

— Усё. Я звальваю.

Дзяўчынка прысела на край лаўкі. З уздыхам Клуша села побач.

Снег сёлета лёг як запланавана — з самага пачатку снежня. Падаў павольна і збіраўся ў брудныя гарадскія сумёты, замятаў паркі, студзіў беларускі бальзам.

Сняжынкі калолі нос, ветрам працінала стары шэры пухавік, а ў ботах трэба было паставіць прафілактыку. Абсалютна мярзотнае надвор’е. Абсалютна мярзотны настрой. Абсалютна мярзотны.

— Бальзам — поўная херня.

— Ды замаўчы, — Мёртвая дзяўчынка ўзяла бутэльку з рук сяброўкі і зрабіла працяглы глыток.

За фантанам, упрыгожаным скаладанай кампазіцыяй з хлопчыкаў, птушак і глыбіннага сэнсу, з захапленнем ванітаваў нейкі панк. Фантан заносіла снегам. Клуша скоса зірнула панка і гучна фыркнула.

— Чалавек дэградуе. Мы ператвараемся ў першабытных істот. А павінны гучаць горда.

— На маю думку ён вельмі ганарліва гучыць. Чуеш, які багаты гукавы дыяпазон…

Клуша скрывілася і пацягнулася за ратуючым напоем. За метр ад яе ўпаў сняжок. Трасціна хутка, амаль подскакам набліжаўся да іх па сцежцы, падняўшы руку і патрасаючы белым цэлафанавым пакетам. Пакет звінеў цалкам па-каляднаму.

— Я зараз адкінуся ад холаду, а ён скача, — Клуша з пустой тарай у руках накіравалася да бліжэйшай сметніцы, пакрыўджана віхляючы клубамі.

— Я вапшчэ не понял, как эта палучілась, — Трасціна плюхнуўся на лаўку і пачаў калупацца ў пакеце. — Я ўжо амаль выйшаў, але на падзіку сустрэў…

У Мёртвай дзяўчынкі не было ніякага жадання слухаць. Яна адхіснулася назад і завалілася спінай на снег,

адсоўваючыся ад лаўкі. Позіркам утаропілася ў верхавіны дрэваў: яны выглядалі карычневымі, цёмнымі, а неба — брудным. Сняжынкі падаваліся пылам, які вытрасаеш са старых дачных посцілак. Дзяўчынка пачала вадзіць туды-суды рукамі і нагамі, спрабуючы зрабіць «анёла». Не самы цікавы занятак.

— … дык я змерз як скаціна. Гэта табе не холадна, — сказаў Трасціна і кінуў у Дзяўчынку пакетам. Пакет на паўдарогі ўзляцеў уверх і падаўся ў вырай. — Ты ж мёртвая.

— Дай сюды, — Дзяўчынка села, выцягнуўшы руку.

— Чаму ты такі прыдурак? — Клуша пагардліва паглядзела на хлопца і адсунулася ад яго далей.

— Айм э лузер бэйбі, со ўай донч ю кіл мі! — запеў Трасціна і нахабна пацягнуўся да Клушы з пацалункам.

Мёртвая дзяўчынка адпіла бальзаму і выцерла рукой рот. Сёння ў клуб яны не пойдуць: там святочная цукровая весялосць і святочны платны ўваход.

Гэты парк таксама па-свойму святочны: размешчаны ў цэнтры горада, за спінай галоўная ялінка, упрыгожаная хакеістамі. Шклянымі. Святочнымі. Над праспектам мігцяць ліхтары, імітуючы зорнае неба.

Мінакоў амаль няма, халоднае рэзкае паветра і мокры снег разагналі па дамах тых, каго не разагнаў канец працоўнага дня.

Дзяўчынцы, аднак, сапраўды не было холадна. Яна ж мёртвая.

З боку галоўнага ўваходу ў парк забегла кампанія п’яных падлеткаў, якія гучна ржалі і перабівалі адзін аднаго. Той, што ішоў пасярэдзіне, трымаў нешта ў руках, з пераменным поспехам намагаючыся гэтае нешта не ўпусціць. Юнакі, хістаючыся, падышлі да сметніцы, ужо, вядома, асвечанай пустой бутэлькай з-пад бальзаму, і кінулі туды свой скарб. Хтосьці з іх нязграбна яго падпаліў і з абсалютна апалітычнымі крыкамі яны пабеглі ў бок выхаду.

Мёртвая дзяўчынка ўстала і падышла да сметніцы: палала зялёная пластыкавая галіна ялінкі, праўда, без хакеіста. Але з чырвоным шарыкам, які ўжо пачаў чарнець ад сажы.

Дзяўчынка працягнула рукі да імправізаванага вогнішча і падумала, што ў яе зусім няма святочнага настрою. Яна пацёрла рукі і прыклала іх да шчок. Ухапіла сябе за нос. Высунула язык. З насупленым тварам зляпіла сняжок і запусціла ў фантан, але прамахнулася. У гэты момант чырвоны шарык, нагрэўшыся да крытычнай тэмпературы, лопнуў і разляцеўся чорна-чырвонымі аскепкамі, захапіўшы з сабой попельныя кавалкі ялінкі. Усё гэта павіхрылася ў паветры некалькі секундаў і засыпала вакольны снег.

Дзяўчынка пасміхнулася і падумала, што яна абсалютна нічога не разумее ў святочным настроі і ўладкаванні сусвету. І што ёй абсалютна пофіг. Яна ж мёртвая.

— Сайлен найт! Холі найт! Олл із кам! Олл із кам! - загарланіў Трасціна і заржаў, ухіляючыся ад Клушы, якая паспрабавала ўдарыць яго па галаве за пошлыя інтэрпрэтацыі сусветнай класікі.

Мёртвая дзяўчына падыйшла да сяброў. Узяла бутэльку з рэштай святочнага алкаголю і падняла ўгору.

— Мне хораша. І я абсалютна не разумею, як так выйшла. Паходу, мы абсалютна не здольныя ніхера зразумець. За шчаслівыя непаразуменні!

—За шчаслівыя непаразуменні! — крыкнуў Трасціна і ўскочыў на лаўку, зацягнуўшы з сабой Клушу.

Сябры смяяліся і дапівалі бальзам. Разбуджаны сняжком, з-за фантана выпаўзаў панк. Ліхтары актыўна імітавалі зорнае неба. Сусвет працаваў абсалютна бессістэмна. Надыходзілі Каляды.

Каментары

Падлічылі, колькі беларусаў жыве ў Польшчы і Літве

Падлічылі, колькі беларусаў жыве ў Польшчы і Літве

Усе навіны →
Усе навіны

МЗС Польшчы дало лаканічны адказ на заяву Васкрасенскага12

Ад якіх хвароб лечыць лазня?2

«Знішчае вірусы, умацоўвае імунітэт». У Брэсце прадаецца дом з кедру3

«Ябацькі спалохаліся, што вайна, аказваецца, побач». Як у Гомелі абмяркоўваюць выбухі беспілотнікаў над горадам5

«Ну дзе ж я мог сустрэць класнага кіраўніка? У камеры магілёўскага СІЗА! А затрымалі яго праз наш чат выпускнікоў»4

У Нясвіжы памянялі мову вулічных шыльдаў «для зручнасці турыстаў і гасцей горада»15

Убачыць Беларусь з вышыні: топ-5 цікавых аглядных пляцовак

Жыхара Мінскага раёна будуць судзіць за адмаўленне генацыду беларускага народа2

Ці прыйдзе беларускі Хрушчоў пасля Лукашэнкі? Мікола Бугай адказвае Дракахрусту16

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Падлічылі, колькі беларусаў жыве ў Польшчы і Літве

Падлічылі, колькі беларусаў жыве ў Польшчы і Літве

Галоўнае
Усе навіны →