Усяго патроху33

Ад якіх хвароб лечыць лазня?

Лазня — правераны стагоддзямі спосаб умацаваць здароўе, прывесці ў парадак нервы, адпачыць маральна і фізічна. Але толькі ў тым выпадку, калі вы парыцеся правільна: з прафесійным лазеншчыкам, у добра выбудаванай парыльні і, вядома, з правільным венікам, ад якога таксама залежыць поспех, піша «Звязда».

Дарэчы, у верасні яшчэ не позна нарыхтоўваць венікі для лазні. І пытанне пра тое, як іх варта вязаць, а таксама іншыя лазневыя пытанні «Звязда» адрасавала самаму аўтарытэтнаму беларускаму лазеншчыку, заснавальніку сучаснай беларускай школы парэння Генадзю Марозу.

Вяжам венікі

— Генадзь, ужо час вязаць венікі?

— Гэты час надыходзіць летам, але і на пачатку восені яшчэ не позна. Правільны венік у лазні, сапраўды, вельмі важны, бо парэнне — гэта венікавы масаж. У верасні яшчэ можна вязаць бярозавыя венікі. Прыйдзецца, вядома, пашукаць добрыя галінкі, ужо ёсць жоўтае лісце, ды і на галінках лісточкі ўжо трымаюцца слабавата. Таму вераснёўскі бярозавы венік не падыходзіць для захоўвання. Але для таго, каб выкарыстоўваць яго ў лазні цяпер, падыдзе выдатна. А вось нарыхтоўка дубовых венікаў якраз у гэтыя дні ў разгары: дуб позна скідае лісце.

— Якія венікі рэкамендуеце выкарыстоўваць у лазні?

— У славянскай традыцыі іх велізарнае мноства. Адрозніваюцца яны па памеры, структуры ліста, шчыльнасці, тыпу дрэва. Гэта можа быць ліпа, дуб (чаранкаваты або канадскі), рабіна, асіна, клён, ядловец. Добра спалучаць бярозу з галінкамі чорнай парэчкі — у парыльні будзе шыкоўны водар. Выдатна яднаць бярозу і вішню. Проста вішнёвы венік цяжкі і шчыльны, а калі злучыць вішню з бярозай, то водар вішанькі ў парыльні — вельмі дарэчны, смачны і заспакаяльны. Але пра гэта варта паклапаціцца загадзя: галінкі вішні і парэчкі трэба нарыхтоўваць улетку.

А ў цэлым венік шмат у чым вызначае і якасць працэдуры, і яе скіраванасць. І майстры лазні гэта разумеюць. Напрыклад, на адзін з міжнародных чэмпіянатаў па лазневым мастацтве мінулых гадоў у Беларусь прыязджала расіянка Таццяна Шыянава. Яна прывезла з сабой 20 венікаў — з гаючымі травамі і рознымі драўлянымі кампазіцыямі.

— А што сёння «ў модзе»?

— Папулярныя экзатычныя венікі — напрыклад, эўкаліпт, піхта. Нічога не маю супраць, але лепш раскажу пра нашыя, традыцыйныя.

Бярозавы венік добра працуе ў якасці праціркі — пастукванні ім трэба рабіць акуратна, ён вельмі хлёсткі. Бярозавыя галінкі добра ахопліваюць цела, мякка і пяшчотна, венікам з іх выдатна рабіць масаж.

Калі казаць пра асноўныя рысы беларускай лазні, то на нашай зямлі заўсёды любілі бярозавыя венікі, у адрозненне ад расіян, якія аддавалі перавагу дубовым.

Рэч у тым, што ў нас падчас парэння больш выкарыстоўвалася так званая «націрка» — масажныя рухі, а не ўдарная тэхніка работы венікам.

Бяроза змяшчае вялікую колькасць дзёгцю, і гэта спрыяльна ўплывае на скуру. Бярозавае лісце валодае антысептычнымі ўласцівасцямі. А за кошт таго, што ў бярозы шмат лісцікаў, добра дыхаецца. Калі ў парыльні робіцца горача, мы накрываем галаву госця халаднаватым бярозавым венічкам.

Акрамя таго, дуб цвёрды і шчыльны, з дапамогай дубовага веніка больш складана прамяць мышцы. А бярозавым можна якасна прапрацаваць пэўную групу цягліц.

Дубовыя венікі бываюць рознымі. Сёння набірае папулярнасць сярод нашых лазеншчыкаў канадскі дуб, ён жа чырвоны або вастралісты. З’явіўся ў Беларусі ён не так даўно, цяпер «заваёўвае» землі нашага спрадвечнага беларускага дуба — расце нашмат хутчэй. Але для лазні ён вельмі прыдатны. Мяккі, набірае шмат пары, такім венікам зручна рабіць прыпаркі і абмахванні.

Наш родны чаранкаваты дуб падыходзіць для прагрэву, прастуквання, глыбокага масажу цягліц. Венік з чаранкаватага дуба больш «хуткі», чым з канадскага. Так, ёсць венікі «павольныя» і «хуткія». З канадскага дуба — мяккія, імі хутка не папрацуеш, а з чаранкаватага можна вязаць невялікія венічкі для хутчэйшых рухаў.

Кожны з майстроў лазні ці проста аматараў парэння выбірае венік па сабе — па памеры, відзе, шчыльнасці. У мяне ёсць венікі для кожнага віду прагрэву: вялікія «паветраныя», каб плаўна нанесці на госця пару і не спалохаць пачаткоўца, невялікія, шчыльныя — для прапрацоўкі мышцаў, напрыклад, спартсменаў.

Лазеншчык не доктар

— Ад якіх хвароб лечыць лазня?

— Ні ад якіх: лазеншчык не доктар. Гэта, дарэчы, распаўсюджаная памылка. Людзі кажуць: «Лазня лечыць!», але забываюцца дадаць канчатак фразы — «…здаровага чалавека».

Сапраўды, правільнае парэнне здольнае вырашыць шматлікія праблемы са здароўем. Але трэба разумець: лазня ўзмацняе любыя працэсы ў арганізме. Калі арганізм змагаецца з хваробай, лазня яму ў гэтай барацьбе дапаможа. Але калі прастуднае захворванне ўжо перамагло, лепш пачакаць выздараўлення і толькі потым парыцца.

Калі чалавек здаровы, лазня дадасць здароўя. Але на вострай стадыі захворвання лазневыя працэдуры супрацьпаказаныя.

Прывяду прыклад. Сярод маіх пастаянных кліентаў ёсць вядомы спартсмен, і вось тэлефануе ён мне ў снежні: застудзіўся, трэба папарыцца. Я яго папарыў, папрацаваў у парыльні з эўкаліптам (гэта магутны антысептык), з бярозавым венікам. Раніцай тэлефаную: «Як самаадчуванне?» Ён адказвае: «Як рукой зняло, я на трэніроўцы».

Гісторыя паўтараецца ў лютым: зноў застудзіўся, зноў трэба папарыцца. Эфект супрацьлеглы: тэмпература падскочыла да 39. На шчасце, гэта быў звычайны грып, які прайшоў на працягу тыдня.

Для мяне гэта паказальны прыклад. У снежні мы яшчэ паспелі — імунітэт змагаўся з вірусам, і ў гэтай барацьбе мы дапамаглі імунітэту. А ў лютым крыху спазніліся: хвароба пачала перамагаць, і мы ўзмацнілі гэты працэс.

— У разгар кавіду лазню называлі адным з дзейсных сродкаў аздараўлення…

— На этапе аднаўлення пасля кавіду правільнае парэнне сапраўды паказала выдатныя вынікі. Рэабілітацыя пасля кавіду ў 2020—2021 гадах была ў нас у лазні вельмі папулярная. Нядоўгі прагрэў, таму што пасля хваробы чалавеку не хапала паветра на вялікую лазневую праграму, і пры гэтым час у парыльні мы паступова павялічвалі, што спрыяла аздараўленню лёгкіх.

Для рэабілітацыі, аднаўлення пасля хвароб лазня працуе выдатна. Але толькі калі чалавек ужо практычна здаровы. Тады лазневыя працэдуры хуценька паставяць яго на ногі.

«Любяць усе, але не ўсе пра гэта ведаюць»

— А ці шмат у нас у краіне аматараў лазні?

— Я перакананы: лазню любяць усе, проста не ўсе пра гэта ведаюць. Не ўсе трапілі ў правільна ўладкаваную парыльню, у рукі прафесійнага майстра пары. Часта я чую пасля таго, як папарыў госця: «Атрымліваецца, я пражыў 40 (або 50, 60) гадоў і ні разу не быў у лазні? Аказваецца, лазня — гэта не пра «пацярпець»?»

Вядома, пра «пацярпець» — гэта не лазня. Лазня — гэта пра задавальненне, клопат, камфортнае і гарманічнае аздараўленне. Пацярпець вы можаце ў стаматолага, там гэта часам неабходна. А «адпачываць» і «трываць» — паняцці несупастаўныя.

На жаль, у шматлікіх нашых суграмадзян за плячыма — няўдалы вопыт парэння. Непрафесійная лазня стала прычынай негатыўных эмоцый і ў цэлым няправільнага разумення лазневых працэдур. Бацька заводзіць сына ў лазню: «Я табе пакажу, як трэба парыцца! Цярпі, ты ж мужык! Гэта для здароўя карысна!» На жаль, такі чалавек, стаўшы дарослым, па сваёй волі ўжо не прыйдзе ў лазню…

Акрамя таго, няправільным парэннем лёгка нанесці шкоду здароўю. Напрыклад, распаўсюджаны негатыўны эфект — галаўны боль на наступны дзень пасля наведвання лазні.

Рэч у тым, што парыльня — месца з паніжаным утрыманнем кіслароду, і калі яна спраектаваная і пабудаваная няправільна, узнікае кіслароднае галаданне: на наступны дзень у госця непазбежна будзе балець галава. А магчымыя і больш сур’ёзныя «пабочныя эфекты» — галавакружэнне, страта прытомнасці…

На самай справе пасля лазні галава балець не павінна. І супрацьпаказанняў у правільнай лазні з прафесійным парыльшчыкам вельмі мала. Лазню могуць палюбіць усе, проста не ўсе ведаюць, наколькі гэта карысна і прыемна.

У правільнай лазні госць праходзіць працэдуру ачышчэння, перш чым трапіць пад венікі. Бо чалавек прыехаў з горада, мітусні і стрэсу. І калі ён нарэшце расслабіцца і зразумее, што нічога не трэба кантраляваць; калі яго прагрэюць, дадуць падыхаць, пральюць вадой, напояць гарбатай у пакоі адпачынку і паклічуць у парную; калі парэнне пройдзе ў некалькі этапаў і правільна завершыцца — нервы госця прыйдуць да парадку, а арганізм возьме курс на самааздараўленне.

— Вас называюць даследчыкам нацыянальнай беларускай лазні. Як лічыце, ці можа беларуская лазня стаць брэндам, як, напрыклад, фінская саўна або турэцкі хамам?

— Спадзяюся, мы да гэтага паступова прыйдзем. Але я не даследчык лазневых традыцый. У дзяцінстве мае дзяды пра лазню мне нічога не расказвалі і бацька ў лазню не вадзіў. Ды і звесткі пра нашую нацыянальную лазню даводзіцца збіраць па крупінках.

Я, хутчэй, распрацоўваю сучасную беларускую школу парэння, прапагандую яе. Мая методыка заснаваная на кантрасце: чым мацней мы награваемся, тым мацней астуджаемся.

Пры наведванні парыльні крыві ў капіляры паступае на 30% больш, чым у штодзённым жыцці, з арганізма выводзяцца шлакі і таксіны. Рэзкае астуджэнне прымушае капіляры сціскацца: сасуды пазбаўляюцца халестэрынавых бляшак, чысцяцца ўсе органы і сістэмы арганізма.

І яшчэ выкарыстоўваю вялікую колькасць вады: на аднаго чалавека за адзін заход — да 50 літраў. Вада змывае і фізічныя, і эмацыйныя праблемы.

— Вяртаючыся да венікаў, з якіх пачалі гутарку: колькі іх трэба на адно парэнне?

— На аднаго чалавека выкарыстоўваю штук з сем: звычайна тры бярозавыя, два дубовыя і яшчэ два — для мыльна-масажных працэдур. За сезон ідзе каля паўтары тысячы венікаў. Увогуле, венік — рэч аднаразовая, але калі гаворка не пра грамадскую, а пра асабістую лазню, выкарыстоўваць добры, якасны венік можна на некалькі парэнняў.

— Добры венік чым адрозніваецца ад дрэннага?

— Дрэнны венік звязаны слаба, у яго дрэнна складзеная ручка. Не павінна быць абламаных галінак, якія прыносяць нязручнасць і лазеншчыку, і госцю. Звязаны венік павінен быць вяровачкай, а не дротам або пластыкавымі сцяжкамі. Добра, калі ручку перамотваюць тасьмой. І, самае галоўнае, правільны венік выкладваецца каскадам.

Мастацтву вязаць венікі, дарэчы, у ліку іншага мы вучым на сваіх майстар-класах. І да нас пастаянна прыходзяць людзі, якія хочуць навучыцца тонкасцям правільнага парэння — і для сябе, і каб пачаць шлях у прафесію.

Сёння прафесія «лазеншчык» прызнаная афіцыйна, лазневая сфера ў нашай краіне развіваецца, будуюцца добрыя, правільныя лазні (а не тыя, у якіх кліент «трывае»). У гэту сферу прыходзіць усё больш прафесіяналаў, якія разумеюць, што яны робяць у парыльні і навошта. А значыць, усё больш людзей трапляюць у правільныя рукі.

Прафесійны лазеншчык — той, хто парыць госця так, як таму неабходна на дадзены момант, з улікам стану яго здароўя, настрою, характару, прычыны наведвання лазні. Бо сапраўдная лазня розная для кожнага.

Каментары3

  • Этот
    06.09.2024
    Ужас, какой бред. Уже коучи по бане появились. Не хватало чтобы меня учили париться и веники вязать. Для меня идеальная баня это берёзовый, дубовый веник, потом ядловец и затем снег.
  • olek
    06.09.2024
    tradycyjna slawianskie debili dla bani rezuc weniki i u czerweni i u werasni z pazdziernikam)) i lipu i pareczku i wisniu i jaszcze szto papadze
  • нявеста азаронка
    08.09.2024
    Вядома, пра «пацярпець» — гэта не лазня. Лазня — гэта пра задавальненне,

    хмык. муж з вадзіламі аўтобуса па прыездзе ў Букавель у лазню пайшоў дык казаў - ооо, упершыню нават я ў лазні араў - так адхлясталі мяне... атрымаў задавальненне

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»22

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»

Усе навіны →
Усе навіны

Сталі вядомыя пяць новых прозвішчаў палітвязняў, што выйшлі на волю1

Гродзенцу далі чатыры гады за каментары, судзілі яго паказальна перад студэнтамі

Беларускі пашпарт назвалі найслабейшым у Еўропе4

Шольц: Ужыванне Расіяй новай гіпергукавай ракеты азначае, што трэба пазбягаць эскалацыі26

На падтрымку Васіля Верамейчыка меней чым за суткі сабралі палову сумы5

З кавай, цукеркамі і касметыкай: выбіраем адвэнт-календары, зробленыя ў Беларусі6

Жыхара Брэста, які хадзіў на палітычныя працэсы, асудзілі на сем гадоў5

Зяленскі пазбавіў звання заслужанай артысткі спявачку, з якой спяваў Лукашэнка10

Жонка Верамейчыка: Паспеў напісаць дачцэ адно слова — дэпартацыя1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»22

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»

Галоўнае
Усе навіны →