Грамадства44

«Ну дзе ж я мог сустрэць класнага кіраўніка? У камеры магілёўскага СІЗА! А затрымалі яго праз наш чат выпускнікоў»

Гісторыя жыхара Магілёва Дзяніса Котава — гэта яскравы прыклад таго, як сілавікі знаходзяць новых ахвяр праз чужыя тэлефоны і нявыдаленыя праз сентыментальнасць фотаздымкі.

Дзяніс Котаў. Тут і далей фота з архіву героя

«Байсол» абвясціў збор сродкаў для Дзяніса Котава.

Дзяніс Котаў адпрацаваў на беларускай чыгунцы 21 год. Але больш за ўсё яму запомнілася 8 студзеня 2024 года. Тады працоўны дзень скончыўся нечакана: спачатку раптоўна знік калега Дзяніса, а праз дзве гадзіны і яго самога паклікалі «на размову» кадэбісты. Ён кажа, што гэта стала шокам — столькі ж часу пасля выбараў прайшло.

— На маім тэлефоне знайшлі чат-бот «Народнае апытанне», які прызналі экстрэмісцкім.

Пасля гэтага Дзяніс трапіў у ІЧУ разам з некаторымі іншымі калегамі. У кагосьці з іх на старонцы ва «Укантакце» знайшлі «экстрэмісцкую» песню, нехта яшчэ задоўга да выбараў пераслаў камусьці артыкул з tut.by… Абсурдны суд па скайпе, падчас якога суддзя не хацеў нічога слухаць, прадказальна скончыўся прысудам 15 сутак.

Згадваючы 2020 год, Дзяніс кажа, што на працы людзі абмяркоўвалі сітуацыю ў краіне, але не вельмі гучна і нейкіх рашучых дзеянняў не прадпрымалі. Так, незадаволеных фальсіфікацыяй хапала, але ж выказваць сваё меркаванне імкнуліся не вельмі гучна, а ўдзел у мітынгах не афішыравалі. Хто хацеў — хадзіў, толькі абавязкова ў вольны ад працы час.

Забягаючы наперад, у 2022 годзе, калі расійскія войскі ўвайшлі ва Украіну (у тым ліку і з тэрыторыі Беларусі), а беларуская чыгунка сыграла ў гэтым сваю злавесную ролю, калектыў таксама абмяркоўваў сітуацыю ўпаўголаса. Але, як кажа Дзяніс, пагаварылі — і разышліся працаваць.

— Я ў 2020 прынцыпова выйшаў з прафсаюзу. Каб пералічыць, колькі чалавек з калектыву, дзе 350 супрацоўнікаў, так зрабіла, хопіць пальцаў на адной руцэ.

Дзяніс лічыць, што менавіта праз тое рашэнне ён і трапіў пад каток рэпрэсій ажно праз тры гады пасля выбараў. Прыкладна праз два гады ў калектыве з'явіўся чалавек, які адказваў «за бяспеку» — а гаворачы простай мовай, быў штатным кадэбэшнікам. Дзяніс памятае толькі ягонае прозвішча — Марозаў. Сярод кіраўніцтва Магілёўскага аддзялення Беларускай чыгункі намеснік дырэктара з такім прозвішчам сапраўды ёсць, а завуць яго Вадзім Эдуардавіч.

— Яму ж трэба было нешта рабіць, паказваць, што ён старанна працуе. Раней ён выклікаў людзей, якія падчас перадвыбарнай кампаніі ставілі подпісы за «не тых» кандыдатаў.

Марозаў мусіў узгадняць усіх, хто хацеў працаўладкавацца, а таксама правяраць на «ідэалагічную добранадзейнасць» калектыў.

— Ён мог спакойна вычапіць любога з вытворчага працэсу, паклікаць да сябе ў кабінет і пачаць правяраць тэлефон ці ноўтбук (калі ў чалавека быў з сабой на працы), працоўныя камп'ютары глядзеў. Калі нешта яму не падабалася, людзей звальнялі ці не працягвалі кантракт, калі надыходзіў час. Гэта жудасна і нелагічна, бо працаваць няма каму. Раней, калі чыгунка была вельмі прыбытковай, чарга стаяла, каб працаўладкавацца сюды. А цяпер маладым спецыялістам прапаноўваюць зарплату 1200 рублёў — максімум! У Магілёве рэальна больш зарабляць, таму з чыгункі людзі і самі бягуць.

Але да гісторыі Дзяніса ўсё ж не было выпадкаў затрыманняў на працоўным месцы. Мужчына жартуе, што для палітычных у ІЧУ створаны ўсе ўмовы для таго, каб перавыхаваць чалавека з «няправільнай палітычнай арыентацыяй».

— Я быў шчыра здзіўлены: камеры перапоўнены, святло гарыць увесь час, ніякіх матрацаў і падушак, пабудкі некалькі разоў за ноч, жудасная антысанітарыя. Калі чуеш, у якіх умовах сядзяць тыя, хто, напрыклад, пабіўся на вуліцы ці жонку збіў, дык дзівішся, што для іх амаль санаторый.

Пакуль мужчына сядзеў суткі, да яго прыходзілі з ГУБАЗіКа — папярэджвалі, што завядуць крымінальную справу, бо ў аднаго з калег адшукалі фота і відэа з пратэстаў у Мінску, на якіх сярод іншых быў і Дзяніс з жонкай.

Той вырашыў іх захоўваць, каб засталася памяць пра 2020 год. У выніку праз тыя матэрыялы пагроза крымінальнай справы павісла над пяццю людзьмі.

Апынуўшыся на свабодзе, Дзяніс пачаў шукаць новую працу, бо з чыгункі яго звольнілі. Не без крыўды кажа, што агульны стаж працы на чыгунцы яго і трох калег, якіх звольнілі разам з ім, складае каля 80 гадоў.

Больш за месяц сілавікі не згадвалі пра мужчыну. Ён нават пачаў думаць, што пранесла. Але 5 сакавіка 2024 года Дзяніса разам з іншымі выклікалі ў ГУБАЗіК — сказалі, быццам трэба падпісаць нейкія паперы. Ён не вельмі хваляваўся — падумаў, можа, нейкую прафілактычную гутарку хочуць правесці. Не складана здагадацца, што ўсё скончылася чарговым затрыманнем. Сярод тых, хто трапіў за краты, была і жонка Дзяніса.

— Скажу шчыра: мая жонка — вельмі далёкі ад палітыкі чалавек. Яна была толькі на адным мітынгу ў сталіцы. Галоўнай яе мэтай паездкі ў Мінск тады было сабраць дзяцей у школу — і толькі потым пайшла разам са мной на пратэст.

У сям'і двое дзяцей, таму калі абаіх бацькоў затрымалі, яны прасілі пракурора адпусціць пад падпіску аб нявыездзе хаця б жонку.

— На што пракурор адказаў: «Пасядзіце і падумайце, што вы нарабілі». Ну вось мы тры з паловай месяцы і думалі, што ж мы такога нарабілі. Хадзілі чуткі, што нашых дзяцей аддадуць апецы, бо бабуля хварэе і быццам не можа імі займацца. Ёй прыйшлося прайсці медыцынскую камісію, нейкія даведкі пра пенсію даць, каб дазволілі пакінуць дзяцей дома.

Больш за тры месяцы Дзяніс і ягоная жонка правялі ў СІЗА ў Магілёве. У камеры мужчына сустрэў свайго класнага кіраўніка, які апынуўся там праз тэлефон Дзяніса.

— Дзе б я яшчэ мог сустрэць свайго класнага кіраўніка, які выпускаў мяне са школы ў 1997 годзе?! Цудоўны чалавек, Аляксандр Іванавіч Зубкоў, працаваў у магілёўскай школе №27. І вось ён трапіў у СІЗА па 367 артыкуле — гэта «паклёп у адносінах да прэзідэнта Беларусі».

Справа ў тым, што прыкладна годзе ў 2014 былыя аднакласнікі Дзяніса стварылі суполку ў вайберы (туды ж запрасілі, канечне, і былога класнага кіраўніка). Там абменьваліся навінамі пра сваё жыццё, віншавалі са святамі…

А ў 2020 годзе абмяркоўвалі сітуацыю ў краіне. І вось класны кіраўнік неяк выказаўся пра Лукашэнку ў гэтай прыватнай суполцы. Менавіта тое паведамленне сілавікі адшукалі, калі тэлефон Дзяніса трапіў у іх рукі.

— Я нават не памятаў, што мы два з паловай гады таму нешта абмяркоўвалі ў той суполцы! Не ведаю, ці ёсць у гэтым мая віна. Абмяркоўваў сітуацыю з класным кіраўніком у камеры. Ён сказаў: «Немагчыма ўсё прадугледзець. Гэта проста збег абставін».

У выніку Дзянісу прысудзілі 2,5 гады хіміі з накіраваннем, а яго жонцы — 2 гады хатняй хіміі. Рашэнне эвакуіравацца было складаным.

— Пасля СІЗА хацелася толькі дыхаць паветрам свабоды. А праз некалькі тыдняў, калі ты ўжо надыхаўся таго паветра, пачынаеш разумець, што ў хуткім часе цябе зноў вернуць за краты. Мне заставалася адсядзець амаль два гады — бо залічылі тыя месяцы з СІЗА. Але я зразумеў, што не хачу выпадаць з жыцця сваіх сыноў на столькі. Аднаму 6 гадоў, ён у першы клас пайшоў. Другому 14, пераходны ўзрост. Я думаў, як складана было б маёй жонцы адной з імі — плюс у яе ж хатняя хімія).

Адзін з фігурантаў той крымінальнай справы абскардзіў прысуд. І вось калі заканчваўся тэрмін апеляцыі, Дзяніс вырашыў з'ехаць з сям'ёй з дапамогай BySol.

— Я добра разумею, што ў новай краіне будзе складана. Але ўсё ж менш складана, чым у беларускай турме.

 Дапамагчы сям'і Дзяніса можна тут.

Каментары4

  • .
    06.09.2024
    > «Немагчыма ўсё прадугледзець. Гэта проста збег абставін»

    Ніякім разам не прэтэнзія да героя артыкула, хутчэй парада чытачам. Бо разумны вучыцца на чужых памылках.
    Сесці і паслядоўна праглядзець усе сацсеткі, чаты, праграмы. Зойме не гадзіну-дзве, зойме менш за 1 дзень цалкам.
    Пачысціць, пры неабходнасці змяніць акаўнты. Захаваць фоткі ў бяспечным месцы.
    Усе інструкцыі ёсць, у тым ліку, на НН.

    Пераконваў знаёмых. Толькі невялікая колькасць пачула. Былі і тыя, што самастойна зрабілі гэта раней.
    Іншыя: хто адкладваў і пачаў чысціць за 3 дні да выезду за мяжу, за дзень да візіту ў КДБ за данаты.
    Шмат хто "разумее, але зараз няма часу".
    Шмат тых, хто жыве як у 2019 годзе.
    ...

    Што рабіць, каб пачулі?
  • Не экстремист, значит не мужик.
    06.09.2024
    В СССР "не служил значит не мужик".
    Теперь в Краіне Памяркоўных: не сидел за экстремизм, значит не мужик.
  • Ганьба
    06.09.2024
    "А я кажу, як быў казаў міне адзін,
    Хто сядзіць у ДОПРы, той сумленны грамадзянін..."

Расіяне расказалі, як намучыліся на беларускай мяжы2

Расіяне расказалі, як намучыліся на беларускай мяжы

Усе навіны →
Усе навіны

Міністр унутраных спраў Літвы назвала, колькі беларусаў давялося прымусова выслаць назад у краіну2

«Гнілаж і размандыкванне». Чалы тлумачыць, як Лукашэнка прыдумаў ідэальную праграму працы на будучыню5

Памёр Андрэй Цісык

У Аўстраліі жанчыне адгрыз руку ўласны сабака. Яна змагаецца за жыццё8

У Гродне пенсіянерка ішла на кірмаш і драпала аўтамабілі2

Выпускніка не прынялі на размеркаванне. Зараз ён вінны больш за 20 000 рублёў3

«Тады мы ўдарым па Пецярбургу». Вайскоўцы з Польшчы і краін Балтыі абмеркавалі ваенны адказ на магчымую расійскую агрэсію13

Трагічна загінуў начальнік аддзела СІЗА-130

Арына Сабаленка выйшла ў паўфінал турніру ва Ухані3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Расіяне расказалі, як намучыліся на беларускай мяжы2

Расіяне расказалі, як намучыліся на беларускай мяжы

Галоўнае
Усе навіны →