Культура

Ці павінен музей забаўляць?

Вынікі публічнай гутаркі «Навошта нам музей?», з якой распачаўся курс веснавых дыскусій кампаніі «Будзьма беларусамі!»

Апошнія гады кампанія «Будзьма беларусамі!» не проста папулярызуе беларускую культуру і мову як падмурак для яднання нацыі, але і актыўна запрашае, падштурхоўвае, а часам і прымушае задумацца пра тое, што культура стварае і паляпшае нашае жыццё.

«Пакуль што беларусы – пабочныя назіральнікі ў культуры. Культура ўспрымаецца выключна як мастацтва і, адпаведна, цікаўнасць выклікае далёка не ва ўсіх. Мы нячаста задумваемся, што культура – гэта і тое, што мы робім, і тое, як мы гэта робім, і, можа, найперш – тое, што мы думаем», – адзначыла каардынатар кампаніі Ніна Шыдлоўская. Каб думкі не блукалі ў цемры, не губляліся ў штодзённай мітусні і клопатах, кампанія «Будзьма беларусамі!» збірае разам адмыслоўцаў і аматараў, каб прагаворваць, разважаць і спрачацца на абсалютна розныя тэмы. Вельмі важна, каб дзякуючы дыскусіям знаходзіліся новыя ідэі, ракурсы, гучалі розныя меркаванні, якія пашыраюць наш кругагляд.

Тэма публічнай гутаркі ў прасторы «Цэх», з якой распачаўся курс веснавых дыскусій кампаніі «Будзьма беларусамі!», гучала шырока: «Навошта нам музей?» Гаворка пайшла не пра багацце фондаў ды ўнікальнасць экспазіцый, а пра забаўляльны, інтэрактыўны складнік музейнай справы. Ці патрэбная «ноч музеяў», колькі павінен каштаваць квіток у «нацыянальны» і, урэшце, чаму нельга мацаць экспанаты?

Няціхая музейная ноч

Ноч музеяў – час вялікіх ператварэнняў, калі яны фактычна скідаюць сваю галоўную функцыю сховішча каштоўнасцяў і пачынаюць спаборнічаць у арганізацыі народных гулянняў. На першы план выходзяць мімы і танцоры, конкурсы касцюмаў, усе магчымыя гульні, шоу і майстар-класы, экспанаты ж ператвараюцца ў маўклівыя дэкарацыі. Што дае гэты вечар адкрытых дзвярэй самім музеям?

Дзіяна Шантар, загадчык сектара выставачнага аддзела Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі: «Ноч музеяў – адно з самых папулярных мерапрыемстваў. У апошнія тры гады яго наведвае штогод больш за 10 тысяч чалавек, а калі б мы працягнулі час працы і пасля поўначы, то было б яшчэ больш. Усё ж асноўная мэта «ночы музеяў» – прыцягнуць увагу да экспазіцыі. Сацапытанне паказала, што каля 17% вярнулася ў наш музей менавіта пасля гэтага мерапрыемства. Нашае кіраўніцтва лічыць, што гэта панацэя, і каб павялічыць колькасць наведнікаў, нават былі спробы зрабіць таксама «вераснёвую ноч музеяў» да Дня горада. Але практыка паказвае, што «ноч музеяў» павінная ўсё-такі быць адна».

Вольга Пархімовіч, загадчыца аддзела культурна-адукацыйнай работы Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы: «Мы ладзім дзве «ночы музеяў» на год, бо ў нас яшчэ ёсць «Купальская ноч у Купалавым доме», калі мы не маем канкурэнтаў сярод калегаў-музейшчыкаў. Купалле ў нас мае ўрбаністычную скіраванасць, але вянкі, папараць-кветка і нават вогнішчы ў тым ці іншым выглядзе прысутнічаюць. Такія акцыі ладзяцца, зразумела, не толькі каб забавіць людзей, а каб пайшла пагалоска. Нас ужо прынамсі менш блытаюць з Музеем Якуба Коласа і ведаюць, дзе мы знаходзімся. Гэта таксама вынік».

«70 тысяч за квіток у музей – ту мач»

Для разагрэву дыскусіі на экране ўзнікла відэаапытанка, у якой мінчукі расказваюць, чаму яны ходзяць альбо не ходзяць у музей і што хацелі б там пабачыць. Рэспандэнтаў знаходзілі каля доміка РСДРП, і выбарка атрымалася яркая. У ёй даследчык літаратуры Язэп Янушкевіч папрасіў больш цікавых экспазіцый, вандроўнік і музыка Верасень выказаўся за тое, каб дазволілі мацаць усе экспанаты, а дызайнерка і фатограф Даша Бубен сказала пра «маладую кроў, якая праз бюракратызм загнівае ў музеях», што пасля не раз цытавалася ў дыскусіі, а таксама паскардзілася на вялікую цану квіткоў: «70-80 тысяч за выставу ў «нацыянальным» – ту мач». Такім чынам тыповае меркаванне мінакоў было: «А што ў нас глядзець? У школе ўжо наглядзеліся. Вось за мяжой музеі – та-ак».

 

Дзіяна Шантар: »Дарагавізна – адна з праблемаў нашага музея. Ёсць акцыя «Апошняя серада месяца», калі ўваход бясплатны, і тады музей проста перапоўнены. Мы не запрашаем музыкаў, не робім рэкламы, людзі самі памятаюць, чакаюць і прыходзяць. Значыць, музей павінен быць гнуткім у цэнавай палітыцы. У нас ёсць, напрыклад, сямейны квіток па выходных – калі бацькі і двое дзяцей атрымліваюць зніжку, таксама ёсць групавы квіток. Пры гэтым нас працягваюць завальваць лістамі, каб мы знізіліцэны. Але арыентуючыся на Расію і Еўропу, можна сказаць, што наш музей не надта дарагі».

«Словаў «музейны маркетынг» баяліся як інфекцыйнай хваробы»

Алесь Зіменка, старшыня беларускага аддзялення ICOM (International Council of Museums): «Усё зводзіцца да фразы «пазабаўляйце нас». У Берліне ў чалавека ёсць 2000 розных варыянтаў культурна прабавіць час штовечар, для Мінска мы набярэм, магчыма, 75-100. Трэба змагацца за наведніка. Дырэктар аднаго музея ў Нідэрландах, у якім каштоўнасці з усяго свету, расказаў, што яны заўважылі памяншэнне наведнікаў. І тады экспазіцыю аформілі як вітрыну крамы, а апісанне экспанатаў – як цэтлік з цаной на жаночых упрыгожаннях. Бо галоўнае пытанне, якое цікавіць маленькіх дзяцей у музеі, – «А колькі гэта каштуе і што будзе, калі гэта скрасці?» Рэклама пераконвае карыстацца пэўнай зубной пастай ці шампунем, а павінная гэтаксама завабліваць нас у музей. Зразумела, што рэкламаваць музей мабільных тэлефонаў, які адкрыўся ў Брэсце, і, скажам, Нацыянальны гістарычны музей трэба па-рознаму.

З іншага боку, давайце прыгадаем, калі ўвогуле ў Беларусі з’явілася рэклама ў музейнай сферы. Калі музейная педагогіка гадоў 30 у нас існуе, то словаў «музейны маркетынг» яшчэ нядаўна ў нас увогуле баяліся як інфекцыйных захворванняў. А цяпер ён прынамсі ёсць, хоць пакуль і ў пялюшках».

Дзіяна Шантар: «Нядаўна ў Нацыянальным музеі, каб прыцягнуць увагу да выставы, мы абвясцілі конкурс двайнікоў, каб кожны, хто прыйдзе ў музей, спраектаваў вобраз з карціны на сябе і сваіх знаёмых, прыз – віп-картка на ўсе выставы на год. Акцыю добра разрэкламавалі: да нас прыязджала тэлебачанне, шмат пісалі ў сацсетках. У выніку нам прыйшло шмат лістоў: «Дашліце нам, калі ласка, фота карцін, а мы тады зможам сказаць, падобныя мы да герояў ці не».

Вольга Пархімовіч: «Наш музей сёння мае новую ўнікальную экспазіцыю. Праблема ў пытанні, дзе мы можам даць рэкламу. Сюжэта ў праграме «Контуры» на чатыры хвіліны, мне здаецца, мала. У іншых краінах музейныя акцыі, такія як «ноч музеяў», падтрымліваюцца дзяржавай, якая дапамагае і з рэкламай, і з транспартам. Мы ж не можам, напрыклад, ладзіць мерапрыемства пасля 12-й, бо людзі не змогуць дабрацца дадому. Атрымліваецца, што чатыры супрацоўнікі музея ладзяць свята для тысяч людзей».

Сцяпан Стурэйка, гісторык, краязнаўца, культурніцкі антраполаг, выкладчык:

«Музей – установа некамерцыйная, таму справа музейшчыкаў – у першую чаргу думаць, як зрабіць якасную экспазіцыю, а не рабіць усё, каб толькі завабіць болей людзей. У той жа час музеі павінныя прыслухоўвацца да грамадска-палітычнага жыцця, трымаць руку на пульсе. Паўгода адбываюцца падзеі ва Украіне. Дзе выставы Гістарычнага альбо Нацыянальнага музея, прысвечаныя гісторыі і мастацтву Украіны? Музеі павінныя звяртаць увагу на многія пытанні – гендарныя, палітычныя, праблемы нацыянальных меншасцяў».

Пра цікавую спробу піяру Дзяржаўнага музея прыроды і экалогіі расказала жанчына ў зале, відаць, ягоная супрацоўніца. Музей звярнуўся да кіраўніцтва ГУМа і прапанаваў аздобіць вітрыны пудзіламі жывёлаў. Лісы і совы ў вітрыне дзяржаўнага ўнівермага не засталіся незаўважанымі: нехта смяяўся, нехта захапляўся нечаканасцю арт-аб’ектаў, адна жанчына напісала скаргу, што мёртвыя жывёлы ў цэнтры горада траўмуюць дзяцей. Што праўда, ёй не ўдалося сабраць дастаткова подпісаў для скасавання «экспазіцыі». Ці стаў камусьці больш вядомы музей прыроды і экалогіі пасля гэтай акцыі – пытанне, але ГУМу тое дакладна пайшло на карысць.

Жанчына таксама падтрымала словы рэспандэнтаў, што экспанаты (калі яны не зусім старажытныя) павінныя быць даступныя для абмацвання: «Гэта ж сусветны досвед! А ў нас я прыходжу ў музей з унукам і толькі сачу, як бы ён нічога не мацаў. Нядаўна ўвялі ноу-хау – выдалі такія маленькія ўказачкі. Дробязь, але хаця б не трэба ўвесь час сачыць за дзіцем».

Ці можна граць у прыстаўку ў музеі класіка?

Што можна, а чаго нельга рабіць у дзяржаўным музеі? Усе інтэрактыўныя, модныя і самыя нашумелыя выставы адпраўляюцца ў культурніцкія прасторы кшталту «Цэха» і галерэі «Ў», а для дзяржаўных музеяў застаюцца толькі карціны ў цяжкіх рамах, спакойныя экскурсіі ды сведчанні даўніны за падсветленым шклом?

Выстава «90-я», дзе экспанаваліся самыя розныя артэфакты гэтага нядаўняга яшчэ часу, прайшла ў прасторы «Цэх» у кастрычніку мінулага года і займела вялізны поспех. Чаму яе арганізатары нават не падумалі ўпісаць «90-я» ў сцены класічнага музея?

Яся Каралевіч-Картэль, рэдактарка сайтаў 90s.by і Сitydog: «Мы не планавалі адразу рабіць экспазіцыю, прапанова паступіла ад самога «Цэху». Тады ўжо прыйшлі і зразумелі, што ў нас ёсць вялікая прастора і мы можам абыграць яе інтэрактыўна. У нас быў кут з прыстаўкамі, дзе кожны мог парэзацца ў гульню, любімую з дзяцінства, а на сцяне вісеў дыван, куды людзі вешалі свае фотаздымкі з 90-х. Я разумею, што ў дзяржаўным музеі гэтага б не магло быць, бо нязвыклы фармат. Хаця, магчыма, я таксама ў палоне стэрэатыпаў. Я разумею, што музеям складана ўсталяваць кантакт з дзяржаўнымі ўстановамі, але яны гэта робяць, і ўзнікаюць такія праекты, як, напрыклад, экспазіцыі на вокнах вуліцы Карла Маркса альбо нават кавярня ў Нацыянальным музеі – гэта ўжо здорава і моцна ангажуе наведнікаў».

Дырэктар Тэатра псіхічнай неўраўнаважанасці Ілля Сін, а дакладней, галоўны бухгалтар, як ён паправіў вядоўцу, выступіў з адваротным сведчаннем, бо часта выступае з перфомансамі менавіта ў дзяржаўных музеях. «Самае нефарматнае мастацтва існуе якраз у дзяржаўнай музейнай прасторы, – лічыць ён. – Гэта некамерцыйнае мастацтва, і яно мала што дае музею нават у іміджавым плане, апроч таго, яно кепска гучыць, кепска пахне, і часам пасля яго даводзіцца прыбіраць. Але як ні дзіўна, супрацоўнікі дзяржаўных музеяў якраз больш яго падтрымліваюць».

Пры канцы нехта ў зале расказаў, што недзе быў такі праект, калі музей прыязджаў да людзей у дом. «Добра, калі да вас у хату прыйдзе мастацкі музей, – сказаў Аляксандр Зіненка. – А калі гістарычны? Ці, не дай бог, музей Вялікай Айчыннай вайны?»

У такой дыскусійнай атмасферы прайшло першае з сакавіцкіх афлайнавых ток-шоу, на якіх кампанія «Будзьма беларусамі» паспрабуе высвятляць стасункі з культурай. Наперадзе яшчэ чатыры публічныя дыскусіі, якія, па словах каардынатара кампаніі Ніны Шыдлоўскай, заклікаюць зірнуць на культуру шырэй – не толькі як на літаратуру і мастацтва, а як на ўсе сферы нашай дзейнасці, і ў яшчэ больш маштабным сэнсе – як на лад мыслення ўвогуле. Наступныя дыскусіі будуць прысвечаныя культуры ў бізнэсе, дабрачыннасці, спрадвечных каштоўнасцях і маюць адбывацца ў прасторы «Цэх» кожны тыдзень.

Каментары

Цяпер чытаюць

«Флюгерны саюз кан’юнктуршчыкаў». Вядомы архітэктар заступіўся за аўтара «Быхаўскай мадонны», згадаўшы Радэна і Малевіча14

«Флюгерны саюз кан’юнктуршчыкаў». Вядомы архітэктар заступіўся за аўтара «Быхаўскай мадонны», згадаўшы Радэна і Малевіча

Усе навіны →
Усе навіны

У Мінску выпаў першы снег ФОТЫ3

З серады ў Мінску і Магілёўскай вобласці падаражэе грамадскі транспарт2

Народныя Geely і Belgee недакупіцца. Новыя аўто трэба месяцамі чакаць у чарзе31

«Не спяшайцеся, са мной усё добра». Як з-пад завалаў разбуранага дома пад Кіевам выратавалі 7‑гадовага Давіда і 79‑гадовую Валянціну1

У мінскай Серабранцы сутыкнуліся два трамваі ВІДЭА1

Клуб з вёскі на 300 чалавек выйшаў у футбольную эліту. Адкуль грошы і дзе будуць гуляць?3

У Мінску арэндную кватэру аформілі ў стылі расійскага Суздаля. У туалеце сустракае галава з какошнікам31

На некаторых Android-прыладах у Беларусі выявілі шкодную праграму RatHat са штучным інтэлектам1

Гадзіны пік не падаўжаюць дарогу? Колькі часу займае паездка па лініях мінскага метро

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Флюгерны саюз кан’юнктуршчыкаў». Вядомы архітэктар заступіўся за аўтара «Быхаўскай мадонны», згадаўшы Радэна і Малевіча14

«Флюгерны саюз кан’юнктуршчыкаў». Вядомы архітэктар заступіўся за аўтара «Быхаўскай мадонны», згадаўшы Радэна і Малевіча

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць