Меркаванні11

«Сістэмна-модульныя асновы тыпаў ментальнасці», або Пра што гэта?

У №4 газеты «Літаратура і мастацтва» за 24 студзеня з’явілася публікацыя Сяргея Гараніна, намесніка дырэктара Інстытута мовы і літаратуры НАН, пад назвай «Сучаснае літаратуразнаўства: дыягназ і лекі». Пасля знаёмства з артыкулам прыходзіцца канстатаваць, пад шматабяцальным загалоўкам схаваліся агульныя разважанні пра сучасную экалогію ды здаровы лад жыцця, а замест лекаў былі прапанаваныя хіба што вітаміны. Мяркуйце самі.

Наракаць на сучасную культурна-інфармацыйную прастору – усё роўна, што распісвацца ў сваёй разгубленасці перад аб’ектыўнай рэальнасцю. Чвэрць стагоддзя мінула з канчатковага падзення дыялектыка-матэрыялістычнага падыходу, а НАН, паводле артыкула, усё яшчэ толькі збіраецца «сарыентавацца ў пераменлівым свеце» шляхам зменаў «унутраных фактараў існавання».

Што да экалогіі, то не трэба перабольшваць. «Прага да лёгкага, смешнага, да з выгляду прывабнага, што не патрабуе ні глыбокай рэфлексіі, ні роздумаў і не пакідае ў душы глыбокага следу» была ўласцівая масам заўжды, і нізкія жанры заўсёды сярод сучаснікаў былі больш папулярныя, чым высокія. Іншая справа, што ў гісторыі літаратуры заставалася часцей (зноў жа, не заўжды) высокая літаратура, якая стваралася элітамі для эліт. Таму літаратура, якая «нібы адыходзіць на другі план разам з духоўнымі каштоўнасцямі», насамрэч на першым ніколі і не была. І спекуляцыя фактамі толькі перашкаджае паставіць паўнавартасны дыягназ літаратуразнаўству, стан якога і сапраўды мог бы быць лепшым.

Увесь дыягназ, прадстаўлены ў артыкуле, зводзіцца да наступных аспектаў.

Па-першае, аўтара бянтэжыць адсутнасць пэўнай лініі партыі, якая вызначала б «звышзадачу навуковай творчасці». Прасцей кажучы, ідэйны плюралізм, які нечакана запанаваў у навуцы гадоў дваццаць таму, паводле якога ўжо няма добрых і дрэнных пісьменнікаў, правільнай ідэалогіі, а ёсць некалькі абгрунтаваных меркаванняў, усё яшчэ падаецца аўтару актуальнай праблемай.

Па-другое, несумненнай праблемай лічыць аўтар падзенне дыялектыка-матэрыялістычнай метадалогіі, замены якой так і не знайшлося, у сувязі з чым, па-трэцяе, маем «пара-літаратуразнаўства» і «навукападобнае выкладанне», сутнасць якога праяўляецца ў запазычванні малазразумелай тэрміналогіі з сумежных навук ці замежных даследаванняў, што, па-чацвёртае, непасрэдна звязана з «фармальнай рэарганізацыяй філалагічных устаноў» альбо адыходам ад «былога маналіту СП» розных «саюзаў, аб’яднанняў, груповак», адміністрацыйнае кіраванне якімі цяпер, на ўсеагульны жаль, немагчымае. І ў дадатак крайнімі аказваюцца сублітаратурныя камерцыйныя выданні кшталту «сотні лепшых сачыненняў» ці «кароткіх пераказаў твораў», якія пры нармальным стане літаратуразнаўства не вартыя былі б нават згадкі ў такіх сур’ёзных артыкулах, як артыкул Сяргея Гараніна.

Праблема, здаецца, не ў тым, што з’яўляецца нешта няправільнае (паралітаратуразнаўства) ці непатрэбнае (кароткія пераказы твораў), а ў тым, што не з’яўляецца тое, што патрэбна. І, як слушна заўважае Сяргей Гаранін, «асаблівая роля тут належыць тэорыі літаратуры». Дзе які-кольвек комлексны даведнік па тэорыі літаратуры? Чаму дагэтуль няма анталогіі айчыннай і замежнай тэорыі літаратуры? Дзе гісторыя айчыннага літаратуразнаўства? Усё гэта так ці інакш распрацоўваецца ва ўніверсітэтах асобнымі выкладчыкамі (напрыклад, «Паэтычны слоўнік» і «Тэорыя літаратуры ў тэрмінах» прафесара Вячаслава Рагойшы). Аднак калі ўніверсітэты ўласнымі сіламі распрацоўваюць дапаможнікі для студэнтаў па тэорыі літаратуры, то анталогіяй заняцца можа толькі вялікі калектыў прафесіяналаў, аўтарытэт якіх прызнаны ва ўсёй краіне…

А што з лекамі? А лекаў і няма. Аўтар проста пералічвае напрамкі, якімі займаецца Інстытут.

Сярод іншага, Інстытут займаецца распрацоўкай «сістэмна-модульных асноў і ідэйна-эстэтычнай спецыфікі нацыянальных тыпаў ментальнасці як вядучых духоўна-сацыяльных феноменаў у беларускай і еўрапейскіх літаратурах».

У дыягназе аўтар упікаў «паралітаратуразнаўцаў» тым, што яны ўжываюць мала каму зразумелую тэрміналогію. Трэба меркаваць, што сам ён выступае на баку навуковай дакладнасці і празрыстасці і ў стане патлумачыць, што ўяўляюць сабой сістэмна-модульныя асновы тыпаў ментальнасці, якім чынам ментальнасць з’яўляецца вядучым духоўна-сацыяльным феноменам у літаратуры і ў параўнанні з чым яна з’яўляецца менавіта вядучым феноменам у літаратуры. У сваю чаргу, калектыўнае даследаванне «Беларускае тэарэтычнае літаратуразнаўства ў дыялогу культур» мае на мэце распрацоўку «цэласнай тэарэтычнай канцэпцыі аб заканамернасцях і змястоўных сувязях сацыяльна значных падзей, з’яў і фактаў, актуалізаваных у беларускім літаратурным працэсе». Напрошваецца пытанне, паводле якіх крытэрыяў будзе вызначацца сацыяльная значнасць падзей і актуалізацыя іх у літаратурным працэсе. Не меншую цікавасць выклікае і цэласная канцэпцыя пра заканамернасці і змястоўныя сувязі. Што праўда, застаецца не да канца зразумелым, сувязі чаго з чым будуць даследаваны.

Шчыра спадзяюся, што самі прадстаўленыя даследаванні не маюць нічога супольнага са спосабам іх прадстаўлення і прадстаўленыя тут асцярогі былі перабольшаныя. Хоць некаторыя калектыўныя працы, выкананыя Інстытутам, не даюць цвёрдай упэўненасці ў гэтым. Дастаткова прыгадаць кнігу «Сучасная літаратура: каардынаты ідэйна-мастацкага пошуку», выдадзеную ў 2008 годзе. Каб не асабліва адхіляцца ад тэмы, але абгрунтаваць прывядзенне гэтай працы ў дадзеным кантэксце, падам толькі два сказы, якімі распачынаецца першы раздзел: «На сумежжы ХХ—ХХІ стагоддзяў каардынаты мастацкіх пошукаў у беларускай паэзіі вылучаюцца шырынёй тэматычных абсягаў, жанрава-стылявой і рытміка-інтанацыйнай разнастайнасцю, што дазваляе засяродзіць увагу на дзвюх асноўных мадэлях гарманічна-кантрастнага адлюстравання рэальнасці. У адной з іх перавага аддаецца гарманічнаму суладдзю думак і пачуццяў, у другой – пераважаюць кантрасна-вобразныя малюнкі навакольнага свету, драматызм і трагедыйнасць жыццёвых стасункаў».

Якім чынам рытміка-інтанацыйная разнастайнасць (фармальны бок), няхай і сярод іншых, можа дазволіць меркаваць пра мадэлі адлюстравання рэальнасці (змястоўны бок)?

Цяжка не звярнуць увагу і на тое, што сам артыкул выкананы ў духу савецкага выкрывальніцтва: ніякіх дакладных прыкладаў не прыводзіцца, але ўсе дакладна ведаюць, што аўтар меў на ўвазе.

У савецкія часы такі «разгром» меў бы пэўныя наступствы для «літаратараў» (дарэчы, літаратар – гэта пісьменнік, а не літаратуразнаўца, аднак дробныя прыдзіркі пакінем). У наш час публікацыя засталася незаўважанай.

У некаторай ступені таму, што практыка здаровай публічнай літаратурнай палемікі ў нас адсутнічае, а таксама з прычыны невыразнасці самой публікацыі. А пытанне дыягназу і лекаў для сучаснага літаратуразнаўства застаецца адкрытым.

Каментары1

Цяпер чытаюць

Да найбуйнейшай сеткі аўтахаусаў Butikavto прыйшоў ДФР. Уласнік затрыманы1

Да найбуйнейшай сеткі аўтахаусаў Butikavto прыйшоў ДФР. Уласнік затрыманы

Усе навіны →
Усе навіны

17‑гадовага беларуса затрымалі за стварэнне вядомага віруса-траяна Mamont1

Супербабуляй Беларусі стала жыхарка Скідзеля. Пасля перамогі яна звярнулася да залы па-беларуску: «Будзе жыць вечна!»11

Трайное забойства ў Столінскім раёне — 33‑гадовы вясковец забіў двух сабутыльнікаў і іх маці5

Польшча лічыць блогера Леаніда Мышленніка пагрозай для бяспекі дзяржавы і збіраецца пазбавіць абароны33

Дзве жанчыны танчылі ў Гомелі проста пасярод дарогі2

Памёр Кастусь «Кузя» Іваноў2

Мастак арганізаваў у Мінску бясплатную сталовую, якая існуе ўжо амаль 30 гадоў3

Загінуў беларускі добраахвотнік Віталь «Вітушка» Трыгубаў13

Два вайсковыя самалёты сутыкнуліся на Філіпінах. Загінулі чатыры пілоты

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Да найбуйнейшай сеткі аўтахаусаў Butikavto прыйшоў ДФР. Уласнік затрыманы1

Да найбуйнейшай сеткі аўтахаусаў Butikavto прыйшоў ДФР. Уласнік затрыманы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць