Суд над актывісткай БХД, якая выйшла з антываенным плакатам, адклалі на тыдзень
У Нясвіжы 12 мая распачаўся судовы працэс над актывісткай аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Наталляй Бордак, якую затрымалі 9 мая за антываенны плакат.
Актывістку каля 10 гадзіны прывезлі ў будынак суда праз чорны ход і хацелі судзіць ў кабінеце суддзі. Але знаёмыя Наталлі, якія чакалі пачатку працэсу, пабачылі гэта і запатрабавалі адкрытага разгляду справы.
Паколькі Наталля Бордак мае няпоўнагадовага сына і запатрабавала адваката, суддзя Вольга Крупец дала ёй час да 14:30 19 мая на пошук абаронцы. Да гэтага часу актывістка была вызваленая з залі суда.
Як распавяла Наталля Бордак, 9 мая яна з самаробным плакатам «Не пуцінскай вайне з Украінай!» выйшла ў парк Нясвіжа. Ніхто ёй прайсціся з ім не перашкаджаў, але на выхадзе з парку на завулку савецкім да яе пад'ехала міліцэйская машына. З яе выйшлі міліцыянты, якія затрымалі актывістку. Супраціву яна не аказвала. Нягледзячы на наяўнасць няпоўнагадовага сына, жанчыну пратрымалі ў пастарунку ўсе выходныя.
Наталле Бордак прад'яўлена абвінавачванне арганізацыя і правядзенне несанкцыянаванага масавага мерапрыемства.
Каментары