Меркаванні1919

Віктар Марціновіч: Love is…

Фільм «Her» («Яна»), ад якога я збіраюся адштурхнуцца, не з’яўляецца ні новым (яму ўжо год), ні адметным у сэнсе касавых збораў. Але гэты фільм адкрыў новую старонку ў асэнсаванні такога прынцыповага для культуры паняцця, як каханне. Роўна як другарадны ў сэнсе збораў і значэння фільм «In Time» з Джастынам Тымберлэйкаам у пазамінулым годзе перапраграмаваў для культуры разуменне такой з’явы, як час, дапамогшы чалавецтву лепей зразумець, што ў сітуацыі перавытворчасці менавіта хвіліны і гадзіны нашага жыцця ёсць найвялікшай каштоўнасцю.

Ёсць такія, што «Яе» ўжо праглядзелі. Іх я і лічу сваімі асноўнымі суразмоўцамі, з імі і хацеў бы супаставіць свае ўражанні.

Фільмы і тэксты пра каханне чалавека і камп’ютарнай жанчыны ствараліся і раней. Лёгка, напрыклад, прыгадаць тую серыю Futurama, дзе наіўны дзівак Фрай, які трапіў у далёкую будучыню, заляцаецца да лічбавай Люсі Лью, якую стварыў для яго комп. Ці згадайма раман «Snuff» Віктара Пялевіна, дзе галоўны герой метадычна псуе сабе настрой і нервы стасункамі з камп’ютарнай лэдзі, дрэнны характар якой ён запраграмаваў сам, бо разумеў, што без дрэннага характару кахання не бывае.

Але вось што: ёсць два прынцыповыя адрозненні фільма «Яна» ад усяго, што стваралася пра пачуцці чалавека і машыны раней. Па-першае, «Яна» — гэта не камедыя. І гэта ўжо само па сабе, калі хочаце, анекдот. Нават у Пялевіна мы сустракаем грэблівае аўтарскае стаўленне да фабулы: Віктар Алегавіч, здаецца, не можа да канца паверыць у тое, што нармальны пацан можа «вось гэта» з аблічбаванай сцервай — быццам яму не хапала навокал сцерваў неаблічбаваных! У Futurama ўсё заканчваецца ўмяшальніцтвам сяброў, якія дасціпна тлумачаць Фраю, чаму стасавацца са штучнай дзяўчынай — глупства і сорам: яму паказваюць адукацыйны мульт, які Фрай мусіў прагледзець у дзіцячым садку, але не прагледзеў, бо быў узгадаваны ў далёкім мінулым 20-га стагоддзя.

У фільме «Яна» пра пачуцці паміж кампом і мужчынам расказваецца не тое што сур’ёзна — узнёсла! Болей за тое — і тут пачынаецца ўжо клініка — у пяці з шасці рэцэнзій на фільм гаворыцца пра тое, што гэтая карціна — пра сапраўднае каханне! Што па ёй каханне можна вывучаць і даследаваць! Застрэліцца ж, ну!

Другая адметнасць — і тут мы падыходзім бліжэй да сюжэту — ляжыць у тым, што «жанчына», у якую ўтрэскваецца наш герой, не з’яўляецца штучным аб’ектам жадання: яна не створаная для кахання, як тая лічбавая лялька ў Пялевіна ці камп’ютарная Люсі Лью ў Futurama. Па сутнасці, фільм «Яна» — гэта кіно пра рамантычнае каханне мужчыны з… аперацыйнай сістэмай, якая мае апазнавальныя прыкметы Windows. Пачуцце паміж АС і чалавекам узнікае толькі у адным выпадку з 8000, паведамляе нам кіно.

І вось якой ступені шчыльнасці павінныя былі дасягнуць адносіны паміж чалавекам і сотавым тэлефонам\планшэтам, каб некаму прыйшло ў галаву сур’ёзнае дапушчэнне пра рамантычную цягу да чарговага прадукту Microsoft!

У выпадку фільма «Яна» мы маем драму, якая ўсур’ёз расказвае нам пра «сапраўднае» пачуццё. І я задаўся б пытаннем: гэта каханне паміж кім і кім? Добра, з яе — аперацыйнай сістэмы — боку мы маем моцны штучны інтэлект, здольны да самаадукацыі. Тыя дзве якасці, якія якраз і характарызуюць асобу. Напрыклад, калі праграма-каханка запытваецца ў героя, колькі дрэваў на той гары, якую яны абодва бачаць з акна, ён памыляецца, яна папраўляе. Бо яна ведае адказы на ўсе пытанні — нават тыя, што ніколі не прыйдуць чалавеку ў галаву. І тым не меней: хто каго тут кахае?

Так, мы маем няшчаснага ды адзінокага героя, які жыве ў дызайнерскіх апартаментах. Героя, які файна ладзіць з пісаннем тэкстаў і электроннай камунікацыяй, але не ведае, як стасавацца з жывымі людзьмі. Ён працуе капірайтарам, які на замову складае цёплыя і пяшчотныя лісты родным для замоўцаў, да гэтага не здольных! Ступень яго адзіноты такая, што спроба спаткання з жывой дзяўчынай заканчваецца няёмкасцю з абодвух бакоў. І вось гэты небарака працінаецца каханнем да камп’ютара. Але ці можа камп’ютар кахаць? Нават калі ў яго інтэлекту ёсць здольнасць да самаразвіцця?

Ці ёсць у аперацыйнай сістэмы сэрца? Той орган, якім, уласна, кахаюць?

Самы праніклівы момант фільма — той, калі Яна знаходзіць віртуальнае кам’юніці людзей, якія дапамагаюць аперацыйным сістэмам і іх каханым знаходзіць цела для ўвасаблення іх жаданняў. Да героя дахаты прыходзіць дзяўчына, якой Яна дыктуе, што казаць і як да яго дакранацца. І яны спрабуюць пазнаць адно аднаго, але не атрымліваецца. «Я не ведаю яе!» — у роспачы крычыць мужчына. Дзяўчына, якая «ўвасабляла» каханую, замыкаецца ў ванным пакоі і плача: яна лічыць, што гэта яе параза. І вось уявім сабе свет людзей настолькі адзінокіх, што нехта з іх здольны аддаваць сябе незнаёмцу, проста каб датыкнуцца да нечага сапраўднага кахання…

Прыкладна з гэтай сцэны з фільма болей не хочацца іржаць. Прыгадваеш, што зняў яго Спайкі Джонс, які быў рэжысёрам прынамсі дзвюх карцін, якія сфармавалі твае ўяўленні пра добрае кіно: «Быць Джонам Малкавічам» і «Там, дзе жывуць пачвары».

Разумееш, што Спайкі спрабаваў перадаць нешта вельмі важнае, нешта, што той жа Славой Жыжак у сваім водгуку на «Her» сфармуляваў як каханне да «ўласнага адбітка ў люстэрку» (Ж. Лакан).

Але я гэта бачу па-іншаму. Сённяшні свет, свет, у якім усе мы заблукалі ў сацыяльных сетках, заблыталіся ў лічбавым свеце, страцілі адчуванне адно аднаго, утаропіўшыся ў шматлікія скрыні, — гэта свет спусташальна адзінокіх людзей. Гэта як быццам персанаж «Чужаніцы» Альбера Камю перастаў успрымаць сваё быццё як трагедыю і замест гэтага пайшоў бы сэрфіць па Adme.ru. Мы сустракаемся з людзьмі, але не пазнаём у іх людзей. У выніку мы здольныя камунікаваць толькі з медыумамі, з лічбавым пасярэднікам, што спрашчае нам адчуванне таго, што там, за гэтым пасярэднікам, хаваецца нехта Іншы, адрозны ад нас. Смс напісаць прасцей, чым пазваніць. Лайкнуць статус у фэйсбуку менш «стрэсагенна», чым дамовіцца пра сустрэчу.

Што ўласна да пытання, дык істота без сэрца не можа кахаць. Прычым гэта датычыць не толькі камп’ютара, але і сіх-тых людзей. Бо сэрцаў у Божанькі заўсёды было меней, чым фізічных абалонак, у якіх на месцы сэрцаў — чорныя дзіры. Герой фільма «Яна» любіць сябе, ён любіць сваю работу, уласны камп’ютар і усе тыя гаджэты, якімі аточаны. Ён не ведае, што ёсць каханне — не меней, чым Яна, якая імкнецца тое каханне сімуляваць. Адзіны чалавек з сэрцам у гэтай гісторыі — дзяўчына, якая прыбегла аддавацца незнаёмцу толькі таму, што хацела б напоўніцу дакрануцца да кахання, хай сабе і чужога.

Здольнасць да ахвяры і ёсць прыкметай сапраўднага пачуцця?

Каханне пачынаецца там, дзе знікае «я». Без гэтага ты і не чалавек нават — аператыўная сістэма. Спачатку растае здольнасць кахаць, потым — спачуванне, затым — боль. Потым заўважаеш, што сам стаўся новым планшэтам на Android.

Каментары19

Цяпер чытаюць

Начальнік крымінальнага вышуку МУС бачыў прагулачны дворык СІЗА КДБ з акна свайго кабінета, а потым сам стаў вязнем2

Начальнік крымінальнага вышуку МУС бачыў прагулачны дворык СІЗА КДБ з акна свайго кабінета, а потым сам стаў вязнем

Усе навіны →
Усе навіны

На фронце загінуў журналіст Ленты.ру, які даслужыўся да лейтэнанта і камандаваў узводам4

У Кацярыны Ваданосавай новая бяда — цяжкая хвароба маці1

У Еўропе ўзмацняюцца супярэчнасці паміж Мерцам і Макронам3

У Турцыі разбіўся самалёт з начальнікам Генштаба Лівіі на борце

У Сапоцкіне пачалі рамонт мясцовага касцёла пасля пажару

На Чарнобыльскай АЭС папярэдзілі, што абарончы саркафаг можа не вытрымаць новага расійскага ўдару2

На востраве Тэнэрыфе пабілі сусветны рэкорд па даўжыні каляднага дэсерту1

«Хачу ўбачыць маму жывой». Экс-палітвязні, якіх дэпартавалі з Беларусі ўсяго за паўгода да вызвалення, расказалі пра свае пачуцці1

Як часта ў беларусаў здараюцца інсульты?2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Начальнік крымінальнага вышуку МУС бачыў прагулачны дворык СІЗА КДБ з акна свайго кабінета, а потым сам стаў вязнем2

Начальнік крымінальнага вышуку МУС бачыў прагулачны дворык СІЗА КДБ з акна свайго кабінета, а потым сам стаў вязнем

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць