У Мінску затрымалі шасцярых падазраваных у арганізацыі бардэльнага бізнесу
У Мінску затрыманыя арганізатар і ўдзельнікі злачыннай групы, якія, паводле дадзеных міліцыі, прыцягвалі жанчын да заняткаў прастытуцыяй, паведаміў БЕЛТА начальнік упраўлення і грамадскіх сувязяў МУС Канстанцін Шалькевіч.
Усе шасцёра затрыманых — грамадзяне Беларусі ва ўзросце ад 20 да 50 гадоў.
«Вядома як мінімум пра трох жанчын, якія прымалі кліентаў на здымных кватэрах. У злачыннай групе быў выразны падзел роляў па вярбоўцы жанчын для заняткаў прастытуцыяй, найму жылых памяшканняў, падбору кліентаў, размяшчэнні рэкламных аб'яў у інтэрнэце», — растлумачылі ў МУС.
«Многія кватэры былі абсталяваныя сістэмамі схаванага відэаназірання», — дадалі ў МУС.
Генеральнай пракуратурай распачата крымінальная справа па ч.2 арт.171 КК (выкарыстанне занятку прастытуцыяй ці стварэнне ўмоў для занятку прастытуцыяй). Затрыманым пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі.
Імаверны арганізатар злачыннай групы раней ужо быў двойчы судзімы за аналагічныя злачынствы. Пасля вызвалення ў 2013 годзе з месцаў пазбаўлення волі мужчына зноў узяўся за крымінальны бізнес, схаваць які планаваў пад відам прадпрымальніцкай дзейнасці па здачы ўнаём жылых памяшканняў.
Аперацыю па затрыманні падчас правядзення аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў ажыццявілі «супрацоўнікі галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі крымінальнай міліцыі МУС ва ўзаемадзеянні з калегамі з ГУУС Мінгарвыканкама і байцы спецпадраздзялення «Алмаз», — распавёў прадстаўнік МУС.
Каментары