Кангрэс Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў саступаў па маштабе і якасці ковенскаму Кангрэсу даследчыкаў Беларусі — рэпартаж
27—28 мая ў Мінску праходзіць шосты кангрэс Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў (МАБ). Першае пасяджэнне Асацыяцыі было праведзена ў 1990 годзе ў Мінску. Як зазначаў Адам Мальдзіс, ганаровы старшыня МАБ, гэта адбылося пасля натхняльнай сустрэчы ў Рыме з папам Янам Паўлам ІІ, які намаўляў навукоўцаў з краін былой Рэчы Паспалітай развіваць нацыянальную культуру.
Сёлета асноўныя пасяджэнні адбыліся ў Мінску, у Інстытуце гуманітарных навук і мастацтва Акадэміі Навук. Кангрэс наведалі даследчыкі Беларусі з 14 краін: суседзяў Беларусі, таксама Брытаніі, Германіі, ЗША, Венгрыі…
Адкрыццё кангрэсу сабрала амаль сто чалавек. У фае гучна грае ансамбль беларускай народнай музыкі: цымбалы, спевы. Для замежнікаў, верагодна, атракцыя, для мясцовых — перашкода: навукоўцы абдымаюцца, вітаюцца, аднак для далейшай камунікацыі прыходзіцца крычаць адно аднаму ў вуха.
Тут жа дзяржаўныя выдавецтвы і незалежныя прадаўцы прапануюць кнігі, побач выстава выданняў Акадэміі навук. Кнігі купляюць не вельмі актыўна, трохі актыўней стэндамі цікавяцца замежныя даследчыкі.
Таксама ў фае прадаюцца сувеніры (магніты, кубкі, значкі) з беларускім арнаментам. Арнамент сустракаецца і на вопратцы ўдзельнікаў кангрэса, у вышыванках прыйшлі, у прыватнасці, былы міністр замежных спраў Пятро Краўчанка і даследчык ХІХ стагоддзя Язэп Янушкевіч.
Агульную арганізацыю і каардынацыю на Кангрэсе ажыццяўляе малады энергічны намеснік старшыні Нацыянальнай бібліятэкі і МАБ, кандыдат культуралогіі Алесь Суша. Ён паспявае нязмушана вітаць і накіроўваць удзельнікаў, рэагаваць на просьбы і пытанні, адказваць на тэлефанаванні дэлегатаў і журналістаў, даваць інтэрв’ю. Такія энтузіясты — рухавік навуковых форумаў Беларусі. Сушу і абралі новым кіраўніком Асацыяцыі ў выніку.
Зорка кангрэса — японка Сіёры Кіёсава з Цукубскага ўніверсітэта, худзенькая, далікатная, у шэрых лакіраваных чаравічках. Дзяўчыне відавочна няёмка ад адкрытай і навязлівай увагі беларускай прэсы ды грамадскасці, яна намагаецца не рэагаваць на ўспышкі і ветліва ўсміхаецца на кожную просьбу расказаць пра сябе для ТБ і радыё. Для беларусаў свае носьбіты мовы — ужо экзотыка, а там больш — з заморскіх краінаў. Далікатнасць беларусаў знікае ўшчэнт, калі нехта выклікае наша здзіўленне і цікаўнасць.
Сіёры вывучае беларускую больш за два гады, да таго ж — расійскую і польскую мовы, самастойна імкнецца вывучаць украінскую. Яе любімы беларускі пісьменнік — Васіль Быкаў, але на чытанне мастацкай літаратуры бракуе часу: усё займае навука. Дзяўчына адмыслова прыехала на кангрэс з дакладам пра праблемы і перспектывы вывучэння беларускай мовы ў Японіі. Яна марыць калі-небудзь скласці японска-беларускі размоўнік.
Пленарнае пасяджэнне
А 12-й гадзіне адчыняюць актавую залу, амаль сотня наведнікаў слухае вітальныя словы: старшыні Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў Міхаіла Касцюка, акaдэмiкa-сaкрaтaра Аддзялення гуманiтарных навук i мастацтваў НАН Беларусi Аляксандра Кавалені, міністра культуры Барыса Святлова (слова чытаў намеснік міністра В.Чэрнік). Вылучаўся сярод фармальных пасланняў ліст ад міністра адукацыі Міхаіла Жураўкова. Міністр працытаваў філосафа Хайдэгера: мова — гэта дом быцця, а беларуская мова — дом быцця беларусаў. І пажадаў, каб «мы ў нашым доме быцця знайшлі супольную мову».
З практычных прапаноў прагучала пажаданне аднавіць практыку правядзення міжнародных летніх школ вывучэння беларускай мовы. Зала праводзіла ліст міністра апладысментамі і гэтак сама сустрэла выступ старшыні Таварыства беларускай мовы Алега Трусава, які пасля экскурсу ў гісторыю беларускай мовы ўзгадаў «сумна вядомы рэферэндум»: «Вы можаце спытаць у беларускіх уладаў, дзе тая гарантаваная моўная роўнасць, дзе беларускія школы і ўніверсітэты?…»
Першы пленарны даклад быў напісаны ў нямецка-беларускім тандэме — Павел Навуменка і Гун-Брыт Колер — і прысвечаны новым тэарэтычным падыходам да літаратурнай гістарыяграфіі.
Традыцыйнай для беларускай літаратурнай гістарыяграфіі з’яўляецца апісальна-хранікальная мадэль. Але аўтары даклада прапаноўваюць выкарыстоўваць новую плюралістычную мадэль вывучэння і паказу беларускай літаратуры, у якой асноўная ўвага надаецца паэталагічна-інстытуцыйнаму фактару і ўплыву гістарычнай прасторы. Важна ўлічваць транснацыянальнасць, гібрыднасць беларускай літаратуры і змяніць канцэпт «гісторыя беларускай літаратуры» на «гісторыю літаратуры Беларусі», што дазволіць фактару прасторы ўзняцца над фактарамі этнасу і мовы. Такую літаратуразнаўчую мадэль Колер і Навуменка плануюць увасобіць у межах двухмоўнага беларуска-нямецкага падручніка. Менавіта пераход ад хранікальнага апісання да такога шматстайнага бачання літпрацэсу дазволіць, на думку аўтараў, далучыць Беларусь да міжнароднага літаратурнага дыскурсу. Падчас даклада былі пералічаныя цьмяныя месцы беларускай літаратуры ХХ ст. -– тэмы для будучых даследчыкаў: літаратурны рынак, чытацкія густы, індэкс чытацкай папулярнасці і дыферэнцыяцыя чытачоў, памяць літаратурнага поля (паўторныя спробы наступных пакаленняў аднавіць звыклыя інстытуцыі, напрыклад, стваральнікі літаратурнага аб’яднання «Узвышша» з 1930-я гады імкнуліся адрадзіць «Нашу ніву» ў літаратурным фармаце).
Прывітанне кангрэсу ад Венгерскага камітэта славістаў і Інстытута балцкай і славянскай філалогіі Будапешцкага ўніверсітэта перадаў другі дакладчык — венгерскі беларусіст Андраш Золтан, вядомы найперш як даследчык беларускага перакладу «Гісторыі пра Атылу» XVI стагоддзя.
На сёлетнім кангрэсе ён выступаў з тэкстам пра ўзаемаўплывы вялікакняскай і маскоўскай канцылярскіх моваў у XV—XVI стагоддзях (хоць у дакладзе гаворка была найперш пра ўплывы ВКЛ на Маскву). Гэтаму ж пытанню прысвечана і яго манаграфія «Interslavica», якая выйшла летась у Маскве.
Паводле Золтана, у XV стагоддзі ў Маскве мову літоўскіх грамат цытавалі без перакладу. У той жа час яна выкарыстоўвалася Масквой у зносінах з іншымі дзяржавамі Еўропы як мова міждзяржаўнай камунікацыі!
Мова Вялікага Княства з’яўлялася правадніком заходніх уплываў у дзелавую і размоўную мовы Масквы. Напрыклад, з мовы ВКЛ былі засвоеныя словы «господарь» і «господарьство», якія трансфармаваліся ў «государь» і «государство». У працэсе культурных сувязяў са старабеларускай у расійскую мову мігравалі словы «бітва», «прысяга», «дабравольны», «даход»… Апошняй лексеме была прысвечана асаблівая ўвага: упершыню ў расійскай мове яна сустракаецца ў 1451 годзе — у граматах канцылярыі мітрапаліта, разам з іншымі беларусізмамі: «месціч», «панове». А вось у грамаце літоўскага князя Ягайлы брату Скіргайлу 1387 года слова сустракаецца ажно 13 разоў. У выніку аналізу слова «даход» у іншых славянскіх мовах Золтан прыйшоў да высновы: яно было запазычана беларускай і ўкраінскай з польскай мовы і трапіла праз іх у расійскую не раней за XV стагоддзе.
Падобныя case-studies у перспектыве могуць цалкам змяніць звычнае ўяўленне аб праславянскай лексічнай аснове і кірунках культурных уплываў у сярэднявечнай і раннемадэрнай Еўропе. Вядучы пасяджэння Міхась Касцюк з гумарам падзякаваў прамоўцу «за глыбокае пранікненне ў сярэднявечную эпоху і ў слова, якое закранае нас усіх і цяпер».
З апошнім пленарным дакладам выступаў экс-старшыня МАБ, кандыдат філалагічных навук Сяргей Запрудскі. Ён аналізаваў беларускую мову 1920-х гадоў,
разважаў пра розніцу паняццяў «новая» і «сучасная» літаратурная мова. Як беларуская, так і расійская новыя літаратурныя мовы, па меркаванні даследчыкаў, пачынаюцца з 1930-х гадоў: ранейшая мова — ужо гісторыя, яна не заўжды зразумелая сучаснаму чытачу. На прыкладзе перавыданняў твораў Коласа і Гарэцкага цягам 1920-х гадоў Запрудскі паказаў, як імкліва ў мінскім і віленскім колах змянялася ўяўленне пра літаратурную норму: «граф» змянялі на «грап», «заставацца» — на «аставацца», «выганіць» — на «выжане», «досыць» — на «досіць», «памочнік» — на «памоцнік», «паштоўка» на «аткрытка» і г. д. Напрыканцы дакладчык адзначыў вялікую папулярнасць перыяду 20-х гадоў сярод даследчыкаў, аднак заўважыў, што аднастайнасць даследчыцкіх поглядаў часам прыводзіць да хібных навуковых высноваў.
Пасля выступлення дакладчыкаў выявілася, што пленарнае пасяджэнне мае ў запасе яшчэ 15 хвілін. Пятро Краўчанка з залы папрасіў слова на тры хвіліны, аднак незапланаваны выступ выклікаў у прэзідыума падазрэнне: «Гэта навуковая канферэнцыя, а не абмеркаванне нейкіх незразумелых рэчаў». Краўчанка скарыўся, а канферэнцыя працягвалася круглым сталом «Францыск Скарына і яго час».
Круглы стол «Францыск Скарына і яго час»
Лейтматыў сёлетняга кангрэсу — дзейнасць Скарыны і падрыхтоўка да святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання (6 жніўня 1517 года пачаўся друк першай друкаванай кнігі для беларусаў — Псалтыра).
Круглы стол пачаўся з выступу Алеся Сушы, які прапанаваў кірункі для адзначэння круглай даты: стварэнне рэестра беларускіх кніжных помнікаў, экспанаванне беларускіх кніг з бібліятэк іншых краін («Спадзявацца на іх вяртанне ў Беларусь бессэнсоўна», — заўважыў даследчык), арганізацыя выстаў і мемарыялізацыя месцаў, звязаных з беларускім кнігадрукам. У прыватнасці, распрацоўваецца маршрут экскурсій па месцах Скарыны: Полацк — Вільня — Кракаў — Падуя — Калінінград.
Да свята будзе прымеркавана выданне ўсіх кніг Бібліі Скарыны пад адной вокладкай, падрыхтоўку якой здзяйсняе даследчык перакладной белетрыстыкі Сярэднявечча і ранняга Новага часу Алесь Бразгуноў. Тэкст Скарынавай Бібліі выйдзе сучаснымі літарамі з падзелам на вершы — у гэтым наватарства выдання ў параўнанні з ранейшым факсіміле. Даклад Бразгунова, бадай, галоўнае адкрыццё кангрэса.
Даследчык працуе па слядах Скарыны, параўноўвае яго пераклад з царкоўнаславянскім тэкстам Бібліі, звяртаецца да польскіх, чэшскіх, лацінскіх, яўрэйскіх крыніц. Ён заўважыў, што Скарына смела, у некалькі разоў скарачае кананічны царкоўнаславянскі тэкст, перастаўляе часткі месцамі, устаўляе дапаўненні і тлумачэнні проста ў Біблію! У некалькіх кнігах ён падае аднолькавы змест у розных перакладах (магчыма, гэта паказвае на выпадкі, калі друкар не быў упэўнены ў слушнасці сваёй версіі перакладу). Скарына меў не свяшчэннае, але паважлівае стаўленне да Святога Пісьма, падыходзіў да Бібліі як рацыяналіст, імкнуўся выбудаваць тэксты ў лагічны ланцужок — канстатуе даследчык.
«Біблія Скарыны мела пратэстанцкі ўхіл, — дадае карыфей кнігазнаўства Георгій Галенчанка. — Але Скарынава Біблія не з’яўлялася ні пратэстанцкай, ні каталіцкай».
Сам жа Скарына па нараджэнні, імаверна, быў праваслаўным, аднак свядомае жыццё пражыў у каталіцкім абрадзе. «Ён не мог не быць каталіком», — сцвярджае Галенчанка, спасылаючыся на Скарынавы ўніверсітэты, ступені і пасады.
Георгі Галенчанка, між іншым, з’яўляецца сябрам Міжнароднага клуба кнігазнаўцаў. Пра заснавальніка клуба, апантанага і бескарыслівага даследчыка–славіста і кнігазнаўцу Джона Сіманса (1915—2005) распавядала сямейная пара беларусістаў з Расійскай акадэміі навук Юрый Лабынцаў і Ларыса Шчавінская.
Сіманс стварыў свой клуб кнігазнаўцаў на пенсіі, ахвяраваў дзеля функцыянавання клуба ўсе свае грошы і час. У клуб уваходзілі каля 200 чалавек з дзясяткаў краін свету.
Лонданская спадчына
Лонданскі беларусіст Джым Дынглі расказваў пра перспектывы лонданскай беларускай бібліятэкі імя Скарыны: «Сёння я дам вам праўду, як кажам па-англійску, проста з рота каня». «Мы ведалі, што паступова ідзём да гэтай сітуацыі, — расказвае ён пра хваробу айца Надсана, — але такая чалавечая натура: ніхто не хацеў думаць пра гэта».
Цяпер будынак бібліятэкі і ўсё яго змесціва — уласнасць апякунскай рады. «Ёсць плёткі, што ўсё прадасца, прападзе — гэтага не можа быць па законе», — адзначае Дынглі. Аператыўнае рашэнне: дзяжурыць штосуботу па чатыры гадзіны, каб хоць раз на тыдзень бібліятэка была адчынена. Хто ж яе чытачы? Сябры беларускай дыяспары, вучні беларускай лонданскай школы, турысты і даследчыкі з Беларусі, якія вывучаюць кніжныя і архіўныя калекцыі, рупліва сабраныя айцом Надсанам.
Існуюць планы па стварэнні электроннага каталога, арганізацыі выдачы кніг на дом, змяшчэння на сайце спісаў новых паступленняў. Вялікая праблема выбару: як і што набываць і якім чынам дастаўляць. «Часам купленыя ў Беларусі кнігі айцец Сяргей Стасевіч прывозіць у Лондан проста ў чамадане», — жаліцца Дынглі. Яшчэ адна праблема — лёс шматлікіх скрыняў з архіўнымі матэрыяламі. Частка апякунскай рады хацела б перадаць дакументы на Беларусь — тут была б праведзена належная экспертыза і нададзена спецыяльная ахова, да таго ж дакументы сталі б даступныя большаму колу даследчыкаў. Аднак існуюць думкі, што варта захоўваць архіў у Лондане — «бо раптам будзе Мінская Народная Рэспубліка».
Нядаўна бібліятэка атрымала грант у 5 тысяч фунтаў на адлічбоўванне калекцый, і на сайце http://skaryna.omeka.net ужо даступныя адлічбаваныя часопісы «Божым шляхам» і «Źnič».
Адам Мальдзіс падчас свайго выступу прапанаваў Лонданскай бібліятэцы арганізоўваць стажыроўкі і гранты для беларускіх студэнтаў і выхоўваць энтузіястаў: «Нашто ехаць у Лонданскі ўніверсітэт, калі ёсць «сваё» месца?!»
Дынглі скончыў выступ словамі айца Надсана: «Я зрабіў, што змог, — цяпер вы старайцеся» — і заплакаў.
Кананізацыя Скарыны
Прапанова выклікала жывую рэакцыю грамадскасці. «Трэба ж кананізаваць і кагосьці прыстойнага» — смяяліся ў кулуарах.
«Расійская царква кананізавала царскую сям’ю, кананізаваны фундатар мінскага Чырвонага касцёла Эдвард Вайніловіч — а чым Скарына горшы? — кажуць кнігазнаўцы. — Ён рабіў богаўгодную справу».
Каб кананізаваць асобу ў праваслаўнай традыцыі, неабходныя звесткі пра звязаныя з ёй цуды. «А ўсё жыццё Скарыны — хіба не цуд?» — кажа Адам Мальдзіс. На яго думку, кананізацыя зможа зблізіць канфесіі і працаваць на яднанне беларусаў.
«Слава непатрэбная Скарыну, але патрэбная нашай нацыі, — працягвае Пятро Краўчанка. — Мы не рамантыкі, мы не марым, што ў 2017 годзе Скарына будзе кананізаваны. Можа, праз 100, можа, праз 200 гадоў». Быў згаданы прэцэдэнт, калі адбылася кананізацыя асветнікаў Кірыла і Мяфодзія, якія не здзейснілі цудаў, аднак усё іх жыццё стала подзвігам. Скарына, прынамсі, можа атрымаць за жыццёвыя подзвігі тытул «слугі Божага», а гэта першая ступень працэсу беатыфікацыі ў каталіцтве».
Краўчанка спадзяецца на моладзь, якая адшукае магілу Скарыны, атрымае новыя звесткі пра яго жыццё (канфесійную прыналежнасць, месцы вучобы і працы, сям’ю, дом), разгадае іншыя кнігазнаўчыя загадкі (напрыклад, пра смерць Казіміра Семяновіча, аўтара інжынернага трактата XVІІ стагоддзя «Вялікае мастацтва артылерыі»), а таксама давядзе да канца справу кананізацыі. Аднак ці трэба гэта моладзі? Скарына стаў блізкі кожнаму з нас менавіта праз свае чалавечыя якасці: апантанасць, вынаходлівасць, рацыяналізм і прагматызм. Асоба Скарыны набліжае гісторыю да людзей, то ці трэба штучна яе аддаляць? Выкажыцеся пра гэта, калі ласка, у каментарах.
* * *
Кангрэс стаў платформай для даследчыкаў мовы, літаратуры, кнігі. Але бракавала на ім грамадствазнаўчай кампаненты, якую падчас адкрыцця абяцалі арганізатары. Адчувалася абмежаванасць у сродках, адсутнасць дзяржаўнай падтрымкі. Ні адзін міністр не прыйшоў вітаць удзельнікаў асабіста, хоць большасць з якіх — паважныя дактары і кандыдаты навук. Некаторыя з іх зрабілі для будучыні і іміджу Беларусі болей, чым чыноўнікі. На мерапрыемствы кангрэса вылучылі ўсяго дзве пляцоўкі. І гэта не гатэль «Еўропа» і не Палац Рэспублікі, а змрочныя калідоры будынку гуманітарных інстытутаў НАН і аўдыторыі філфака БДУ.
Кангрэс, што адбываецца раз на пяць гадоў і мог бы стаць магістральнай культурнай падзеяй Беларусі, засунуты на маргінэс. Ён глядзіцца факультатыўна і на фоне маштабнага штогадовага Кангрэсу даследчыкаў Беларусі ў Коўне, які забяспечвае ў разы большы ахоп тэмаў ды накірункаў, колькасць удзельнікаў і свабоду выказвання. Еўрапейскія дзяржавы дапамагаюць беларусам арганізаваць свята навукі. А беларуская пакуль толькі рэгламентуе і кантралюе такія святы, арганізаваныя энтузіястамі і добраахвотнікамі.
Каментары