Навука і тэхналогіі33

Навукоўцы папярэджваюць пра эру «нейразброі»

Імклівае развіццё штучнага інтэлекту і фармакалогіі адкрывае шлях да стварэння зброі, здольнай уздзейнічаць на чалавечы мозг і свядомасць. Тыя ж метады, што лечаць псіхічныя разлады, могуць стаць сродкамі кантролю, здольнымі парушаць кагнітыўныя функцыі і ператвараць людзей у несвядомых выканаўцаў чужой волі.

Фота: Vecteezy

Навукоўцы Брэдфардскага ўніверсітэта Майкл Кроўлі (Michael Crowley) і Малкальм Данда (Malcolm Dando) выдалі даследаванне, у якім папярэджваюць свет пра новую пагрозу — хімічную «нейразброю», распрацаваную для атакі непасрэдна на цэнтральную нервовую сістэму (ЦНС).

Як адзначаецца на сайце ўніверсітэта, у сваёй кнізе пад назвай «Прадухіленне ператварэння ў зброю хімічных рэчываў, якія ўздзейнічаюць на ЦНС: аналіз цэласнага кантролю над узбраеннямі» (Preventing Weaponization of CNS-acting Chemicals: A Holistic Arms Control Analysis) аўтары сцвярджаюць, што здольнасць хімічным шляхам змяняць успрыманне, памяць ці паводзіны чалавека становіцца рэальнасцю, да якой міжнароднае права абсалютна не гатовае.

Ад эксперыментаў Халоднай вайны да канвергенцыі XXI стагоддзя

Кніга прасочвае гісторыю дзяржаўных даследаванняў хімічных рэчываў, якія ўздзейнічаюць на ЦНС: ад эксперыментаў ЦРУ і Савецкага Саюза часоў Халоднай вайны да больш позніх інцыдэнтаў, такіх як захоп закладнікаў у тэатральным цэнтры на Дуброўцы ў Маскве ў 2002 годзе.

Тады расійскія сілавікі выкарысталі аэразоль на аснове вытворных фентанілу, каб абясшкодзіць тэрарыстаў. Вынік аперацыі паказаў непрадказальнасць такой зброі: больш за 120 закладнікаў загінулі ад уздзеяння газу.

З таго часу навука моцна рушыла наперад. Калі ранейшыя сакрэтныя праграмы часта не маглі стварыць надзейную зброю з-за недахопу ведаў і тэхналогій, то сёння, на думку аўтараў, навукова-тэхнічны ландшафт выглядае зусім інакш. Дасягненні ў галіне нейранавукі, фармакалогіі, сінтэтычнай біялогіі, штучнага інтэлекту і сродкаў дастаўкі забяспечваюць узровень дакладнасці і кантролю, які раней немагчыма было ўявіць.

«Мы ўваходзім у эпоху, дзе сам мозг можа стаць полем бітвы, — заяўляе доктар Кроўлі. — Інструменты для маніпуляцыі ЦНС — каб усыпіць, заблытаць ці нават прымусіць падпарадкоўвацца — становяцца ўсё больш дакладнымі, даступнымі і прывабнымі для дзяржаў».

Аўтары апісваюць, як навукоўцы ўжо навучыліся складаць карты «ланцугоў выжывання» мозгу — нейронных шляхоў, адказных за страх, сон, агрэсію і прыняцце рашэнняў. Разуменне гэтых ланцугоў адкрывае дзверы для патэнцыйных маніпуляцый, як у тэрапеўтычных, так і ў варожых мэтах.

«Тыя ж веды, што дапамагаюць нам лекаваць неўралагічныя разлады, могуць быць выкарыстаныя для парушэння мыслення, прымусу да пакорлівасці ці нават, у будучыні, для ператварэння людзей у міжвольных выканаўцаў. Гэта дылема двайнога прызначэння, з якой мы сутыкнуліся», — адзначае прафесар Данда, які з'яўляецца вядучым экспертам у кантролі біялагічнай і хімічнай зброі.

Шэрая зона ў законах і што рабіць

Галоўная праблема, на думку экспертаў, палягае ў юрыдычных дзірках. Існуючыя дамовы, такія як Канвенцыя аб біялагічнай зброі і Канвенцыя аб хімічнай зброі, састарэлі.

Хоць яны забараняюць хімічную зброю, яны дапускаюць ужыванне пэўных хімічных рэчываў у канкрэтных абставінах, у прыватнасці, у праваахоўных мэтах. Аўтары асцерагаюцца, што гэта стварае небяспеку для легалізацыі распрацоўкі баявых нейрарэчываў пад выглядам паліцэйскіх спецсродкаў.

Аўтары прапануюць канцэпцыю «Цэласнага кантролю над узбраеннямі» (Holistic Arms Control). Яна прадугледжвае не проста фармальнае падпісанне новых папер, а стварэнне рэальнай шматузроўневай сістэмы абароны. У першую чаргу неабходна абнавіць міжнародныя дамовы і нарэшце даць дакладнае вызначэнне забароненым рэчывам, якія ўплываюць на псіхіку.

Аднак адных толькі юрыдычных мер недастаткова. Эксперты настойваюць на інтэграцыі норм медыцынскай этыкі і правоў чалавека непасрэдна ў сістэму кантролю ўзбраенняў. Асобная ўвага надаецца адукацыі: хімікі і нейрабіёлагі павінны яшчэ падчас навучання ўсведамляць рызыкі выкарыстання іх адкрыццяў у ваенных мэтах. Замыкае гэты ланцуг грамадства — навуковая супольнасць мусіць выйсці з ценю і пачаць актыўна сачыць за тым, каб дзяржавы добрасумленна выконвалі ўзятыя на сябе абавязацельствы.

Аўтары падкрэсліваюць, што іх мэта — не стрымліваць навуковы прагрэс, а забяспечыць яго развіццё этычнымі і прававымі гарантыямі. Яны сцвярджаюць, што мілітарызацыя нейранавукі не з'яўляецца непазбежнай, але без актыўных дзеянняў яна становіцца ўсё больш імавернай.

«Гэта трывожны званок, — падсумаваў доктар Кроўлі. — Мы павінны дзейнічаць зараз, каб абараніць чысціню навукі і недатыкальнасць чалавечага розуму».

Каментары3

  • Нейрамедыятар
    23.12.2025
    Пастаяннае запалохванне і абясцэньванне, у тым ліку малымі заробкамі, гарэлка для разжыжэння мазгоў - гэта традыцыйныя метады дзяржавы, пераведзенай у рэпрэсіўны рэжым. Навічкі для самых незгодных. І так нядрэнна працуе.
  • што занадта, то ... агулам
    23.12.2025
    [Рэд. выдалена]
  • Оййй
    24.12.2025
    Особенно диктаторам актуальна интеграция норм медицинской этики и прав человека в систему контроль вооружения.

Цяпер чытаюць

Квадрат у Мінску каштуе рэкордна дорага: нарэшце пабіты рэкорд 2007 года2

Квадрат у Мінску каштуе рэкордна дорага: нарэшце пабіты рэкорд 2007 года

Усе навіны →
Усе навіны

«Прывезлі маю жонку і сказалі, што яе будуць катаваць». Пара з Украіны расказала жахлівую гісторыю пераследу ў Беларусі6

Сталі вядомыя месца і дакладны час развітання з Мікітам Мелказёравым4

У Польшчы рэзка павялічваюць выдаткі на фінансаванне спецслужбаў

Васкрасенскі пакаяўся, што быў у камандзе Бабарыкі: Я быў адурманены, як і ўвесь беларускі народ26

Лабковіч: «Адкрываецца кармушка камеры, канвойны кліча мяне і кажа: «Твайму Бяляцкаму далі Нобелеўскую прэмію»1

З пераломам сцягна і інфарктам трапіла ў бальніцу ўдава Васіля Быкава2

Зацверджаны бюджэт Беларусі на 2026 год

Чалавек года «Нашай Нівы» — Мікола Статкевіч20

Пуцін паскардзіўся Трампу на «спробу» Украіны атакаваць сваю рэзідэнцыю13

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Квадрат у Мінску каштуе рэкордна дорага: нарэшце пабіты рэкорд 2007 года2

Квадрат у Мінску каштуе рэкордна дорага: нарэшце пабіты рэкорд 2007 года

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць