Кіраўнік Еўракамісіі Жан-Клод Юнкер зрабіў Грэцыі апошнюю прапанову ў сувязі з завяршэннем сёння тэрміну дзеяння другой крэдытнай праграмы міжнародных крэдытораў, аднак грэчаскі прэм'ер Алексіс Цыпрас яе не прыняў. Пра гэта паведамілі ўрадавыя крыніцы.
Паводле інфармацыі з Палаца Максіма (рэзідэнцыі прэм'ер-міністра Грэцыі), Юнкер накіраваў пасланне Цыпрасу, прапанаваўшы яму прыняць апошняю прапанову інстытутаў (ЕС, Еўрапейскі цэнтральны банк (ЕЦБ) і Міжнародны валютны фонд) з паляпшэннем у выглядзе паменшанага ПДВ на паслугі грэчаскіх гасцініц (13% замест 23%), а таксама згоды на захаванне дапамогі па сацыяльнай салідарнасці, якая выплачваецца асобным катэгорыям малазабяспечаных пенсіянераў з 65-гадовага ўзросту і якую крэдыторы хацелі скасаваць, прыводзіць словы крыніц газета «Імерысіа».
Юнкер таксама прапанаваў згадаць у пагадненні, што абяцанне, дадзенае Грэцыі Еўрагрупай у 2012 годзе разгледзець магчымасць рэструктурызацыі дзяржаўнага доўгу краіны за кошт падаўжэння тэрмінаў яго пагашэння і зніжэння працэнтных ставак, будзе рэалізавана ў лістападзе гэтага года, адзначае выданне.
Умовай для прыняцця прапановы павінны быць ліст Цыпраса Юнкеру, старшыні Еўрагрупы Еруну Дэйселблуму, канцлеру Германіі Ангеле Меркель і прэзідэнту Францыі Франсуа Аланду, які павінен быць атрыманы своечасова для таго, каб арганізаваць 30 чэрвеня экстраннае пасяджэнне Еўрагрупы да заканчэння тэрміну дзеяння крэдытнай праграмы.
«Згодна з пасланнем Юнкера, на гэтым пасяджэнні Еўрагрупы можна было б ухваліць пагадненне, калі, вядома, яго прыме грэчаскі ўрад, — піша газета. — Мэта заключаецца ў тым, каб кіруючая партыя СІРЫЗА сказала «так» прапановам крэдытораў на рэферэндуме ў нядзелю 5 ліпеня.
Аднак улады Грэцыі ўжо адкінулі апошнюю прапанову Юнкера, адзначылі крыніцы.
«Урад Грэцыі ідзе на рэферэндум, з цікавасцю прыслухоўваецца да таго, што кажуць і пішуць, працуе над рашэннем. Алексіс Цыпрас у нядзелю прагаласуе супраць прапаноў крэдытораў», — сказалі яны.
Каментары